31. Тут, як помню, над маiм жыццём павiсла страшная небяспека. Адзiн селянiн прыслаў свайму гаспадару, у якога мы спынiлiся, частку сваёй паляўнiчай здабычы — вялiкi сыты аленевы кумпяк. Праз неасцярожнасць павесiлi яго паблiзу кухонных дзвярэй, i нейкi сабака, таксама пэўным чынам паляўнiчы, сцягнуў яго i, пакуль нiхто не заўважыў, пастараўся адвалачы яго як найдалей i як найхутчэй.

Заўважыўшы прапажу i дакараючы самога сябе за недагляд, кухар доўга пралiваў слёзы, а пасля, прыгнечаны тым, што гаспадар можа запатрабаваць абед, i наогул страшэнна напалоханы, развiтаўся са сваiм малечай-сынам i, узяўшы вяроўку, збiраўся павесiцца. Гэта не засталося незаўважаным ягонай жонкай. Ухапiўшыся моцна за праклятую пятлю, яна гаворыць: 'Няўжо ты так напалохаўся гэтага няшчасця, што зусiм страцiў розум i не бачыш простага выйсця, якое пасылае табе боскае наканаванне? Калi ў гэтай тваёй роспачы, пасланай табе лёсам, захаваў ты хоць кроплю здаровага розуму, дык слухай мяне ўважлiва. Завядзi гэтага чужога асла ў якое-небудзь патаемнае месца i там зарэж. А пасля аддзялi кумпяк, каб ён быў падобны да таго, што прапаў, прыгатуй яго чым найлепш i найсмачней з падлiўкай i падай гаспадару замест аленевага'. Нягоднаму махляру ўсмiхнулася думка выратавацца цаной майго жыцця. Дык горача падзякаваўшы сваёй жонцы за кемлiвасць, ён пачаў вастрыць нож для жывадзёрства, якое лiчыў ужо немiнучай справай.

КНIГА ДЗЕВЯТАЯ

1. Так нягодны крывапiвец рыхтаваў супраць мяне зброю, а я ў той небяспечны час разумеў, што мне трэба прыняць нейкае рашэнне, дык, не трацячы дарагiх хвiлiн, палiчыў за найлепшае ратавацца ўцёкамi. Парваў вяроўку, якой быў прывязаны, i з усiх сiл пусцiўся бегчы, раз за разам для большай бяспекi брыкаючыся. Хутка праскочыўшы праз порцiк, улятаю ў сталовую, дзе гаспадар частаваў жрацоў багiнi, i з разгону пераварочваю некалькi бяседных сталоў, i б'ю пры гэтым шмат посуду.

Разгневаны такiм пагромам гаспадар загадвае мяне, рэзвую i наравiстую жывёлiну, завесцi i замкнуць у якiм-небудзь надзейным месцы, каб я зноў не парушыў бяседы сваiм буйным з'яўленнем. Спрытна ўратаваўшыся такой хiтрай выдумкай i вырваўшыся з рук ката, я цешыўся, што трапiў пад замок.

Ды праўду кажуць, што Фартуна нiколi не дазваляе чалавеку, якi нарадзiўся ў няшчасную хвiлiну, зрабiцца ўдачнiкам. Пагiбельнае наканаванне боскай волi не можа быць адменена нi разумным рашэннем, нi мудрай засцярогай. Гэтак i ў маёй справе: тая выдумка, што хвiлiну раней, здавалася, выратавала мяне ад небяспекi, стала для мяне надзвычай небяспечнай i ледзь не давяла да сапраўднай загубы.

2. Тым часам, гэта я пазней даведаўся з гутаркi слуг, у сталовую ўбягае нейкi хлапчук i, трасучыся, з перакошаным тварам дакладвае гаспадару, што ў iхнi двор праз заднюю брамку ўварваўся з суседняга завулка кручаны сабака. Ён накiнуўся на паляўнiчых сабак, а пасля ўскочыў у стайню i там раз'юшана напаў на жывёлу, а нават не абмiнуў i людзей. Моцна пакусаў паганятага Мiрцiла, кухара Гефесцiёна, спальнiка Гiпацiя, лекара Апалонiя i шмат iншых слуг, якiя хацелi яго прагнаць. Ужо некаторыя з пакусаных жывёлiн пачынаюць праяўляць несумненныя прыкметы шаленства.

Гэта вестка моцна ўсiх усхвалявала, бо яны падумалi, што i я буянiў з гэтай самай прычыны. I вось, узброiўшыся хто чым мог, гоняцца яны за мной, самi звар'яцелыя. I, несумненна, разнеслi б яны мяне сваiмi дзiдамi, рагацiнамi i двухсечнымi сякерамi на кавалкi. Але я, зразумеўшы ўсю небяспеку гэтай грознай хвiлiны, кiнуўся ў пакой, дзе размясцiлiся мае гаспадары. Тады яны зачынiлi дзверы, каб пазбегнуць сутычкi са мной i не наклiкаць на сябе бяды, i пакiнулi мяне аднаго. Яны вырашылi, што я там памалу з прычыны невылечнай немачы шаленства выпушчу дух. Гэтак нарэшце быў мне дадзены супакой, i я, атрымаўшы шчаслiвую магчымасць застацца зноў у адзiноце, кiнуўся на падрыхтаваную пасцель i заснуў па-людску, як не спаў ужо шмат часу.

3. Было ўжо зусiм вiдно, калi я, адпачыўшы на мяккай пасцелi, бадзёра ўскокваю i чую, як тыя, што правялi ноч без сну на варце, пiльнуючы мяне, гавораць пра мой лёс: 'Няўжо гэты няшчасны асёл да гэтай пары не ачуняў ад шаленства?' 'Магчыма, што праз той наскок яд з яго выдыхнуўся…'

Каб пакласцi канец няпэўнасцi, вырашылi праверыць, што я раблю, i, зазiрнуўшы ў нейкую шчылiнку, бачаць, што я зусiм здаровы, стаю на нагах. Тады яны, адчынiўшы як найшырэй дзверы, хочуць праверыць, цi сапраўды стаў я свойскiм. Адзiн з iх, проста небам пасланы мне выратавальнiк, прапануе iншым такi спосаб праверкi майго здароўя: даць мне выпiць поўнае вядро вады. Калi я буду пiць адразу, значыць, я здаровы i хвароба мая мiнула бясследна, а калi наадварот, пачну ў страху ўхiляцца ад вады, тады, несумненна, шаленства яшчэ працягваецца. Такi спосаб праверкi перададзены нам старажытнымi кнiгамi i шырока выкарыстоўваецца.

4. Гэта прапанова спадабалася, i зараз жа быў прынесены з крынiцы кубелец празрыстай вады i з асцярожнасцю пастаўлены перада мной. А я, не марудзячы, iду сам насустрач, усоўваю ў судзiну галаву i выпiваю (вось ужо сапраўды выратавальную) вадкасць. Цярплiва пераношу я i паляпванне рукой, i пагладжванне па вушах, i патузванне за вуздэчку, i розныя iншыя спосабы праверкi, аж пакуль канчаткова не даказаў iхняму неразумнаму падазрэнню, што я здаровы i рахманы.

Такiм чынам пазбегнуўшы падвойнай небяспекi, на наступны дзень, нагружаны святымi манаткамi з кастаньетамi i цымбаламi я, жабрак i бадзяга, зноў рушыў у дарогу. Абхадзiўшы многа хат i двароў, закiроўваемся мы ў адно сяло, пабудаванае, як казалi старажылы, на руiнах багатага калiсьцi горада, i спынiўшыся там у гасцiнiцы, пачулi адну цiкавую любоўную гiсторыю, якая здарылася ў сям'i нейкага бедняка. Хачу вам яе расказаць.

5. Жыў адзiн рамеснiк у вялiкай беднасцi, здабываючы сабе яду марным заробкам. Была ў яго жонка, у якой таксама нiчога не было за душой, але якая славiлася сваёй распушчанасцю. Аднаго дня, як ён толькi выйшаў зранку на работу, у яго хату закраўся нахабны палюбоўнiк. I калi яны бясклопатна аддаюцца справам Венеры, нечакана вяртаецца муж, якi нiчога не ведаў пра гэтыя справы i нават не падазраваў. Застаўшы зачыненымi i замкнёнымi дзверы, ён нават пахвалiў жончыну асцярожнасць, дык стукае ў дзверы i свiшча, каб паведамiць пра сябе. Тут спрытная баба, вельмi знаходлiвая ў падобных сiтуацыях, адпусцiла палюбоўнiка са сваiх абдымкаў i непрыкметна хавае яго ў бочку, якая стаяла ў куце напалову закапаная ў зямлю, але зусiм пустая. Пасля таго яна адчыняе дзверы, але не паспеў муж пераступiць парог, як яна накiдваецца на яго з лаянкай: 'Чаго гэта ты дарма швэндаешся склаўшы рукi? Чаму ты не iдзеш, як звычайна, на работу? Пра наша жыццё не рупiшся! Пра харчы не турбуешся. А я, няшчасная, дзень i ноч гарбею над прадзiвам, каб хоць лямпа ў нашай халупе свяцiла! Не зраўняць майго жыцця з жыццём суседкi Дафны, якая, удосталь наеўшыся i дап'яна напiўшыся, мiлуецца з каханкам'.

6. А муж, збянтэжаны такой сустрэчай, адказвае: 'Што такое? Гаспадар, у якога мы працуем, заняты ў судзе i нас адпусцiў. Але пра тое, як нам сягоння паабедаць, я паклапацiўся. Бачыш гэту бочку? Яна пустуе i толькi дарма займае месца, замiнае, а карысцi з яе нiякай. Дык вось, я прадаў яе аднаму чалавеку за пяць дынараў. Ён ужо тут, зараз расплацiцца i забярэ яе сабе. Ты трохi падаткнi адзежу i памажы мне выцягнуць яе з зямлi, каб аддаць пакупнiку'.

Пачуўшы гэта, ашуканка ўцямiла хутка, як можна скарыстаць гэтыя абставiны, дык адказвае з нахабнай усмешкай:

'Вось i муж мне трапiўся, дык муж! Спрытны гандляр! Рэч, якую я, кабета, седзячы дома, прадала за сем дынарыяў, ён спусцiў за пяць!' Узрадаваны надбаўцы, муж пытаецца: 'Хто ж гэта табе столькi даў?' А яна адказвае: 'Ды ён, дурнiца ты, даўно залез у бочку, каб праверыць, цi моцная яна, цi цэлая?'

7. Палюбоўнiк не прапусцiў без увагi слоў жанчыны i, хутка высунуўшыся, кажа: 'Хочаш ты, гаспадыня, ведаць праўду? Бочка твая ўжо старая i дала шмат трэшчынаў'. А пасля, звяртаючыся да мужа i быццам яго не пазнаючы, дадае: 'Дай мне, калi ласка, хто-небудзь лямпу, каб, саскробшы бруд унутры, я мог убачыць, цi варта яна чаго, бо грошы ж у мяне не крадзеныя. Цi ж не так?'

Доўга не думаючы i нiчога не падазраючы, клапатлiвы i прыкладны муж запалiў лямпу i кажа: 'Вылазь, братка, i пастой сабе, пакуль я сам яе добра не ачышчу'. I, распрануўшыся i забраўшы з сабой свяцiльнiк, пачаў саскрэбваць шматгадовую скарынку гразi i гнiлi. А палюбоўнiк, прыгожы малойчык, нагнуў яго жонку да бочкi i, прымасцiўшыся зверху, старанна апрацоўваў. А да таго яшчэ распусная баба ўсунула галаву ў бочку i, здзекуючыся з мужа, паказвае яму пальцам, дзе скрэбцi: у тым месцы i ў гэтым месцы ды зноў у тым i яшчэ ў гэтым, так аж пакуль абедзве работы не закончылiся.

Пасля гэтага злашчасны рамеснiк, атрымаўшы свае сем дынарыяў, змушаны быў на сваёй спiне

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату