— Слава Богу, — абазвалася тая, — а каб у Iркi былi, дык усё на трусы патрацiла б!
На паўдарозе ад райцэнтра ўзялi на воз бабу ў квяцiстай хустцы i Гельтруду, якая важна шпацыравала па дарозе ў новых кiрзавых ботах.
— У цябе што, туфляў няма? — здзiвiлася Iрэна.
— Што я — дурная, такiя дарагiя купляць? — адказала Гельтруда.
— Яна дзеўка эканомная, — падтакнула свякруха i звярнулася да жанчыны: Твая дачушка, Хiма, паступiла вучыцца?
— Не, — адказала тая. — Яна з вёскi нiкуды не хоча ехаць. Мне ўсе грады за лета выпалала, па чатыры разы палола, кароў даiла, свiням ахрап'е з поля носiць… Конь, а не дзяўчына!
— Вось некаму шчасце будзе, — уздыхнула свякруха i скасiлася на Iрэну, — а мая ж нявестка паўмяха бульбы не падыме!
— Як жыццё, Сцяпан? — таўханула яго ў бок Гельтруда. — Пахмялiцца хочаш? А то налью, у мяне ёсць!
— Праўда? — ажывiўся той. — Налiвай!
Гельтруда падала яму бутэльку гарэлкi, ён адкаркаваў, пачаў пiць. Мацi маўчала.
— Мне пакiнь крыху! — азiрнуўся бацька i ўзяў з ягоных рук паўпустую бутэльку.
— Во добрая дзеўка! — шапнула свякруха цётцы Хiме. — Хай бы мой Сцяпан узяў яе, дык не…
— Мо шчэ возьме! — абнадзеiла яе Хiма.
— Тамарка! — крыкнула Гельтруда. — Замуж не збiраешся? А то пасля Пакроваў хутка пост пачнецца. Колька Цяцеркiн не бярэ? Ты хоць для понту перад iм вядро вады падымi, а то нiхто замуж не возьме такую нехлямяжную! Баба павiнна ўсё цягаць на сабе! Не слухай ты тых дактароў, Тамарка, цягай усё!
— Гэлька праўду кажа! — абняў яе выпiты Сцяпан. — Гэлька — конь! Добрая жонка будзе!
— I ты, як матка: 'конь, конь'! — раззлавалася Iрэна. — Дэбiлы калгасныя! Iншых размоў няма!
…Крыху прыйшла да сябе Iрэна толькi ў храме. Цiшыня i супакаенне душы апанавалi ўсю яе. Тамарка прытулiлася збоку i шапнула:
— Iрэначка! Мне сёння манастыр снiўся, быццам мы з табою да Аленкi ездзiлi ў Полацак… I мяне анёлы падхапiлi i панеслi высока-высока, далёка-далёка адсюль! Так хораша было!..
…Пасля таго як прыехалi дадому, свякруха ўздумала перанесцi на гару варэнне. Яна падавала банкi Тамарцы, а тая ставiла iх у плеценую кадушку.
— Навошта вам гэтулькi варэння? — нервавалася Iрэна. — Леташняе засталося — не паелi!
— Што ты ў нашым жыццi разумееш! — буркнула свякруха. — Жыта скончыцца, пшанiца скончыцца, буракi i бульба скончацца, з чаго тады гарэлку гнаць? Вось варэнне i выручае! У каго яго няма, дык з парашка для мыцця бялiзны гоняць. Гарэлка — наша выручалачка! Вось сёння хлопцы ў лес за дровамi паехалi, прыедуць — налiць трэба! Што я буду глядзець на тое свята, што Пакровы сёння? Праца перш за ўсё, без працы ў вёсцы здохнеш з голаду!
— Хутка вашы хлопцы без чаркi i вядра вады ў хату не прынясуць! Прывучылi да гарэлкi!
— Ваду насiць, гной выкiдваць — жаночая справа, — адказала свякруха. — Мае хлопцы нi разу ў хляве не былi, i я ганаруся гэтым, значыць, я ладная гаспадыня. Мужык ля каня павiнен быць! Сама б вучылася гарэлку гнаць, павучальна дадала свякруха. — Мы памром, дзе тады гарэлку возьмеш, купляць будзеш?
Яна ўзвалакла на плечы мех з гарбузамi i крыкнула ўгару:
— Тамарка, цягнi мех!
— Вы лепш па аднаму гарбузу давайце, — адказала тая. — Мне нельга мех падымаць!
— А каб трасца на цябе! — раззлавалася мацi. — Ты чула, што Гельтруда сказала: цягай, нiкога не слухай! Разумную дзеўку паслухай, Гэльку, чым тых дактароў ды Iрэну! Цягнi, бляха, а то заб'ю!
I Тамарка са страхам узялася за мех… 3атым другi, трэцi… Перацягала ўсе.
Вечарам прыехаў бацька з хлопцамi з лесу, разгружалi дровы. Мацi насмажыла сала, кiнула ў мiску салонiкаў i паставiла буталь гарэлкi. Старэйшы, Цiмох, пацiраў задаволена рукi i мацюгаўся ад радасцi, церабiў сваю падраную свiтку, затым высмаркаўся на вiлошнiкi, крэкнуў i перакулiў чарку. Зацягнуўся цыгарэтай. Усунулася ў дзверы ягоная жонка, Надзя, у такой жа падранай бруднай свiтцы.
— Вось i пераапрануцца няма калi з-за працы, мама! — уздыхнула яна. Сёння карову пакрывала.
— Анягож, Надзька, — падтакнула свякруха, — iншы раз i валасы расчасаць няма калi. У чатыры гадзiны ранiцы падымаешся i цэлы дзень, як белка ў коле, круцiшся! А мая свiнка ўжо пабегала! Цяпер усе чацвёра пакрылiся, слава Богу! I кароўкi ўсе пакрылiся, от слаўна!
Трое малых дзяцей Цiмоха соўвалiся туды-сюды ля стала. Цягалi хлеб i скваркi, а большы нават адглытнуў з бацькавай чаркi.
— Не крычы! — засмяялася свякруха. — Няхай прывыкае — мужчына расце!
— А я бачыў, як певень на курыцы сядзеў! — паведамiў малы.
Свякруха i Надзька зарагаталi.
— I яшчэ, як бацька на матцы! — дадаў хлопчык.
Надзька схапiла папругу i пагналася за малым, той юркнуў у другi пакойчык. Надзька падсела да стала, чокнулася са Сцяпанам i свёкрам i кульнула чарку.
— А чаму гэта Халiмон не iдзе выпiць, — пацiкавiлася мацi, якая ўвесь час да стала не садзiлася, толькi з замiлаваннем пазiрала на сыноў ды падлiвала ў буталь гарэлку.
— Верка пiць не дае! — паведамiла Надзька.
— Сучка! — раззлавалася мацi. — Сына да мяне на чарку не пускаць!
I пабегла за Халiмонам. Той з'явiўся хутка, з жонкаю, якая, надзьмутая i сярдзiтая, села за стол, кульнуў чарку адну за другою i заспяваў: 'Ой, мороз, мороз!' Браты i бацька падхапiлi i загарланiлi на ўсю хату: 'Не морозь меня, моего коня!..'
— Ты, Верка, такога больш не рабi! — павучальна пачала свякруха. — Сама дзяцей вырасцiш, тады паглядзiш! Матка апошняе аддасць, апошнюю кроплю гарэлкi для сына! Не пузырся i не дуйся, сама такою будзеш, папросiць сын — i нальеш!
Iрэна выйшла ў другi пакой, за стол садзiцца не стала — яе раздражнялi iх размовы i нават твары.
— Томка, iдзi чарку выпi! — паклiкала мацi.
— Не хачу, жывот балiць! — абазвалася дзяўчына з ложка.
— I не трэба — нам болей будзе! — засмяяўся Сцяпан.
…Пiлi браты амаль да ранку. Бацька пайшоў спаць на печ. Мацi легла на тапчане, а сыны гулялi ў карты. Тамарка ўсё стагнала — балеў жывот. Iрэна паклiкала свякруху, але тая толькi буркнула:
— Глiсты ў яе — няхай чарку вып'е!
Чым далей, тым горш станавiлася з Тамаркай. Яна сыходзiла крывёю, Iрэна мяняла пад дзяўчынаю пялёнкi, давала нейкiя таблеткi, але нiчога не дапамагала. Як быццам холадам, ледзяным i бязлiтасным, напоўнiўся пакой. Iрэне стала страшна. Яна адчула чыюсьцi прысутнасць, нябачную i страшную — гэта было дыханне смерцi. Iрэна, перапалоханая i дрыжачая, выбегла да хлопцаў i пачала крычаць, што трэба везцi Тамарку ў бальнiцу, але Цiмох спаў за сталом, паклаўшы галаву на бохан хлеба. На канапе хроп Халiмон з катом у нагах. Сцяпан лыпаў вачыма i не разумеў, што ад яго хочуць. Адзiн толькi бацька падаў голас з печы:
— А мо давай я Томку адвязу ў бальнiцу?
— Ляжы, дурань п'яны! — закрычала на яго жонка. — Каня мне згубiць хочаш? У мiлiцыю трапiць хочаш? Людзi i так смяюцца, што яна ўсё па бальнiцах! Само пройдзе!
I бухнулася на падушку.
Iрэна, заплакаўшы ад адзiноты i крыўды, вярнулася да Тамаркi.
— Iрэначка! — паклiкала яе дзяўчына. — Не чапай iх. Я хачу туды, дзе святло, дзе анёлы. Яны цяпер ля мяне стаяць, Iрэначка, я ўбачу ўсё тое, аб чым ты мне расказвала: i Берасце, i Гомель, i Маскву, i манастыр Ефрасiннеўскi, там, дзе Аленка… Мне так добра цяпер! Не будзi iх, яны не варты быць са мною. Кожны раз, калi я сыходзiла з дому, то за травою свiнням, то грады палоць, мне не хацелася вяртацца сюды… Не заставайся тут, Iрэначка, у брудзе гэтым! Уцякай!..
…За акном развiднела, калi цiха памерла Тамарка. Iрэна сама абмыла дзяўчыну, апранула ёй новую сукенку, якую пашыла ёй да Новага года, запалiла свечку.