запiла…
Галя дастала з сумкi маленькую iконку i павесiла на куце. Лявон уздыхнуў i пайшоў па дровы. Ужо калi ў грубцы пылала вогнiшча i ўся хата запоўнiлася дымам, Галя з Лявонам ляжалi на маленькай канапе i размаўлялi.
— Бачыш, лес ад нас зусiм блiзка! — гаварыў Лявон. — У дзяцiнстве да нас прыбiлiся дзве маленькiя вавёрачкi. Яны бегалi па сценах, забаўлялiся. А потым адна загiнула. Тады i другая збегла.
Галя абняла Лявона.
— У нас утульна ў хаце, — сказала яна, — хаця i пуста, але здаецца, што тут жыве добры дух…
— Мы адновiм сад i будзем тут жыць з табою, — марыў Лявон.
— Мне сон снiўся, — сказала Галя, — быццам бы ў прыгожым садзе я тваiх бацькоў сустрэла i двух братоў…
— Двух? — здзiвiўся Лявон. — Як жа я забыўся сказаць, што ў нас адзiн маленькiм памёр… Глянь, нейкi праўдзiвы сон! А што снiлася далей?
— Быццам я хацела з iмi за стол сесцi, соку выпiць, а яны мне не далi. Я пакрыўдзiлася i пабегла ад iх. Можа, яны не хочуць, каб мы разам жылi, перасцерагаюць аб нечым?
— Пустое гэта, — махнуў рукою Лявон. — Мы будзем добра жыць. Я ў Менску марыў барацьбою заняцца, ды ўсё неяк саромеўся ў гурток запiсацца, а то часу не было… А тут займуся! Буду з суседам займацца — ён у школе фiзкультуру вядзе. Летам на рыбу з табою сходзiм, у нас такая фарэль залацiстая водзiцца! — ён прытулiў Галю да сябе. — Зайчык ты мой! — прашаптаў. — Цяпер я зусiм пiць не буду! Дзякую, што выратавала мяне! Вось мы з табою жылi ў адным iнтэрнаце, а адно аднаго не ведалi, а Бог звёў нас… Слава Богу!
I яны, шчаслiвыя i задаволеныя, паснулi пад свiст i завыванне зiмовага ветру.
Анатоль адчынiў дзверы сваёй кватэры. Агапка, таўсматая, з рабацiннем на твары, зашмыгала ад радасцi тоўстым, як бульбiна, носам.
— Толiчак! Прыехаў? Здаў на майстра, цяпер ты ўжо майстар спорту?
Прыгала вакол яго Агапка, хацела пацалаваць, але Анатоль, кульгаючы, прайшоў на кухню, кiнуў ля дзвярэй ванны заплечнiк.
— Сёння каб памыла маю вопратку!
— Ага, памыю! — заўсмiхалася Агапка. — А што ты кульгаеш? Зноў артроз? Вядома, на Камчатцы там, у паходзе, застудзiўся? I навошта зiмою, за тысячу даляраў, на тую Камчатку iсцi, каб захварэць? Хай бы гэтыя грошы на дзiцятка пусцiлi мы?..
— Якое дзiцятка? — спалохаўся Анатоль. — Ты што, з таго моманту да доктара не хадзiла? Не трэба нiякога дзiцяткi! Мне на сябе грошай не хапае! Вось майстрам спорту стаў, цяпер хачу свой турклуб адкрыць. Турклуб Хвашчэўскага! Гучыць?
— Ага, Толiчак, — падтакнула Агапка. — А дзiцяткi нiякога няма, гэта так проста я сказала…
— Больш так не жартуй! — строга сказаў Анатоль, выпiў квасу. — Ты навучылася вязаць? Мне швэдар, шкарпэткi звязала? А курыцу ў цесце, мяса пад марынадам, торт, якi я люблю, навучылася рыхтаваць?
Агапка кiўнула галавою.
— Значыць, так, — запалiў Анатоль. — Я пайду пасплю, а ты есцi рыхтуй. Вечарам прыйдуць мае сябры, вiншаваць будуць. Ты павiтайся i iдзi на кухню цi ў ванну! Каб з намi не сядзела, у нас свае справы i размовы, а то яшчэ не тое ляпнеш. Зразумела?
Агапка зноў моўчкi кiўнула i пайшла рыхтаваць ежу.
Анатоль лёг на канапу, уключыў тэлевiзар, запалiў цыгарэту, скiдваючы попел на падлогу. Пачаў успамiнаць паход, калi ўвайшла Агапка. Яна перамiналася з нагi на нагу хацела нешта сказаць.
— Што хочаш? — незадаволена спытаў Анатоль.
— Толiчак, — пачала цiха Агапка, закашлялася, — я спытаць хачу, дзе тыя грошы, што нам на вяселлi мой бацька даў, пасаг мой?.. I за карову дзе грошы?
— Як гэта дзе? — узроў Анатоль, памятаючы, што лепшая абарона — атака. Мне ж на паход трэба было? А сястры маёй Танечцы на футрачак, на пярсцёнак? Яна ж замуж збiраецца! Яна ж таксама табе цяпер сястра, вось i клапацiся пра яе! Зразумела?
— Ага-а! — працягнула Агапка i павярнулася, каб iсцi, затым спынiлася i запытала: — Але ж павiнны грошы застацца, iх так шмат было…
— Шмат, шмат! — закрычаў Анатоль. — А ты ў даляры перавядзi! Мы ж гэта ўсё за даляры куплялi, галава твая пустая! Даляры ж даражэй, чам твой рубель!
— А-а-а! — нарэшце зразумела Агапка i, супакоiўшыся, пайшла на кухню.
Але затым зноў вярнулася. Стаяла, перабiрала ў руках фартух.
— Ежу зварыла? — раздражнёна пачаў дыхаць Анатоль. — Iдзi бялiзну мый!
— Паляжаць з табою хацела, — прамовiла Агапка, — засумавала… Каб пацалавацца…
— На вяселлi цалавалiся! — закрычаў Анатоль. — Цяпер жыць трэба, як людзi! Сур'ёзнай будзь i працавiтай! I не чапай мужа, калi адпачывае! Падыходзь да мяне толькi тады, калi я сам цябе паклiчу! Зразумела цi не?!
Агапка заплакала i падалася на кухню.
Пад вечар прыйшлi госцi, i яна паспешна выйшла з кватэры. Доўга хадзiла па вулiцы. Не ведала, чым заняцца. Сумавала па вёсцы. Зайшла ў царкву. Служба заканчвалася. Агапка падышла да святара i папрасiла, каб ён яе выслухаў.
— Муж дзяцей не хоча, — паскардзiлася яму. — А што, калi мне зацяжараць ад яго, падмануць, каб не засцерагаўся, i зацяжараць? Сумна без дзiцяцi…
— Нельга так, — адказаў святар, — не па-божаму… Падманваць нельга…
Агапка выйшла з царквы i накiравалася да Палаца культуры будаўнiкоў. Ля ўвахода стаяла бялявая, з кароткай стрыжкай дзяўчына i весела гутарыла з сяброўкай.
— А я свайго малога ў дзевак кiнула, а сама думаю, пагуляю! — смяялася бялявая.
— Ну i аферыстка ты, Наташка! — адказала сяброўка. — Мiколу рабом зрабiла, а Кольку на алiменты падала! I як толькi ў судзе не разабралiся, што не Колева дзiця!
— Коля болей грошай атрымлiвае! — засмяялася Наташа. — А што мне з таго Мiколы цягнуць, хоць i яго гэта дзiця? Вось паехаў учора маiм бацькам дровы загатаўлiваць, i добра!
Агапка патапталася на месцы i вырашыла падысцi да дзяўчат.
— Прабачце, — сказала яна, — я тут падслухала вашу размову. У мяне адна праблема, можа, падкажаце, як яе рашыць. Я з вёскi, адна тут, сябровак няма. Замуж адзiн хлопец узяў, турыст ён. Дык я ў яго як рабыня, толькi каб есцi рыхтавла ды бялiзну мыла. А дзяцей не хоча. I не паважае мяне, дурною лiчыць. Можа, я трохi i дурная, што пайшла за яго. Яны з раднёю мяне аб'ягорылi, грошы мае, што бацька на пасаг даў, распусцiлi на ягоныя паходы ды на сваю радню…
Наташка ўзняла ўгору бровы.
— Адкуль ён, турыст гэты? Можа, якi сябар Мiколаў? — глянула на сваю сяброўку. — Мiкола ж усё ў паходы хадзiў з Хвашчэўскiм, усё сварылiся, вораг яго…
— Мой муж таксама Хвашчэўскi! — абрадавалася Агапка. — Толiк завуць…
— Ён! — засмяялася Наташка. — Ну дык што, адпомсцiм Толiку за майго Мiколачку, каб не задаваўся?
Яна абняла Агапку, падмiгнула сяброўцы:
— Верка, пайшлi папалiм i нешта смешнае прыдумаем!
Селi ўтраiх на лавачку. Агапка не палiла. Наташка, смалячы цыгарэту, выгукнула:
— Дзеўкi! План наклюнуўся! Агапка, мы табе знойдзем хлопца i ты ад яго зацяжараш!
— Мяне Толiк на аборт адправiць, сiлаю, — уздыхнула тая.
— А ты не кажы да апошняга моманту, як Наташка ў свой час! — параiла Вера. — А калi стане бачна ўжо, то нiкуды ён не дзенецца!
— Ён зробiць так, каб здарыўся выкiдыш, — з сумам сказала Агапка. — Ён сам мне сказаў так, калi я пажартавала, што вось не пайду на аборт, калi зацяжару… Ён асцерагаецца i не спiць часта са мною…
— Во казёл! — стукнула кулаком па калене Наташка i раптам абрадавана выдала: — Агапка! Будзь хiтраю! Калi ён заўважыць, што ты цяжарная, няхай крыху цябе стукне… А перад гэтым мы будзем з Веркаю