я б сказала, мілагучнасцю ў кожным руху, гарманічнай гамай колераў… I ўсё гэта — «фумата», 'сфумата'… Што ж датычыцца беларускіх кампазітараў, то ў іх, якраз як у Глінкі, менавіта і не больш, чым два вуха. Падабенства гэта ўзрастае яшчэ больш, бо іхнія оперы і песні таксама магчыма слухаць… Я скончыла.

Яніс не вытрымаў і зарагатаў, трымаючыся за бакі.

— Ну і свіння ж ты, Андрэй.

— Гэта нiчога, — сказаў Андрэй, — нейкi недурны паляк сказаў год трыста таму, што чалавек — 'не найгорша сьвiня'. Лепей я замест таго, каб хадзiць на лекцыi, буду прыбаўляць па жменi ў скарбнiцу дыяментаў беларускага прыгожага пiсьменства.

Яніс раптам пасур'ёзнеў.

— I ўсё ж ты схадзі. Вось заўтра якраз… У дванаццаць гадзін.

— Добра, — без асаблівага энтузіязму сказаў Андрэй, — давай схаджу разок.

— Тады — марш спаць. Трэба адпачыць. I без таго дзве ночы амаль не спалі.

Р а з д з е л V

Бронзавы Пушкін пасівеў.

Мокры снег ляжаў на яго кучаравай галаве, на вянку жывых кветак ля п'едэстала, на галінах ліп. Ён быў вельмі чыстым, гэты апошні снег.

Андрэю не хацелася ісці на лекцыю. Ён затрымаўся ля помніка, ляніва перайшоў вуліцу, доўга купляў папяросы ў ларку.

Снег пырхаў паміж белымі дрэвамі бульвара, снег ператварыў у белыя карункі краты агароджы перад інстытутам.

Андрэй неахвотна прамінуў браму і адразу ўбачыў, што насустрач яму рухаецца худая фігурка Марыі Крат.

Яны былі ўдваіх у заснежанай алеі. Чырвоная, строга па таліі футра Марыі была абсыпана снегам. I зноў зусім чужымі здаліся Андрэю халаднаватыя блакітныя вочы і светлыя, з залацінкай, валасы.

— Дзень добры, — сказала яна, — ты, аднак, не спяшаешся. Ні на лекцыі, ні да мяне.

— О Пацімат, — жартам, на ўсходні манер, адказаў Грынкевіч, — і як ты можаш добра ставіцца да мяне, апаганшчыка грабніц і мячэцяў.

Марыя ўскінула носік.

— Я не жартую. Я нервавалася. Учора сядзела ў крэсле і ўяўляла сабе розную лухту. Што было?

— Справы, — Грынкевiч паспрабаваў абняць яе за плечы.

Яна адхіснулася:

— Я вельмі зайздрошчу твайму ўменню за справамі забываць тую, каго кахаеш.

— Я заходзiў, - сказаў Андрэй, — ты спала.

Твар Марыі стаў іранічны.

— Няўжо табе ўпершыню заходзіць да мяне, калі я сплю? На тое ў цябе і ключ. Месца на ложку хопіць.

— Мне не падабаецца, як ты гаворыш, — сказаў Андрэй. — Я ніколі не казаў табе, што я кахаю. Нам проста добра адно з адным. Мы не дзеці. Мы проста сябры.

— Аднак… я нешта забыла. Ці, можа, нехта другі ўмаўляў мяне стаць яму жонкай?

Андрэй з сумнай усмешкай глядзеў на яе:

— Я працаваў абедзве ночы, Марыя. Нельга заўжды быць разам.

— Гм… А ты спытаў, што я рабіла ў гэтыя ночы?

— Ну, ты ў мяне разумнiца. Я табе веру.

Марыя зрабіла іранічную міну:

— О, мой даверлівы друг! А я вось не такая даверлівая. У тваім пакоі было цёмна.

— То, пэўна, я сядзеў у Вайвадса.

— Ну як жа… у Ванвадса. Нягоднік твой Вайвадс. Збівае цябе з панталыку.

Грынкевіч упершыню выйшаў з сябе. Узяў Марыю за запясце і сціснуў руку:

— Ты не руш Яніса. Ён добры друг. Не руш яго, калі хочаш быць мне другам.

— Балюча, — сказала яна. — Ты што, забыў?

Андрэй адпусціў яе.

— Ты меў сустрэчу з кімсьці, з нейкай жанчынай. На цябе глядзяць усе жанчыны. Мне брыдка.

— Марыя, — умольна сказаў Андрэй, — ты не горш за мяне ведаеш, што я не свіння. Я. быў з табою. Толькі з табою. Сорам табе казаць такое. Я не кахаю, але я вельмі добра стаўлюся да цябе. I я не хацеў бы гэтым засмучаць цябе.

Жанчына прыкусіла губу:

— У мяне неўроз сэрца ад кахання. А ты… Божа мой. Я ўпершыню адчуваю сілу кахання і рэўнасці. Мне жыцця не хопіць для кахання. Я баюся, што цябе ў мяне адбяруць. Я ўсё аддала табе. Я да цябе стаўлюся вельмі сумленна.

Яна казала гэта, напэўна, амаль шчыра, але манера вымаўляць словы была вельмі тэатральнай. Бываюць людзі, у шчырасць якіх менавіта з-за гэтага нельга паверыць.

Грынкевіч узяў яе пад бараду і павярнуў да сябе.

— Ты толькі дарэмна мучыш сябе, Маша. Нічога такога няма. I не будзе. Табе проста падабалася спачатку, што я так смешна апраўдваюся. А цяпер ты прывыкла. Ты проста катуеш мяне гэтымі вечнымі падазрэннямі. Я цяпер нават думаю, што, калі я ажанюся, ты ператворыш маё жыццё ў пекла. А я хачу жыць. У жыцці і без кахання досыць многа добрага.

Яна раптам ударыла кулачком па камлі маладзенькай бярозкі. Воблачка снегу асыпалася з галін, укрыла ім плечы, іскрамі заззяла ў яе валасах.

Але яшчэ больш заззялі яе вочы:

— Ну вядома, цяпер яшчэ і гэта. Шукаеш прычыны, каб пазбавіцца ад мяне? О, вядома! Я гэта даўно заўважыла!

— Марыя, — пакутліва прамычаў Андрэй, — ну нашто ты так. Дарэмна ж гэта ўсё. Хто на мяне паглядзіць?

— Маўчы, — амаль вiскнула яна. — Хлусня ўсё.

Грынкевіч уздыхнуў.

— Як мне ўсё гэта абрыдла, — сказаў ён. — Ведаеш, яшчэ дзве такія сцэны, і я сапраўды завяду сабе другую. Каб хоць недарэмна падазравалі..

— Добра, — сказала яна, — я, здаецца, зраблю такі самы ўчынак.

Знерваваны да апошняга, Андрэй рэзка павярнуўся і накіраваўся прэч ад яе, да маленькага будынка курсаў, які стаяў у глыбіні двара, непадалёк ад ампірнага дома інстытута.

Завярнуўшы за рог будыніны, ён злосна плюнуў і ўпершыню падумаў, што, бадай, сапраўды думка аб шлюбе — лухта і што, калі Марыя будзе і далей катаваць яго рэўнасцю, — трэба канчаць.

З гэтай думкай ён таргануў дзверы, падняўся па сходах на другі паверх і на хвіліну спыніўся перад уваходам, адчуваючы, што спазніўся.

Верх вялізнага акна на пляцоўцы быў вітражны: нейкія дэкадэнцкія лілеі, сітнягі, яблыкі, качкі ў палёце. Каляровыя плямы святла ляжалі на фігуры Андрэя.

Бадай, не варта было заходзіць. Але ў скверыку перад інстытутам была Марыя, а бачыць яе зараз было горш за смерць.

I ён ірвануў дзверы.

У вялікім пакоі для адпачынку стаяў пах тытунёвага дыму. Прыбіральшчыца выкідвала з попельніц недакуркі ў вядро.

Грынкевіч павесіў паліто на вешалку і толькі пачаў прычэсвацца, як з канцылярыі выглянула Галіна Іванаўна, завуч. З камічным непакоем пляснула далонямі:

— Андрэйка, ты што ж гэта сабе думаеш? Лекцыя пяць хвілін як пачалася. Якая нядобрасумленнасць.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату