занесцi бочку таму жончынаму палюбоўнiку.

8. Сумленныя свяшчэннаслужыцелi, пабыўшы ў той мясцовасцi некалькi дзён, ад'еўшыся i за кошт шчодрай грамады туга набiўшы кашалькi за свае прароцтвы, прыдумалi новы спосаб здабываць грошы. Склаўшы адно агульнае прадказанне на ўсе жыццёвыя выпадкi, дурманiлi людзей, якiя прыходзiлi да iх на раду ў розных жыццёвых справах. А прадказанне iхняе было такое:

'Валы аруць зямлю ў запрэжцы для таго,

Каб збожжу ў будучынi вольна зелянець'.

Калi здаралася, што жанiх з нявестай прасiлi парады, дык адказ патрапляў iх жаданню: звязаныя шлюбам, выгадуюць шматлiкае патомства. Калi звяртаўся да iх чалавек, якi збiраўся купiць зямлю, дык аракул гаварыў правiльна пра валоў, пра запрэжку i пра палi з ураджайнай збажыной. Калi хто хацеў атрымаць боскае прадказанне наконт задуманага падарожжа, дык вось яму гатовая запрэжка з сама спакойных чацвераногiх, а сяўба абяцае прыбытак. Калi хто шукаў адказу, цi ўдала закончыцца чаканая бiтва або праследаванне банды разбойнiкаў, яны запэўнiвалi, што прадказанне спрыяльнае i азначае поўную перамогу, бо галовы валоў, схiленыя ў ярмо, абазначаюць, што так будуць звязаныя ворагi i будзе захоплена вялiкая i багатая здабыча.

Такiм хлуслiвым прароцтвам яны выцягнулi ад людзей нямала грошай.

9. На раду прыходзiлi многiя i часта, дык вычарпалiся iхнiя прароцтвы i яны зноў пусцiлiся ў дарогу, але ў якую! Шмат горшую за тую, па якой мы iшлi аднае ночы. Уся яна была скапаная глыбокiмi равамi, дзе залiтая стаячай вадой, а дзе слiзкая i лiпучая ад балота. Штохвiлiнна спатыкаючыся i падаючы, пакалечыў я сабе ногi i з вялiкiмi цяжкасцямi змог нарэшце выбрацца на роўную дарогу. I раптам даганяе нас атрад коннiкаў, узброеных дроцiкамi. Спынiўшы сваiх разгарачаных скакуноў, яны кiдаюцца на Фiлеба i iншых i, схапiўшы iх за горлы, пачынаюць бязлiтасна бiць, называючы iх гнюснымi святататнiкамi. Пасля ўсiх звязваюць кайданамi, няспынна лаючы i пагражаючы: 'Аддавайце лепш добраахвотна залаты келiх, якi спакусiў вас i падштурхнуў да злачынства. У час набажэнства вы яго цiхенька сцягнулi са святых падушак божай мацi i адразу, быццам можна пазбегнуць кары за такое злачынства, ледзь толькi пачало свiтаць, нiкога не папярэдзiўшы, пакiнулi горад'.

10. Знайшоўся чалавек, якi пачаў абмацваць рэчы на маёй спiне i, запусцiўшы руку пад адзенне багiнi, якую я нёс, на вачах ва ўсiх знайшоў i выняў залаты келiх. Але нават гэты доказ вiны не змог збянтэжыць цi напалохаць гэту брудную шайку. З няшчырым смехам пачалi яны прыдумваць апраўданнi: 'Што за дзiўная i непрыстойная справа! Як жа часта трапляюць пад напасць i небяспеку бязвiнныя людзi! Дзеля нейкага там кiлiшачка, якi Мацi багоў падаравала сваёй сястры Сiрыйскай багiнi, трэба ўзводзiць крымiнальнае абвiнавачанне на справядлiвых служкаў бога!'

Аднак дарма малолi яны языкамi гэту i iншую лухту, сяляне вяртаюць iх назад i, звязаных, кiдаюць у Тулiанум. А той келiх i статую багiнi, якую я вазiў, схавалi ў скарбнiцу святынi як ахвяру. А мяне вывелi на наступны дзень зноў на рынак i, выкарыстаўшы паслугi вяшчальнiка, прадалi на сем нумаў даражэй ад той цаны, якую калiсьцi даў за мяне Фiлеб. Купiў мяне нейкi млынар з суседняга мястэчка. Ён адразу нагрузiў мяне як мае быць тут жа купленым збожжам i пагнаў па цяжкай каранiстай дарозе да млына, дзе працаваў.

11. Там безупынна хадзiла па некалькiх кругах мноства ўючных жывёл, якiя сваiм ходам прыводзiлi ў рух рознага памеру жорны. Машыны круцiлiся не спыняючыся, без адпачынку, i малолi зерне на муку не толькi цэлы дзень, але i ўсю ноч. А мяне мой новы гаспадар, вiдаць, каб я з самага пачатку не напалохаўся сваёй службы, паставiў на волi, быццам знакамiтага iншаземца. Дазволiў мне першы дзень правесцi святочна i шчодра насыпаў у яслi кармоў. Аднак гэта святкаванне не працягвалася даўжэй аднаго дня. Назаўтра зранку ставяць мяне да сама вялiкiх жорнаў i гоняць з завязанымi вачамi па крывой пакручастай баразне, каб, бясконца апiсваючы той самы круг, я не збiваўся з вызначанага шляху.

Хоць, калi быў чалавекам, я не раз бачыў, як прыводзяцца ў рух такiя машыны, але пусцiўся на хiтрасць, i прыкiнуўся някемлiвым, i быццам аслупянеў, нiчога не ведаючы i не разумеючы. Я разлiчваў, што мяне прызнаюць няздатным да гэтай работы i выправяць на лягчэйшую цi наогул пакiнуць у супакоi i будуць кармiць. Ды надарма я прыдумаў такую хiтрасць. Таму што вочы ў мяне былi завязаныя, я не ведаў, што быў акружаны цэлым натоўпам работнiкаў з кiямi, якiя на дадзены знак пачалi з незвычайным крыкам дубасiць мяне з усiх бакоў.

Я так напалохаўся iхняга гiкання, што, пакiнуўшы ўсе свае задумы, налёг з усёй сiлы на лямку, сплеценую з альфы, i з усiх ног пусцiўся па крузе. Гэта раптоўная перамена ў маiх паводзiнах выклiкала ў прысутных агульны смех.

12. Калi прайшла большая частка дня i я зусiм выбiўся з сiл, мяне вызвалiлi з пастронкаў, адвязалi ад жорнаў i завялi да ясляў. Хоць я амаль валiўся ад стомы з ног i памiраў з голаду, хоць мне трэба было аднавiць сiлы, мая неадступная цiкаўнасць трывожыла мяне i не давала супакою. Не дакрануўшыся да шчодра нарыхтаванай мне ежы, я пачаў разглядаць парадкi на гэтым прадпрыемстве. Вялiкiя багi! Якое ж вартае жалю вiдовiшча мяне акружала! Ува ўсiх людзей скура была ў сiняках, падзёртыя лахманы не толькi не закрывалi, як належыць, iх спаласаваных спiнаў, а толькi кiдалi на iх цень. У некаторых кароткая апратка даходзiла толькi да пахвiны, тунiкi на кожным былi такiя, што праз лахманы вiдаць было цела, палова галавы аголена, на лобе кляймо, на нагах ланцугi, твары зямлiстыя, павекi раз'едзеныя дымам i гарачай парай. Усе яны падслепаватыя, на ўсiх мужчынах пыл, як брудна-белы попел, быццам на кулачных байцах, якiя выходзяць на сутычку не iнакш як абсыпаўшыся дробным пяском.

13. А што я магу сказаць, якiмi колерамi апiсаць маiх таварышаў у стойлах? Якiя старыя мулы, якiя разбiтыя канякi! Збiўшыся каля ясляў i ўсунуўшы туды морды, яны перажоўвалi кучы мякiны. Iхнiя ўсыпаныя болькамi шыi былi напухлыя, друзлыя ад нястрымнага кашлю ноздры расшыраныя, рэбры ад заўсёдных удараў вытыркалiся, грудзi параненыя цвёрдай альфавай лямкай, капыты расплюшчаныя ад вечнага кружэння па адной дарозе, i ўся iхняя шкура пакрыта застарэлай каростай.

Напалоханы выглядам гэтай кампанii, успомнiў я былое жыццё Луцыя i, дайшоўшы да межаў адчаю, панiк галавой i затужыў. У маiм пакутлiвым жыццi засталася адзiная ўцеха: забаўляцца з уласцiвай мне цiкаўнасцю нагляданнем за людзьмi, якiя ў маёй прысутнасцi свабодна, так, як iм падабалася, гаварылi i дзейнiчалi.

Небеспадстаўна генiяльны творца грэцкай паэзii, маючы на мэце паказаць нам мужа найвышэйшага розуму, апяяў чалавека, якi дасягнуў паўнаты мудрасцi ў вандроўках па розных краiнах i ў вывучэннi розных народаў. Я сам з вялiкай удзячнасцю прыгадваю сваё iснаванне ў аслiным выглядзе, бо пад покрывам гэтай скуры, зведаўшы зменлiвасць лёсу, я зрабiўся калi не разважлiвы, дык хоць спрактыкаваны. Вось, напрыклад, цiкавая забаўная гiсторыя, якую хачу вам расказаць.

14. У гэтага млынара, якi набыў мяне ў сваю ўласнасць, добрага i вельмi сцiплага чалавека, была жонка вельмi паганая, шмат горшая за ўсiх iншых жанчын. Яна да такой ступенi парушала закон шлюбнай вернасцi i сямейнага жыцця, што, клянуся Геркулесам, нават я ўздыхаў над лёсам майго гаспадара. Не было такой распусты, з якой не зналася б гэта плюгавая жанчына, усё паскудства сцякалася да яе, быццам у смярдзючую памыйную яму. Злая, шалёная, яна цягалася з мужчынамi, валялася п'яная, упартая, непаслухмяная, прагавiтая, у ганебным марнатраўстве шчодрая, была яна ненавiснiцай вернасцi i ворагам сцiпласцi. Грэбуючы святымi боскiмi законамi, i ганьбячы iх спраўляннем пустых i бязглуздых абрадаў нейкай iлжывай рэлiгii, i даказваючы, што ўшаноўвае адзiнага бога, ашуквала ўсiх людзей i свайго няшчаснага мужа, цэлымi днямi п'янствавала i апаганьвала блудам сваё цела.

15. Гэта шаноўная жанчына праследавала мяне з нейкай дзiўнай нянавiсцю. Яшчэ досвiткам, лежачы ў пасцелi, яна крычала, каб запрагалi ў жорны нядаўна купленага асла. Не паспее выйсцi са спальнi, як ужо крычыць, каб мяне лупцавалi чым найбольш. Калi наставаў час кармлення i ўся ўючная жывёла адпачывала, яна загадвала, каб мяне як мага даўжэй не падпускалi да ясляў. Гэтай сваёй жорсткасцю яна яшчэ больш развiла маю прыродную цiкаўнасць, накiраваўшы яе на сябе i на свой характар. Я чуў, што да яе ў спальню ходзiць адзiн малады чалавек, i мне вельмi захацелася ўбачыць яго твар, але вялiкай перашкодай таму была павязка на вачах. Каб не гэтая павязка, дык мне хапiла б хiтрасцi як-небудзь выкрыць учынкi гэтай подлай жанчыны. Кожны дзень зранку была пры ёй нейкая старая, пасрэднiца ў яе пралюбадзействах, пасыльная яе каханкаў. Спачатку яны разам паснедаюць, пасля частуюцца неразбаўленым вiном, адна адну падбухторваючы на выдумкi, як хiтра ашукаць няшчаснага мужа. I я, хоць моцна абураўся на памылку Фацiды, якая мяне замест птушкi абярнула ў асла, цешыўся ў сваiм няшчасным пераўвасабленнi тым, што дзякуючы вялiкiм вушам я добра чуў, калi гаварылi нават на значнай ад мяне адлегласцi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату