прыгажэйшае, сьвятлейшае за любоў? Што дае нам найвялікшае шчасьце, калі ня любоў. Любіць і быць любімым — вось радасьць жыцьця!.. (сумна). Але любоў бывае вялікім няшчасьцем, калі той, каго мы любім, нас ня любіць.

Люба. Але кажуць, што, каб любіцца, трэба добра пазнацца, а мы-ж яшчэ гэтак мала знаёмы.

Мікола. Дзетачка! Любоў не ўзгадоўваецца гадамі, а родзіцца раптам, мамэнтальна, як маланкай спаліць… Мігне маланка, загрыміць грымот, ударыць пярун — і зваліцца на зямлю самае магутнае дрэва… Гэтак і любоў; адзін мамэнт, адзін пагляд — і чалавек увесь загарэўся каханьнем… Як ўбачыў я вас першы раз, адразу мяне нешта ўшчаміла за сэрца, і я ў душы сваёй ня меў ужо супакою… Любачка! я-ж люблю вас, як ніколі яшчэ ня любіў; скажэце мпе адно слова, дайце мне хоць кроплю надзеі… або не! Лепш нічога не кажэце, гляньце толькі на мяне сваімі яснымі зорачкамі, а я ў іх прачытаю ўсю праўду.

Люба (ня гледзячы на яго, лёгка да яго пахіляецца). I са мной нешта гэткае самае дзеецца, як з вамі…

Мікола (абыймае яе і горача цалуе) О, Любачка! Дарагая! Адзіная!

Люба (пасьля паўзы). Я раней думала, што з кожным гэтак няпрыемна цалавацца, як дзядзенькай, але з табой… інакш…

Мікола (з ценем зайздрасьці). А дзядзенька часта цябе цалуе, Любачка?

Люба. Ен заўсёды лезе цалавацца, але я ўцякаю ад яго і крычу. Тады зьяўляецца Марта, тутэйшая кухарка, і ён спыняецца… Але мой дзядзенька дык, праўду кажучы, і ня дзядзенька, а так сабе… А я кажу «дзядзенька», бо ўжо гэтак прывыкла… Але ляпей было б, каб ён узапраўды быў мой дзядзенька, бо дзеля гэтага прыдзецца мне ізноў вярнуцца на вёску, да цёці… I тады ўжо ніколі мусіць не пабачымся!

Мікола. Любачка! Ня можа быць! Я цябе ня пушчу, я цябе нікому не аддам! (ізноў яе абыймае). Ніхто ня вырве цябе з маіх рук! Мы ўжо не растанемся і пойдзем разам праз жыцьцё, і ніколі адно аднаго не пакінем. Ці будзе добра, ці блага — але разам! А жыцьцё — гэта такая радасьць, калі побач ідзе дарагі каханы чалавек! Дык будзем адгэтуль разам цешыцца, разам плакаць, разам змагацца — ўсё разам! Добра?

Люба. Я ня ведаю… Трэба падумаць… Неяк так скора…

Мікола. Мілая! Жыцьцё такое кароткае!.. Жыцьцё — барацьба, дзе няма часу на доўгія охі ды ўздохі. Мы любім адно аднаго, дык чаго чакаць? Пажэнімся. Я бедны беларускі вучыцель, але — Бог дасьць — з голаду не памрэм. Ты будзеш хадзіць на беларускія курсы, сама станеш вучыцелькай — і вось будзем жыць ды песьні пяяць!.. Там, дзе ёсьць шчырая верная любоў, там і бяда ня страшна. Я — мужыцкае дзіця, сын селяніна, я да ўсяго прывык ты-ж таксама, здаецца, не паненка. Ну, вось… Праўду я кажу? Добра? Ты згодна, Любачка?

Люба. Добра.

Мікола (цалуе яе). О, шчасьце ты маё!.. (звоніць званок).

Люба. Дзядзенька прыйшоў! (хапае сваю пакіненую работу, бяжыць на балькон, сядае там і шые).

Мікола застаецца на сцэне, выймае з кішані кніжку.

Зьява 4

Люба, Мікола, Марта і Філімон.

Мікола (праходзіць праз сцэну і адчыняе дзьверы. Уваходзіць Філімон) .

Філімон (распранаючыся). Што, Марта, робіш сягоньня на абед?

Марта. А што-ж я магла зрабіць за гэтакія грошы! Будуць блінчыкі і супчык — больш нічога.

Філімон. Ну, добра, толькі пасьпяшайся, бо мала маю часу. Пасьля абеду шмат яшчэ маю работы.

Марта. Як зварыцца, дык і падам. Сырога-ж есьці ня будзеце. (Пайшла ў кухню).

Зьява 5

Філімон, Люба і Мікола.

Філімон (пабачыўшы Міколу). А, вы ўжо прыйшлі! Добры дзень! Даўно чакаеце? А ў мяне гэтулькі дзела!

Мікола. Не, толькі што…

Філімон. Ну, дык вось, калі ласка, сядайце, і пагаворым. Ну, значыцца, перш-на- перш аб цане, бо я чалавек небагаты, я многа плаціць не магу.

Мікола. Э, глупства… я магу і так… бяз грошай.

Філімон. Ну як-жа ж так? Гэта неяк не таго.

Мікола. Нічога… У мяне шмат свабоднага часу… Я з прыемнасьцю.

Філімон. Ну, добра. Калі вы ўжо такі… сымпатычны чалавек, дык хай і так будзе, нічога не парадзіш. Я вам аддзякую за гэта пасьля, як ужо буду міністрам. Я вам дам службу ў сваёй канцэлярыі… О! вы з маей пратэкцыяй высока заедзеце!

Мікола. Калі надта высока, дык небясьпечна. Можна абарвацца й паляцець уніз.

Філімон. Ха-ха-ха! Паляцець уніз — кажаце. Вы гэта добра сказалі. Бывае, усяляк бывае, але незаўсёды і ня з кожным… Ну, дык можа пачнем, ці што? каб часу ня траціць.

Мікола. Я гатоў… Вось я ўзяў з сабой кніжачку. Напішам, перш-наперш, дыктоўку, каб я ведаў, колькі вы ўжо ўмееце.

Філімон. Добра. Але, але! Напішам дыктовачку! (Сядае пры стале, задам да балькону).

Мікола (глядзіць у кніжку, пасьля зачыняе яе і дыктуе з памяці) . «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў».

Філімон (паўтарае і піша). «Найвялікшая радасьць людзей і багоў была і будзе заўсёды любоў»… Добрая фраза… (да Любы). Чуеш, Любачка?

Люба. Чую, дзядзенька!

Філімон (піша)… «была і будзе заўсёды любоў»… (да Міколы). Любоў пішацца праз «ў» з хвосьцікам?

Мікола (праз гэты час, як Філімон піша, перамігіваецца з Любай. Люба ківае пальцам, даючы знак, што гэтую міміку можа заўважыць Філімон). Але, але! Любоў

Вы читаете Пан міністар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×