незвычайны, вымушаны сродак: ударам па звязках, дзе перадплечча злучаецца з плячом, адсякаем руку нашаму камандзiру i, заткнуўшы рану жмутам ануч, каб кроплi крывi не выдалi нашых слядоў, пакiдаем абрубак, а Ламаха цягнем за сабой. Пакуль навокал трывала замяшанне, а мы былi ў страху ад шуму i навiслай небяспекi, гэты слаўны моцнай воляй муж, разумеючы, што бегчы з намi не зможа i заставацца яму немагчыма, настойлiва пераконвае нас, сардэчна просiць, заклiнаючы правай рукой Марса, вернасцю нашаму саюзу вызвалiць яго ад пакут i палону. 'Як можа жыць прыстойны разбойнiк, — казаў ён, — без рукi, якая забiвае i рабуе?' Ён лiчыў бы сябе шчаслiвым, калi б загiнуў ад рукi таварыша. Не здолеўшы ўгаварыць нiкога з нас на добраахвотнае бацьказабойства, выняў здаровай рукой свой меч, доўга яго цалаваў, а пасля моцным ударам убiў яго ўсярэдзiну сваiх грудзей. Тады мы, шануючы памяць нашага велiкадушнага камандзiра, ахуталi старанна яго цела палатняным плашчом i апусцiлi ў мора. Цяпер наш Ламах спачывае, пахаваны стыхiяй. Такая была яго смерць, вартая яго доблеснага жыцця.

12. А Алцiм не мог, нягледзячы на сваю вынаходлiвасць, даць рады волi злога лёсу. Узламаўшы дзверы ў нейкую хацiну, ён залез на другi паверх у спальню да соннай старой i замест таго, каб яе адразу прыкончыць, пачаў выкiдаць нам праз шырокае акно яе манаткi — адну рэч за другой, а мы iх падбiралi. Выкiнуўшы рэчы, ён захацеў забраць i пасцель, на якой ляжала старая. Вытрасшы яе з ложка i выцягнуўшы з-пад яе прасцiрадлы, наважыўся адправiць iх тым самым шляхам, але тая нягоднiца, павалiўшыся яму ў ногi, пачала ўпрошваць: 'Навошта ты, сынок, аддаеш маё беднае рыззё, тыя няшчасныя анучы, суседзям багацеям, на двор якiх выходзiць гэта акно?'

Ашуканы хiтрай i прытворнай мовай, Алцiм паверыў сказанаму i, баючыся, каб сапраўды праз памылку рэчы не трапiлi ў чужыя рукi, нахiлiўся праз акно паглядзець, якiя там жывуць суседзi. Калi ён так пiльна ўглядаўся, не падазраючы бяды, гэта старая, хоць i калека, хуткiм i нечаканым штуршком яго, перавешанага ў акне i занятага разгляданнем двара, спiхнула ўнiз галавой. Мала таго, што вышыня была вялiкая, ён звалiўся на вялiкi камень, што там ляжаў, i паламаў сабе скабы. Выплёўваючы на грудзi кроў, расказаў ён нам, што здарылася, а пасля, нядоўга памучыўшыся, развiтаўся з жыццём. За першым прыйшлося рабiць другое пахаванне — мы адправiлi яго следам за Ламахам.

13. Асiрацелыя ад дзвюх няўдач i баючыся далей шукаць шчасця ў Фiвах, мы накiравалiся ў суседнi горад Платэю. Там мы пачулi шмат пра нейкага Дэмыхара, якi рыхтаваўся наладзiць бой гладыятараў. Гэта быў чалавек знакамiтага роду, вельмi багаты i надзвычай шчодры, ён стараўся зрабiць, каб народная забава адпавядала па сваёй пышнасцi яго багаццю. Не ў кожнага знойдзецца столькi здольнасцi i красамоўства, каб адпаведнымi выразамi апiсаць розныя бакi складанай падрыхтоўкi да свята. Вось слаўныя сваёй сiлай гладыятары, вось спрактыкаваныя паляўнiчыя, а там асуджаныя на смерць злачынцы, падрыхтаваныя на адкорм дзiкiх звяроў. Апроч таго, узвышаюцца на палях машыны i вежы, пабудаваныя з дошак накшталт рухомага гмаху, упрыгожаныя яскравымi малюнкамi выдатныя сховiшчы для ўдзельнiкаў запланаванага палявання. А яшчэ ж такое мноства, такая разнастайнасць звяроў! Ён спецыяльна паклапацiўся прывезцi здалёк гэтыя хадзячыя пародзiстыя пахавальнi для асуджаных злачынцаў. Але найбольш з гэтага рыхтавання здзiўляла незвычайная колькасць вялiзных мядзведзяў, якiх ён здабываў, не шкадуючы затрат, дзе толькi мог. Не лiчачы тых, што былi злоўлены падчас яго паляванняў, не лiчачы тых, якiх ён купляў за вялiкiя грошы, яшчэ i сябры абдароўвалi яго медзвядзямi розных масцяў, а ён усiх iх добра кармiў, трацячы на гэта вялiкiя сродкi.

14. Аднак такая слаўная i такая незвычайная падрыхтоўка да ўсенароднай забавы не абышлася без згубнага ўмяшання Зайздрасцi. Ад доўгага жыцця ў клетках, стомленыя летняй спёкай i доўгiм сядзеннем без руху, мядзведзi раптам захварэлi на нейкую заразную хваробу i пачалi здыхаць. Ледзь не на кожнай плошчы можна было бачыць кiнутыя тушы — вынiк гэтай звярынай катастрофы. Тады просты люд, якi змушаны крайняй беднасцю не грэбаваць нiякай ежай для напаўнення свайго заўжды пустога страўнiка, пачынае збягацца да дармовага правiянту.

На падставе такой акалiчнасцi ў мяне i ў нашага слаўнага Эўбула з'явiўся хiтры план. Мы забiраем, быццам на яду, сама вялiкую тушу, акуратна ачышчаем шкуру ад мяса, пакiнуўшы кiпцюры i галаву звера, пасыпаем шкуру попелам i сушым на сонцы. А пакуль шкура дубiцца пад промнямi нябеснага свяцiльнiка, мы абжыраемся мясам i так размяркоўваем нашы абавязкi ў запланаванай справе, каб адзiн з нас, не так сама дужы, як сама адважны, i прытым цалкам добраахвотна, накрыўшыся гэтай скурай, стаў падобны да мядзведзiхi i, прыведзены ў дом Дэмахара, адчынiў нам уночы дзверы, праз якiя мы маглi б трапiць у памяшканне.

15. Шмат знайшлося адважных з нашай банды, якiм хацелася выканаць гэту хiтрую задуму, аднак агульным галасаваннем быў вылучаны Фразiляон — ён выцягнуў жэрабя на гэту рызыкоўную справу. З вясёлым тварам улез ён у шырокую шкуру, якая зрабiлася ўжо мяккай i гнуткай. Сшываем краi тонкiм шпагатам, а каб шво стала непрыкметным, ды яго i так не было вiдаць, напускаем на яго з усiх бакоў касмылi шэрсцi. Працiскаем галаву Фразiляона да горла звера, дзе была прарэзана шыя, i, зрабiўшы адтулiну для дыхання насупраць ноздраў i вачэй, садзiм нашага адважнага сябра ў клетку, якую мы купiлi за невялiкiя грошы. Пасля гэтай падрыхтоўкi мы занялiся далейшым выкананнем свайго плана.

16. Даведаўшыся, што нейкi Нiкамор родам з Фракii сябраваў з тым Дэмахорам, змастачылi ад яго iмя пiсьмо, у якiм напiсалi, што верны сябра высылае яму з удалага свайго палявання падарунак для ўпрыгожання свята. А як добра сцямнела, мы прыцягнулi Дэмахору клетку з Фразiляонам i перадалi яму наша фальшывае пiсьмо. Здзiўлены велiчынёй звера i ўсцешаны шчодрасцю сябра, якая была вельмi дарэчы, ён загадвае, каб нам, як пасрэднiкам у гэтай справе, адлiчылi з яго касы дзесяць залатых. Вядома, што кожная навiна абуджае ў людзях ахвоту паглядзець на цiкавае вiдовiшча, дык збеглася шмат народу да прывезенага звера, але наш Фразiляон неаднаразова спыняў залiшнюю цiкавасць пагрозлiвымi рухамi. Усе ў адзiн голас выслаўляюць шчасце i ўдачу Дэмахара, якi цяпер пасля паморку мядзведзяў з новым папаўненнем мог палепшыць свае справы. I вось ён загадвае завезцi звера зараз жа на свой хутар. Але тут умешваюся я.

17. 'Глядзiце, — кажу я, — шаноўны пане, цi варта адпраўляць змораную спёкай i далёкай дарогай жывёлiну ў гурт iншых звяроў, якiя, як я чуў, не зусiм здаровыя. Цi не лепш знайсцi тут дзе-небудзь каля дома вальнейшае месца, у якiм было б добрае паветра, а найлепш паблiзу сажалкi, дзе халадок. Цi ж невядома вам, што гэтыя звяры жывуць каля густых зараснiкаў, каля пячор i прыгожых крынiц?'

Перакананы такiмi доказамi i ўспомнiўшы пра нядаўнiя страты, Дэмахар згадзiўся паставiць клетку там, дзе мы задумалi.

'Мы маглi б, — працягваю я, — уночы спаць каля гэтай клеткi, каб у пару падаваць стомленаму зверу ежу i пiтво'.

'У гэтым, — адказаў ён, — няма патрэбы, амаль усе мае слугi прывычныя да мядзведзяў i ўмеюць iх даглядаць'.

18. Пасля гэтага мы развiталiся i пайшлi. Выйшаўшы за горад, мы бачым воддаль ад дарогi ў цiхiм, схаваным ад людскiх вачэй месцы, могiльнiк. Там адчыняем некалькi грабнiц, у якiх спачывалi спарахнелыя ўжо трупы, i рыхтуем месца на сваю здабычу. А пасля, заведзеным у нас звычаем, дачакаўшыся поўнай цемнаты, калi не свяцiў месяц, а людзей апанаваў моцны сон, мы выстройваем наш узброены мячамi атрад i, быццам па сiгнале, з'яўляемся каля варот Дэмахара.

Тым часам Фразiляон выходзiць у пэўны час з клеткi i забiвае мячом усiх сонных вартаўнiкоў, якiя былi побач, а пасля i брамнiка. Здабывае ключ, адчыняе браму i паказвае нам, калi мы ўварвалiся i запоўнiлi ўвесь двор, камору, у якой схавана багацце. Пасля таго як мы ўзламалi дзверы кладоўкi, я загадваю, каб кожны з нашых хапаў i нёс колькi зможа золата i серабра, хаваў яго ў падрыхтаваных намi былых кватэрах нябожчыкаў i чым хутчэй вяртаўся па наступную порцыю. А я сам павiнен быў застацца каля дома, каб пiльна, пакуль тыя не вернуцца, за ўсiм сачыць.

Здавалася, што толькi адзiн выгляд мядзведзiхi павiнен наводзiць страх на кожнага, хто быў у доме, бо, якi б нi быў адважны чалавек, сустрэўшыся з такой звярынай аграмадзiнай, асаблiва ўночы, пусцiўся б наўцёкi i зачынiўся б ад страху ў сваёй каморцы.

19. Аднак супраць такiх правiльных меркаванняў выступiла жорсткая няўдача. Пакуль я чакаў вяртання сваiх сяброў, нейкi заспаны служка, цi то занепакоены шумам, цi проста прачнуўшыся, вылазiць аднекуль i бачыць, што звер свабодна ходзiць па ўсiм доме. Ён цiхенька вяртаецца i расказвае, што бачыў. Праз нейкую хвiлiну ўвесь дом запоўнiўся чэляддзю, якой было там нямала. Загараецца мноства лямпаў, паходняў, свечак i розных iншых свяцiльняў, дык змрок рассейваецца. А натоўп гэтых людзей выйшаў не з голымi рукамi: хто з калом, хто з кап'ём, а хто з мячом, i пачалi ахоўваць выхады. Не забылiся i пра сабак —

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату