Можа, асабліва добра таму, што поруч была Алёна. Гэта была народная легенда пра вужыную каралеву. Ноч, пратокі, човен, заплецены белымі гарлачыкамі, браты, што катуюць дзяцей сястры, дапытваючыся, дзе іхні бацька. Сухая вярба над затокай. Ляжыць пад вадою юнак у залатым каптане.
Цішыня. Месяц, прабіўшыся праз лістоту лазы, кінуў на пясок тысячы срэбных месячыкаў-адбіткаў…
…Алёнка асцярожна зайшла ў ваду і паплыла. Плыла брасам, прыўзняўшы над паверхняю закінутую галоўку. Ён плыў поруч, бачыў, як рукі і ногі яе размерана рухаюцца, блакітна серабрацца пад вадой.
Калі яны выйшлі на бераг, ён працягнуў ёй руку, і яна раптам сказала яму:
— Ты… дарагі.
Андрэй скора заснуў на пяску, наўздалёк ад вогнішча, і прачнуўся таму, што добра прыпякло высакаватае сонца — у вачах кругі хадзілі, - і яшчэ таму, што на грудзі ўпала некалькі сцюдзёных кропель вады. Гэта Алёнка нахілілася над ім у мокрым блакітным купальніку.
— Уставай, глуптасю, напячэшся.
А ён сказаў ёй:
— Ты… каханая.
I пайшлі дні, поўныя толькі Алёнкай, сонцам, вершамі і вадой. У адзін з такіх дзён, праўдзівей, вечароў, Андрэй вельмі раззлаваўся на дзяўчыну: яна зусім без тармазоў скацілася на веласіпедзе са стромай Лешчыцкай гары, уз'язджаючы на якую дзядзькі падкладалі пад колы вазоў калодкі.
З Андрэя быў дрэнны яздок, але тут ён, забыўшыся, што сам неадменна разаб'ецца там, дзе гэтае малое чарцяня праскочыць без усякай шкоды, ляцеў за ёю і… не мог дагнаць. А яна, ластаўка, ляцела так, што валасы і сукенка аж пялёскаліся на вятры, і спявала нешта, і рагатала… рагатала.
Нарэшце яна, зусім ужо ўнізе, на пад'ёме, збочыла і звалілася ад смеху ў куст ядлоўцу ля дарогі. Устала, усё яшчэ смеючыся, і пабачыла яго страшны, збялелы ад гневу і жаху за яе, твар.
— Дурная, — сіпата крыкнуў ён і моўчкі таргануў веласіпед з яе рук.
Так яны і ішлі моўчкі — ён каціў два веласіпеды — да самага горада. А там, калі ён паставіў свой і яе веласіпед у сенцах хаты сябра, яна вінавата сказала:
— Ну прабач… Пойдзем зараз на Дняпро… Паходзім.
Ён усё яшчэ быў раззлаваны, калі яны прыцемкам выйшлі на адхон і паселі на траву ў бярозавым гаі.
— Дурная. Ты нават не ведаеш, што ты для мяне.
I прыцягнуў да сябе. Яна прыціхла. Сядзелі моўчкі.
— Вось, — сказаў ён пасля паўзы, — я за цябе ўвесь час так дрыжаць буду. Таму выходзь ты лепей за мяне замуж.
Яна хацела была, як заўсёды, пажартаваць, але адчула, як грозна і палка стукае яго сэрца. I таму, закрыўшы вочы, ціха сказала:
— Добра. Я не буду мучыць цябе. Добра, дарагі. Восенню, у верасні, калі хочаш.
…У жніўні, незадоўга да вяселля, яны з'ездзілі да бацькоў Алёнкі, у Мінск. Адтуль іх, разам з Алёнчыным бацькам, узяўся падкінуць дамоў палкоўнік, друг бацькі. Іван Століч сядзеў поруч з палкоўнікам, які кіраваў. Алёнка і Андрэй — на заднім сядзенні.
Неўзабаве іх чакаў вялізны тлум: вяселле ў хаце Андрэя, перазоў гасцей да цёткі, у якой часта гасцявала і жыла гэтае лета Алёнка, потым зноў дарога ў Мінск, зноў вяселле, зноў перазовы. Але Андрэя, хоць яму і хацелася быць толькі разам з Алёнкай, гэты тлум не палохаў, а захапляў. Гэта ўсё быў шлях да яе.
Якое шчасце сядзець поруч з ёю ў загсе, якое шчасце ехаць адтуль, якое шчасце, калі крычаць 'горка!'.
I якое шчасце, што зараз так бліскавічна ляціць насустрач дарога, так мільгаюць дрэвы, знікаючы з вачэй, так пругка б'е ў твар цёплы, напоены пахам чабору, палыну, верасоў і яшчэ чагосьці, ветрык!
Ох, гэты водар канца лета! Усё аддадзена, спакой, арабіны яшчэ не чырвоныя, а каралавыя, на палях спакой і мір, і першая павуцінка на вяршыні цяжарнай яблыні часам трапеча, як доўгі белы вымпел.
Машына была адкрытая, і таму валасы Алёнкі аж ляцелі па ветры. Поўніла ветрам рот, раздзьмухвала шчокі.
I Андрэй адчуваў, што любiць усё на свеце. Нават каменнi, якiя траплялiся часам наўсцяж дарогi i нагадвалi парсюкоў, што зарылiся ў траву, нават сухую, астрыжаную патылiцу старога ваякi, якi сядзеў за рулём.
Машына пайшла ўніз, мільганула таблічка з надпісам: 'Рака Бобр'.
Андрэй і раней ведаў гэта месца, бадай што, самае прыгожае на шашы Мінск — Масква. Але зараз ён з нейкім новым, цёплым замілаваннем аглядаў нешырокую рэчку, паплавец над ёю, стромыя берагі, сосны над адхонам і з правага боку каламутна-сінія занураныя шаты лясоў.
Іван Століч павярнуўся да іх:
— Ну як, дзеці? Хораша?
— Хораша, — адным уздыхам адказалі абое.
Іван адкінуўся на спінку сядзення, зажмурыў вочы, з насалодаю ўдыхаючы па-жнівеньску сыты, цёплы вецер.
— Мы сабе некалі пабудуем тут маленькую хату, — шапнула Алёна Андрэю, — са звычайных дошак. Каб летам заўжды быць удваіх.
Ён моўчкі хітнуў галавою на знак згоды.
Аўтамабіль рынуў угору і зноў вырваўся на дарогу, сціснутую з двух бакоў сценамі разамрэлага пад сонцам невысокага лесу. У адным месцы, справа, гэты лес падступаў да самай шашы. Сэрца імчала яму насустрач.
I тут Андрэй убачыў, як наперадзе — літаральна ў дваццаці кроках — выкаціўся на шашу, напярэймы іхняй машыне, вялізны зялёны грузавік. Андрэй толькі паспеў убачыць доўгі радыятар і доўгі кузаў.
'Газ, — недарэчна адзначыў мозг, і яшчэ: — Чорт, хоча праскочыць, ды яшчэ на такой хуткасці. П'яны, ці што?'
Гэта думка прамільгнула за нейкую долю секунды. Потым проста перад вачыма развярнуўся і ўздыбіўся бок зялёнай пачвары. Узвылі тармазы.
У наступны момант, пасля жахлівага, сакрушальнага ўдару, неба з трэскам разарвалася ў вачах Андрэя, і цемра запаланіла ўвесь свет. Ён не чуў, як штосьці выдрала яго з машыны і кінула цераз кювет проста галавою ў жвір.
Апрытомнеўшы, ён убачыў, што неба калышацца перад ім, бы ў спякотны дзень. З цяжкасцю прыўзняўся і пабачыў асколкі шкла на асфальце, змятыя ў гармонік радыятары дзвюх машын і зыркі дымны агонь, які абдымаў кабіну грузавіка і радыятар іхняй машыны.
Быў страшны боль у левым плячы — Андрэй ледзь не крычаў ад яго, — і ўсё ж ён кінуўся да машыны, перш за ўсё да грузавіка, таму што — мозг з дзівоснай яснасцю адмеціў гэта — ягоная кабіна ўся ў агні.
Таргануў дзверцы. Кулём вываліўся на рукі непрытомны шафёр. Андрэй аднёс яго за кювет.
— Зусім яшчэ хлапчыска, — білася ў галаве думка. — Перавысіў хуткасць пры выездзе на галоўную магістраль… Сабака сучы…
Шкляное паветра калыхалася над радыятарамі. Цягнучы праз борт сухое цела Івана Століча, Андрэй заўважыў, як праз ружовы туман, хлопчыка-веласіпедыста, які спыніўся наводдаль і глядзеў на катастрофу вачыма, поўнымі цікавасці і жаху.
— У вёску катай! — крыкнуў яму Андрэй.
— А дзядзечка, кроў! — нема залямантаваў той.
Андрэй і сам адчуваў, што па лобе плыве нешта цёплае, але пра гэта не было часу думаць.
— Гані за дапамогаю! — зароў ён.
Хлапчыска зразумеў — хутка пакаціў кудысь. Вецер надзімаў на яго спіне ружовую кашулю.
Божа, яшчэ толькі двое ляжаць за кюветам. Андрэй адчуваў, што ў яго падломваюцца ногі… Зараз трэба ўзяць нешта лёгкае… Алёну. Каб хоць трошкі адпачыць. Але ён адразу злавіў сябе на думцы, што гэта не таму, што Алёна лёгкая. I ён да таго ж убачыў, што полымя дабіраецца ўжо да рук палкоўніка, што застыгнулі на баранцы руля, да лысай галавы, якою той схіліўся на рукі.
Адцягнуўшы Алёнку на якіх пяць крокаў, - каб не так было небяспечна ў выпадку выбуху, — Андрэй
