Бо усё, што прайшло, — забываецца, Забываецца, бо мінаецца… Кінь муціць свае вочкі бліскучыя, Кінь ламаць свае ручкі бялёнькія, Кінь ірваць свае косы дзявочыя, Кінь ты думаць аб князю, аб здрадніку!' Запаліліся вочы Алёнчыны, Паднялася галоўка шаўковая, Расчыніліся вусны зьбялеўшыя, Так казала Алёнка-залётніца, За свой век маладзенькі гаротніца: — 'Ой, ты, злы чалавек, адыйдзі ад мяне, Ён мой любы, ён, ён ня здраднік, не, Ня любіў — не ласкаў-бы так горача. Эх, ня сонейка яркае траўку паліла, Ня ветрык у полі былінку калыхаў, — Так палілі яго ласкі шалёныя, Цалавалі яго вусны чырвоныя! Адыйдзі ад мяне, адыйдзі, ты — ня ён, Яго вочы, як зоры апоўначы, Валасы — быццам хвалі шаўковыя, Яго шчокі — як ранкі маёвыя, Яго словы за мёд саладзейшыя, За самога цара разумнейшыя… А ў цябе вочы шэрым ваўком глядзяць, Ой, нядобрым агнём, няпрыгожым гараць, Твае чорныя бровы нахмараны, Твае русыя кудры нячэсаны, Твае словы нажом колюць сэрцайка, Словы злыя твае, невясёлыя'… Так казала Алёнка, схіляючыся, Сумна — сумна яму усьмяхаючыся, За старою вярбою хаваючыся… Не злавіці саколу лябёдачкі, — Ён высока лятаець, ды ў вадзе ня гуляець. Не дастаці Данілцы Алёначкі, — Доўга любіць сэрца дзявочае Да ласкавых словаў ахвочае. * * * Затужыў Даніла не на дзень, ці два, Затужыў тут Даніла на месяцы: Бо як зжоўклі лілейкі на возеры, Абляцелі лісточкі зялёныя, — Зьнікла дзесьці дачка млынаровая, Не спаткаўся ён болей з Алёнаю… Ой, ня йшлі над зямлёй дажджы дробныя, Ой, ня сонца за хмары хавалася, — Хмара вочы Данілы тугой спавіла, I вясёласьць, і жарты кудысь узяла… Наступала яна, хмара чорная, На ціхое на небачка сіняе, Налягала гора-горкае На Данілава на сэрцайка. Запрымеціў князь, што маўчыць халоп, Запрымеціў князь, панахмурыў лоб, Прыказаў ён паклікаць Данілу к сабе, Так пачаў князь ласкавыя словы свае: — 'Ой, слуга мой, Даніла, што хмурышся, Што-ж ты хмурыш усё бровы густыя, Што ня чэшаш свае кудры русыя, Ня ўбіраешся ў новыя вопраткі, Ня ідзеш, як заўсёды, на плошчу гуляць, На людзей паглядзець і сябе паказаць? Не пяеш болей песьні вясёлыя — Ўсё на лаве сядзіш, у ваконца глядзіш, I удзень, як уночку, маўчыш? Мо’ пакрыўдзіў цябе хто, ня хочучы? Нездаволен мо’ княжаю міласьцяй? Калі так, толькі слова сказаць, — Усяму можна раду падаць'… Пакланіўся Даніла князю, устаў, Пакланіўся яшчэ раз, яшчэ раз устаў.