- Я вас зразумеў, прынамсi, так мне здаецца. Я не сумняваюся ў вашай альтруiстычнай адданасьцi, аднак-жа, ня вам гэта брацца за барацьбу супроць злоўжываньняў.

- Справядлiвасьць патрабуе спэцыялiзацыi?

- Што вы маеце на ўвазе?

- Гэта, пане пракурор, я дагаворваю вашу характарыстыку мяне. Значыць, я павiнен лiчыць сябе самадзейнiкам у галiне перамаганьня адмоўных зьяваў у грамадзкiм жыцьцi, у галiне сямейнага шчасьця, таксама ў галiне каханьня, у галiне сэнсу працы i ў галiне веданьня самога сябе... Ва ўсiм ёсць спэцы?

Пракурор засьмяяўся - нi то пацешлiва, нi то злосна.

- Што-ж, эпоха выбарных судзьдзяў мiнула, вiдаць, беспаваротна. I публiчных абвiнаваўцаў некалi выбiралi шляхам галасаваньня. Я не пярэчу, што гэта мела свае добрыя бакi, але яно было сэнсоўным толькi тады, калi чалавечы розум мог яшчэ быць Леанардам да Вiнчы. Ня зараз, не.

- Мяне, здаецца, палохае тое, што разьвiцьцё чалавека адбываецца ў кiрунку яго частковасьцi, якая нагадвае ракавую апухлiну. Мы, вось, сядзiм перад сабою: я - самадзейнiк у галiне заканадаўства, а вы...

30

З пракуратуры выйшаў Сьцяпан з пачуцьцём уласнай бездапаможнасьцi. На ратушавай вежы шугаў замацаваны там сьцяг, быццам апавяшчаючы навiну. Памiж крамамi снавалi натоўпы, а далейшыя вулiцы выглядалi паўпустыннымi, зь ледзь прыкметнай смугою далечынi. Мутна паблiсквалi калюгi.

Ад 'Асторыi' заносiла кухоннымi араматамi.

Ён пералiчыў грошы - на абед i да абеду.

У парт'е Сьцяпан папрасiў пачак смагавiтых 'кармэнаў'.

У залi, дзе падавалi звычайную гарэлку, рагаталi яскравыя прастытуткi. Iх ляпалi па азадках здаравезныя тыпы ў шафёрскiх куртках. Яны ўладжвалi сваё.

Сьцяпан заказаў катлетку з перамолатага мяса, маскоўскi боршч, мiнэральную ваду й сто грамаў.

Яму хапiла й на другую сотку.

У шэрую гадзiну завалокся ён у свой былы габiнэт, яшчэ нiкiм не заняты, i перанёс туды падарожную торбу, каб пераначаваць там.

'Спаць! Я змучаны, i мне трэба спаць: адасьплюся, дык будзе вiдней, што рабiць, куды падацца, якое выйсьце знайсьцi', - Сьцяпан, не распранаючыся, кладавiўся на падлозе, на дыване з казачнымi ўзормi. Ён падаслаўся пiжамай, прыхiнуўшыся галавою да тае торбы. I было яму добра...

...Зашумела-загудзела ўгары, i са столi вылузаўся чорт валахаты.

- Ах, во куды ты забiўся, гэ-гэ-гэ, - раскiрачыўся ён над Сьцяпанам, сыплючы наўкола смуроднымi iскрамi. - Ну й як? Як табе сьпiцца? Маўчыш. Не жадаеш размаўляць са мною. Сказаць табе прымаўку? Скажу, паслухай: 'Языком хоць i сраку лiжы, а рукам волi не давай'. Га? Нядурна кiмсьцi запрыкмечанае, га? Я зараз яшчэ адну прымаўку...

- Пайшоў вон, рагаты! - крыкнуў Сьцяпан. - Пырскаеш мне ў вочы ядавiтай сьлiнаю, бадзяга!

- Добра, даражэнькi: мой клiент - мой пан! Зраблю я так, як ты загадаеш мне, - чорт адыйшоўся да бiблiятэчкi й з асалодаю пачухаўся капытцам па жываце. - Сьпiш? Змарыўся ты, дамоў не пайшоў, а я чакаў цябе на рагу Садовай. Стаяў там, выглядаў, а Сьцяпана Сумленевiча ўсё не было... Думаю сабе, куды гэта ён мог падзецца? Давай я шыбаваць па-над Беластокам, праляцеў над вакзалам раз i другi ў надзеi, што пабачу цябе ля пiўнога кiёску. Адзiн знаёмы мне праваднiк, калi я сеў на плячо яму, нараiў: 'Ты, чарнамазы, у мiлiцыю або пракуратуру наведайся. Няйначай, як гэта туды твой Сумленевiчык паiмчаў шукаць апоры для праўды, мазгаўнёю ягонаю выдуманай'. Так я й зрабiў: залятаю я гэта ў камiсарыят, а там, гляджу, п'янiцу валакуць за каўнер i лаюць... Гiдкае вiдовiшча! Давай я нюхаць па сяржанцкiх пакоях, але ў iх даўно прапаў пах, э, тваёй справы. Дык зьлётаў я ў пракуратуру. Вельмi, э, прыкрае пра цябе давялося мне пачуць там! Пракурор, ведаеш ты, копцiць тыя свае палавiнкi ды ходзiць з кута ў кут, пагаворваючы: 'Непраўдападобнае! Усяго на сьвеце я паспытаў, але такога балвана не сустракаў у сваёй практыцы!..' Ён, як трапна ты здагадваесься, меў на ўвазе тваю асобу, дарагi Сьцяпанка, - нячысты прыгледзеўся, з кашэчай чуйнасьцю, да Сьцяпанавых рук. - Нiчога, фраер Сумленевiч, ня падай ты духам. Сторажы законнага ладу яшчэ не адзiн раз вырачаць вочы на, э, твае ўчынкi. А ты не аглядайся на iх - чаўпi сваё, гэ-гэ-гэ... Сумленевiч ня быў-бы Сумленевiчам, калi-б узяў ды раптам уцiхамiрыўся.

- Падла ты, а ня чорт!

- Гэ-гэ-гэ, дзеля таго я i ёсьць, каб людзям не падабацца. Мы, я з табою, як бы ў нечым i падобныя да сябе, э... У чым, га? О ля, я ўжо ведаю, ведаю: мяне любяць толькi некаторыя - i цябе, Сьцяпанка, таксама. Таксама, таксама... Так, ты не пярэч гэтаму. Во калi мне высьветлiлася твая загадка! Усё думаў я й думаў, э, чаму ў сьцiжме народу якраз з Сумленевiча не магу зьвесьцi вока? Ты мяне, кроўны, ужо ў свае юнацкiя гады абнадзеiў. Зьдзiўляесься? Разумею, пра дрэннае вы неахвотна памятаеце на Зямлi - але ад чаго-ж гэта мы, чэрцi! Такая наша служба. Я табе зараз прывяду на памяць выпадак, дзякуючы якому, можа, э, пасябруем мы... Было гарачае лета тысяча дзевяцьсот шэсьцьдзесят чацьвертага году. Сьцяпанка купаўся ў Супрасьлi за Васiльковам, за гэтым разбойнiцкiм мястэчкам. На беразе стаяла чарада гусей, якiя мiрна паскубвалiся. Наш малойчык - гэта было добра вiдаць з-за чорнай хмары - цiхенька падплыў да тых бязьвiнных хатнiх птушак i, намацаўшы на плыткаводзьдзi ўчарнелую дубовую крывулю, шпурнуў цяжменю ў пародзiстага гусака. Белы птах роспачна залапатаў крыламi ад нечаканага ўдару й неўзабаве сканаў, задзёршы лапкi ўгору. Тым часам наш герой, адплыўшы на прыстойную адлегласьць, зь любасьцю прыглядаўся, як чужы чалавек, выпадковы сьведка зладзеяньня, мiтусiўся ў пошуках забойцы...

- Няпраўда! - выстагнаў Сьцяпан. - Я адганяў таго гусака, каб ён не задзюбаў малых гусянятаў! I незнарокам...

- Апраўдваесься! Ты майстар на гэта, але, пакуль, э, няхай твой чорт будзе старэйшы, калi другога маеш... Возьмем iншае здарэньне. Сьцяпан Сумленевiч, вучань шаноўнага тэхнiкума, аднойчы дакладна засланiў вокны, як толькi яго мацi выйшла з дому. Калi-б гэта было ўвечары, дык я, мабыць, прасьляпiў-бы як-жа каштоўную рысачку да бiяграфii майго падапечнага... На дварэ стаяла мiготкая гарачынь? Сьлiзгануў я ў комiн, каб з попельнiка ў печы падгледзець, чым гэта хлопчык займаецца. Цюкнула мне нядобрае, i я не памылiўся: Сьцяпанка, э, замест урокаў пiсаў ананiмку клясаваму выхавальнiку, у якой ён страшыў яго, што пакончыць самагубствам, атруцiцца, калi той паставiць Марысi двойку па хiмii...

- Чорце ты, чорце! - задрыжэў ад абурэньня Сьцяпан. - Ты нават дзiцяцi не даруеш.

- Напiсанае застаецца, дарагi, э, пагаворвалi старажытныя рымляне. Рэкi маюць крынiцы свае, а людзi - дзяцiнства. Пакажы мне дзiця й хiбы ягоныя, а я прадкажу яму будучыню. Чалавек - як расьлiна, зь якой ён, дарэчы, i выйшаў: усё ягонае ў зярняцi знаходзiцца. Вырастаюць зь яго ня якасьцi, а памеры гэтых якасьцяў. Вывучай генэтыку, э, брацец...

- Я кахаў Марысю! - вывiскнуў Сьцяпан. - Кахаў яе, як толькi можа кахаць хлопец сваiм першым чыстым пачуцьцем...

- Безумоўна, безумоўна... Назавi ты мне такога, якi ня ведае, што такое першая дзяўчына. I старшыня меў першую, э, i бухгальтар, э, i член камiсii. I нiкому зь iх гэта не перашкодзiла стацца сабою - аднаму старшынёй, другому бухгальтарам, трэцяму членам камiсii. Хочаш, я складу дасье iх дзяцiнству? Хочаш?

- Не-е-э-э!!!

- Ня хочаш, э, хоць аж дрыжыш ад цiкавасьцi да гэтага. Баiсься ты, што я маю рацыю наконт цябе. Бойся, бойся... Страх, калi не ачышчае, дык прынамсi запруджвае ручаiну нечысьцi, якая ўлiваецца ў душу. Стварае ён iлюзорны ратунак. Поскудзь усё роўна разьлiваецца паводкай, якая мае тую ўласьцiвасьць, што размывае й затапляе яна ў кароткае iмгненьне...

- Я цябе паб'ю, чорце лазаты!

- Брава, брава!.. Нарэшце ты прарваўся.

- Ня муч мяне!

- Крыху пацярпi, мой ты душэўны абадранец.

- Як доўга?! - узмалiўся Сьцяпан.

- Ужо хутка будзе па ўсiм, пакутнiчак ты безгаловы. А цяпер я прапаную пяць хвiлiнаў адпачынку, - i чорт уключыў радыёпрыёмнiк, што стаяў на палiцы.

Цiха зайграла музыка, даючы блаславёны спакой. Сьцяпан услухоўваўся ў таемныя гукi, i перад яго вачыма перасоўвалiся пушчанскiя зацiшшы й квяцiстыя лугi, празрыстыя завадзi з чародкамi рыбы й пясчаныя берагi, ваколiца, замкнёная аблавай ядлоўцаў на ўзьлесьсях, i зарэчны галёп каня, што ўцякае ад паўднёвай заедзi. Спаленая лесьнiчоўка ля гасьцiнца з Букшталю ў Супрасьлю й тужлiвы профiль матчынага

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату