— Не стамiлася? Як-нiяк, а цэлы месяц падарожнiчаем. Столькi падзей: вянчанне ў касцёле, знаёмства з маiмi родзiчамi… Хутары, вёскi, новыя знаёмствы…

— Гэта так цiкава! — усмiхнулася Маруся. — Паход — выдатная рэч! Я больш пра цябе даведалася i ўжо не крыўдую па дробязях. Я адкрыла ў табе шмат прыемнага i добрага. Здаецца — я ў iншым свеце. Вернемся дадому — i казка скончыцца…

— Мы можам жыць тут, у маёнтку прадзеда, — адказаў Вайдаш. — Я думаю, пакуль не трэба табе вяртацца дадому. Вучыся быць жонкаю князя…

— Гэта так цяжка, — уздыхнула Маруся, — так складана, як быццам гэта i не я, а нейкую ролю выконваю.

— Гэта ты, — усмiхнуўся ён, — проста ты забылася, што заўсёды была такою, як зараз…

…Заплечнiкi, у якiх знаходзiлiся спальныя мяшкi, прымацавалi на багажнiкi ровараў. За плячыма ў Марусi i Вайдаша маленькiя рэчмяшкi, фотаапарат, паясныя сумачкi, у якiх блакнот i самапiска. Праехалi Дабратычэ, Кастамлоты. Вёскi польскага Прыбужжа вонкава мала чым адрознiвалiся ад вёсак беларускага памежжа. Польская правiнцыя можа ганарыцца дагледжанымi дарогамi. Мястэчка Кодэнь сустрэла падарожнiкаў касцельным перазвонам.

— Глядзi. Якая прыгожая хатка пад саламянай страхою! — кiўнула ўбок Маруся. — Быццам тут час спынiўся…

Ля касцёла — могiлкi, велiчныя, урачыстыя. Ля ўвахода — брамы, два анёлы паўметровыя скульптуры. Ля магiл няма агароджаў, помнiкi з каменю.

…Ехалi ў прыцемках праз лес. Прыемна i лёгка дыхалася свежым паветрам. Нарэшце паказалiся два хутаркi. Маруся i Вайдаш наблiзiлiся да аднаго з iх. Пастукалi ў браму. Але познiм гасцям нiхто не адчынiў… З комiна хаты цягнуўся салодкi дымок.

— Што, паспрабуем шчасця ў вёсцы Загораў? — усмiхнуўся Вайдаш, i яны пакацiлi далей.

Сустрэлi на вулiцы вёскi дваiх мужчын.

— Дзе ў вас тут пераначаваць можна? — запытаў Вайдаш.

— Гэта трэба да солтыса звяртацца, — стрымана адказаў адзiн з iх. Страшна цяпер на свеце… Адна жанчына пусцiла начлежнiкаў, пашкадавала, мужчына з жанчынай былi, быццам мужык ды жонка, а аказалiся бандыты…

— Усяго на свеце бывае, — адказаў другi, — але ж трэба крыху i давяраць людзям… Вунь хата нашага солтыса, запытайцеся ў яго пра начлег, калi ласка!

Солтыс, пан Станiслаў, мужчына сарака з лiшнiм гадоў, сустрэў падарожнiкаў ветлiва, але па законе ў пашпарты ўсё-такi заглянуў i засмяяўся:

— О! Вiншую, вiншую, пан Вайдаш, панi Марыя, з законным шлюбам! Значыць, вясельнае падарожжа? Добра прыдумалi!

Гаспадар запрасiў у хату. Яго жонка прыветна сустрэла маладых, павiншавала, пачала рыхтаваць гарбату. Вайдаш выйшаў у двор, каб паставiць пад павеццю ровары, заўважыў побач з разнастайным гаспадарчым iнвентаром трактар i два прычэпы.

— Вось так i жывём, — мовiў пан Станiслаў, - усе ў гаспадарчых клопатах. Самi сябе кормiм i поiм. Сыны яшчэ малыя, але крыху дапамагаюць. Зараз спяць, час познi.

Яны вярнулiся ў хату. Гаспадыня, панi Вальжына, запрасiла да стала. Елi салонiкi з вараным мясам з падлiваю.

— Ценжкая праца ў нас, паночку, — паскардзiлася Вайдашу панi Вальжына, паклала рукi на каленi, уздыхнула. — А жыць трэба, сыноў гадаваць…

Памалiлiся на ноч. Гаспадыня завяла Марусю i Вайдаша ў асобны пакойчык, паслала пасцель. У пакоi быў змрок. Праз акно Вайдаш убачыў агнi ў двухпавярховым будынку.

— Гэта хата нашага ксяндза, — растлумачыла панi Вальжына. — Сам яе будаваў, працавiты! — з гонарам за яго адзначыла гаспадыня.

… Ранiцай паехалi далей, у накiрунку да ваколiц Гданьска, дзе знаходзiўся маёнтак Вайдаша. У адной прылясной вёсачцы Харашчынцы Маруся налiчыла ажно дзесяць будынкаў, пакрытых саломаю.

— Такая традыцыя, — растлумачыў Вайдаш. — Як помнiк мiнулага…

У гародчыках расло шмат кветак, у асноўным — астры, многiя з якiх ужо засохлi, i гаспадынi збiралi насенне. Час ад часу траплялiся астраўкi пакiнутых хутароў, благiя хаткi, рэшткi саду, разбураныя падмуркi дамоў, зарослыя сцежкi да калодзежа, да разбураных свiрнаў.

— Старыя памерлi, а моладзь у гарадах, — заключыў Вайдаш.

Пад'ехалi да цудоўнага мястэчка, якое зачароўвала сваiмi краявiдамi. На браме — выява бажаства. Бярозы блiшчэлi на сонцы восеньскай пазалотай. У паветры насiлiся павуцiнкi бабiнага лета. Не даязджаючы да свайго маёнтка, Вайдаш i Маруся прылеглi на цёплую пажоўклую траву.

— Вось i закончылася падарожжа, — усмiхнулася Маруся i раптам ажыўлена i весела паказала ў бок парку рукою. — Глядзi, хто спяшаецца да нас!

Вайдаш азiрнуўся. Вялiкi, калматы, у рыжых плямах сенбернар бег да iх праз поплаў. Наблiзiўся, пачаў лашчыцца. Маруся абняла сабаку, пацалавала ў халодны нос.

— Я больш за ўсё люблю такiх сабак, — сказала яна, — такiя ласкавыя! Сапраўдны вялiкi добры сябар!

— Ён будзе надзейным сябрам нашым дзецям, — усмiхнуўся Вайдаш. — Недарэмна сенбернар славiцца, асаблiва ў гарах, бо заўсёды ратаваў людзей, трапiўшы пад лавiны. Яму нават пастаўлен помнiк. А ведаеш, калi я ў студэнцкiя гады быў у Севастопалi, расказвалi, што адна жанчына ў час вайны знайшла кволага шчанюка. Ён падрос i аказаўся прыгожым сенбернарам. Быў вельмi разумны. У час вайны жанчына галадала. Аднойчы сабака бег ля порта i ўбачыў, як матросы разгружаюць баржу, выносяць нейкiя мяшкi, скруткi. Сабака пачаў дапамагаць iм. За гэта матросы далi яму кацялок з ежай. Сабака ўзяў яго за дужку i асцярожна панёс дадому. Гаспадыня вельмi здзiвiлася. Ранiцаю панёс пусты кацялок на прычал i зноў прыняўся за работу. Матросы прасачылi за сабакам i таксама былi вельмi ўражаны тым, як даглядаў i клапацiўся аб сваёй гаспадынi ён. Вось так сабака аддзячыў ёй за клопаты, за тое, што ў час вайны, калi ўсе былi галоднымi, яна пашкадавала яго маленькага, выкармiла…

Сонца хiлiлася да небасхiлу. У пазалоце старых лiп хавалiся ласкавыя промнi. Маруся i Вайдаш яшчэ доўга сядзелi ў траве i аб нечым размаўлялi. Ля iх ляжаў, салодка закрыўшы вочы, вялiкi, у рыжых плямах, калматы сабака…

Напярэдаднi Пакроваў Iрэна са свякрухаю спяклi пiрог, абышлi з iм усе гаспадарчыя пабудовы, прыкладваючы да кожнае страхi, каб буры, што пачынаюцца ад Пакроваў, не разбурылi iх. Паклалi сена каровам: 'На Пакровы дай сена карове', гэта каб былi сытыя ўвесь год.

А сёння ўсе збiралiся ў царкву. Iрэна выкiнула муху з гладышка i налiла сабе ў кубак малака.

— Калi ўжо гэтыя мухi паздыхаюць! — буркнула яна. — Хоць бы дзверы закрывалi, а то ў рот ляцяць, ранiцай спаць не даюць!

Пачала нацягваць сукенку. Аказалася, што тая цесная.

— Праклiнаю вашу вёску! — закрычала, разнерваваўшыся, Iрэна. — Усё лета бульба, сала i аладкi! Хутка буду як калода, торба торбаю!

— А ты цягай усяго паболей, як наша Сонька, — параiла свякруха, — Сонька наша i мяхi цягае, i па дзесяць вёдзер вады каровам носiць! Яна як конь! А Тамарцы нельга падымаць, здыхля! I ты — здыхля!

— Калi ўжо гэта скончыцца: 'конь, конь'? — раззлавалася Iрэна i шпульнула ў свякруху сваёй сукенкаю. — Пайшлi вы ўсе ў ж…у!

— Во, бешаная! — ускочыла свякруха. — Сцяпан! Паганяй жонку!

Той узяў пугу i пабег за Iрэнай, якая выскачыла ў сенцы, затым на вулiцу i села на воз, на якiм ужо прымасцiлася Тамарка. Свёкар трымаў вожжы. Сцяпан кiнуў пугу i сеў на воз. З хаты выйшла свякруха, залезла таксама, спусцiла на драбiны ногi.

— А Верка з Надзькай паедзе? — спытала ў мужа.

— Няма калi, кажуць, — адказаў той.

— Бляха, галава пухне, — паскардзiўся Сцяпан, — бацька, дасi грошай на пiва?

— Ты ж матцы свае грошы аддаеш, — адказаў той.

— Якiя яны мае? — пацiснуў плячыма Сцяпан. — Я ж не працую, фермер. Бульбу прадалi, вось i грошы. У маткi ж усе грошы. Яна — галоўная!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату