Ледзь толькі ўзышло сонца, як хлопцы былі на нагах і спешна рушылі ў дарогу. Калі яны падышлі ўжо да балота, каб пераправіцца на другі востраў, Мірон прыпыніўся і сказаў:
— А чаму мы так упэўнены, што чалавек прыходзіў з таго вострава? Ён жа мог прыйсці і непасрэдна на наш.
Віктар і сам здзівіўся, адкуль узялася ў іх гэтая ўпэўненасць. Тым болей што чалавеку без ніякай патрэбы і карысці трэба было прабірацца і праз гэтае балота, у якім яны ледзь не загінулі.
— Усё роўна трэба абследаваць абодва, — нарэшце сказаў Віктар, — дык пачнём ужо з таго, які меней вядомы.
Яны пільна прыглядаліся да балота, ці не відаць слядоў незнаёмага чалавека. Але сярод сваіх слядоў новых нельга было заўважыць.
— А можа, ён у другім месцы перайшоў.
Прайшліся ў адзін, другі бок, але ніякіх слядоў не знайшлі.
Як жа не хацелася ім зноў лезці ў гэтае абрыдлае балота! Адно што ўдзень ісці было куды лепш, як уначы. Апрача таго заўважылі, што за апошнія суткі балота крыху пасушэла.
— Відаць, паводка яшчэ не скончылася, — сказаў Мірон. — Вада ўсё падае. Гэта для нас добра.
Перайшлі на той бераг і пайшлі ў абход, як і раней.
Зноў пачалася цяжкая праца. Зноў у роспачы соваліся яны ва ўсе куткі і кожны раз без выніку адыходзілі назад. Вось абагнулі адзін бок, другі, а выйсця ніякага няма. Абышлі трэці бок і завярнуліся зноў назад.
— Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — упэўнена сказаў Віктар.
У кутку, адкуль хлопцы пачалі абследаванне апошняга, паўднёвага берага вострава, сярод дрэў і лазняку яны заўважылі ваду, нібы азярцо. Яны і раней бачылі яе, але палічылі, што сюды няма чаго совацца, і пайшлі далей да месца сваёй пераправы.
Цяпер жа зацікавіліся і гэтым месцам. Калі праціснуліся праз лазняк, убачылі крынічку, якая, відаць, выцякала з балота ў возера. Крыху далей крыніца была перагароджана нібы грэбляй, перад якой вада крыху затрымлівалася і стварала тое азярцо, што хлопцы бачылі з берага. Цяжка было распазнаць, ці прыродная гэта грэбля, ці зроблена людскімі рукамі. Праўда, два зламаныя дрэвы з галінамі, кучы ламачча ляжалі так, як чалавек не рабіў бы. Але, з другога боку, цяжка было даць веры, што ўсё гэта навалілася тут выпадкова. Перад грэбляй з вады вытыркаліся тры стажкі, нібы копы сена. Зноў жа нельга было даць веры, каб такія стажкі стаялі выпадкова.
Раптам каля грэблі плюхнуліся ў ваду дзве-тры невялікія жывёлівы, падобныя да выдры, якую хлопцы бачылі раней.
— Бабры! — крыкнуў Віктар.
Гэтае з'явішча так зацікавіла хлопцаў, што яны забыліся і на голад, і на зморанасць, і на таемнага чалавека, і на сваё становішча. Столькі разоў яны чулі і чыталі пра гэтых рэдкіх, каштоўных і цікавых жывёл, якія захаваліся ў рэчках лясных раёнаў Расеі і Беларусі. Столькі чулі пра іх паселішча, жыццё. І вось цяпер яны бачаць іх сваімі ўласнымі вачыма ды яшчэ ў першабытных, прыродных умовах.
— Дык вось як яны жывуць! — прамовіў Мірон. — Трэба будзе добра прыгледзецца да іх.
— Абавязкова! — згадзіўся Віктар. — Варта спецыяльна дзеля гэтага застацца на адзін лішні дзень.
Сёння было позна ўжо гэтым займацца. Надыходзіў вечар, хлопцы даўно ўжо выйшлі з «дому», і трэба было спяшацца, каб не пагас агонь. Зірнулі мімаходзь на бабровае паселішча і пайшлі далей.
Уся гэтая мясціна выдалася зусім не грузкая. Калі праціснуліся праз зараснік, то адразу выйшлі на ўзгорак, а за ім недалёка ўбачылі і сваю рыбную сажалку.
— Вось табе і на! — крыкнуў Віктар. — Навошта ж мы пакутавалі на балоце, калі тут ёсць такая добрая дарога!
У высахлай сажалцы відаць было шмат слядоў не толькі звяр'я, але і птушак.
— Відаць, усе паласаваліся нашай рыбай, — заўважыў Мірон.
Так скончыўся гэты дзень. Здавалася, ён быў такі самы цяжкі, няўдалы, безнадзейны, як і папярэдні, але хлопцы неяк менш непакоіліся і не пакутавалі, як тады: новыя падзеі адцягнулі іх увагу ад сумных думак.
А на другі дзень доўга не маглі вырашыць, за што ўзяцца: ці дарогу шукаць, ці ісці паглядзець баброў.
— Зразумей жа ты, — даводзіў Мірон, — што ад дарогі залежыць наша выратаванне. Нельга з-за цікавасці рызыкаваць жыццём. Калі будзем ведаць дарогу, тады заўсёды можам вярнуцца і спакойна заняцца нагляданнем. Я не кажу, каб абавязкова ісці дадому. Хай мы знойдзем хоць след чалавечага жылля і адтуль вернемся.
Віктар жа даводзіў сваё:
— Ну як жа ісці далей, калі побач такая цікавая рэч? Калі яшчэ вернемся ды і ці вернемся наогул — невядома. Можа, гэты след за дваццаць кіламетраў. Ці захочаш тады ты сам вяртацца назад? Я не спадзяюся на гэта.
Доўга спрачаліся яны і, нарэшце, вырашылі кінуць жэрабя. Лёс вырашыў на карысць Віктара.
Праз некаторы час яны былі каля бабровага паселішча. Спачатку ўважліва агледзелі будоўлю. Адно з паваленых дрэў мела сантыметраў сорак таўшчыні, другое — крыху меней, а побач было шмат танчэйшых пнёў.
— Няўжо ўсё гэта яны самі звалілі? — дзівіўся Мірон.
— А то хто ж? Глядзі, як падпілавалі. Усе пні былі завостраныя, нібы калы. Таксама былі завостраныя і канцы дрэў. Бабры пачыналі грызці навакол шырокай паласой, а потым усё вузей і вузей, пакуль дрэва не ламалася.
— Няўжо яны па свайму жаданню валяць гэткае дрэва ў той ці іншы бок? — пытаўся Мірон.
— Мусіць, так, бо, бачыш, няма ніводнага дрэва, паваленага ў другі бок.
Тут яны заўважылі вялікую асіну, якая была падгрызена так, што, здавалася, яе можна было б зваліць пальцам.
— Не! — крыкнуў Віктар. — Хоць сам загіну, а падпільную, як яны будуць валіць гэтае дрэва!
І сапраўды, справа была такая цікавая, што нават Мірон не хацеў ужо ісці адгэтуль.
Здалёк грэбля здавалася абы-як накіданай кучай, а зблізку выявілася, што ўнізе галлё шчыльна пераплецена, нават замазана зямлёй, і вада затрымлівалася як след.
Такія самыя былі і іхнія хаткі. Ад зямлі (у вадзе) яны ўздымаліся не меней, як на рост чалавека. Верхнія пласты галля здаваліся наваленымі абы-як, але чым глыбей, тым лепей яны былі апрацаваны, пераплецены і замазаны.
— Бачыш, вунь пад вадой чарнеецца дзірка, — тлумачыў Віктар. — Гэта іхні ўваход. Такіх уваходаў некалькі. А самі яны жывуць на другім паверсе, куды вада не даходзіць.
— Значыцца, цяпер яны сядзяць у гэтых стажках? Цікава было б злавіць, каб паглядзець бліжэй.
— Не, брат! Гэта нялёгкая справа. На тое ў іх ёсць некалькі выхадаў.
— А можна іх есці?
— А ты ўсё з харчовага пункту погляду разглядаеш! — засмяяўся Віктар. — Не чуў, каб іх елі. Не гэтым цікавяцца, а іх футрам ды яшчэ нейкай «бабровай струёй». Кажуць, нейкія лекі.
Яны ўважліва разглядалі будоўлю, абышлі ўвесь участак і каля другога берага, сярод зарасніку, убачылі чацвёртую хатку. Яна была пабудавана на карчы, і вада ледзь дакраналася да яе фундамента. Трэба было ступіць толькі крок з берага, каб апынуцца на версе гэтай хаткі. Хлопцы зараз жа і ўзлезлі на яе.
Яны зусім не чакалі, што пабудова будзе такой моцнай: яна лёгка вытрымала двух чалавек. Цікава