Забралі сваю здабычу і, змораныя, пацягнуліся дахаты. Барсучаняты вырываліся, нават кусаліся.

— Ці можна будзе іх садзіць разам з цецерукамі? — казаў Віктар.

— Для цецерукоў зробім жэрдкі, а барсукі будуць на зямлі, — размеркаваў Мірон.

— А гэтыя барсукі досыць цікавы народ, — расказваў дарогай Віктар. — Яны вельмі падобны да мядзведзяў, толькі меншыя і належаць да пароды куніц. Ён зусім няшкодны: жывіцца карэннямі, ягадамі, чарвякамі. На ўловы выходзіць уначы. Узімку спіць у сваёй нары, як мядзведзь. Вельмі любіць чыстату. Гэта часам выкарыстоўвае ліс: забярэцца, калі няма гаспадара, у хату і напаскудзіць там. Вернецца барсук, пачуе гэтую брыдоту ды і выселіцца са сваёй хаты. Тады яе займае ліс.

Дома размясцілі сваю жывёлу, павячэралі і паляглі спаць з пачуццём гаспадарскага задавальнення. У параўнанні з першым днём справы іх значна палепшыліся.

— Для поўнага шчасця не хапае толькі нажа, гаршка, хлеба і солі, — сказаў Мірон.

— І махоркі, — дадаў Віктар.

— А ты яшчэ не забыўся на гэтую брыдоту?

— Часам забываюся, але часам і цягне. Але нішто — ўжо цярпець можна. Напэўна, потым буду рады, што так здарылася.

XI

Барсукі падвялі. — Не святыя гаршкі лепяць (а спрактыкаваныя). — Новыя сродкі жыцця.

На другі дзень, як толькі прачнуліся, зараз жа сунуліся ў хлеў паглядзець сваю жывёлу. Глянуў Віктар праз шчыліну — і нічога не ўбачыў.

— Нешта не відаць, — прамармытаў ён.

Рассунуў галлё болей, зазірнуў ва ўсе куты — няма нікога! Глянуў Мірон — таксама нікога не ўбачыў.

Паглядзелі адзін на аднаго — і рукамі развялі.

— Куды ж яны падзеліся? Хлеўчык жа цэлы!

Агледзелі навокал усю будову і заўважылі каля зямлі досыць вялікую дзіру.

— Гэта ж барсукі зрабілі! — крыкнуў Мірон. — А за імі і цецерукі паўцякалі. Як мы маглі гэтага не прадугледзець? Нават і ты, спец па заалогіі, не прадбачыў.

Віктар стаяў, апусціўшы галаву, і сапраўды адчуваў сябе вінаватым.

— І то праўда, — прамовіў ён. — Калі яны рыюць сабе норы, значыцца, маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Але ў такой справе ніякіх спецыяльных ведаў не трэба: ты сам мог гэта добра ведаць, але вось не падумаў.

— Я ж казаў, што не трэба было важдацца з імі, — злосна адказаў Мірон. — Ніякай карысці ад іх няма. Трымаць іх для пацехі ў нашым становішчы зусім лішняе. А цяперака праз іх цецерукі ўцяклі. Вось табе і жывёлагадоўля!

— А ўсё ж пра гэта ты і сам не думаў, — апраўдваўся Віктар. — Каб сказаў, зусім іншая была б справа. Няма чаго вінаваціць другога. Сам дапамагаў. Другі раз будзем разумнейшымі.

— Чакай цяпер другога разу!

Паахкалі, павохкалі, але дапамагчы справе нічым не маглі. А паколькі ў «сажалцы» хапала рыбы, то вялікай бяды пакуль што не было. Праз некалькі хвілін нават пачалі жартаваць.

— У другі раз для кожнай пароды жывёлы будзем рабіць асобныя, спецыяльныя, прыстасаваныя памяшканні, — суцяшаў Віктар. — А пакуль што давай ляпіць гаршчок.

— А ты ведаеш, як ляпіць? — запытаўся Мірон з трывогай.

— Хто з нас калісьці не ляпіў? — бесклапотна адказаў Віктар. — Нездарма кажуць: не святыя гаршкі лепяць.

— Тут не ляпіць, а круціць трэба, — пахмура адказаў Мірон.

— Давай круціць — усё роўна. Ты, мусіць, добра ведаеш гэтую справу?

— Чаму ж так я? — здзівіўся Мірон.

— Ды ты ж сам надоечы апяваў гліну, паэму дэкламаваў.

Мірон паскроб патыліцу.

— Паэма паэмай, — прамовіў ён, — а як робяцца гаршкі, я не бачыў. Неяк не траплялася. Справа лічыцца такой простай, што, я думаў, не варта спецыяльна наглядаць, вывучаць яе. Можа, ты часам бачыў?

— І я не бачыў! — з камічнай мінай адказаў Віктар. — Таксама не цікавіўся гэтай прымітыўнай прамысловасцю. Усе дзікуны ўмеюць гэта рабіць. Я нават недзе чытаў, што егіпцяне чатыры тысячы гадоў назад выдумалі нейкую прыладу для гэтай вытворчасці. Але, я думаю, зляпіць абы-які гаршчок можна і без усякай прылады.

— Паспрабуем, — панура адказаў Мірон.

Як ён цяпер шкадаваў, што не пацікавіўся гэтай справай! Яму таксама даводзілася чытаць, ён меў нават некаторыя тэарэтычныя веды, але як узяцца за справу — не ведаў.

Намачылі, размясілі гліну. Пусцілі ў ход і сваю чарапаху для вады. І пачалі ляпіць, як гэта робяць маленькія дзеці. Маленькія, нязграбныя місачкі сяк-так выходзілі, але ім не гэта трэба было, а гаршчок, прынамсі, хоць на літр. Такую пасудзіну трэба было злепліваць з кавалкаў, а тады ўжо адразу было відаць, што ў злепленых месцах будзе шчарбіна.

Стараліся хлопцы так, што аж пот капаў. Шмат разоў нанава камячылі свае «гаршкі».

— Вось табе і «не святыя гаршкі лепяць»! — злаваў Віктар. — Выходзіць, наадварот: якраз святым трэба быць у гэтай справе.

— Або дзікуном, — дадаў Мірон.

Нарэшце кожны з іх зляпіў па невялічкаму «гаршку», але, глянуўшы на сваю працу, хлопцы толькі насамі паківалі.

— Яны адразу распаўзаюцца, калі пачнуць сохнуць. А іх яшчэ трэба абпальваць, каб ужываць. Вось табе і прымітыўная вытворчасць! — прамовіў Віктар.

— Не, відаць, не абысціся без ганчарнага кола! — рашуча сказаў Мірон.

— Вось чаго захацеў: колы, машыны!

— Якую-небудзь круцёлку, абавязкова трэба прыдумаць. Тады шчыльней зліпнуцца часткі гліны. Зараз я пашукаю што-небудзь.

Праз некалькі хвілін Мірон прынёс досыць тоўсты круглы кавалак дрэва, абсмаліў, абскроб яго.

— Цяпер, — сказаў ён, — паставім гэтую штуку старчма. Ты будзеш круціць яе, а я зверху палажу камяк гліны. У кожным разе павінна выйсці нешта, не горшае за гэтае чарап'ё.

Падышлі бліжэй да вады, прыладзіліся. Было б нішто сабе, але канец хістаўся ад рухаў Віктара. Тады зрабілі вілкі, каб «машына» не хісталася.

Нарэшце, пасля доўгай пакуты, нешта зрабілі. Але гэтае «нешта» вельмі мала нагадвала гаршчок.

— Што ён нязграбны — гэта не бяда, — казаў «майстар» Мірон.

— Але сценкі надта тоўстыя, а гэта нядобра: патрэскаюцца. Давай яшчэ паспрабуем.

У выніку ўсёй працы з'явіліся два сякія-такія гаршкі. З задавальненнем глядзелі хлопцы на свае вырабы, і яны пачалі ім здавацца нават нядрэннымі. Хоць на наш погляд гэтыя рэчы былі б зусім недарэчныя.

Але задавальненне значна зменшылася, калі яны падумалі, што да канца яшчэ вельмі далёка.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату