ночы iсцi, а цяпер храпеш тут, ухутаўшыся!'

Тут Сакрат, разбуджаны цi нашым падзеннем, цi тым раз'юшаным крыкам вартаўнiка, ускочыў перш за мяне i кажа: 'Нездарма ўсе пастаяльцы ненавiдзяць гэтых карчмароў! Вось нахабнiк урываецца сюды, каб, пэўна, што-небудзь стырыць i мяне стомленага будзiць з глыбокага сну сваiм гарлапанствам'. Я весела i бадзёра ўскокваю, напоўнены нечаканым шчасцем, i выкрыкваю: 'Ну глядзi, звышмудры вартаўнiк, цi забiты ён, мой верны спадарожнiк, мой брат, мой бацька! А ты ж сп'яна балбатаў, што я яго забiў!'

I з гэтымi словамi, абхапiўшы Сакрата за шыю, я пачаў яго цалаваць. Аднак назойлiвы смурод ад нечысцi, якой мяне тыя ламii залiлi, даў яму ў нос, i ён моцна мяне адпiхнуў. 'Адчапiся, — кажа, — ты смярдзiш, як начны гаршчок!' I весела пачаў мяне распытваць, адкуль гэты смурод. А я, няшчасны, адмахнуўшыся так-сяк наспех прыдуманым жартам, бяру яго пад руку i кажу:

'Хадзем! Чаму б нам не скарыстаць для падарожжа ранiшнi халадок?' Забiраю свой клунак, i, расплацiўшыся з карчмаром, выпраўляемся ўдвух у дарогу.

18. Былi мы ўжо даволi далёка, калi ўзышло сонца i зрабiлася вiдна. Цяпер я ўважлiва разглядаў шыю майго сябра, тое месца, куды, як я сам бачыў, уваткнулi меч, i сам сабе падумаў: 'Дурань, да чаго ж ты быў напiўся, калi табе прымроiлiся гэтакiя дзiвосы! Вось Сакрат цэлы i здаровы. Дзе яго рана? Дзе губка? I дзе нарэшце той свежы i глыбокi шрам?' Пасля кажу яму:

'Нездарма спрактыкаваныя медыкi лiчаць, што цяжкiя кашмарныя сны з'яўляюцца вынiкам абжорства i п'янства! Напрыклад, учора я лiшне разоў прыкладваўся да кубка, i вось была ў мяне жудасная ноч са страшнымi кашмарамi. Да гэтага часу мне здаецца, быццам увесь я залiты i апаганены людской крывёю'. На гэта ён адказаў з усмешкай: 'Не крывёю, а мачой! Ды i мне самому снiлася, быццам мяне зарэзалi. I горла балела, i здавалася, што сэрца з мяне выдзiраюць. Нават i цяпер духу не хапае i каленi трасуцца, крок вялы i на падмацаванне хочацца чаго-небудзь з'есцi!'

'Вось табе, — кажу, — снеданне!' I адначасова здымаю з плячэй свой ранец i падаю яму хлеб i сыр.

'Давай, — кажу яму, — сядзем тут пад гэтым платанам'.

19. Мы селi i пачалi разам сiлкавацца. Гляджу я на яго, як ён прагна есць, i бачу, што рысы яго твару завастраюцца, твар смяртэльна бляднее i сiлы пакiдаюць яго. Жывы колер твару так адмянiўся, што мне здалося, быццам зноў наблiжаюцца да нас начныя фурыi, i ад страху адкушаны мною хоць i маленькi кавалачак хлеба засеў у мяне ў горле i не мог нi апусцiцца ўнiз, нi падняцца ўверх. На дарозе было мала прахожых, i мяне апанаваў страх. Хто ж паверыць, што забойства аднаго з двух падарожных адбылося без удзелу другога?

А мiж тым Сакрат, наеўшыся ўдосталь, адчуў смагу. Ён жа з'еў добрую палову дабрэннага сыру. Паводдаль ад платана працякала цiхая рэчка, падобная на стаў, што блiшчыць, як шкло або серабро.

'Вунь, — кажу, — праганi смагу жывой вадкасцю гэтай крынiцы'. Ён устае, скiдае з сябе верхнюю вопратку, знаходзiць зручнае месца на беразе, становiцца на каленi i, нахiлiўшыся, прагна цягнецца да вады. Але, як толькi ён дакрануўся да плынi, рана на яго шыi адкрываецца, губка выпадае з яе, i разам з ёй i некалькi кропель крывi. Амярцвелае цела звалiлася б у ваду, каб я, схапiўшы за нагу, з вялiкай цяжкасцю не выцягнуў яго на высокi бераг. Тут я, аплакаўшы свайго няшчаснага спадарожнiка, засыпаў яго навек зямлёй. А сам у вялiкiм страху, трасучыся за сваю бяспеку, уцякаю i рознымi пустэльнымi i кружнымi шляхамi, быццам я сапраўды забiў чалавека, мiнаю радзiму i родны дом, добраахвотна зрабiўшыся выгнанцам. Цяпер, ажанiўшыся, зноў жыву ў Этолii'.

20. Вось што расказаў Арыстамен.

Аднак ягоны спадарожнiк, якi з самага пачатку недаверлiва ставiўся да апавядання i не хацеў яго слухаць, сказаў:

'Няма большай выдумкi i бязглуздзiцы, чым гэтая мана!' Пасля звярнуўшыся да мяне: 'I ты, з вопраткi i выгляду адукаваны чалавек, верыш гэтым казкам?'

'Я, — адказваю яму, — нiчога не лiчу немагчымым, i па-мойму, усяляк можа са смяротным чалавекам здарыцца. I са мной, i з табой, i з кожным iншым здараюцца дзiўныя i амаль неймаверныя справы, якiм, калi расказаць iх недасведчанаму, нiхто не паверыць. Але я клянуся Геркулесам, што гэтаму чалавеку веру i ўдзячны яму вялiкай удзячнасцю за тую асалоду, якую ён нам зрабiў цiкавай гiсторыяй. Я без натугi асiлiў гэту цяжкую i доўгую дарогу. Здаецца нават, што i конь мой цешыцца, што, не турбуючы яго, я да самых гарадскiх варот даехаў на сваiх вушах'.

21. Тут закончылася наша падарожжа i разам з тым наша гутарка, бо абодва мае спадарожнiкi павярнулi ўлева да недалёкага хутара, а я, увайшоўшы ў горад, падышоў да першай, якая мне трапiлася, карчмы i пачаў распытваць пажылую гаспадыню. 'Гэты горад, — кажу, — называецца Гiпата?' Яна пацвердзiла. 'Цi не ведаеш ты Мiлона, аднаго з найбольш знатных тут людзей?' Яна засмяялася. 'Сапраўды, — кажа, — найпершым грамадзянiнам тут лiчыцца Мiлон. Яго ж дом сама першы за гарадскiмi варотамi'. — 'Пакiнь жарты, добрая цётка, i скажы, калi ласка, што ён за чалавек i дзе жыве?' — 'Бачыш, — кажа, — крайнiя вокны, што глядзяць на горад, а з другога боку побач брама на завулак выходзiць? Там гэты Мiлон i жыве. Гэта страшэнны багацей, набiты грашыма, але скупы да крайнасцi i ўсiм вядомы як чалавек сама подлы i крывадушны. Ён займаецца лiхвярствам, пад заклад золата i серабра дзярэ вялiкiя працэнты, адданы толькi нажыве, запёршыся ў сваёй хаце, жыве там з жонкай, якая раздзяляе з iм ягоную прагавiтасць. Ён трымае толькi адну служанку i заўсёды ходзiць, як жабрак'. На гэта я, засмяяўшыся, падумаў: вось дык карысную i прадбачлiвую рэкамендацыю даў мне на дарогу Дамея. Да такога чалавека ён мяне накiраваў, у гасцiнным доме якога не трэба будзе баяцца нi чаду, нi кухоннага смуроду.

22. Дом аказаўся побач, я падыходжу i пачынаю стукаць i крычаць у наглуха зачыненыя дзверы. Нарэшце нейкая дзяўчына адзываецца. 'Гэй, ты, — кажа, — чаго грукочаш у дзверы? Пад якi заклад хочаш узяць пазычку? Хiба ты адзiн не ведаеш, што, апроч золата i серабра, у нас нiчога не прымаюць?' 'Пазыку? Ну не. Зыч мне, — кажу, — чаго-небудзь лепшага i хутчэй кажы, цi ўдому твой гаспадар?' 'Вядома, — адказвае яна, — а навошта ён табе патрэбен?' 'Я прынёс яму пiсьмо ад Дамеi з Карынфа'. 'Зараз далажу, — адказвае, — пачакай мяне тут'. Сказаўшы гэта, зноў замкнула дзверы i пайшла. Праз некалькi хвiлiн адчынiла i кажа: «Запрашаюць».

Уваходжу i бачу, што гаспадар ляжыць на канапцы i збiраецца палуднаваць, а каля ягоных ног сядзiць жонка. Ён паказаў мне пустое крэсла. 'Вось, — кажа, калi ласка'. 'Дзякую', — кажу i перадаю яму пiсьмо ад Дамеi. Хутка прачытаўшы яго, ён кажа: 'Я ўдзячны майму Дамеi за тое, што ён прыслаў мне такога гасця!'

З гэтымi словамi ён загадвае жонцы адступiць мне сваё месца. Калi я пачаў сцiпла адмаўляцца, ён схапiў мяне за крысо. 'Сядай, — кажа, — другiх крэслаў у мяне няма. Мы асцерагаемся злодзеяў i таму не набываем рэчаў у дастатковай колькасцi'. Я выканаў ягонае жаданне. Тады ён кажа: 'I па далiкатнай манеры трымацца, i па гэтай амаль дзявочай сцiпласцi я зрабiў вывад, што ты нашчадак высакародных продкаў, i мой Дамея ў сваiм пiсьме мне тое самае паведамляе. Дзеля гэтага, прашу, не грэбуй сцiпласцю нашай хацiны. Вось гэты пакой побач будзе табе досыць прыстойнай кватэрай. Будзь ласкавы, спынiся ў нас. Гонар, якi зробiш майму дому, узвысiць яго, а табе надарыцца магчымасць iсцi за слаўным прыкладам: задавальняючы сябе сцiплым памяшканнем, ты будзеш пераймаць Тэзея, знакамiтага цёзку твайго бацькi, якi не пагрэбаваў простай гасцiннасцю старой Гекалы. — I, паклiкаўшы прыслужнiцу, кажа: — Фацiда, забяры рэчы госця i палажы iх асцярожна ў той пакой. Пасля прынясi з каморы алею для нацiрання, ручнiк выцерцiся i ўсё iншае, а таксама звадзi майго госця ў лазню, бо ён стамiўся пасля такой далёкай i цяжкай дарогi'.

24. Слухаючы гэтыя загады, я ўспомнiў пра характар i скупасць Мiлона i, маючы намер цясней з iм зблiзiцца, кажу: 'У мяне ёсць усё неабходнае для падарожжа. I лазню я сам знайду. Галоўнае, каб мой конь, якi так усю дарогу стараўся, не быў галодны. Вось вазьмi, Фацiда, гэтыя грошы i купi за iх аўса i сена'.

Калi рэчы былi зложаны ў маiм пакоi, я накiраваўся ў лазню, але перш трэба было паклапацiцца аб харчах, дык iду на рынак. Бачу шмат разложанай дабрэннай рыбы. Пачаў таргавацца, i замест ста нумаў мне адпусцiлi яе за дваццаць дынараў. Я ўжо збiраўся iсцi, ды нечакана сустракаю свайго сябра Пыфiя, з якiм калiсьцi вучыўся ў атыцкiх Афiнах.

Спярша ён досыць доўга не пазнае мяне, а пасля кiдаецца да мяне, абымае i сардэчна цалуе. 'Ах мой Луцый, — кажа, — як доўга мы з табой не бачылiся, сапраўды, ад таго часу, як рассталiся з Клiцiем, нашым настаўнiкам. Што занесла цябе сюды?' 'Заўтра, — кажу, — даведаешся, але што гэта? Цябе можна павiншаваць? Вось i лiкраты, i розгi — увесь чыноўнiчы набор!' 'Харчамi займаемся, — адказвае, — i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату