хваля, па сваёй добрай волi выяўляе сваю прыхiльнасць да народа, зносiцца з людзьмi. А мо зноў з новага насення нябесных свяцiлаў не мора, а зямля нарадзiла другую Венеру, абдараваную цветам дзявоцкасцi.

29. Такая думка штораз умацоўвалася, i пашыралася ўсё большая слава на моры, па астравах i па блiжэйшых правiнцыях.

Натоўпы людзей, не баючыся нi далёкай дарогi, нi марской стыхii, збягалiся да знакамiтага цуду. Людзi перасталi ездзiць у Пафас, каб пакланiцца Венеры, не падарожнiчалi ў Кнiд i нават на выспу Кiферу. Ахвяры станавiлiся радзейшымi, святынi заняпалi — святыя падушкi параскiданыя, абрады пагарджаюцца, выявы багоў не ўпрыгожваюцца гiрляндамi, алтары пусцеюць, пакрыўшыся халодным попелам. Да дзяўчыны пачынаюць звяртацца з малiтвамi i пад смяротнымi рысамi ўшаноўваць велiч несмяротнай магутнай багiнi. Калi з'яўлялася дзяўчына, людзi прыносiлi ёй дары i ахвяры ў iмя адсутнай Венеры. А калi яна праходзiла па плошчы, дык натоўп часта пасыпаў яе шлях вянкамi i кветкамi.

Гэта залiшняе перанясенне боскай пашаны на смяротную дзяўчыну моцна ўскалыхнула дух сапраўднай Венеры, дык у нецярплiвым абурэннi, патрасаючы галавой, гаворыць яна сама сабе:

30. 'Як я, старажытная мацi прыроды, родапачынальнiца стыхiяў, мацi ўсяго свету, Венера, зношу такое абыходжанне, што смяротная дзяўчына раздзяляе са мной каралеўскую пашану i маё iмя, запiсанае ў небе, апаганьваецца зямным брудам? Цi ж магу я раздзяляць сваю боскую пашану з гэтай заступнiцай, якая пад маiм iмем прымае збаўчыя ахвяры? Цi ж магу згадзiцца, каб смяротная жанчына насiла мой вобраз? Цi ж беспадстаўна слаўны пастыр, розум якога i справядлiвасць пацвердзiў сам Юпiтэр, вылучыў мяне за непараўнаную прыгажосць мiж iншых цудоўных багiнь? Ды не на радасць сабе прысвоiла тая самазванка, хто б яна нi была, мае пашаны! Я зраблю так, што яна раскаецца ў сваёй прыгажосцi!'

I тут жа клiча яна да сябе свайго крылатага сына, вельмi смелага хлапца, якi, згодна са сваiм норавам, грэбуючы ўсталяванымi парадкамi, узброены стрэламi i паходняй, бегае ўночы па чужых дамах, усюды разбурае сем'i i беспакарана ўчыняе розныя злачынствы, нiчым карысным не займаецца. Яго, ужо сапсаванага ад прыроды i неўтаймаванага, пабуджае нагаворамi, вядзе ў той горад i паказвае яму Псiхею (так звалася дзяўчына), расказвае ўсю гiсторыю аб спаборнiцтве ў прыгажосцi i, уздыхаючы, трасучыся ад абурэння, гаворыць:

31. 'Заклiнаю цябе повязямi матчынай любовi, сцiплымi ранамi тваiх стрэл, салодкiмi апёкамi твайго факела, адпомсцi за сваю мацi. Аддай поўнай мерай i жорстка адплацi нахабнай прыгажунi. Зрабi тое адзiнае, чаго мне больш за ўсё хочацца: няхай гэтая дзяўчына палымяна закахаецца ў апошняга з людзей, якому лёс адмовiў у паходжаннi, i ў маёмасцi, i ўва ўсiм iншым, у такую мiзэрнасць, што большай не знойдзеш на ўсiм свеце'.

Сказаўшы гэта, яна доўга i моцна цалуе сына i iдзе да блiзкага берага, абмыванага морам. I ледзь толькi ступiла ружовымi ступнямi ў пенную паверхню шумных хваль, як ужо спачывае на цiхай вадзе глыбокага мора. I ледзь толькi пажадала, як тут жа, быццам раней падрыхтаваная, з'явiлася марская свiта: дочкi Нерэя, спяваючы хорам, i Партун з ускалмачанай сiняй барадой, i Салацыя, фалды адзежы якой напоўнены рыбамi, i маленькi фурман дэльфiнаў Палемон. Тут i там скачуць па моры трытоны, адзiн далiкатна трубiць у ракавiну, другi распасцiрае ад сонечнай спёкi шаўковае пакрывала, трэцi падносiць да вачэй валадарнiцы люстэрка, а iншыя плаваюць на двухконных каляснiцах. Гэтакi натоўп праводзiў Венеру, калi яна рушыла ў бок Акiяна.

32. Тым часам Псiхея, пры ўсёй сваёй красе, не мела з яе нiякай карысцi. Усе любуюцца, усе ўслаўляюць, але нiякi цар, нi каралевiч, нi нават хто-небудзь з простага люду не iдзе да яе ў сваты. Дзiвяцца толькi на яе, як на боскую статую цi няземскую з'яву. Старэйшыя сёстры, якiя не вельмi славяцца прыгажосцю, даўно выйшлi замуж за прадстаўнiкоў царскага роду, а Псiхея, седзячы дома ў дзеўках, аплаквае сваю адзiноту, недамагаючы целам, з болем у душы i зненавiдзеўшы сваю прыгажосць, якая так усiх вабiла.

Тады гаротны бацька няшчаснай дзяўчыны, падумаўшы, што гэта знак нябеснай непрыхiльнасцi i баючыся гневу багоў, запытвае старое прадраканне мiлецкага бога i просiць у вялiкай святынi малiтвамi i ахвярамi мужа сваёй абяздоленай дачушцы. I вось Апалон, хоць i грэк i нават iанiец, дае прароцтва, з увагi на складальнiка мiлецкага апавядання, на лацiнскай мове:

33. 'Пастаў няшчасную дачку на ўскрай скалы высокай

I, як на пахаванне, на вяселле апранi.

Не знойдзецца, няшчасны бацька, зяць смяротны,

Ён будзе дзiкi i надзвычай люты, як дракон.

На крылах аблятае ён эфiр i ўсiх стамляе,

Наносiць раны ўсiм i полымем гарачым палiць.

Дрыжыць Юпiтэр перад iм, багi яго баяцца,

Наводзiць страх ён i на Стыкс, на змрочную падземную раку'.

Пачуўшы такi адказ найсвяцейшага прадказальнiка, раней шчаслiвы кароль едзе назад незадаволены, сумны i расказвае жонцы, што прадказаў яму злавесны вяшчун. Гаруюць яны i плачуць даволi доўгi час. Аднак нiчога не зробiш, даводзiцца выконваць злавесны загад няўмольнага лёсу.

Як да пахавання вядзецца перадвясельная падрыхтоўка няшчаснай дзяўчыны. Цьмяна гараць i чарнеюць ад сажы вясельныя факелы, гук вясельнай флейты пераходзiць у жалобны лiдыйскi напеў, i вясёлыя гiменеi канчаюцца жаллiвымi выкрыкамi, а маладая выцiрае слёзы шлюбным вэлюмам. Увесь горад спачувае горкай долi збедаванай сям'i, i з агульнай згоды выдаецца загад на ўсеагульную жалобу.

34. Аднак неабходнасць падпарадкавацца волi неба заклiкае бедную Псiхею да наканаванай пакуты. А калi ўсё было падрыхтавана да святкавання хаўтурнага шлюбу, рушыла ў дарогу пры ўсiм народзе, пры агульнай скрусе пахавальнае шэсце без нябожчыка. I заплаканую Псiхею вядуць не як да шлюбу, а як на ўласнае пахаванне. I калi збедаваныя i згараваныя бацькi замаруджвалi шэсце, сама дачка падбадзёрвае iх такiмi словамi: 'Навошта стамляеце сваю старасць доўгiм плачам? Не скарачайце свайго дарагога жыцця, якое я ахвотна прадоўжыла б за кошт свайго! Што памогуць гэтыя бяссiльныя слёзы, якiмi аблiваеце вы свае шанаваныя мною твары? Перастаньце! О, перастаньце! Не рабiце болю маiм вачам праз шкоду сваiм. Паберажыце свае сiвыя валасы i вашы такiя мне дарагiя грудзi. Iншай узнагароды за маю красу атрымаць вы не маглi. Позна апомнiлiся вы, прабiтыя смяротнымi ўдарамi ганебнай зайздрасцi. Калi народы i краiны выказалi нам боскую пашану, калi ўсе ў адзiн голас называлi мяне Венерай, тады трэба было лiць слёзы, тады трэба было аплакваць мяне як загiнуўшую. Бачу i адчуваю, што загубiла мяне iмя Венеры. Вядзiце мяне на скалу i пакiньце там, як прысудзiў мне злы лёс. Спяшаюся ўзяць гэты шлюб, спяшаюся ўбачыць майго высакароднага мужа. Навошта марудзiць, адцягваць прыход таго, што павiнна адбыцца?'

35. Сказаўшы гэта, дзяўчына замаўчала i цвёрдым крокам увайшла ў натоўп, якi яе суправаджаў. Iдуць да вызначанага абрыву высокай гары, ставяць на самым версе дзяўчыну, адыходзяць, пакiнуўшы вясельныя факелы, што асвятлялi дарогу, а цяпер пацямнелi i тухлi ад слёз i, спусцiўшы галовы, разыходзяцца па сваiх дамах. I няшчасныя бацькi, прыгнечаныя такой бядой, пагрузiлiся ў змрочную жалобу.

Тым часам Псiхея стаяла высока на вяршынi скалы зусiм адна i ў напружаннi чакала вырашэння свайга лёсу. Яна ўздрыгвала ад плачу i страху, калi ў нейкую хвiлiну адчула, што мякка ляцiць над зямлёю. Лёгкi подых Зефiра, ускалыхнуўшы адзенне, далiкатна падымае яе i спакойным павевам нясе з высокай скалы, а пасля, апускаючы ў глыбокую далiну, памалу кладзе на ўлоне квяцiстага лугу.

КНIГА ПЯТАЯ

1. Тут у адзiн момант пакiнулi Псiхею ўсе яе пакуты сумненняў i неспакою. Апынуўшыся на мяккай пасцелi з роснай расквечанай травы, яна хутка заснула. Пасля доўгага падбадзёрлiвага сну прачнулася i ўстала весялейшая. Якi ж цудоўны вiд паўстаў перад яе вачыма! Яна знаходзiлася ў гаi, парослым рознымi высокiмi цянiстымi дрэвамi, памiж якiмi, ападаючы са скал i вывiваючыся, далiкатна журчаў пад серабрыстым туманам крыштальна чысты струмень. Пасярод гаю на зялёным беразе ўзвышаўся збудаваны не чалавечымi рукамi, а мастацтвам багоў прыгожы палац. Увайшоўшы туды, пазнаеш адразу, што перад табой светлы i чысты хорам аднаго з багоў. Выгнутая столь, цудоўна выкладзеная туяй i слановай косцю, абапiралася на залатыя калоны, усе сцены былi абкладзеныя чаканеным серабром з выявай дзiкiх звяроў i розных жывёлiн,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату