кінуўся да палкоўніка, таргануў дзверцу — яе заклінавала, — выбіў яе, літаральна асатанеўшы ад раптоўнага вострага болю ў плячы, пацягнуў чалавека на сябе.

Палкоўніку спляскала рулём грудзі. Андрэй цягнуў яго, адціскаючы ўбок баранку, бачачы, што ўсяго ў якіх дзесяці сантыметрах ад вачэй бруднымі рагамі плыве ў кабіну расплаўленая фарба. Стогнучы ад напругі, адчуваючы, што валасы, бровы і веі трашчаць ад жару, ён цягнуў і цягнуў.

I нарэшце выдраў чалавека з жалезных абдымкаў.

Ён цягнуў яго з апошніх сіл і з жахам бачыў, што ў палкоўніка пачала выступаць на губах ружовая пена. Але ён не мог яму дапамагчы: не ведаў чым, ды і Алёнка ляжала зусім блізка ад машыны, перад якое палаў, як паходня.

Хістаючыся, як п'яны, Андрэй на карачках пералез кювет, з цяжкасцю выпрастаўся.

Алёнка ляжала бледная і зусім нерухомая. Толькі грудзі — ці, можа, гэта здалося яму? — ледзь уздымаліся. I Андрэй з нечаканай лёгкасцю ўзняў на рукі яе абвіслае цельца.

Штохвілінна дзьмухаючы ёй у закрытыя вочы, — а можа, будзе лягчэй, — ён пайшоў да кювета, стараючыся не хістацца. Дзве-тры кроплі крыві ўпалі з яго галавы ёй на грудзі.

— Дзякуй божа, — цьмяна падумаў ён, — гэта мая кроў. У яе нідзе не відаць крыві.

Калі ён пералазіў кювет, ззаду грымнула. Нехта як быццам падштурхнуў Грынкевіча ў спіну, і ён упаў на Алёну, у апошні момант перакруціўшыся на спіну, як маці, калі яна падае ў галалёд з дзіцёнкам на руках.

Прытомнасць з'яўлялася і зноў знікала — хвалямі, то крывавымі, то чорнымі. I ўсё ж Андрэй дацягнуў дзяўчыну і паклаў яе трохі наводдаль ад трох нерухомых. Пачакаўшы хвіліну, пакуль праяснела ў галаве, ён пачаў думаць, як дапамагчы ўсім.

Іван Століч Ляжаў з заплюшчанымі вачыма і ціха стагнаў. Дзіўна, ён жа сядзеў на месцы, якое шафёры завуць «смяротным». Шафёр і палкоўнік ляжалі нерухома, але Андрэй чамусьці не непакоіўся — надта ўжо спакойна яны ляжалі.

Затое супакой Алёны здаўся яму падазроным. Амаль адразу.

Ён апусціўся каля яе на калені.

— Занадта спакойная… Нязручна павернутая галава… Кроў на грудзях — гэта мая кроў.

Але ўсё ж ён увесь міжвольна халадзеў, пачынаючы аднекуль з пальцаў, ад страшнай здагадкі, якая ўсё больш авалодвала ім. А потым ён узяў галаву Алёнкі ў далоні, павярнуў і пабачыў на скроні, на левай скроні, невялічкую ранку.

Тады здагадка стала ўсемагутнай, запаланіла ўвесь свет.

Андрэй закрычаў.

А потым ён ужо не чуў, як зусім поруч жахлівым, стальным голасам ўзвыў гудок машыны 'хуткай дапамогі'.

Шафёр і палкоўнік сканалі ў бальніцы — адзін праз дзве, другі праз чатыры гадзіны. Століч абышоўся лёгкім зрушэннем мазгоў. У Андрэя была рассечана скура на галаве і выбіта ў плячы рука.

Дзіўна, але Андрэй, апрытомнеўшы ад таго, што здарылася, стаў мала падобны сам на сябе. Людзі пачалі заўважаць, што ён амаль не мяняецца вонкава. У дваццаць год яму давалі дваццаць чатыры, у дваццаць восем — усё тыя самыя дваццаць чатыры. Ён як быццам застыў у сваім шчасці і горы.

З чужога погляду ён жыў гэтыя дзесяць год звычайным жыццём звычайнага чалавека. Вучыўся, скончыў універсітэт, працаваў, пісаў вершы, дабіўся некаторых поспехаў — і толькі знаёмыя, блізкія сябры маглі бачыць, што вочы яго часам робяцца пустыя, і ўсё расце і расце ў іх тая пустэча і незадаволенасць сабой.

Мучыў успамін. Як тады, у той пусты верасень, ён, Андрэй, сеў на замшэлы валун і раптам падумаў, што дрозд, які вось тут, перад вачыма, у захапленні цалуе чырвоны куст каліны, значна шчаслівейшы за яго, чалавека.

Былі і дзяўчаты. Многім падабаўся ён, некаторыя падабаліся яму, — а дрозд на каліне быў усё ж шчаслівейшы, хоць не ведаў ні працы, ні думак, ні пазнання.

I што дзяўчаты? Была на зямлі адна. Адспявала сваю каратусенькую, бы ў ластаўкі, песню, вырвалася ў неба, як залатая мушка з лілеі, і адляцела кудысь у зеніт, куды яму, бяскрыламу цяпер, няма дарогі.

Р а з д з е л IV

Рэзкі гук даляцеў аднекуль з цемры праз расчыненую фортачку: недзе далёка загрукатаў, вырваўся з начнога завулка, запознены трамвай.

Грынкевіч здрыгануўся ад нечаканасці і, глыбока ўздыхнуўшы, пацягнуўся замлелай спіной. Адклаўшы ручку, паглядзеў у акно.

Масква засынала. Згасалі бліскаўкі начных агнёў, радзейшым і больш гучным стаў шолах тралейбусаў пад вокнамі. I, як заўсёды ўначы, стала сумна і захацелася кудысьці ехаць, каб крычаў цягнік і пасмы пары засноўвалі мільгаценне зор.

Гудзіць ад стомы цела. З учарашняй ночы ані хвіліны спакою.

Спачатку вестка аб нараджэнні сына ў Вайвадса, потым доўгі расказ аб тым, што адбылося дзесяць год таму, потым, раніцай, гадзіна адпачынку ў крэсле. А ўдзень дыскусія аб паэзіі, на якой ён, Андрэй, зрэзаўся амаль з усімі галоўнымі спрачальнікамі. Нават з Янісам трошкі.

А потым, украй знерваваны, хоць, як заўжды, вонкава спакойны, ён прыйшоў да сябе, сеў і восем гадзін не ўставаў з месца, імкнучыся самой сутнасцю, самой формай верша давесці супраціўнікам, што праўда ўсё ж на яго баку.

I вось зноў дрэнна. Чаму? Ён жа ўсім жыццём упэўнены, што ён мае рацыю. Можа, таму не атрымалася, што вершамі нельга даводзіць, што вершы заўсёды ад гарэння, ад сэрца, ад таго, чаму ніхто і ніколі не дасць наймення. Або, можа, таму, што ён бяскрылы паэт? Сапраўды, вось ужо два гады ён піша горш. Два гады, якраз з таго часу, калі пачаў радзей успамінаць аб Алёнцы.

Не, не таму ён горш піша. Проста раней яго вершы былі бясхмарнымі, - як басанож па траве прайсціся, — патыхалі нейкай чыстай яснасцю і халаднаватасцю. А гэта смерць для паэта.

I ён зразумеў гэта, і зараз стаіць на ростанях, не ведаючы, што і як пісаць. Сапраўды, 'што'? «як»? Нясцерпна. I разумееш, што горшай бяздарнасці за цябе няма на свеце.

Што? Як? Ат, усё адно сёння не дадумаешся. Яніс, пэўна, таксама не спіць, трэба пастукаць.

Андрэй працягнуў руку і злёгку стукнуў пальцамі ў сценку. Праз імгненне адтуль даляцелі два лёгкія ўдары ў адказ — знак, што Яніс вольны. I тады яшчэ чатыры ўдары «та-та-та-там» — першыя такты пятай сімфоніі Бетховена, пазыўныя Андрэя. Прастукаўшы іх, Грынкевіч выйшаў на калідор і адчыніў Янісавы дзверы.

Пакой Вайвадса тануў у сутонні: гарэла толькі настольная лямпа. Яніс сядзеў у крэсле натапыраны, глянуў спадылба на Андрэя сярдзіта і весела.

— Заходзь, чорт, — сказаў ён. — Прыйшоў каяцца?

— Біць цябе прыйшоў.

— Добра. Сядай, пі каву. Якраз толькі заварыў.

I амаль з жаночай пяшчотай зліў Андрэю самую лепшую частку, 'вяршок, з каймаком'.

Абодва не спяшаліся, прыхлёбваючы гарачую рудую вадкасць.

— Што ж, — сказаў нарэшце Вайвадс, — я да цябе пасля ўчарашняга стаўлюся асцярожна, як да хворага. Таму паспрабуем лагічна, амаль па-нямецку аднавіць ход дыскусіі, у якой ты плявузгаў розныя глупствы.

— Асцярожнае стаўленне.

— Не вяжыся да слоў. Я буду казаць за нашага паважанага Паўла Пятровіча Пружыніна, якога я, зрэшты, не люблю больш, як ты, але… лічу, што ён мае рацыю. Справа ідзе пра самае існаванне паэзіі, ты згодзен?

— Так. Бязглуздая спрэчка паміж 'фізікамі' і 'лірыкамі' гэта давяла.

— Дык вось, яго асноўныя тэзы… Яшчэ ў 20-х гадах адзін вядомы паэт сцвярджаў, што галоўныя

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату