— Андрэй… вы мяне не пазнаяцё?

— Н-не, — пачырванеў Андрэй, — хіба што толькі мне здаецца, гэта вы сёння ляцелі ў паветры.

— Ну, — засаромелася яна, — не будзем параўноўваць ваш скачок з маім. Я таму і прыйшла, што пасля гэтага спытала пра ваша імя.

— Прабачце, — сказаў Андрэй, — хто вы?

— Я Алёна Століч.

— А… Алёна, бож-жа мой! Маці! Маці! Глядзі, хто да нас прыйшоў. Алёна, вы зусім непадобная да той.

— Ды і вы… таксама.

Яна была сапраўды зусім не тая. I калі параўноўваць людзей з іншымі істотамі, дык першае ўражанне было праўдзівым: ластаўка. Цемнавокая, уся неяк выгнутая туды, уперад, высокімі грудзьмі і злёгку закінутым тварыкам. Маленькія далоні, светлыя буяныя валасы пры цёмных вачах. Агульнае ўражанне чагосьці дзёрзкага, імпэтнага, смелага не па сіле.

…Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк. Недзе далёка ўздыхалі за плячыма і паступова паміралі ў цемры трубы гарадскога аркестра. Шапталі ледзь апераныя майскія шаты дрэў.

Далей. Далей. Усё далей.

Горад застаўся ззаду. Злёгку плёскала ў сне рака. I аднекуль з-за ракі, разам з маленькім язычком вогнішча далятала тонкая, бы ўздых, песня некалькіх галасоў:

Зялёны дубочак

На ель пахіліўся.

I ў страсным юнацкім голасе гучалі цяга, і журба, і шырокі смутак душы, узгадаванай на гэтых паплавах.

— Чорт, — сказаў Андрэй, — улаена кажучы, не вельмі разумныя словы, а слухаеш — і сорам бярэ за сябе, за свае вершы. Так усё бездапаможна, так бяздушна.

— Прачытай што-небудзь адпаведнае, — сказала яна.

— Добра.

Андрэй павольна ішоў поруч з ёю па ўбітай сцежцы. Было халаднавата, парывамі дыхаў лёгкі ветрык, але дубы не хацелі дрыжаць, не хацелі шалахцець нованароджанымі лісцямі — зашмат было гонару.

Усплыў месяц над сiнiм Дунаем.

Празрысты зялёны рог,

I ценi ад хмар набягаюць

На вербы наўсцяж дарог.

Цiшыня над сiнiм Дунаем.

Сцiхлi шолахi ўсе:

'Каханая, дарагая,

Ногі твае ў расе'.

Ён змоўк і потым з халоднай жорсткасцю сказаў:

— Дрэнна.

— I сапраўды, слаба, — з уздыхам сказала яна, — не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.

Яму спадабалася яе шчырасць.

— I што толькі рабіць, не ведаю, — сказаў ён.

— Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра, Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.

Памаўчала.

— I ляцiць яна, уся залатая, з пылком на лапках: Мне думаецца, так i паэту трэба, вельмi трэба, каб сонца i вецер. Ноч не для яго…

I раптам ускрыкнула:

— Ану, даганяй.

Ссунулася з адхону, ляцела, ледзь дакранаючыся нагамі да зямлі. Ён бег за ёю, бачыў яе развеяныя валасы — і раптам яна кінулася ўбок, затрымалася, учапіўшыся рукамі ў малады дубок. Андрэй не стрымаўся і па інерцыі пакаціўся далей, пад адхон, уздымаючы нагамі пясок.

Унізе ён пахіснуўся, упаў і застаўся нерухомы.

Устрывожаная, яна спусцілася да яго, села над ім на кукішкі, паклала далонь на каштанавы чуб.

— Андрэй, Андрэй! Андрэй! Што з табой?

Ён раптам ускінуўся і злавіў яе за запясці.

— Н-ну, — прагрымеў ён, — якое пакаранне прыдумаць паненцы за гэта?

Але Алёнка зноў стала ранейшай. Яна спрытна крутанула пруцікі запясцяў паміж вялікім і ўказальным пальцамі яго рук, вырвалася і, адскочыўшы на сажань убок, сказала:

— Няхай пан у якасці пакарання прачытае пару ўласных вершаў.

Андрэй з iльвiным рыкам кiнуўся за ёю…

…Назад яны ішлі ўжо больш сур'ёзныя.

— Вось, — казаў Андрэй, — заўтра ў сталіцу. Праз якія два тыдні скончу другі курс. А каб я ведаў, куды мне ісці, хто я, на што здатны — гэтага няма. I невядома, калі будзе.

— Што такое? — яна ўзняла на яго смелыя дзіцячыя вочы.

— Разумееш, мне цяжка прызнацца, але я неяк выломліваюся з асяроддзя. I з вялікім болем… Разумееш, скажам, я вельмі люблю Ясеніна, Буніна. Мяне ледзь з універсітэта не папёрлі за тое, што я іх чытаў.

— Пэўна, на лекцыях чытаў? — спытала яна.

— На лекцыі. Надта ўжо сумная была.

— Ну і дурненькі, - з усмешкай сказала яна, — дома іх трэба чытаць.

— Вось і рэктар мне так сказаў. Пад дзвярыма студэнты слухаюць, а ён мне гэта сказаў, а потым павярнуўся да акна і настаўляць пачаў мяне, ды так голасна. А сам усміхаецца…

— Харошы чалавек, — сказала яна.

— Анёж не. Самы лепшы.

— Ну, а далей. Хіба толькі ў Буніне справа?

— Вядома, не. Бачу, скажам, што ў курсавых сакратарах не Янка ходзіць, добры, разумны і, галоўнае, чысты, а нейкі Каўтуновіч, палена, палена няструганае, баязлівец і падхалім. А я гляджу ў яго вочы і ведаю, што ён першы ўцёк бы, калі б на нас банда пад Ракшанамі навалілася. А ён гучныя словы гаворыць, а я ведаю: словы гэтыя хлусня і здзек. А доказаў няма.

Андрэй аж здрыгануўся ўвесь. Потым змоўк.

Пад адхонам шаптала рака, звінела ніцымі галінкамі вярбы.

— Ведаеш, Алёна, — ціха сказаў Андрэй, — мяне гэта вельмі мучыць.

— Нічога, — сказала Алёна, — усё павінна змяніцца. У няшчырасці нядоўгі век. Памятаеш, у цара Саламона на пярсцёнку быў надпіс: 'Усё праходзіць'.

…Так, усё праходзіць. Прайшла і тая вясна. Як прайшло потым і лета.

А тады здавалася, што гэтаму не будзе канца.

Неяк вечарам, якраз калі чэрвень увабраўся ў сілу, у рэдкую — не па лету — маладзіковую ноч, яны, тры хлопцы і чатыры дзяўчыны паехалі на чаўне за Дняпро, лавіць рыбу.

Не да рыбы, вядома, там было. Але затое, калі зніклі за дзесяткам лукавін агні горада, — колькі там было жартаў і смеху!

I ноч. Едзе ноч над зямлёю на чорным кані. Плашч у ночы чорны, кудлы чорныя. I твар у ночы таксама чорны. Бязгучна варушыць у паветры капытамі стомлены чорны конь.

Потым, калі яны сядзелі на беразе ля зыркага вогнішча, закрытыя ад астатняга свету густой сцяною лазы, нехта папрасіў, як маленькі:

— Андрэй, казку…

Грынкевіч пачаў. Ён умеў расказваць казкі. А гэтая, таемная, як абшары лясоў над межытокамі, асабліва добра клалася на ноч, вогнішча, месяц над вадой.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату