У 1916 г. Пікасо, уражаны выглядам раненага на фронце Апалінэра, стварыў партрэт паэта: суровы твар, забінтаваная галава. Такога Апалінэра мастак бачыў упершыню. Паводле ўспамінаў сяброў, Апалінэр у жыцці быў вельмі вясёлы і дасціпны, да яго заўсёды цягнуліся людзі, ён быў у цэнтры шумных кампаній, дыскусій.

Цяжкае раненне зрабіла яго змрочным, тужлівым. «Смутак адной зоркі» — так пісаў паэт пра сябе.

У красавіку 1918 г. выйшла выдатная кніга міру і вайны «Каліграмы». У прысвячэнні Апаліпэр зазначыў: «Памяці старэйшага з маіх сяброў, Рэнэ Даліза, які загінуў на полі Чэсці 7 мая 1917 г.».

Глыбока хвалюе палымяная кніга салдата-артылерыста, які прайшоў праз траншэі першай сусветнай вайны і вынес адтуль нянавісць да яе жахаў і жорсткасцей. «Каліграмы» — гэта крык душы паэта.

У час другой сусветнай вайны паэзію Апалінэра ўзялі на ўзбраенне паэты-змагары французскага Супраціўлення.

Апалінэр сябраваў з людзьмі, якія цягнуліся да Расіі і любілі яе. Рэнэ Даліз, Андрэ Бійі, Макс Жакоб, Блез Сандрар, Андрэ Сальмон, Андрэ Рувэр — французскія пісьменнікі, якія бачылі ў Расіі ўвасабленне лепшых сваіх ідэалаў.

У жніўні 1917 г. быў надрукаваны верш Апалінэра «Да Луіджы Амаро». Там ёсць крылатыя словы:

Амаро, слухайце, Расія спявае Марсельезу!

Наватарскія традыцыі Апалінэра прыняла, як эстафету, прагрэсіўная французская паэзія нашага часу. У вершы «Перамога» ён звяртаўся да свайго сучасніка:

Ты разумееш радасць — бачыць новае?

Для самога паэта ў гэтай радасці быў сэнс жыцця. Прызванне паэта — быць разведчыкам будучыні. «Мы, шукальнікі, імкнёмся невядомы край адкрыць» (верш «Рыжая красуня»).

«Зорка Апалінэра» — так назвалі французскія паэты яго лёс.

Гэта сапраўды яркая, нягаснучая зорка. I хоць паэт пражыў усяго толькі трыццаць восем гадоў (ён памёр 9 лістапада 1918 г.), яго паэзія доўга будзе свяціць людзям.

У 1966 г. французскі літаратурны часопіс «Еўропа» (лістапад — снежань, 1966) усе свае старонкі прысвяціў Апалінэру. Яго літаратурныя нашчадкі пішуць: «Ён — не маг, не прарок, але ён — прадвеснік. У словах, якія застануцца жыць у будучыні, у яго марах, мы, яго сыны, знаходзім наша зерне».

Паэзія Апалінэра і само жыццё паэта захапілі мяне незвычайна. Багата душэўных сіл было аддадзена рабоце над перакладамі.

Для яго паэзіі характэрны складаныя, нечаканыя вобразы.

Часам пачатак верша нагадвае дрымучую пушчу. Як прабіцца праз яе? I раптам урываецца нечаканы радок, блісне крыніца, усё засвеціцца!

Апалінэр у 1912 г. адмовіўся ад знакаў прыпынку. Ён пісаў: «Знакі прыпынку — бескарысныя, бо сапраўдная пунктуацыя — гэта рытм і паўзы верша».

Але гэта неўласціва рускай, беларускай і наогул славянскай паэзіі. У беларускім перакладзе неабходна было ставіць знакі прыпынку, уважліва прыслухоўвацца да інтанацый апалінэраўскага верша.

Апалінэра нельга перакладаць адразу — верш за вершам. Кожны верш, кожная паэма патрабуюць ад перакладчыка напружанай думкі, пошукаў вобразаў, якія б зрабілі Апалінэра беларускім, але захавалі яго нацыянальны, французскі характар. Не ведаю, наколькі ўдалося гэта ажыццявіць…

Я працавала над кнігай тры гады і цяпер аддаю яе на твой строгі суд, дарагі чытач!

Эдзі Агняцвет

БЕСТЫЯРЫЙ АБО КАРТЭЖ АРФЕЯ

Элеміру Буржу

(1911)

ЧАРАПАХА

Чароўнай Фракіяй я захапіўся шчыра, — Звініць пад пальцамі маімі ліра. I цягнуцца жывёлы, якія маюць слых, Да ліры-чарапахі —                              да выдумак маіх.

КОНЬ

Мае настойлівыя мары сплятуцца з грываю тваёй, Фурманам добрым лёс мой будзе на калясніцы залатой; Нацягне лейцы зухавата верш-кур’ер I з месца — ўся паээія ў кар’ер.

ТЫБЕЦКАЯ КАЗА

Тыбецкая шэрсць і руно залатое Язону скруцілі жыццё маладое.
Вы читаете Зямны акіян
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату