Іншы хваліцца — прыгаством сваім, Іншы хваліцца — сьветлым розумам, А як князь, — хваліўся толькі сілаю, Сілай злоснаю, неразумнаю… Падхадзіла тут доля нядолечка, Падхадзіла нячутна, ціхусенька, Кралась полем, лясамі русалкаю, Праз вазёры плыла вадзянкаю, Па сьцежцы ішла — нагіналася, Жабрачкаю прыкідалася. Йшла з-за мора, мора сіняга, 3 чыста поля йшла, з далёкага. У ваконца яна ня кляпалася, Ля парогу яна не малілася, На пярэдні кут не жагналася, Памалюсеньку йшла, паціхусеньку, Груганом у вакенца залётывала… Захацелася князю пацешыцца, Захацелася князю усьцешыцца, Пракаціўся стрэл па глухіх куткох, Пракаціуся стрэл і разьвеяўся. Узмахнула крыламі лябёдачка, Узмахнула галоўкаю белаю, Ой, чырвонай крывёй фарбаванаю, Куляй князя наскрозь прабіванаю… Тое ўбачыўшы, князь асьмеліўся, Засьмяяўся ён, зноў нацэліўся… Ды Данілка ўсё бачыў з-за дзераўца: Захацелася хлопцу памерацца. Як стаяў ён за гнуткай вярбінаю, Ўспомніў князевы ласкі з дзяўчынаю, Ўспомніў вочы Алёнкі зялёныя, Бліскам месяца ўночы ўспаёныя… Бачыў князевы жарты нікчэмныя, Кроў убачыў на сінім на возеры, Ўбачыў птушку, крывёй фарбаваную, Куляй князя наскрозь прабіваную… Не сьцярпела, знаць, сэрца хлапецкае… (Захацеў, знаць, і сам ён памерыцца, Ці ў дзявочых славох пераверыцца) За вярбінай укленчыў, прыцэліўся, Ды з гарачкі, ці што, перамерыўся: Кабы ўправа браць, — ён улева браў, 3-за вярбіны на князя, відаць, не ўважаў. Пракаціўся гук-стрэл па лясных куткох, Пракаціўся далёка па возеру. Па ціхаму возеру, лебядзінаму. Успляснула крыламі лябёдачка, Ажно пухам вада забялелася, Адплылася… ў чароце дзесь дзелася. Але князю… нядобрае сталася: Дзіўна целам здаровым хістаючы, Стрэльбу з белай рукі выпускаючы, Як дубок віхрам-бураю зломаны, Паляцеў ён бяз крыку, бяз гоману, Паляцеў у ваду, у бяздоньне хваль, На астатні баль, на сьмяротны баль… Ой, дарма, князю, гэтак уздумаўся, Лепш-бы, князю, ня езьдзіў на возера, На ціхое возера, на сіняе, На ціхое возера лебядзінае, Ня ішоў-бы на грэблю, дзе пена ляціць, Дзе кроплі-вада, як жамчуг, зіхаціць, Ня ішоў-бы, ў лябёдку-б ня цэліўся, Можа ў казцы-бы, князь, пераверыўся! * * * То было ўсё, ды тое зьмянілася, То было ўсё, ды тое забылася, Толькі й сёньня у небе многа хмар, Бо і праўду-ж казаў лебядзіны цар: — 'Гэй, вы, людцы, людзі неразумныя, Будзьце вы навекі, людцы, прокляты, Прокляты за сэрцайка каменнае, Шчасьця вам ня знаці супакойнага, Птушак як пабачыце, успомніце: Будзе вам хацецца іх губіці, біць, Будзе вам хацецца, як яны лятаць. А і хто яшчэ на гэтым возеры