прыгажосць! Там ёсць недалёка хутар, дзе жывуць цётка Тэрэза i дзядзька Янэк. У iх дачка — законнiца!
— А што гэта значыць? — не зразумела Iрэна.
— Гэта па-польску манашка! — растлумачыла Тамарка. — Яна зараз дома. Раскажа нам шмат цiкавага! Уцячэм ад маткi? — таемна заблiшчалi чорныя вочкi дзяўчынкi.
— Ага! — кiўнула Iрэна. — Нешта прыдумаем!
…Тамарка ўзяла мех i серп, пачакала Iрэну, i яны пайшлi праз агароды да лесу. Дзяўчынка весела падрыгвала, смяялася, быццам лань, выпушчаная на волю.
— А Гомель прыгожы? — пытала Iрэну. — Што там ёсць? А якiя людзi там?
— Добрыя людзi, — з усмешкай адказвала Iрэна. — Прыветныя, ласкавыя, як i ў Берасцi. Там ёсць прыгожы парк, возера, а на iм — хатка для лебедзяў, прыгожая, з узорамi…
Яны схавалi мех з сярпом у канаве i рушылi праз мох да возера. На Ельнi ўжо былi турысты. Iрэна кiнулася да iх з такою радасцю, быццам яны былi прышэльцамi з другога свету, распытвала пра горад.
— Менск як Менск! — смяялася дзяўчына ў белай майцы. — Мы табе зайздросцiм — жывеш у такiм цудоўным краi! А нам так дакучае асфальт i даўка ў аўтобусах…
— А я сумую па асфальце, — адказала Iрэна, — i па перабранках у аўтобусах… Па касметычных салонах…
— Дурнiчка якая! — усмiхнулася другая дзяўчына, вастраносая, якая памешвала чарпаком у катле. — Ты тут босая ходзiш, макiкюр не трэба рабiць, фарбавацца, а я, як успомню, што ранкам прасыпацца трэба ды на сонны твар фарбы накладваць, бо сорамна ў горад выйсцi не фарбаванай, дык аж ванiтуе! А туфлi на абцасах, а гэтыя набойкi — раз абуешся — i ў рамонт нясi! Ды ты ж шчаслiвая, Iрэначка!
— А я мару жыць з каханым на хутары! — задумлiва сказала дзяўчына з наiўна-задуменнымi вачыма, пухнаценькая i сарамлiвая.
— Шчасце зразумееш, калi яго страцiш, — заключыў адзiны ў групе хлопец, кiраўнiк паходу.
Ён настрайваў гiтару. Дзяўчаты падрыхтавалiся слухаць. Iрэна, каб не травiць душу, прапанавала Тамарцы пайсцi. Развiталiся.
— Ой, Iрэначка! — аж захлёбвалася Тамарка, бегучы ззаду. — Я так хачу ў горад! Так хачу стаць турысткай!
— Глядзi — станеш, — ухмыльнулася Iрэна, — з такой дурной мацi, што нават у пiянерскi лагер не пускае! I ў царкву…
— А давай да ксяндза сходзiм! — нечакана прапанавала Тамарка. — Ён тут недалёка жыве. А потым — да бацюшкi!
— Ты ж да бабы Тэрэзы i дзеда Янiка збiралася…
— Я рада, што нарэшце вырвалася з дому, хоць людзей пабачу!
…Бацюшка быў стары, сiвенькi, дакладней, наогул увесь белы, як дзед-мароз. Доўгая барада, вялiкiя вочы за акулярамi. Ён выйшаў з двара, у якiм пабрэхваў маленькi чорны сабачка. Хата ў яго была прыгожая, вялiкая, пабудаваная лiтарай «г», вялiкi зямельны надзел ля хаты, прыгожы металiчны плот.
— Што хочаце, дарагiя? — запытаў ён дзяўчат.
— Мы з хутара, — заiкнулася Тамарка, — вось хочам даведацца, калi служба будзе, а то мацi не пускае, дык, можа, мы ў нядзелю ўцяком. Хочацца на прычасце паспець. Мая мацi кажа, што праца галоўней, а я лiчу, што для душы трэба таксама нешта… А можа, у вас ёсць нядзельная школа, дык я б хадзiла?..
— Нельга асуджаць мацi, — павучальна адказаў бацюшка, — бацькоў трэба слухацца. Нельга гаварыць дрэнна пра другога, паглядзi лепей на свае грахi…
— А школа… — абмякла Тамарка, — можна мне ў школу да вас?
— Толькi з дазволу бацькоў…
— А кнiжкi купiць у вас можна? — уздыхнула Тамарка.
— Дарагiя дзяўчаткi, — лагодна сказаў бацюшка, — вядома, усё можна! Але сёння ў мяне госцi, не хачу iх кiдаць, адкрываць царкву, лепей прыйдзiце самi на службу, там i купiце, добра?
— Прабачце нас, — папрасiла Iрэна, развiталася i пацягнула за сабою Тамарку. — Пайшлi дадому, а то мацi сварыцца будзе!
— Ну i няхай! — заўпарцiлася Тамарка. — Пайшлi да ксяндза! Ён такi прыгожы!…
— Ды што ты надумала — па людзях хадзiць! — раззлавалася Iрэна. — Як з дзiкага лесу!
— А я адкуль?! Я i ёсць — з лесу! — засмяялася Тамарка i пабегла наўпрасткi да высокага катэджа ў канцы вёскi.
…Зямельны надзел быў такi маленькi, што, вiдаць, таму ксёндз i зрабiў гараж на першым паверсе, дакладней, пад хатай. Сама ж хата была невялiчкая, квадратная. Калi iсцi да яе, то з аднаго боку чапляешся нагою за кветнiк, а з другога да металiчнай сеткi, усярэдзiне якой гулялi качкi i куры.
— А дзе яны зiмою знаходзяцца? — кiўнула галавою Iрэна. — Можа, гэта ён хлеў будуе для iх?
Упрытык да хаты стаяў маленькi зруб.
— Не, гэта ён хатку для прыезджых будуе, — растлумачыла Тамарка, — неяк па-польску такая хатка называецца. Гэта калi хто прыедзе да iх у касцёл, паломнiкi якiя, дык каб пераначаваць было дзе. У кожным касцёле ёсць такая начлежка. Нават у Менску, мне бабы з касцёла расказвалi. Там, у касцёл Святога Роха, раз на месяц прыязджае моладзь каталiцкая, песнi пра Бога спяваюць, з розных гарадоў, вёсак, прыязджаюць, дык у касцёле i начуюць альбо ў вернiкаў…
— Ого, ды ты болей за мяне ведаеш! — здзiвiлася Iрэна. — А я неяк ехала ля гэтага касцёла ў аўтобусе, везла памiдоры, пачаставала адну бабульку, дык яна мне iконку Маткi Боскай падарыла, польскую…
За металiчнай сеткай бегала туды-сюды аўчарка, але на дзяўчат не брахала. З хаты выйшаў ксёндз. Ён быў не такi ўжо малады, як казала Тамарка, i не такi ўжо прыгожы, як падалося Iрэне, але прыветная ўсмешка асвятлiла твар.
— Як добра! Сёння ў мяне госцi! — зазначыў ён.
— Пахвалён бэндзе Езус Хрыстус! — выпалiла Тамарка.
— На векi вякоў! — адказаў ксёндз. — З чым прыйшлi, паненкi? пацiкавiўся.
— Проста так, — усмiхнулася Тамарка. — Гэта наша нявестка, дык я яе вырашыла пазнаёмiць з вамi.
— Ты ж на мяне сярдзiтая, — засмяяўся ксёндз, — да такога дрэннага ксяндза прывяла…
— Вядома, я на вас тады раззлавалася, — надзьмула вусны Тамарка, — вы насварылiся, што мне шаснаццаць год, а я нават на першай споведзi не была. Мяне мацi не вучыла. Я што ведала, тое i сказала вам, а вы мяне давучваць адправiлi! Тады я да бацюшкi пайшла, бо ўсё роўна, што каталiцкая вера, што праваслаўная, адно i тое ж, вы ж самi гэта казалi. А бацюшка спытаў iмя — i ўсё! I я паспавядалася i прычасцiлася там!..
Тамарка пакалупала пальцамi нагi жоўты пясок i дадала:
— Але я вас усё роўна больш люблю, хоць i праваслаўная…
Iрэна ўзняла вочы ўверх — што яшчэ выдасць Тамарка? I тузанула яе за касу.
— З вамi цiкава, — лагодна сказала Тамарка, — вы пра ўсё пытаецеся, што, як… Як мне жывецца, што турбуе… Вы — як мацi… Не, вы — як брат старэйшы, разумны… У мяне няма нiкога такога, нi мацi, якая б пытала ўсё, цiкавiлася мною, нi брата, якi б нешта раiў… Хоць i нельга гаварыць дрэнна пра другiх, але мае браты п'юць гарэлку, iм са мною нецiкава…
— Прыходзь у касцёл, — усмiхнуўся ксёндз. — У нядзелю ў нас злёт веруючай моладзi, пад агульным дэвiзам 'мы спяваем да Бога'. Прыходзьце, дзяўчаткi, паненкi… Калi ласка!
— Абавязкова! — падскочыла ад радасцi Тамарка.
— Дзякую, — ветлiва адказала Iрэна.
Яны развiталiся.
— Ён мне той раз кнiжку падарыў, каб да споведзi рыхтавалася, — шапнула Тамарка. — Я яе заўсёды пад падушку кладу. Ведаеш, мне яго так шкада. Ксяндзам жа нельга жанiцца. З iм жыла мацi, памерла. I бабулька яго памерла. Цяпер ён адзiн жыве, сабе гатуе… Таму ён так любiць, калi да яго прыходзяць госцi. Вось таму ён такi iнiцыятыўны — сходы, конкурсы, злёты розныя ўстрайвае, моладзь арганiзоўвае. Я яго так люблю, — прыцiснула рукi да грудзей Тамарка, як брата, як самага роднага чалавека, усёй душою люблю, як