ледзь-ледзь струменьчык пары з ноздраў выйдзе. Більба вызірнуў з тунеля, глянуў на цмока і ўжо сабраўся крочыць на падлогу, калі знянацку заўважыў тоненькі, востры праменьчык чырвонага святла, які раптам выслізнуў з-пад прыспушчанага павека над левым вокам цмока. Той толькі прыкідваўся, што спіць! Цмок назіраў за ўваходам у тунель! Більба паспешліва адступіў назад і падзякаваў ад усёй душы шанцу, які падараваў яму пярсцёнак. I тут Драк загаварыў.

— Прывітанне, злодзей! Я чую твой пах і тваё дыханне. Калі ласка, не спыняйся! Бяры зноў, што пажадаеш, тут хопіць!

Аднак не такі ўжо Більба быў невук у цмокавай навуцы, і калі Драк спадзяваўся так вось проста прывабіць яго бліжэй, то быў расчараваны.

— Не, дзякуй вялікі, о Драк Найвелізарнейшы ды Найпа-грозлівейшы! — адказаў хобіт. — Не па падарункі я прыйшоў. Я толькі жа'даў зірнуць на вас, сваімі вачыма пабачыць, ці на самай справе вы такі незвычайны, як распавядаецца пра вас у песнях. Я ім не верыў.

— А зараз верыш? — спытаў цмок, дзіўным чынам усце-шаны, хоць і не паверыў ніводнаму Більбаваму слову.

— Сапраўды, песні ды паданні далёка, далёка не кажуць праўды, о Драк, Найболыпая і Найжахлівейшая з Небяспекаў! — адказаў Більба.

— Нядрэнныя манеры для злодзея і хлуса, — сказаў цмок.

— Здаецца, табе вядомае маё імя, але ж я штосьці не ўзгадаю, каб раней чуў твой пах. Ці можна мне запытацца, хто ты і адкуль з'явіўся?

— Так, так! З'явіўся я з-пад гары, па гарах і праз горы прайшоў мой шлях. А таксама ў паветры. Я — той, хто ідзе нябачны.

— У гэтае я веру, — сказаў Драк. — Але ж наўрад ці гэта тваё звычайнае імя.

— Я — той, хто знайшоў ключ, рэзчык павуціння, вострае джала. Я быў абраны дзеля шчаслівай лічбы.

— Цудоўныя імёны! — кпліва сказаў цмок. — Але ж не заўсёды шчаслівая лічба сапраўды нясе шчасце.

— Я — той, хто хавае сяброў жывымі, топіць іх і жыўцом дастае з вады. 3 торбы я выйшаў, але ж у торбу мяне ніхто не запхне.

— Ну, у гэткае не так лёгка паверыць, — сказаў цмок, выяўна здзекуючыся.

— Я — сябра мядзведзяў і госць арлоў, здабыўца пярсцёнка, той, хто прыносіць удачу і вершнік на бочцы, — распавядаў далей Більба, якому ўжо пачалі падабацца ўласныя загадкі.

— Гэта ўжо лепш! — сказаў Драк. — Але ж не дазваляй свайму ўяўленню ўцячы разам з табой!

Менавіта так і трэба размаўляць з цмокамі, калі не жадаеш назваць ім уласнае імя (што разумна) і не жадаеш раззлаваць іх простай адмовай (што таксама вельмі разумна). Аніякі цмок не здолее супрацівіцца спакусе загадак, і абавязкова будзе намагацца іх зразумець ды адказаць на іх. Вядома, болыыасць Драк не зразумеў увогуле (хоць вы, бясспрэчна, здагадаліся, бо ведаеце ўсё пра ранейшыя Більбавы прыгоды, пра якія ён нагадваў), але ж падалося яму, што зразумеў дастаткова, і хіхікнуў ён у сваёй чорнай душы.

— Так я і думаў апошняй ноччу, — сказаў ён сам сабе, усміхаючыся. — Людзі з возера, нейкая дурная прыдумка гэтых небаракаў, гандляроў бочкамі. Гадам буду, калі не так! Я не з'яўляўся туды надта доўгі час, але гэткае хутка можна выправіць!

— Добра, о Вершнік на Бочцы! — сказаў цмок уголас. — Можа, Бочкаю звалі твайго поні? Можа, не, але ж поні быў тлусты. Ну, можа, ты і ходзіш нябачны, але ж не заўсёды ходзіш. Дазволь распавесці табе, што мінулай ноччу я з'еў шэсць поні, і хутка злаўлю ды з'ем астатніх. У падзяку за цудоўнае харчаванне я дам табе добрую параду — чым менш справаў ты будзеш мець з гномамі, тым лепей для цябе!

— Гномамі? — спытаў Більба, прыкідваючыся здзіўленым.

— Не спрабуй гуляцца са мною! — сказаў Драк. — Я ведаю пах і смак гномаў, як ніхто. Не кажы мне, што я магу з'есці поні з-пад гнома і не пачуць паху! Цябе чакае дрэнны канец, Вершнік на Бочках, калі й надалей ты будзеш бадзяцца з такімі сябрамі. Я не супраць, калі ты пойдзеш і перакажаш гэта ад майго імя.

Аднак цмок не сказаў Більба, што адзіны пах ён так і не пазнаў, менавіта, хобітаў. Ні з чым падобным за жыццё ён не сустракаўся, і гэта моцна яго азадачыла.

— Ну што, добрыя грошы ты атрымаў за куфель апошняй ноччу? — працягваў цмок. — Колькі атрымаў? Што, нічога? А, так падобна да гномаў! Яны бадзяюцца вонкі, а твой абавязак — зрабіць найбольш недарэчную ды брудную працу за іх і вынесці, што здолееш, пакуль я не назіраю? I гэткае ты робіш для іх! Лічыш, табе дастанецца па справядлівасці? Не вер! Шчаслівы будзеш, калі ногі знясеш!

Більба адчуў сябе няўтульна, і нават досыць паскудна. Бо кожны раз, як цмокаў запытальны позірк кранаў яго, хобіт калаціўся ўсім целам і ледзь пярэчыў падсвядомаму жаданню зняць пярсцёнак, скочыць да цмока ды распавесці яму пра ўсё, як на духу. Ён быў блізка ад небяспекі трапіць пад цмокавы чары. Аднак жа, сабраўшы мужнасць, сказаў так:

— Не ўсё вам вядома, о Драк Наймацнейшы, не адно золата прывяло нас сюды.

— Ха, ха! Кажаш ужо, «нас»? — зарагатаў Драк. — Чаму ўжо не сказаць «чатырнаццаць нас» і не цямніць болып, спадар Шчаслівая Лічба? Мне прыемна чуць, што ў вас іншыя справы ў гэтых мясцінах, акрамя майго золата. У такім выпадку, можа, ты і не дарэмна змарнаваў час… Не ведаю, ці ж зразумеў ты, што, калі і ўцягнеш золата кавалак за кавалкам гадоў так за сотню, куды ты з ім падзенешся? Якая з яго карысць на горным схіле? Ці ў лесе? Шаноўны мой спадарыку, ці ж думаў ты хоць разок, што ж дастанецца табе самому? Чатырнаццатую частку, ці нешта такое, табе паабяцалі? А як жа яе давезці? А вазы, а ўзброеная ахова? А падаткі ды мыта за правоз па чужой зямлі?

I Драк зарагатаў уголас. Чорнае, чорнае ў яго было сэрца, злое і мудрае. Ведаў ён, што не на шмат памыліўся (калі памыліўся ўвогуле), хоць і падазраваў, што за ўсім стаялі людзі з Возера, і што большасці багацця прызначана было асесці ў горадзе на вадзе, які ў часы цмокавай маладосці зваўся Эзгарот.

Можа, вы наўрад ці паверыце таму, што небарака Більба цалкам быў збіты з тропу. Раней усе ягоныя думкі і планы былі пра тое, як дабрацца да Гары ды знайсці ўваход. Ніколі ён і не турбаваўся падумаць, як скарб вынесці, і ўжо дакладна ніколі не марыў пра тое, што ж яму застанецца з чатырнаццатай часткі пасля падарожжа да Торбы-пад-Стромай.

Гідкія, гідкія падазрэнні заварушыліся ў ягонай галаве: ці ж гномы забыліся на такую важную рэч, ці ж рагаталі ціхенька за ягонай спінай увесь час? Так цмокавы прамовы дзейнічаюць на недасведчаных. Зразумела, Більба павінен быў чакаць нечага падобнага, але ж надта магутны зламыснасцю быў Драк.

— Хачу заўважыць, — сказаў хобіт, намагаючыся застацца справядлівым да сяброў ды працягнуць гутарку, — што пра золата мы падумалі толькі потым. Мы рушылі праз горы і пад гарамі, па вадзе і па ветры дзеля помстыі О Драк Найзаможнейшы, вы ж павінны разумець, што поспех ваш прынёс вам мноства злых ворагаў?

Тут Драк разрагатаўся ўголас. Гук раскаціўся па пячоры, нібы пярун, Більба затросся разам з каменнем, а наверсе, у тунелі, гномы збіліся ў купу і вырашылі, што тут і спасцігнуў хобіта нечаканы і непрыемны канец.

— Помста! — фыркнуў цмок, і полымя ягоных вачэй асвятліла залю з паддогі да столі быццам маланка. — Помста! Кароль-Пад-Гарой памёр, і дзе ж ягоныя кроўныя, што адважваюцца шукаць помсты? Уладар Дэйла Гірыён загінуў, я зжэр ягоных людзей, нібы воўк авечы статак, і дзе сыны ягоных сыноў, што адважыліся б наблізіцца да мяне? Я забіваю, дзе і калі пажадаю, і ніхто не здолее пярэчыць мне! Я адужаў ваяроў старажытнасці, а такіх цяпер ужо няма! Тады я быў малады і слабы, цяпер я сталы і моцны, моцны, моцны, о Злодзей з ценю! Мая браня, як дзесяць тарчаў, мае кіпцюры, нібы драты, мой хвост сцігае, нібы маланка, мае крылы — навальніца, мой подых — смерць!

— Мне ўвесь час здавалася, — перапалохана прапішчэў Більба, — што цмокі трохі мякчэй знізу, асабліва ў месцы… грудзей, вось, але ж безумоўна, што такая моцна абароненая асоба паклапацілася і пра гэтае.

Цмокава пахвальба адразу спынілася.

— Дрэнна табе здавалася, — гыркнуў той. — Можа, так і было раней, а цяпер мая браня паўсюль з жалезнай лускі ды каштоўных камянёў. Аніякае лязо мяне не дастане!

— Трэба мне было здагадацца, — сказаў Більба. — I сапраўды, няма на свеце роўнага Ўладару Драку Непераможнаму. Якая раскоша — мець камізэльку з цудоўнейшых дыямантаў!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату