цвёрдымi, горы расплавiць, нябожчыкаў узняць, багоў звесцi, зоркi патушыць i нават тартар асвятлiць!' 'Даволi, — кажу, — апусцi гэту трагiчную заслону i складзi сваю тэатральную шырму, гавары па- людску'.

'Хочаш, — пытаецца, — пра адну, пра дзве, ды што там! аб процьме штук яе паслухаць? Выклiкаць любоў да сябе не толькi жыхароў гэтага краю, але Iндыi, абедзвюх Эфiопiяў i нават антыхтонаў — ёй глупства, дзiцячыя забаўкi! Але паслухай, што яна зрабiла на вачах у многiх людзей.

9. Свайго палюбоўнiка, якi асмелiўся пакахаць другую жанчыну, адным словам абярнула ў бабра, бо гэты звер, калi яму пагражае небяспека быць злоўленым, абрывае свае палавыя органы. Яна спадзявалася, што i з iм, за тое, што панёс каханне набок, здарыцца нешта падобнае. Суседняга карчмара, свайго канкурэнта, ператварыла ў жабу. I вось цяпер гэты стары запрашае сваiх даўнейшых клiентаў хрыплым кваканнем, плаваючы ў вiннай бочцы. Аднаго юрыста, якi выказаўся супраць яе, зрабiла бараном, i вось той так бараном i вядзе справы. А яшчэ: жонка аднаго яе палюбоўнiка аднойчы яе аблаяла, а сама была цяжарная, дык тая зачаравала яе на вечную цяжарнасць, стрымаўшы зародак i замкнуўшы ёй чэрава. Кажуць, што ўжо восем гадоў ходзiць тая бядачка з вялiзным жыватом, быццам павiнна нарадзiць слана.

10. Гэта апошняе злачынства i зло, якое працягвала яна прычыняць людзям, выклiкалi агульнае абурэнне, дык было пастаноўлена аднаго дня набiць яе назаўтра каменнем. Аднак яна сiлай заклiнанняў разбурыла гэты план помсты. Як тая славутая Медэя, выпрасiўшы ў Крэонта адзiн дзянёк адтэрмiноўкi, усю яго сям'ю, i дачку, i самога старога спалiла полымем ад свайго вянка, так i гэта, правёўшы над ямай пахавальныя маленнi (як мне аднойчы сама, будучы ў хмелi, расказала), пры дапамозе тайнага гвалту над багамi ўсiх жыхароў замкнула ў iхнiх памяшканнях так, што два днi не маглi яны нi збiць замкоў, нi дзвярэй выламаць, нi нават сцен прасекчы, аж пакуль з агульнай згоды не пачалi прасiцца, кленучыся, што не толькi не зробяць ёй благога, але нават дапамогуць ёй, калi хто-небудзь супроць яе выступiць. На гэтых умовах яна злiтавалася i горад вызвалiла. А пачынальнiка гэтай задумы глухой ноччу запёртага, як ён быў, з усiм домам, сценамi, з грунтам, з падмуркам перанесла за сто мiль у другi горад, змешчаны на вяршынi крутой гары i дзеля таго цалкам бязводнай. А калi выявiлася, што там будынкi мясцовых жыхароў стаялi вельмi шчыльна i не было яму месца, дык кiнула дом перад гарадской брамай i вярнулася дамоў'.

11. 'Дзiўныя ты мне, — кажу, — Сакрат, i не меней жудасныя справы расказваеш, ажно ўвагнаў мяне ў неспакой, а нават страх, каб твая старая, выкарыстаўшы паслугi якога-небудзь бажка, не даведалася пра нашу гутарку. Давай хутчэй ляжам спаць i, адпачыўшы, яшчэ да свету выберамся адгэтуль чым найдалей!'

Я яшчэ прадаўжаў свае разважаннi, а мой добры Сакрат ужо спаў i хроп, стамiўшыся за дзень i выпiўшы вiна, ад якога адвык. Тады я замыкаю пакой, правяраю засаўкi, шчыльна прыстаўляю ложак да дзвярэй, каб загарадзiць уваход, i кладуся. Спярша ад страху не сплю даволi доўга, а пасля каля трэцяй варты вочы пачынаюць памалу злiпацца.

Ледзь толькi я заснуў, як раптам з такiм грукатам, што i разбойнiкi не нарабiлi б, дзверы расхiнулiся цi, правiльней кажучы, былi вывернутыя i сарваныя з крукоў. Мой ложак, кароценькi, гнiлы i трохногi, валiцца ад гэтага напору на мяне i, ляжачага на зямлi, цалкам сабой прыкрывае.

12. Тут я зразумеў, што некаторыя ўражаннi выклiкаюць супярэчлiвыя паслядоўнасцi. Як часта бываюць слёзы ад радасцi, так вось i я, ператварыўшыся з Арыстамена ў чарапаху, у такiм жахлiвым становiшчы не мог паўстрымацца ад смеху. А покуль што ляжу на зямлi пад сваiм ложкам i крадком гляджу, што будзе далей. Бачу дзвюх пажылых жанчын. Адна з iх нясе запаленую лямпу, а другая губку i аголены меч. Вось яны спыняюцца каля Сакрата, якi моцна спаў. Пачынае тая, што з мячом: 'Вось, сястра Панцiя, мой дарагi Эндзiмiён, мой падчашы, якi днi i ночы цешыўся маiмi маладымi гадочкамi, той, што маiм каханнем пагарджаў i не толькi мяне чарнiў, але i задумаў навек ад мяне ўцячы. А я, значыцца, як тая хiтрым Улiсам пакiнутая Калiпса, буду аплакваць вечную адзiноту'. А пасля, прасцёршы руку i паказваючы сваёй Панцii мяне, працягвала: 'А вось добры дарадчык, Арыстамен, што падбiў яго на ўцёкi, якi ледзь жывы ляжыць цяпер на зямлi, з-пад ложка пазiрае на нас i спадзяецца застацца непакараным за нанесеную мне абразу! Але я паклапачуся, каб ён неўзабаве, ды не! зараз жа, нават у гэтую хвiлiную атрымаў кару за ўчарашнюю балбатню i за сягонняшнюю цiкавасць!'

13. Пачуўшы гэта, я аблiўся халодным потам, i ўсё маё нутро закалацiлася, ажно да маiх неспакойных дрыжыкаў ложак затанцаваў на маёй спiне. А добрая Панцiя кажа: 'А чаму б нам, сястра, перш за ўсё не растрыбушыць яго, як гэта робяць вакханкi, або, звязаўшы рукi i ногi, не вылегчаць?' У адказ ёй Мяроя (угадаў цяпер яе iмя, бо з расказаў Сакрата можна было здагадацца) адказвае: 'Не, пакiнем яго жывога, каб было каму жменяй пяску засыпаць цела гэтага няшчаснага'. I, павярнуўшы Сакратаву галаву, убiла яму ў левы бок шыi свой меч аж па дзяржальна, а кроў, што выцякала, старанна сабрала ў прыстаўленую да раны торбачку так, каб нi адна кропля не магла ўпасцi. Я гэта бачыў на свае вочы.

Пасля, думаю, дзеля таго, каб не прапусцiць нiчога з абраду ахвяравання, добрая Мяроя, запусцiўшы правую руку глыбока ў рану аж да вантробаў, пакапалася там i выняла сэрца майго няшчаснага сябра. З яго рассечанага горла вырваўся нейкi невыяўны хрыпаты гук, i Сакрат выпусцiў дух. Затыкаючы тую раскрытую рану губкай, Панцiя сказала: 'Бойся, губка, народжаная ў моры, перапраўляцца праз раку'.

Пасля гэтага, адсунуўшы ложак i расставiўшы нада мною ногi, яны пачалi мачыцца, аж пакуль усяго мяне не залiлi смярдзючай мачой.

14. Як толькi яны пераступiлi парог, бачу, падымаюцца дзверы на сваё ранейшае месца, становяцца ў шулы i гнёзды, засаўкi вяртаюцца на свае месцы. А я як быў, так i застаўся распасцёрты на зямлi, амаль без дыху, голы, змерзлы, залiты мачой, як быццам толькi што выйшаў з чэрава мацi, або паўмёртвы, якi перажыў самога сябе, цi злачынец, якому ўжо падрыхтавана шыбенiца.

'Што, — сказаў я, — будзе са мной, як заўтра рана людзi ўбачаць гэтага зарэзанага? Хто паверыць мне, хоць я i буду гаварыць праўду?' 'Няхай бы, скажуць, — клiкаў на дапамогу, калi ты такi здаравенны мужчына не мог справiцца са старой бабай. На тваiх вачах рэжуць чалавека, а ты маўчыш! Чаму ж ты сам не загiнуў пры гэтым? Чаму лютая жорсткасць злiтавалася над сведкам злачынства i даносчыкам? Аднак хоць ты пазбегнуў смерцi, але далучайся да свайго сябра!'

Зноў i зноў прыходзiлi мне ў галаву такiя думкi, а тым часам ноч наблiжалася да ранiцы. Найлепш, здалося мне, яшчэ перад свiтаннем выбрацца крадком i пусцiцца ў дарогу. Бяру свой клунак i, уставiўшы ў адтулiну ключ, стараюся адсунуць засаўку. Аднак гэтыя пiльныя дзверы, якiя ўночы самi адчынялiся, толькi пасля доўгага важдання з ключом вельмi неахвотна далi мне дарогу.

15. Я крыкнуў: 'Гэй, ёсць там хто? Адчынiце мне брамку ад двара, я хачу перад свiтаннем выйсцi!'

Вартаўнiк, якi спаў пры браме на зямлi, спрасонку кажа: 'Цi ты не ведаеш, што на дарогах неспакойна ад разбойнiкаў? Чаму выпраўляешся ўночы ў дарогу? Калi на тваiм сумленнi цяжкi грэх, што ажно хочаш памерцi, дык i ў нас жа галовы не гарбузы, каб праз цябе памiраць!'

'Хутка, — кажу, — будзе свiтаць. Ды што могуць адабраць разбойнiкi ў такога беднага вандроўнiка? Цi ж ты, дурань, не ведаеш, што голага абабраць нават дзесяцi асiлкам не ўдасца?'

На гэта ён, засынаючы i павярнуўшыся на другi бок, ледзь варушачы языком, балбоча: 'Адкуль мне знаць, можа, ты зарэзаў свайго сябра, з якiм вечарам прыйшоў начаваць, i хочаш цяпер ратавацца ад адказнасцi ўцяканнем?'

Калi пачуў я гэта, мне здалося, што зямля расшчапiлася да самага тартара i галодны Цэрбер гатоў мяне растрыбушыць. Тады я зразумеў, што добрая Мяроя не з лiтасцi мяне не зарэзала, а з наўмыснай жорсткасцю пакiнула на ўкрыжаванне.

16. Вярнуўшыся ў пакой, я пачаў думаць, як мне развiтацца з жыццём. А паколькi лёс не даваў мне ў рукi нiякага прадмета смерцi, апроч ложка, дык я звярнуўся да яго: 'Ложак мой, ложак, дарагi майму сэрцу, ты столькi са мной перацярпеў, ты ведаеш, што здарылася ўночы, аднаго цябе магу я назваць сведкам маёй невiнаватасцi. Зрабi мне лягчэйшаю дарогу ў пекла!' Гаворачы гэта, адрываю вяроўку, якая была там нацягнута, i, закiнуўшы яе i замацаваўшы за канец кроквы, што выступаў над акном, на другiм канцы раблю моцную пятлю. Узыходжу на ложак i на сваю загубу, высока падняўшыся, усоўваю ў тую пятлю галаву. Але, як толькi адштурхнуўся я нагой, каб пад цяжарам цела пятла зашмаргнулася каля горла i спынiла дыханне, раптам вяроўка, што была ўжо старая i гнiлая, абрываецца, i я валюся зверху на Сакрата, якi ляжаў побач, i, падаючы, разам з iм качуся на зямлю.

17. Якраз у гэту хвiлiну ўрываецца вартаўнiк i крычыць на ўсё горла: 'Дзе ж ты падзеўся? Хацеў сярод

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату