— Торын Дубатарч, да вашых паслуг! Доры, да вашых паслуг! — сказалі абодва гномы, кланяючыся зноў.
— Не патрэбныя мне вашыя паслугі, дзякуй вялікі, — сказаў Беарн, — але, я падазраю, вам патрэбныя мае. Не тое, каб мне падабаліся гномы, аднак, калі праўда, што вы той самы Торын (сын Трэйна сына Трора, калі не памыляюся), вашыя спадарожнікі паважаныя і добрасумленныя, і калі вы — ворагі гоблінаў і аніякага злачынства не збіраецеся ўчыніць на маёй зямлі… а нарэшце, што вы збіраецеся рабіць?
— Яны падарожнічаюць да земляў сваіх бацькоў, на ўсход ад Ліхалесся, — растлумачыў за гномаў Гэндальф, — і на вашай зямлі цалкам выпадкова. Мы ішлі цераз Высокі Перавал, які павінен быў вывесці нас на дарогу на поўдзень ад вашай зямлі, але на нас напалі злыя гобліны — пра што я і збіраўся вам распавядаць.
— Ну то распавядай! — сказаў Беарн, які ніколі асаблівай ветлівасцю не вызначаўся.
— Навальніца была жудасная, каменныя веліканы кідаліся аскепкамі скалаў, і нам давялося схавацца ў пячоры каля вяршыні перавалу — мне, хобіту і некалькім нашым спадарожнікам…
— Двое — гэта ў вас некалькі?
— Дык, не. Па праўдзе кажучы, нас было трошкі больш.
— Дзе ж яны? Забітыя, з'едзеныя? Ці яны збочылі да хаты?
— Дык, не. Чамусыді не ўсе падышлі, калі я свіснуў. Саромяцца, напэўна. Бачыце, мы надта баімся вас паклапаціць звыш мяжы, з'явіўшыся ўсім кагалам.
— Ну дык свішчы зноў. Здаецца мне, у мяне сёння нечаканая вечарынка, так што адзін ці другі яшчэ — клопат невялікі, — прабурчэў Беарн.
Гэндальф свіснуў, але і скончыць не паспеў, як Норы з Оры паказаліся з-за рага. Калі памятаеце, Гэндальф наказаў ім падыходзіць праз кожныя пяць хвілін.
— Здорава! — ухваліў Беарн. — Хутка вы. Дзе ж вы хаваліся? Ну, хто ж вы, мае выпрыгунчыкі?
— Норы да вашых паслуг, Оры да… — пачалі яны, але Беарн перабіў Іх.
— Дзякуй! Калі мне будуць патрэбныя вашыя паслугі, я пра іх запытаю. Сядайце, я жадаю пачуць ваша апавяданне перад тым, як надыдзе час вячэры.
— Як толькі мы ляглі спаць, — распавядаў Гэндальф далей, — у задняй сцяне пячоры адчыніліся дзверы, адтуль павыскаквалі гобліны, схапілі хобіта з гномамі ды караван нашых поні…
— Караван? Вы што — вандроўны цырк? Ці везлі з сабой цэлы караван дабра? Ці ў вас шэсць — гэта караван?
— Не, не! Факгычна, нам патрабавалася болей за шэсць поні таму, што нас было крыху больш за шасцёра — а, вось і яшчэ двое!
У гэты самы момант з-за рага паказаліся Балін і Двалін і пакланіліся так нізка, што бародамі аж да каменнай падлогі дакрануліся. Вялізны чалавек спачатку насупіўся, але яны ледзь са скуры не павылузваліся, намагаючыся быць ветлівымі: і кланяліся, і каленкі падгіналі, і капелюшамі матлялі перад каленкамі (як у гномаў і прынята, чын чынам), пакуль ён не скончыў хмурыцца і пырснуў ад смеху. Надта ўжо камічна яны выглядалі.
— Караван, сапраўды, — сказаў Беарн. — I такі смешны. Заходзьце, веселуны, і як жа вас клічуць? Паслугі мне вашыя не патрэбныя, толькі прозвішчы, а потым сядайце — хопіць ужо матляцца!
— Балін і Двалін, — сказалі гномы, не адважыўшыся супярэчыць і крыўдзіцца, і плюхнуліся на падлогу, выглядаючы крыху здзіўленымі.
— Ну, што далей? — запытаў Беарн у чараўніка.
— Дзе гэта я?… А-а, дык вось — мяне не схапілі. Я забіў гобліна ці двух бліскавіцай…
— Добра! — рыкнуў Беарн. — I чараўнікі на нешта вартыя.
— … I праслізнуў у дзверы перад тым, як яны зачыніліся. Я прайшоў за імі ў галоўную залю, бітком набітую гоблінамі. Там быў і Вярхоўны Гоблін, а з ім трыццаць ці сорак узброеных ахоўнікаў. I я падумаў: «Нават калі б гномы не былі скаваныя, што можа зрабіць тузін супраць такой прорвы?»
— Тузін! Першы раз у жыцці чую, каб восем звалі тузінам. Ці ў цябе ёсць яшчэ выпрыгунчыкі недзе ў скрыні?
— Ну, так, здаецца, яшчэ ёсць парачка — Філі і Кілі, калі не памыляюся, — сказаў Гэндальф, якраз калі тыя выйшлі з-за рага і сталі, усміхаючыся ды кланяючыся.
— Дастаткова! — сказаў Беарн. — Сядайце, і давайце слухаць далей!
I Гэндальф распавядаў далей, пакуль не дайшоў да бойкі ў цемры, да таго, як знайшлі ніжнюю браму і як з жудасцю даведаліся, што страцілі хобіта.
— Палічылі сябе і высветлілі, што спадара Торбінса няма. Нас толькі чатырнаццаць!
— Чатырнаццаць? Першы раз чую, што дзесяць мінус адзін — чатырнаццаць. Значыць, вас засталося дзевяць, ці ты прад-ставіў не ўсіх са сваёй кампаніі.
— Ну так, зразумела, вы яшчэ не бачылі Ойна з Глойнам. А, на здароўе, вось і яны! Спадзяюся, вы ім даруеце, што яны вас патурбавалі.
— Ды няхай усе сюды ідуць! Хутчэй! Вы, двое, сядайце тут! Аднак зірні ж сам, Гэндальф, нават цяпер толькі дзесяць гномаў, ты й хобіт, які згубіўся. Гэта будзе адзінаццаць (без хобіта), а не чатырнаццаць, — вядома, калі чараўнікі лічаць як і ўсе астатнія. Але ж, калі ласка, працягвай далей.
Па Беарну амаль нічога заўважыць было немагчыма, але ён вельмі зацікавіўся. Справа ў тым, што менавіта тую частку гор, якую апісваў Гэндальф, ён некалі ведаў дакладна. Ён ківаў галавою і бурчэў пра сябе, калі пачуў пра з'яўленне хобіта, пра мітусню на апоўзні і пра ваўчынае зборышча. Калі справа дайшла да караскання на дрэвы і ваўкоў, што былі пад нагамі, ён узняўся і захадзіў туды-сюды, мармычучы: «Калі б мне толькі там быць! Я б іх павесяліў лепш за феерверк!»
— Ну, — сказаў Гэндальф, вельмі задаволены поспехам апавядання, — я намагаўся, як здолеў. Вось сядзім мы, пад намі ваўкі шалеюць, і лес навокал пачаў палаць. Тут з гор спусціліся гобліны і знайшлі нас. Яны аж завішчэлі ад радасці і прыняліся спяваць кплівыя песенькі: «Птушак пятнаццаць на дрэвах сядзелі…»
— Зямля і нябёсы! — рыкнуў Беарн. — Толькі не кажы мне, што гобліны не здольныя лічыць- Здольныя. Дванаццаць — не пятнадцаць, і яны гэта ведалі.
— I я таксама. Тут яшчэ Біфур і Бафур. Я не адважваўся прадставіць іх вам, але ж вось яны.
З'явіліся Бафур з Біфурам. «I я!» — дадаў Бамбур, які быў самы тоўсты і вельмі пакрыўдзіўся загадам ісці апошнім. Ён зусім задыхаўся, паспяваючы за Бафурам з Біфурам. Чакаць яшчэ пяць хвілін ён адмовіўся і пайшоў разам з ші.
— Ну, вось, зараз вас пятнаццаць. I калі гобліны лічыць здольныя — перада мною ўсе тыя, хто сядзелі на дрэвах. Цяпер, магчыма, скончым гісторыю без нечаканых перапынкаў.
Більба зразумеў, як жа мудра зрабіў чараўнік. 3-за перапынкаў і нечаканых з'яўленняў Беарн больш зацікавіўся апавяданнем і не прагнаў адразу ж гномаў, як недарэчных і нахабных валацуг. Беарн, калі толькі ўдавалася, у дом свой нікога не пускаў. Сяброў было ў яго няшмат, жылі яны далёка, і да сябе больш за пару гасцей адначасова ён ніколі не запрашаў. А цяпер цэлых пятнац-цаць незнаёмцаў паселі на ягоным ганку!
Калі чараўнік скончыў гісторыю, распавёўшы пра тое, як іх выратавалі арлы і прынеслі на Карок, сонца схавалася за пікамі Туманных Гор і па Беарнавым садзе працягнуліся чорныя цені.
— Вельмі добрае апавяданне! — сказаў ён. — Найлепшае з тых, што я чуў за апошнія часы. Калі б усе валацугі магаі так распавядаць, яны б знаходзілі мяне дабрэйшым. Зразумела, гэты цуд вы маглі і тут на месцы выдумаць, але ж, ва ўсялякім выпадку, гісторыя каштуе добрай вячэры. Пойдзем, пачастуемся!
— Так, так, калі ласка! — адказалі ўсе хорам. — Дзякуй вам вялікі!
У залі цяпер было зусім цёмна. Беарн пляснуў у далоні, і ўвайшлі чатыры цудоўныя белыя поні ды некалькі вялікіх даў-гацелых шэрых сабак. Беарн казаў ім нешта на дзівоснай мове
— быццам жывёльныя гукі, ператвораныя ў гутарку. Жывёлы выйшлі і хутка вярнуліся з паходнямі ў пашчах, якія запалілі ад агменю ды паторкалі невысока ў лункі на калонах вакол агменю. Сабакі маглі ўставаць на заднія лапы і несці розныя рэчы ў пярэдніх. Яны хутка прынеслі ад сценаў козлы й стальніцы ды зладзілі каля вогнішча стол.
Потым пачулася бе-е-бе-е-бе, і ў залу крочылі снежна-белыя авечкі пад кіраўніцтвам чорнага як вугаль барана. Адна авечка несла белы абрус, які ўпрыгожвалі вышытыя па краях фігуркі жывёлаў, астатнія на шырокіх спінах цягнулі падносы з талеркамі, місамі, нажамі ды драўлянымі лыжкамі, якія сабакі спрытна