— Ты вельмi сумленны! — пакрыўдзiўся Мiкола.
— Вядома! — засмяяўся Iгарок. — Вось таму i жанюся заўтра на менчанцы! Аднаго цябе пакiдаю ў пакойчыку, глядзi, не звар'яцей ад адзiноты!
Мiкола падняўся i пачаў умывацца. Вырашыў пагуляць па горадзе. Навагодняе свята скончылася, можа, што ў крамах смачненькае з'явiцца, а то ўсё парасхоплiвалi на тым тыднi.
…Мiкола выпiў у кафэ кубачак кавы i скiраваў у бок 'Дзiцячага свету'. Нешта захацелася яму паглядзець на цацкi. Як маленькi, шчупаў машынкi, гуляў з iмi. А потым упадабаў мячык гумавы, чырвоны з зялёным, i купiў яго. На выхадзе сутыкнуўся з хлопцам, якi паказаўся яму знаёмым.
— Сцяпан, цi што? — падняў бровы ўгару Мiкола.
— А як жа! — стукнуў той па плячы Мiколу. — Прывiтанне!
Зайшлi ў пiўбар. Халоднае пенiстае пiва было на смак гаркаватым. Залацiстым адсвечваў куфаль.
— Ну, як там жыццё-быццё ў вёсцы? — пацiкавiўся Мiкола.
— Нявесткi сварацца, — паскардзiўся Сцяпан. — Наша хата згарэла, як пасля Тамаркiных пахарон выпiвалi. Заснулi, а яна ад свечак i загарэлася… Дык мы ў Халiмона цяпер жывём з мацi i бацькам. Халiмонава Верка з Цiмохавай Надзькай сварацца. Верчын кныр пакрыў Надзьчыну свiнню. А Надзька не хоча Верцы за гэта грошы плацiць. Ужо i парасяткi прывялiся, а Надзька не заплацiла… А Верчыны куры без пеўня ходзяць. Надзьчын певень iх чапае. Дык Надзька крычыць, каб ёй яйкi аддавала за пеўня!
Мiкола засмяяўся.
— Як Iрэна? — запытаў у Сцяпана. — Прывыкла да вясковага жыцця?
— Дзе там, — махнуў Сцяпан рукою, — збегла! — I задаволена ўсмiхнуўся: — А я зноў жанiцца буду! Гельтруда маю дзеўку завуць, конь, а не баба!
Мiкола скрывiўся:
— У якiм сэнсе? Тэмпераментная?
— Кiнь дурное! Працавiтая яна! — пахвалiўся Сцяпан.
Яны развiталiся. Мiкола вярнуўся ў свой пакойчык. Падкiнуў мячык, пагуляў з iм, затым лёг адпачыць. Iгарка дома не было. Мiкола пачаў засынаць, калi зноў пачуў тупат дзiцячых ножак. Ужо ў паўсне задаволена падумаў: 'Няхай пагуляе! Вось добра, што мячык купiў…'
— Прывiтанне! — маладая дзяўчына з завiтушкамi прыветна ўсмiхнулася Iрэне. — Не памятаеш мяне? Я каханка твайго бацькi… Праўда, цяпер ужо жонка…
— Iлона! — абрадавалася Iрэна i абняла яе.
— Ой, а я думала, ты бiцца будзеш! — засмяялася тая.
— Не, я паразумнела, — сказала Iрэна. — Як вы з таткам жывеце?
— У згодзе, — усмiхнулася тая. — Ведаеш, сапраўды я знайшла роднасную душу ў тваiм бацьку… Доўга так шукала i знайшла… Каб i табе так Бог паслаў!
— Пашле! — запэўнiла яе Iрэна. — Я куплю вашай дачушцы падарунак, бо я хутка паеду адсюль… Перадай татку прывiтанне i яшчэ, што ён малайчына! Я абавязкова зайду да вас перад ад'ездам!
…Дома Iрэну сустрэла мацi, як заўсёды сумная i заклапочаная.
— Тэлефон не займаць! — строга сказала Iрэне. — Можа, бацька патэлефануе?
— Ты вар'яцееш! — закрычала на яе Iрэна. — Пакiнь цяпер яго ў спакоi! Хiба ты не бачыш, што табою авалодаў д'ябал i хоча, каб ты звар'яцела! Мяне каханне ўжо давяло да гэтага два разы: Янку кахала, потым — Сцяпана, за секс! А ты бацьку за што кахаеш? За душу? Калi б вашы душы былi роднасныя, то ён бы цябе не кiнуў! Як можна кахаць духоўна чужога чалавека? Хочаш сексу, дык знайдзi сабе другога мужыка! З бацькам жа ты не спала! Няма чаго цяпер шукаць учарашнi дзень!
— Распранайся! — закамандавала Iрэна мацi. — Шаўковыя твае валасы мыць будзем!
I пацягнула мацi ў ванную. Потым Iрэна зрабiла ёй прычоску i макiяж. Апранула ў прыгожую сукенку i паведамiла:
— Рыхтуйся сустракаць гасцей! Пакуль ты тут вар'яцела, я сабе замежнага кавалера знайшла. Прыехала ягоная мацi, хоча пазнаёмiцца з нашай сям'ёй. А потым мы ўсе паедзем да iх у госцi. У мяне вiза ёсць, я дарэмна часу не трацiла. Афармляю i табе…
— Адкуль ён? — упершыню за ўвесь час вочы мацi загарэлiся цiкаўнасцю.
— З Анголы, — усмiхнулася Iрэна.
— Негар? — схапiлася за сэрца мацi i села ў крэсла.
— А табе што — падабаюцца толькi iнтэрнатаўскiя калгаснiкi, тыпа Янкi i Сцяпана? — узялася ў бокi Iрэна. — Хопiць, я наелася кахання, павалялася ў брудзе! Цяпер я iду замуж па разлiку, дзеля будучых дзяцей. Я буду другою жонкаю Халiла. У iх можна мець некалькi жонак! — засмяялася Iрэна. — Але ў кожнай — свая вiла, сваё хобi. А я аддаваць сваю прыгажосць каму папала не буду болей, лепш прадаць за даляры! Ты думаеш, каб я нарадзiла ад Сцяпана, то тое дзiця было б шчаслiвым на гэтым смярдзючым хутары? У майго будучага дзiцяцi будзе ўсё!
— А што, — падала голас мацi, — такiя дзяўчынкi маленькiя прыгожыя, мурыначкi! Касiчкi такiя!.. Вось, як будзе дзяўчынка ў цябе, то й добра, яны такiя вёрткiя, спрытныя, танцуюць прыгожа, мурынчыкi гэтыя…
— I хлопчыкi нiчога, — пасмiхнулася Iрэна, — вось як па тэлевiзары паказваюць, мускулы такiя, моцныя хлопцы…
— Што ты там рабiць будзеш сярод мурынаў! — закрычала мацi.
— Тое, што i сярод белых, — адказала Iрэна, — жыць! Радавацца! А можа, i лепей жыць, чым тут! Ты паглядзi на яго лепш, тады гаварыць будзеш! Яго мацi доктар, паважаны чалавек у Анголе! А мы з Халiлам будзем жыць у Амерыцы!
— А-а! — працягнула мацi. — Тады i добра! Можа, i я там каго сабе знайду…
— Нарэшце вылечылася! — засмяялася Iрэна. — Гэта трэба адзначыць шампанскiм!
У дзверы пазванiлi. Iрэна кiнулася адчыняць. На парозе з'явiўся прыгожы, высокi, цемнаскуры юнак з вялiкiм букетам ружаў у кошыку. Побач з iм стаяла мажная, у сукенцы з прыемным малюнкам, жанчына i лагодна ўсмiхалася…
— Ай, госцiкi, даражэнькiя! — замiтусiлася мацi. — Праходзьце, калi ласка! А мы так чакалi!..
— Ой, Лявонка! Гэты швэдар так пасуе табе! — запляскала ў далонi Галя. Якраз пад твае блакiтныя вочы. Вясельны падарунак, дарагi!
— Дзякую, — усмiхнуўся Лявон. — Ты мяне з багны выцягнула! Я кахаю цябе… Болей i ў рот гарэлкi не вазьму. А то, бачыш, з працы звольнiлi, з iнтэрната выгналi…
— Лявонка, глядзi! — радасна паказала старонку пашпарта Галя. — Я таксама выпiсалася з Менска. Усё, будзем жыць з табою ў гэтай вёсачцы, у тваёй хаце!
— Я заўтра аднясу твой пашпарт у наш сельсавет, — сказаў Лявон. — Знойдзем табе працу i мне што-небудзь!
Галя запiшчала i павiсла ў яго на шыi.
…Нiзенькая паўразбураная хатка за высахлым садам нагадвала сабою пакiнутую старэнькую бабульку. Вялiкая леташняя трава пачарнела за зiму i цяпер, калi пачалася адлiга, нагадвала доўгiя тонкiя нiткi.
— Браты не едуць, — паскардзiўся Лявон, гледзячы ў маленькае акенца на вулiцу. — А некалi мы добра жылi. Трое братоў, бацька, мацi. Мой бацька граў на гармонiку, а мацi прыгожа спявала. А потым iм ад зайздрасцi начаравалi бацька прастудзiўся i памёр. Пасля ягонай смерцi мацi знайшла ў хляве iголкi, цэлы пук, усе чорныя… Занесла да знахара, а ён кажа, што позна прыйшла праклён на ўсю сям'ю паў. Мацi запiла. Мы ўсе былi ў гарадах. Яна ўпала п'яная пасярод хаты, яе паралiзавала. Не магла дапаўзцi да ложка. Хаты даўно не цеплiла, холад быў, вось i атрымала запаленне лёгкiх i ў хуткiм часе памерла… Старэйшы брат рос бесталковым, сядзеў у турме, некалькi разоў жанiўся. Сярэднi п'е… I я пiў, пакуль не сустрэў цябе…
Галя абняла яго i пацалавала. У хаце пахла сырасцю. Адзiнока чарнела печ. За перагародкай стаяў кухонны стол, вiсела люстэрка ў драўлянай аправе, якую паеў шашаль. Збоку — вялiкая шафа для кухоннага посуду. На акне — шэрага колеру фiранкi. Галя прайшла ў другi пакой, дзе знаходзiлiся грубка, два ложкi, канапа, шафа, круглы стол.
— Я зусiм забыўся сказаць табе яшчэ пра аднаго свайго брата, — хрыплым голасам мовiў Лявон, — нас жа чацвёра сыноў было. Сашка — самы лепшы брат наш, самы старэйшы. Мы малыя тады былi. Ён ажанiўся. Жылi тут з жонкаю. Дзяўчынка нарадзiлася. Вось ад iх гэтая шафа засталася, i стол круглы, i канапа. Сашка разбiўся на матацыкле, на крутым павароце ля самай вёскi… Вось тады мацi яшчэ мацней