пачатага дрэва і ўзяліся за працу. Якія яны былі смешныя, нязграбныя! Хвост шырокі, нібы рыдлёўка, і пакрыты не поўсцю, а нейкай лускай. Пальцы задніх ног злучаны плеўкай, як у гусей. На пярэдніх жа пальцах плеўкі няма, затое кіпцюры вострыя, а на другім пальцы нават падвойныя. Густая бураватая поўсць аж блішчыць на сонцы.
Двое «дрывасекаў» сталі з абодвух бакоў на заднія лапы, абаперліся яшчэ на хвасты і ўзяліся за працу так, што толькі трэскі пасыпаліся. Трэці зноў палез на сваю хату, чацвёрты пачаў цягнуць з берага дрэўца таўшчынёю з руку чалавека. Цяжкая праца! Таргане крыху — і адпачывае. Яму на дапамогу прыйшоў новы таварыш.
З захапленнем наглядалі хлопцы гэты малюнак.
Тым часам дрэва хіснулася, храснула. «Дрывасекі» адскочылі ўбок, а рэшта баброў кінулася ў ваду.
— Слухай! Яны ж могуць прыстукнуць нас! — з жахам прашаптаў Мірон.
Віктар і сам гэтага баяўся. Ён пільна прыглядаўся, у які бок думае валіцца дрэва, але пакуль што пазнаць было нельга. Дрэва патрэсквала і хісталася. Бабры падскочаць, грызануць і зноў адскочаць. Але падгрызалі яны з боку вады, або, лепш сказаць, грэблі.
— Яно павінна туды паваліцца, — прашаптаў Віктар.
Аднак поўнай упэўненасці ў гэтым не магло быць. Хлопцы рызыкавалі. Толькі вострая цікавасць і запал утрымлівалі іх на месцы.
Вось ужо дрэва хіліцца на той бок. Храснула апошні раз і са страшэнным трэскам шаснула на грэблю.
Ад гэтага шуму нават «дрывасекі» схаваліся ў ваду.
— Але ж малайцы! — з захапленнем прамовіў Мірон. — Такая драбната, а гэткае дрэва звалілі!
— Ціха! Паглядзім, што далей будзе, — прашаптаў Віктар.
А далей… далей адбылося нешта ўжо зусім неспадзяванае. У лесе пачуліся галасы і сярод дрэў мільганулі… два чалавекі!
— Людзі! — радасна крыкнуў Віктар і хацеў быў ускочыць.
Пазней Мірон зусім не мог прыпомніць і растлумачыць, што з ім тады здарылася. Памятаў толькі, што ў яго галаве, нібы маланка, мільганула слова «недакурак», і ён люта сцяў зубы, схапіў Віктара за плячо і прасіпеў:
— Не рухайся! Пачакай!
Віктар апусціўся і заціх. На іх шчасце, толькі што паваленае дрэва заглушыла голас Віктара. Людзі нічога не пачулі, падышлі і спыніліся каля таго стажка, на які ўчора ўзлазілі хлопцы.
Адзін з незнаёмцаў быў высокі, дужы, гадоў пад пяцьдзесят чалавек, з чорнай стрыжанай барадой і густымі чорнымі вусамі, якія апускаліся ўніз, як у маржа. Пад густымі бровамі глыбока сядзелі вузкія вочы, якія надавалі яму люты выгляд. На ім была кароткая шэрая, з грубага сукна, світка і высокія паляўнічыя боты, запэцканыя ў балоце да каленяў. За плячыма вісела стрэльба.
Яго таварыш быў маладзейшы і меў больш «гарадскі» выгляд. Высокі, тонкі, голены. На ім таксама былі высокія боты, а замест світкі — парусінавая накідка. Стрэльбы ў яго не было.
Кідалася ў вочы, што абодва наогул былі вельмі запэцканыя ў балота.
— Вось якое дрэва звалілі, — заўважыў малодшы.
— Гэткім чынам яны маглі разбурыць нашу хатку, — сказаў чорны. — Вось нарабілі б бяды.
— А яны тут былі? — запытаўся першы.
— А ліха іх ведае! Пакуль што, як бачыш, слядоў не відаць.
— Дык усё ж, нарэшце, як вырашым гэтую справу? — звярнуўся малады да свайго спадарожніка.
— І сам не ведаю, — задумаўся старэйшы. — Можа, дай Бог, яны самі загінулі.
— А калі не?
— Тады, мусіць, трэба ім дапамагчы, — крыва ўсміхнуўся чорны.
«Гэта ж, відаць, пра нас ідзе гутарка! — падумаў кожны з хлопцаў. — Але завошта? Што мы ім зрабілі?»
Яны зірнулі адзін на аднаго, але не паварушыліся. Справа была такая незразумелая і недарэчная, што хлопцы не хацелі верыць сваім вачам і вушам і чакалі, што зараз усё высветліцца.
— Кепска атрымліваецца, — казаў тым часам малодшы. — Калі яны выйдуць адсюль, дык усюды раструбяць аб гэтым кутку. Палезуць розныя вучоныя, возьмуць пад ахову гэтых баброў. Пачнуць пісаць у газетах. Да гэтага часу толькі ляснік адзін раз, узімку, наведваўся сюды, а тады кожны палезе. І нам прыйдзецца развітацца з гэтым надзейным прытулкам.
— Я ж і кажу, — буркнуў чорны.
— Але ж, з другога боку, яны нам зусім непатрэбныя.
— Чаго там шкадаваць савецкае насенне! — бліснуў вачыма чорны. — Нічога, акрамя карысці, не будзе, калі загінуць два бальшавіцкія гадаванцы.
— І то праўда, — уздыхнуў малады. — Наша справа важней за гэтых двух малакасосаў. А колькі нашага брата гіне ад іх! Хай не соваюць свой нос куды не трэба. Дзе яны цяпер?
— Там, каля возера.
— Значыцца, зробім такім чынам: яны, вядома, надзвычай будуць рады, калі ўбачаць нас; мы возьмемся іх вывесці, а там…
— Гэта зручна яшчэ і з другога боку: калі што якое, дык будуць думаць, што яны самі загінулі ў балоце, — дадаў чорны. — Можа, паглядзім цяпер, ці ўсё ў парадку?
— Потым паспеем, спачатку скончым гэтую справу, — адказаў малады.
Яны абмінулі грэблю і накіраваліся ў той бок, дзе была стаянка хлопцаў.
Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі.
— Слухай! — дрыжачым шэптам сказаў Віктар. — Скубані мяне за бок: можа, я сплю.
— Абодва разам не могуць бачыць адзін сон, — сказаў Мірон. — Гэта дзікая праўда. Што будзем рабіць? Ці ўцякаць, ці сядзець тут?
Віктар падумаў і сказаў:
— Гэта, мусіць, усё роўна: ці тут хавацца, ці дзе-небудзь. Абы толькі не трапіць ім на вочы.
— Шукаць яны нас не будуць, — заўважыў Мірон.
— Чаму так? — здзівіўся Віктар. — Якраз і будуць шукаць.
— Ты чуў, што яны казалі? — разважліва сказаў Мірон. — Мы ж іх сустрэнем з радасцю. Так яно і павінна было б быць. А калі мы іх не сустрэнем?
— Тады яны будуць нас шукаць.
— Так, ды не гэтак. Будуць крычаць, клікаць нас, нават страляць, каб мы самі прыйшлі да іх. Не могуць жа яны падумаць, што мы наўмысля хаваемся ад іх. Яны ж нашы «збаўцы».
— Але, — усміхнуўся Віктар.
— Калі мы не адгукнемся, то яны падумаюць, што мы загінулі. А шукаць, як уцекачоў, яны не павінны, не маюць падставы.
Гэтае разважанне крыху супакоіла абодвух. Іх задачай было толькі, як кажуць, сядзець і не рыпацца і такім чынам дачакацца, пакуль ворагі пойдуць з вострава.
Праз некаторы час сапраўды пачуўся стрэл.
— Клічуць нас! — засмяяліся хлопцы.
Пачуўся новы стрэл ужо ў другім месцы. Праз некаторы час данесліся крыкі. Крыкі то набліжаліся, то аддаляліся: відаць, бандыты хадзілі па ўсім лесе.
Нарэшце галасы пачалі набліжацца да хлопцаў, пачуўся хруст, і абодва чалавекі зноў выйшлі да грэблі.
— Мусіць, яны ў гэтым баку, — казаў адзін з іх.
— Усё ж такі дзіўна, што яны не адгукаюцца, — прамовіў другі. — Не можа быць, каб нашыя стрэлы і крыкі не былі чутны.
— Пагукаем яшчэ тут. Калі няма, значыцца, няма.
— Ці не маглі яны як-небудзь выйсці?
— Апрача таго месца, прайсці нідзе нельга, нават у самае сухое лета, — чуўся голас чорнага. —