Стаўшы на ногі, ён ціха падышоў да акна.
— Хочаш, я скажу хлопцам, што схлусіў? — гледзячы ў цемру, спытаў ён.
— Калі спатрэбіцца — скажаш.
…Пакой Стаўрова быў за павароткаю калідора. Андрэй пастукаў у дзверы. Магчыма, занадта гучна.
— Галавой, — сказаў раздражнёны голас.
Андрэй адчыніў дзверы. Стаўроў сядзеў на ложку ў трусах і ў майцы. Грудзі, зарослыя валасамі, былі шырокія, хаця і занадта атлусцелыя, але затое ногі, рэльефна ўкрытыя дробнымі і буйнымі мускуламі, былі застрашліва-дасканалыя.
'Калі пачне брыкацца, будзе дрэнна', — падумаў Андрэй.
Так, было ў гэтым чалавеку нешта ад звера, нягледзячы на акуляры, нягледзячы на непрыстойна прыгожае аблічча. I горш за ўсё было тое, што Андрэй аддаваў яму належнае: гэты мог мець поспех у жанчын. Гэта было дрэнна. Не таму, што Андрэй баяўся за Ірыну. Ён проста ведаў: калі хлусіць такі чалавек — яму могуць паверыць. Нават многія. Як многія вераць у яго вытанчанасць, бо вытанчаны да рафініраванага снабізму ягоны пакой.
Пакой, сапраўды, не адпавядаў паху дзікага звера, які ў ім стаяў. Забавак больш, чым у дзяўчыны. I рапіра над тахтой, зробленай з той самай сеткі, што ў другіх ляжыць на ложку.
Кола для 'хула-хуп'а' (круціць кожная чарговая 'дзяўчынка'), рэпрадукцыя 'Гернікі', левая частка якой завешана, бо 'там Пікаса парушыў унутраную дынамічнасць'.
I на стале заўсёды назнарок раскрытая кніга. Месяц таму гэта былі «Метамарфозы» на лацінскай мове, вядома ж з малюнкамі. Андрэй тады паспрабаваў быў пагаварыць з гаспадаром кнігі на мове Авідзія і са здзіўленнем пераканаўся, што той цвёрда завучыў толькі два лацінскіх словы, ды і тыя — «прымус» і 'аўтобус'.
Андрэй не злаваўся б нi за кола, нi за Авiдзiя, каб гаспадар сумленна развiваў першым брушны прэс, а другiм — эстэтычную цягу да жанчын. Але ён на свае вушы чуў, як гэты чалавек аднойчы казаў аб 'рускiм кiтаiзме', а на другi дзень распiнаўся ў любовi да радзiмы, ледзь не абараняючы баганоснасць яе людзей.
Увесь у выкрунтасах, а кнігі піша звычайныя: пра пабудову круглых цялятнікаў і іх перавагу над цялятнікамі трохкутнымі.
— Што трэба? — спытаў Стаўроў.
— Вазьмі назад сваю плётку, — сказаў Андрэй.
— А што, можа, будзеш біцца?
— Не пэцкай iмя жанчыны. Гэта занадта лёгка.
Стаўроў не слухаў.
— Чаго ж ты тады пры ўсіх мяне не біў?
— Маглі разбараніць, — проста сказаў Андрэй. — Дык бярэш назад свае словы?
— З'ясі ты, ведаеш чаго.
— Ты хлус, Стаўроў, - сказаў Андрэй. — Ты манюка, што ваюе з жанчынамі.
Стаўроў ужо стаяў перад Андрэем:
— Зараз ты возьмеш назад свае словы. Таму, што я казаў праўду пра гэтую…
Андрэй не даў яму скончыць. Гучны ляпас аддаўся ў пакоі.
— Я цябе знішчыць хачу, сволач, — у Андрэя дрыжалі ноздры. — Такія, як ты, усё гадзяць: каханне, зямлю, праўду. Усіх вас знішчаць трэба… Бяры назад словы, дрэнь гнілая…
Гаспадар, відаць, з цяжкасцю ўсведаміў тое, што яму далі поўху. Але ўсведаміў. Праз хвіліну Андрэй адляцеў і ўдарыўся спіною аб шкляную горку з керамікай. Зазвінела разбітае шкло.
У наступны момант Стаўроў мядзведзем насунуўся на Андрэя, і Грынкевіч літаральна знік пад ягонымі ўдарамі. Ён не лічыў, што шрамы і сінякі — украса ваякі, і таму імкнуўся толькі прыкрыць твар. Немагчыма было заўтра ісці да яе з абліччам, збітым, як горкі яблык.
Тройчы яшчэ адлятаў Андрэй, але злосць не ўтаймоўвалася, але нянавісць не пераходзіла — і не магла перайсці — у баязлівасць. Ён быў спакойны. Ён толькі чакаў. Ён ведаў, што ён слабейшы, і ведаў, што ён павінен правучыць гэтага звышчалавека з яго Авідзіем.
Стаўроў шалеў. Малаціў, як па гумавай грушы, адчуваючы сябе ў ярасці гаспадаром становішча. Гаспадар становішча не заўважаў, што разбіў суглобы сваіх пальцаў. Ён малаціў.
I тут у пакой нечакана ўварваўся Яніс. З рыкам ён кінуўся быў на дапамогу.
— Назад! — крыкнуў яму Андрэй. — Не лезь, іначай і табе перападзе.
Вочы яго былі такія гнеўныя, што Яніс адступіў; дрыжучы ад ярасці, стаў глядзець. Некаторы час у пакоі чулася толькі хрубасценне шкла, хрыплае дыханне Стаўрова ды гукі ўдараў: частыя — у гаспадара, рэдкія — у Андрэя.
Яніс не заўважаў, што Андрэй гэтымі рэдкімі ўдарамі паспеў ужо разбіць Стаўрову броў, што левае вока Стаўрова ледзь глядзіць праз шчыліну сіняка, што ў яго дрэнна рухаецца ад удару ў мускул пляча левая рука. Яніс не заўважаў, што твар Андрэя чысты.
— Ды ён заб'е цябе.
— Не руш, — дыханне Андрэя было глыбокім і спакойным. — Гэтага я сам.
Зноў удары і храбусценне. I раптам, якраз у тое імгненне, калі Стаўроў занёс кулак над галавою Грынкевіча, напаўсагнутая рука Андрэя слізнула ўгору. Яніс пачуў глухі ўдар. У наступны момант Стаўроў усім целам бразнуўся на падлогу.
Гэта не быў накаўт. Раз за разам, чатыры разы ўзнімаўся «звышчалавек», але ўдар кожны раз — ён не паспяваў нават стаць на калені — валіў яго на падлогу. Урэшце ён прымірыўся з ляжачым становішчам. Толькі вочы глядзелі востра, бы ў тхара.
— Бярэш назад словы? — спытаў Андрэй.
Стаўроў маўчаў.
— Ды што ён зрабіў, нарэшце? — спытаў Яніс.
— Зачапіў Яе, — сказаў Андрэй.
— Яе? — Яніс рушыў на гаспадара. — Чакай, Андрэйка, я яму яшчэ падкіну.
— Не пэцкай рук аб дзярмо. Адыдзі… А ты прасі прабачэння…
— Чакай, — з пагрозай сказаў ляжачы.
I тады Андрэй выбухнуў:
— Ты бруд… Ты — слабенькую… Ты — слабых… Вазьмі назад брахню, іначай я яе з языком тваім смярдзючым, г….м у глотку ўваб'ю.
— Чакай, — сказаў Яніс. — Я яго падыму, каб тваё сумленне спакойным было.
Андрэй сам узняў Стаўрова за грудзі і шпурнуў на руіны горкі. Дзіка забразгатала шкло.
— Д-добра, — сказаў Стаўроў. — Прашу прабачэння.
Толькі тут стала ясна, як ён здаў, як трэсліся ягоныя рукі.
— Кажы, зманіў?
— Зманіў. Але нічога, я ўсім вам… вясёлае жыццё… А табе, Яніс, асабліва будзе. На бюро прыйду…
— Прыходзь, — сказаў Яніс. — Мы табе тады ўсім складам бюро натаўчом карак. У нас там людзі сур'ёзныя, жартаваць не любяць. У трох разрады па боксу.
— А… бабе тваёй…
— Змоўч, — збялеў Андрэй.
Невядома, адкуль узяліся сілы, але ён адарваў Стаўрова ад падлогі збялелымі на касцяшках кулакамі і пусціў на дзверы шафы.
— Мы пойдзем, — сказаў Андрэй. — Але калі ты хоць слова — мы зноў прыйдзем. Калі зноў плётка, калі пра яе — тут будзем біць удвух.
…У пакоі Андрэя Яніс, сцягнуўшы з гаспадара падзёртую сарочку, разглядаў разнастайныя па якасці і колеру сінякі.
— М-да. Рыцарства! Шкада, што ў мяне бальзаму няма, — бурчаў ён. — Гэта нават горш, як мяне на вакзале жандары білі. Там што? Там я ціхутка лёг ды і гляджу, як яны мяне прасуюць. Надта ўжо цікавы працэс. А тут… тут, брат, проста чорт ведае што такое…