апошні, усё непакоіўся пра дзіркі для дыхання і заявіў, што задыхаецца, нават калі накрыўку на бочку не прымацавалі. Більба зрабіў, што мог, каб пазатыкаць усе дзіркі па баках бочак і прышпунтаваць накрыўкі най-ладнейшым чынам. I вось, нарэшце, застаўся адзін. Ён пабегаў яшчэ між бочак, папраўляючы тое-іншае і спадзеючыся (супраць уласнага ж глузду), што ўсё атрымаецца добра.

I ні на імгненне раней, чым трэба. Хвіліна ці дзве прайшлі, як Балінава накрыўка была прымацаваная, і пачуліся галасы, сталі бачныя водбліскі полымя ад паходняў. Некалькі эльфаў зайшлі ў пакой. Яны смяяліся, размаўлялі, жартавалі ды напявалі ўрыўкі з песень. Яны пакінулі святочнае баляванне ў адной з заляў і, зразумела, збіраліся вярнуцца да яго як мага хутчэй.

— Ну дзе ж стары Галіён, наш дамараднік? — сказаў адзін з іх. — Нешта я яго не бачыў за сталом. Яму трэба быць тут, каб паказаць нам, што рабіць.

— Раззлуюся, калі стары маруда спазніцца, — сказаў другі. — У мяне аніякага жадання валэндацца тут унізе, калі наверсе песні спяваюць!

— Ха-ха! — пачуўся крык. — Вось ён, злодзей стары, з галавой у келіху! У яго з сябрам ачольцам сваё прыватнае застолле!

— Трасі яго! Пабудзі яго! — закрычалі астатнія нецярпліва. Зусім Галіёну не падабалася, што яго трасуць ды будзяць, а яшчэ менш, што з яго смяюцца.

— Вы спазніліся, — прабурчэў ён. — Я тут чакаў вас, чакаў, пакуль вы спявалі, пілі ды танчылі, а на абавязкі свае забыліся. Чаму ж здзіўляцца, што я ад стомленасці і заснуў!

— Чаму ж здзіўляцца, — сказалі яны, — калі тлумачэнне стаіць побач на стале ў куфлі! Дай жа нам пачаставацца тваім сродкам ад стомы, атое мы тут і пападаем! А турэмшчыка будзіць не трэба. На яго зірнеш, і зразумела — з яго ўжо хопіць!

Потым эльфы глынулі яшчэ і раптам зрабіліся надта вясёлыя. Але ж розуму не страцілі.

— Галіён! — закрычалі яны. — Ці ж ты пачаў святкаваць надта рана і зусім мазгі твае затуманіліся? Ты тут паставіў паўнюткія бочкі замест пустых, калі меркаваць па цяжару.

— Вы працуйце, і ўсё! — прабурчэў дамараднік. — У руках лайдакоў усё падаецца цяжкім, няма тут чаму здзіўляцца. Менавіта гэтыя бочкі трэба паскідаць, і аніякія іншыя! Рабіце, што загадана!

— Ну добра, добра! — адказалі яны, штурхаючы бочкі да адчыненага люка. — Сам адкажаш, калі бочкі з найлепшым каралеўскім віном і алеем сплывуць па рацэ да Доўгага Возера — тамтэйшаму люду дармавы пачастунак!

Грук-грук-грук-грук, Грук — каціся, бочка, у люк! Націскай! Плясь, плюх! Бочка ў плыню — вух! Бух!

Вось так яны спявалі, калі першы цабэрак, а за ім і астатнія з грукатам каціліся да цёмнай дзіркі ў падлозе і пасля добрага штуршка валіліся ў цёмную ваду ў некалькіх лакцях ад люка. Некаторыя былі пустыя, некаторыя — з гномамі, заціснутымі шчыльна і цесна, а падалі ўсе разам, адна за адной, бразгаючы ды грукочучы, бухаючы зверху на іншыя, пляскаючыся аб ваду, стукаючыся аб сценкі тунеля і адна аб другую і падскокваючы на плыні.

Якраз у гэты момант Більба і знайшоў слабое месца ў сваім плане. Верагодна, вы яго даўно ўжо заўважылі, ды пасмяяліся з яго. Але сумняюся, што вы і напалову так добра справіліся б на Більбавым месцы. Ну вядома, сам жа ён не сядзеў у бочцы, і ніхто не запакаваў бы яго, калі б і была магчымасць! Выглядала, быццам ён назаўсёды губляе сяброў (а бочкі з гномамі ўжо амаль усе пападалі ў цемру) і застаецца зусім адзін, прыйдзецца да самай смерці бадзяцца ды красці ў эльфійскіх пячорах. Бо нават калі ён і ўцячэ праз верхнюю браму, гэта не дапаможа зноў сустрэць гномаў. Ён не ведае шляху па зямлі да месца, дзе збі-раюць бочкі. А што станецца з гномамі без яго? Ён не меў часу распавесці гномам усё, што выведаў у каралеўскім палацы. I яны яму не казалі, што рабіць, калі лес закончыцца.

Пакуль такія думкі прабягалі, штурхаючыся, праз ягоную галаву, эльфы вельмі бадзёра ды весела заспявалі пра рачную браму. А некаторыя ўжо пайшлі цягнуць вяроўкі, каб узняць краты брамы й дазволіць цабэркам выплысці, як толькі ўсе апынуцца ў вадзе.

Гэй! Назад плыві хутчэй Да азёрных да людзей Ад тунеляў, ад пячораў, Горных схілаў і прастораў, Дзе ў лясах спрадвечны цень Змрок вартуе ноч і дзень! 3 царства дрэваў — ды на Усход, Дзе хістаецца чарот Пад вятрамі на балотах, Багнах гіблых ды дрыгвотах, Дзе туман стаіць сцяной Над азёрнаю вадой! 3 плынню бегчы вам гурбой Зорцы наўздагон начной, 3 раніцою — павярніце, Ды на поўдзень паплывіце, Да садоў і да лугоў, Сенажацяў і палёў, Дзе пад сонцам свет квітнее, Зіхаціць, расце і спее! Паспяшаць туда вам варта, То імчыцеся ж упарта Да азёрных да людзей Гэй! Хутчэй, хутчэй, хутчэй!

I вось самая апошняя бочка падкацілася да люка! 3 адчаю, не ведаючы, што ж рабіць, небарака Більба схапіўся за яе — дый быў скінуты разам з ёй. Плюх! Бухнуўся ён у ваду, у халодную, чорную ваду, а бочка — за ім.

Хобіт вьшырнуў, адплёўваючыся, схапіўся за цабэрак, нібы пацук, але ж як ні намагаўся, наверх ускараскацца не змог: толькі, ускараскаецца — а пустая бочка пераварочваецца — і плюх! Зноў пад ёю. Яна была пустая і плавала, быццам корак. Хаця вушы былі паўнюткія вадой, Більба чуў эльфійскі спеў наверсе ў кладоўцы. Потым люк з грукатам зачыніўся, і галасы зніклі. Хобіт застаўся ў цёмным тунелі, у ільдзяной вадзе, зусім адзін — не браць жа ў разлік сяброў, запакаваных ў бочкі.

Хутка наперадзе ў цемры ўзнікла шэрая пляма. Хобіт пачуў рыпенне кратаў, якія цягнулі наверх, і раптам зразумеў, што знаходзіцца ў сярэдзіне натоўпу розных бочак і бочачак, што збіліся ў кучу і штохвілінна падскокваюць, каб праціснуцца пад аркай і вырвацца да рачной прасторы. Давялося Більба паклапаціцца, каб яго не расціснула, не збіла ды не расцярушыла на тузін маленечкіх хобіцікаў. Нарэшце, натоўп бочак пачаў радзець і расплывацца, адна за адной бочкі праскоквалі пад аркай і знікалі. Вось тут хобіт і заўважыў, што, калі нават і ўскараскаўся б на бочку, аніякай карысці з таго не было б, якраз наадварот — бо месца пад аркай зусім не заставалася, нават для хобіта: столь тут зніжалася і амаль дакраналася да вады. Вось табе й брама!

Яны выплылі вонкі, пад нізкія галіны дрэваў, якія шчыльна раслі па абодвух берагах. Більба стала цікава, што цяпер адчуваюць гномы і ці шмат вады да іх налілося. Некаторыя бочкі з тых, што скакалі побач

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату