твару...
- Стоп! - перапынiў Сьцяпана чорт i ўдумлiва пакалупаў кiпцюром у аброслых ворсаю храпах. Ён запытаў: - Цябе, Сьцяпан, бачу я, цiкавiць сьмерць твайго бацькi? Вось, э, Сьцяпанка...
- Прашу зьвяртацца да мяне: пане Сумленевiч!
- Калi ласка, э, пане Сумленевiч. Не пачнем-жа мы з-за такога глупства ўзаемна варагаваць. Я ўшаноўваю вашы нявыяўленыя, сакрэтныя, э, пажаданьнi, журботнасьць...
- Кiнь, чорце, намёкi, калi ня хочаш дастаць ад мяне па сваiх сьлепнякох!
- Кiдаю, кiдаю... Ага, значыць, спынiлiся мы на таямнiцы пагiбелi вашага, э, пане Сумленевiч, бацькi. А яна мае простае дачыненьне да вас.
- Да мяне?!
- На жаль, на жаль... Нельга сказаць, пане Сумленевiч, каб вы надта кахалi свайго, э, родзiча...
- Што гэта ты пляцеш?!
- Я толькi сьцьвярджаю, - насупонiўся чорт. - I, калi ласка, вы дазвольце мне закончыць выказваньне. Дык вось: ваш бацька, пане Сумленевiч, не беспадстаўна лiчыў, што вы як сын, э, недалюблiвалi яго. Па гэтай прычыне памiж iм i мацi здаралiся сутыкненьнi, якiя паглыблялi ў iм апатыю ды абыякавыя адносiны да свайго жыцьця. Мо' жадаеце прад'явiць вам доказы?
- Не выдумляй, страшыдла паганае!
- Факты вызначаюцца надзвычайнай упартасьцю, пане Сумленевiч. Перш за ўсё таму, э, што iх нельга зьнiшчыць. Можна забыцца на iх або прытаптаць, але яны ад таго не прападаюць. Вось так.
- Чаго ты да мяне прычапiўся?
- Старасьвецкае пытаньне, пане Сумленевiч. У сучасную эпоху наш брат ужо не ганяецца за паасобнымi душамi. Мы, чэрцi, зараз не такiя адсталыя, э, якiмi нас усё размалёўваюць манастырскiя мастакi. Мы пайшлi з духам часу, поруч з дваццатым стагодзьдзем, i, не хвалячыся, таленавiта перанялi найгоршае, чаго дабiлася чалавецтва з часоў сiвой мiнуўшчыны па сёньняшнi дзень. Пэрыфразуючы дасягненьнi, э, напрыклад, каапэратыву, магчыма коратка выкласьцi наш прынцып дзейнасьцi: кожны прападае сам, як толькi можа! Зь некаторым сумам хачу вам сказаць, э, пане Сумленевiч, што ваш спосаб самазьнiшчэньня, усё-такi, банальны. Ня гневайцеся за тое, што я вам скажу: вы нудзiце мяне!..
- Што-о! - i Сьцяпан расьсьмяяўся, па-дацэнцку, са зьняважлiвай стрыманасьцю. - Бач ты яго, чорта: у няшчасьцi шукае ён атракцыi! Пайшоў ты вон!
- Гэта нiчога, пане Сумленевiч, што я д'ябал. Вы лепш услухайцеся ў мае словы: шчасьце адзiнкi, у вадрозьненьне ад яе няшчасьця, мала iнтрыгуе пабочныя асобы. Здавалася мне, што вы разумееце гэта. Люцыпар меў рацыю, калi ён супыняў мяне: 'Будзь, слуга ты мой, асьцярожны ў апазнаваньнi мэтаў пана Сьцяпана Сумленевiча. У яго можа яшчэ ня быць iх зусiм, як у васабовасьцi выразна нясьпелай. I зважай ты, не засяроджвайся на яго грамадзкiм фанатызьме, гэтай дзiцячай хваробе маладога службоўца, э, якога занадта ўчаставалi крышынкамi ўлады. Ён уяўляў-бы сабою значную каштоўнасьць у якасьцi iлюстратыўнага матэрыялу, калi-б затрымаўся ў сваiм разьвiцьцi. Аднак-жа, э, слабая надзея на тое: Сумленевiч вырасьце на неблагога кар'ерыста, нiчога асаблiвага', - чорт пазяхнуў i аблiзаўся.
- Люцыпар памыляецца! Чуеш, ён памыляецца! Памыляецца!!!
- Не крычы так, - страпянуўся чорт. - Вiшчыш ты, бы ў шэсьцьдзесят першым годзе, э, калi ў краме, памятаеш, сам украў цукерку й прадаўшчыца...
Сьцяпан ударыў чорта нагою ў дыхавiну, ажно той скруцiўся.
- Яшчэ слова - i я цябе заб'ю! - Сьцяпан патрос кулаком яму перад мордаю.
Рагаты, не разгiнаючыся, соп.
Сьцяпан, злавесна пастаяўшы над iм, вярнуўся да логава.
- Такая, вось, удзячнасьць чалавека за сказаную яму праўду! - выпалiў чорт, i, быццам на магутнай спружыне, скакануў ён на абажур электрычнай лямпачкi пад стольлю. - Раз зь цябе гэткi аблуднiк, э, дык больш нiчога ты не даведаесься ад мяне, - скардзiўся ён. - Ты...
- Пан Сумленевiч! - Сьцяпан пагрозьлiва прыўзьняўся.
- Пацалуйце мяне ў хвост, пане Сумленевiч!
Сьцяпан, азьвярэўшы, абхапiў пiсьмовы стол i зь дзiўнай лёгкасьцю кiнуў iм у пачвару. Затым, упёршыся рукамi ў сьцяну, ён захiстаў пакоем.
- Развалiш будынак, жывiна! - крычаў чорт, ушчаперыўшыся ў абажур (ён высока паставiў свой хвасьцiска, каб Сьцяпан да яго не дастаў). - Абцiхнi, чуеш! З турмы ня выйдзеш, э, выскачка!!!
- Яшчэ ты, чорце, калiсьцi падлезеш пад мой кулак, - Сьцяпан стомлена апусьцiў руку; другая-ж анiяк не адставала яму ад сьцяны.
I як Сьцяпан нi выкручваўся, тая рука з расшчэмленымi пальцамi не паслаблялася, наадварот, як бы прастрамляла яна мур навылет. Сьцяпан згодлiва аглянуўся на чорта, якi з удаванай заклапочанасьцю чысьцiў сабе капытцы. Рабiлася страшна. 'Пане чорт!' - Сьцяпан разявiў рот, каб лiсьлiва аклiкнуць... Ён прачнуўся.
31
У вакно сьвяцiла сонца.
Сьцяпан з панiкай паглядзеў на гадзiньнiк: стрэлка ўказвала дакладна сёмую; ён хуценька прыпарадкаваў няхiтрую пасьцель.
Яму цяжка было выпрастацца - ад невыгоднага ляжаньня спруцянеў карак. Сухiя яго вусны палiла гарката ад выкураных папяросаў.
З калiдора наляталi ўрыўкi размоваў; пачынаўся працоўны дзень.
У габiнэт, у гэтую начлежню Сумленевiча, нiхто не заглядваў, i ён мог спакойна пагалiцца. Сьцяпан, быццам вопытны кансьпiратар, на слых улавiў зручны сабе момант, каб цiха шмыгануць у мужчынскую прыбiральню, да ўмывальнiка, са шчотачкай i зубной пастай.
Убягаючы туды, ён з разгону сутыкнуўся з маладою супрацоўнiцаю, якая выходзiла якраз адтуль з поўным чайнiкам вады (у дамскай прыбiральнi быў папсаваны кран над умывальнiкам, з чым усе звыклiся). Начыньне выпала перапалоханай дзяўчыне з рук, i, са страшэнным грукатам, выкацiлася яно, менавiта, у калiдор, непрыстойна залiваючы паркет. А сама яна, не ўстаяўшы на высокiх абцасах, упала на плечы. Сьцяпан машынальна быў прытрымаў яе за грудзi; далiкатная блюзачка на ёй разьдзерлася ад таго.
Ашаломлены, ён застыў над паўголай жанчынай, якая, ня страцiўшы памяцi, нема закрычала: - Рату- ун-ку-у-у!!
- Выбачайце мне, - прамовiў Сьцяпан. - Выбачайце...
- Ратунку!!! - яна галасьлiвiла, як матацыкл у тунэлi. - Ратуначку, людкове.
Нехта за сьпiнаю Сумленевiча аддаў загад:
- Пане Валодзька, званеце ў мiлiцыю. Мiгам!
Перад уваходам у туалет сабраўся гурт.
- Нумар! Нумар якi?! - заiклiва пытаўся той Валодзька.
- Дзевяцьсот дзевяноста сем! Ну!!!
Iншыя - шапталiся: 'Гэта-ж Сумленевiч... Так, Сьцяпан... Гэта ён... Ай-яй-яй...'
Сьцяпан нахiлiўся над няшчаснай, каб вынесьцi яе адсюль, але яна, ашалелая, укусiла яго за локаць (мела вострыя зубы).
- Мужчыны! - прарэзьлiва заенчыў бабскi голас. - Чаго вы стаiце?! Ён заесьць яе тут!
На Сьцяпана накiнулiся; чыесьцi кулакi адпiхнулi яго прэч у закутак.
- Дагуляўся, бунтаўшчык!
- Ня дайце яму ўцячы, мужчыны! Трымайце яго, трымайце! Вяжэце!!!
Сьцяпан моўчкi замiргаў павекамi, бы зацюканы злодзей.
- Я таго й спадзяваўся па iм, - здаволена скрывiўся працаўнiк адмiнiстрацыйнай сэкцыi. - Бачыце, да чаго ён дажыўся...
- Канцы яму тут! - прарочыў рэфэрэнт з аддзелу паслугаў, якога здобiў высокi лоб iнтэлiгента.
- Халеры на яго! - ускiпеў нядаўнi сябар Сьцяпана. - Ён-жа абяцаў мне дамагчыся павышэньня зарплаты, шыбенiчнiк!
- Хадзiў, лазiў ён, бы дырэктар якi, i ўсё законы свае ўводзiў у нас, зьедлiва загаварыў шматгадовы працаўнiк сэкцыi па справах грамадзкага самакiраваньня.
- То яму мыла таго мала было, то ручнiкоў, то ладу й парадку, то яшчэ чагосьцi, - намесьнiк бухгальтара, ад усьцешанасьцi, ажно пачысьцiў сабе вуха, дбайна насучыўшы дзеля таго на запалку шматок першакляснай туалетнай паперы.