— Я веру… Толькі ведай — калі ты забудзеш — здарыцца непапраўнае. I ты ведай толькі адно… Гадзіна маёй смерці скрытая ад мяне, і таму я не ведаю, ці доўга буду цябе кахаць.

Цалаваў яе вочы.

— I перад гэтым, калі ты пакінеш мяне, — ведай — адчай усё адно застанецца. Нават старым падумаю, як пятроўскі стольнік калісь, што вось была Венецыя, і маладосць, і быў я там 'инаморато в славную хорошеством читадинку, синьору Франческа Рота, и тако был инаморато, что доселе тот амор из сердца мово не вышел и, чаю, не выдет'.

Уся дрыжучы, яна прынікала да яго, а ён сурова і горка казаў ёй:

— Дні праходзяць, Ірына. Праходзяць дні.

Р а з д з е л XXVII

Гэта адбылося праз тры дні пасля вяртання з Ленінграда. Андрэя чакаў у Маскве рэжысёр, што пачаў рабіць фільм па яго сцэнарыю. Рэжысёр прывёз ліст ад сябра, што з домам усё гатова, і ліст ад дырэктара студыі. Прасілі яшчэ адзін сцэнарый.

Пасля размовы з дзвюма актрысамі, якія меліся браць кінапробы на галоўную ролю, Андрэй папрасіў рэжысёра пачакаць і пазваніў Ірыне, каб расказаць ёй аб усім тым добрым, што здарылася.

— Андруша, — сказала яна ўзрадаваным ціхім галаском. — Вось добра… Кажаш, рэжысёр?.. Не, з ім не трэба прыходзіць… I самому, напэўна, не трэба сёння… Пачуваю так сабе… Не, не прыходзь…

Уздыхнула:

— Не магу больш, Андруша… Прыходзь заўтра ў сквер ля інстытута… Вырашым усё да канца… Не пакутуй, спі спакойна ноч… спі, добры мой.

Гэты пяшчотны, безабаронны голас усё яшчэ спяваў у яго вушах, калі ён падыходзіў да дома паэтаў.

А ўвечары адбылася цяжкая гісторыя.

Вечар стаяў спякотны, і таму Андрэй у адных трусах і майцы ляжаў на кіліме, на падлозе, і чытаў 'Боскую камедыю' Дантэ, калі да яго ў пакой уварваўся Яніс.

— Адаліска ў гарэме, — сказаў Яніс,

- Ідзі да д'ябла.

— I чытае, напэўна, казкі Маргарыты Наварскай. Гісторыю аб тым, як у швейцарца была занадта гарачая жонка.

— Ёлуп, — сказаў Андрэй. — Гэта не ў Маргарыты, гэта ў Дзюпер'е. Гэта ўсё адно што зблытаць Апалона з Панам, каб цябе чэрці ў пекле з грэшнікамі блыталі, каб цябе…

— Д'ябал з iмi, — сказаў Янiс. — Што Апалон, што Пан — адна мiнералогiя.

Сеў у крэсла.

— Выгляд у цябе сёння не вельмі разумны. Што ты там знайшоў у Дантэ вясёлага, амаральны ты чалавек?

— Янка, — сказаў Андрэй, — заўтра ўсё вырашыцца. Па тону мяркую, што ў добры бок.

— Ну! — сказаў Яніс і сеў на падлогу, абхапіўшы рукамі калені.

Запанавала маўчанне.

— Я шчаслівейшы за цябе, — сказаў урэшце Яніс. — Шчаслівейшы, нягледзячы нават на тое, што яна жорстка мяне абразіла, ледзь не пасварыла з табою.

— Ведаю, — проста сказаў Андрэй.

— Ну-к што, — уздыхнуў Яніс. — Тады табе, вядома, не да гулянкі. А нас Харунжы запрасіў. Ачуняў ад хваробы. Было ў яго 'воспаленне всегда лншнего нерва'. Відаць, пайду адзін.

— Чаму? — весела ўзняўся Андрэй. — Возьмем і мы сапераві белага або цынандалі, пойдзем да іх. Ніхто не будзе ведаць, а для нас нешта накштдлт хлапечніка.

…Сабраліся ў пакоі Харунжага. Акрамя гаспадара і нашых хлопцаў быў гультаяваты Баранаўскас з нейкім земляком літоўцам ды яшчэ Стаўроў з маленькім Ліпскім. Прыцёгліся 'на агеньчык'. Непрыемна, вядома, але д'ябал з імі.

Суцянела. Над дахамі далёкіх дамоў пералівалася ледзяным крышталём чыстая зорка. Праз адчыненае акно было чуваць, як недзе далёка, у кветніку аднаго з дамкоў, на якія адусюль наступалі новыя дамы і краны, жаночае сапрана і дзіцячы альт, з перадыхамі, вельмі па-вясковаму, вялі песню пра тое, што 'он не чувствует любовн ннкакой'. Матыў гучаў старадаўняй рускай тугой.

— Знайшла, дурышча, рэпертуар для дуэта з хлопчыкамі, - з какетлівым сарказмам сказаў Ліпскі. — А потым той вырасце ды і дзёўбне гэтага 'дорогого родителя' ў цемечка за тое, што той ягонай 'любови не чувствует'.

— Кінь, — сказаў Харунжы. — Яны простыя, яны разумеюць. Лепей няхай дзеці даведаюцца аб пакутах кахання па гэтай песні, чым па словах у пад'ездзе, як шмат хто з інтэлігенцкіх дзяцей.

Стаўроў, відаць, вьшіў недзе раней. Непрыстойна прыгожы твар яго з пашыранымі ад віна і цемры зрэнкамі перакрывіўся так, што гэта было прыкметна нават у прысмерку:

— А каханне што, не ў пад'ездзе?

— Кінь, — сказаў Харунжы, — лухту кажаш. П'яны ты.

Стаўроў не сунімаўся:

— Пад'езды і платы праўду кажуць, брат, Я такія словы на адным з ленінградскіх платоў чытаў — вось толькі пяць дзён таму, — што там твой Эклезіяст?! Разумееш, на вышыні дзіцячага росту крэйдай начыркана: 'Усе будуць мерцвякі!' Во! I пра любоў праўду пішуць, чаму гэта да адной гэткая перавага? Што ў яе — усё іначай уладкавана? Аднолькава, брат, ва ўсіх. Ведаеш адну — усіх ведаеш.

— Стаўроў, - ціха сказаў Андрэй, — ты гаворыш брыдоту.

— На брыдоту — кнігі патэнт узялі. А я чалавек просты.

Ліпскі засмяяўся гуллівым тэнарком.

— Мярзоту кажаш, — сказаў Андрэй.

— Хопіць, хлопцы, — сказаў Яніс.

— Ды хлопцы, хлопцы, — пачаў умаўляць Харунжы. — Што вы завяліся? Можа, вы яшчэ і мяне наб'яце? Пілі ў Філі ды Філю і набілі.

— Прыйшлі ў маю хатку, ды б'юць майго татку, — па-беларуску дадаў Баранаўскас.

Ліпскі і тут засмяяўся, але значна менш лісліва.

— Вып'ем лепей яшчэ, — сказаў Харунжы. — Ну, хто па цынандалі?

Выпала ісці Янісу. Ішоў ён неахвотна, доўга ўмаўляў Андрэя збегаць за кампанію. Андрэй адмовіўся.

А Стаўроў, ледзь за Янісам зачыніліся дзверы, завёўся зноў:

— Каханне, соплі лірычныя распусцілі. У нас, брат, атамны век. Людзям няма часу ні на чытанне доўгіх кніг, ні на шпацыр пад ліпамі. У вашага цнатлівага кахання белая сукня. А час не той. Вакол не ліпы. Вакол машыны і мазут.

— I праўда, — падхапіў Ліпскі, легкаважна ўзрадаваны тым, што відавочна наспявае скандал, а яго патрон такі пераканальны і так вобразна гаворыць. Тварык ягоны, лялечна-маленькі, бліскаў вочкамі ў прыцемку.

— Пакінь, — нарэшце сказаў Андрэй, — слухаць ванітуе, такой дрэнню панесла.

— А ты — іншы? — спытаў Стаўроў. — Ты з Марыйкай Крат што, на зоры глядзеў?

— Глядзеў і на зоры, — нечакана сур'ёзна сказаў Баранаўскас.

— Ды я ж не асуджаю, — з вонкавай памяркоўнасцю, дабрадушна сказаў Стаўроў. — Сёння ён, заўтра — іншы. Жывыя людзі.

— Быдла ты, — сказаў Баранаўскас.

— Чакай, — сказаў яму Андрэй, — не абараняй мяне… Я ведаю, Стаўроў, ты маеш права кінуць камень у мой агарод за мінулае. Не чапаючы Марыі, я скажу: я сапраўды апусціўся ў той час. Гэта было з-за абыякавасці да жыцця. I мне вельмі брыдка за сябе…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату