I сказаў тады князю Даніла так: — 'Ой ты, ласкавы князю, што ўздумаўся, У халопа аб крыўдзе пытаешся? Не пакрыўдзіў мяне, Данілу, ніхто, Ўсім у князя я моцна здаволены, Для мяне князь і добры, і ласкавы, А пакрыўдзіла холапа долечка, А пакрыўдзіла яна, наравістая… Не зламаць табе горы-гарыстыя, Ой, ня вырваці пушчы лясістыя, — Дык і мне не дасі, князю, радачкі! Адпусьці мяне, княжа, на вольны сьвет, Адпусьці мяне гора разьвеяці, Свае чорныя думкі разьсеяці: Тут, у гэтых харомах з нуды памру, Тут з сьмяротнай тугі я зусім прападу, Тут няма ў мяне вольнае волечкі, Не дасі ты мне, князь, лепшай долечкі!' Зазлаваўся на гэткія словы князь, Тупнуў ён з усей моцы нагою, Узмахнуў ён гняўліва рукою, Прыказаў ён Данілу замкнуці у склеп, За шырокія муры каменныя, За цяжкія за дзьверы дубовыя, За старыя замкі, за жалезныя. Прыказаў пасадзіці на тыдзень, і два, Прыказаў пасадзіці на месяцы, Кабы волі ад долі халоп не жадаў, Кабы князю аб волі ужо не казаў, Каб дарма, неразумны, ня нудзіўся, Каб дарма чорнай хмарай ня хмарыўся… А як холапа Данілу пасадзілі, За ім дзьверы на замкі пазачынілі, — Князь сабраўся з дружынаю зноў у лес, У вясьняны лес, расцьвітаючы, Па даўгой зіме аджываючы… Князь сабраўся з дружынай багатаю, Ды з гасьцямі, ды з цэлаю хатаю, Каб на цэлы бел’ сьвет панацешыцца, Пакуль сэрцайка хоча, каб цёшыцца, Каб сябе весяліць, каб і госьцяў прасіць, Аб зухвалым халопе зусім пазабыць… Але доля судзіла па іншаму… Захацела яна, непазнаная, Каб здарылася рэч нечаканая. Хто-ж пазнае яе, долю горкую, Маўклівую, негаворкую? Сабраліся… Ды нешта ня ладзіцца, За пасаду Данілаву вадзяцца, А Даніла быў першым усюданькі: Калі ён ідзе — ўся грамада йдзе, А як ён ня йдзе — дык ніхто ня йдзе… Няма роўных Данілу ў сырым бару, Роўных сьмеласьцяй і здагадкаю, Звонкай песьняю, мовай гладкаю… Прыказаў князь злажыць кару строгую, І заняцца Данілцы дарогаю… * * * Першы дзень — паляваньне у лесе ішло, Другі дзень — паляваньне у лесе ішло, Трэці дзень — паляваньне у лесе ішло, На чацьверты дзень выйшлі на возера, На ціхое возера, лебядзінае, Дзе шапочуць іва з вярбінаю, Дзе лілейкі белыя у вадзе цьвітуць, Дзе лябёдкі белыя па вадзе плывуць: Ой, прызнаў князь і возера сіняе, Ой, прызнаў князь і грэблю з вярбінаю, Дзе сядзеў ён начамі з дзяўчынаю, Ой, успомніў ён казкі Алёнчыны, Ой, успомніў ён словы дзявочыя, Да ўсялякіх байкаў ахвочыя… Ўспомніў казку аб тым лебядзіным цару… Захацелася князю пацешыцца, Пахваліцца, на ўвесь дзень усьцешыцца, Пасьмяяцца над казкай Алёнчынай.