адна толькi ведала, што можа называць яго гэтым iмем), глянуўшы на яго пячатку, адразу пускаецца ў дарогу зусiм адна, як ёй было сказана. Аднак, подла ашуканая, не прадбачыла пасткi i трапiла ў цянёты каварства.
Тут гэта шаноўная жонка, ахопленая шалёнай рэўнасцю, перш за ўсё раздзяе дагала сястру свайго мужа i па-зверску яе лупцуе, а пасля, калi тая з лямантам тлумачыць, якiя сапраўды справы, i, без канца паўтараючы iмя брата, тлумачыць, што залоўка гарачыцца беспадстаўна, тая не верыць нi аднаму яе слову. Яна лiчыць усе апраўданнi выдумкай i, усунуўшы няшчаснай памiж бёдраў гарачую галавешку, даводзiць яе да смерцi.
25. Даведаўшыся аб гэтай жудаснай трагедыi, прыбягаюць брат i муж памерлай i, аплакаўшы яе, з горкiм галашэннем нясуць у магiлу.
Але малады чалавек не мог спакойна перанесцi гэтакай страшнай i зусiм не заслужанай смерцi сваёй сястры, надзвычай усхваляваны горам, ён захварэў на разлiццё жоўцi, пачаў гарэць ад высокай тэмпературы, так што яму самому аказалася неабходная дапамога. А яго жонка, якая, праўду кажучы, даўно страцiла права на гэта iмя, згаворваецца з адным лекарам, вядомым сваiм вераломствам, якi даўно здабыў славу шматлiкiмi перамогамi ў смяротных баях i мог бы саставiць доўгi спiс сваiх ахвяр. Яна абяцае яму пяцьдзесят тысяч сестэрцыяў, калi ён дасць ёй якой-небудзь моцнадзейнай атруты, i купляе смерць мужу. Згаварыўшыся, яны робяць выгляд, быццам рыхтуюць вядомы напiтак для аблягчэння болю ў грудзях i вывядзення жоўцi. Гэта лякарства вучоныя называюць свяшчэнным, але замест яго яны падсоўваюць iншае, свяшчэннае толькi хiба ў вачах Празерпiны. Вось сабралiся ўсе хатнiя i некаторыя з сяброў i блiзкiх, i лекар, размешваючы зелле, сам падае хвораму келiх.
26. Аднак нахабная жанчына, жадаючы пазбавiцца ад сведкi свайго злачынства i пакiнуць сабе абяцаныя лекару грошы, убачыўшы, што ён падае чару, кажа: 'Але, шаноўны пане доктар, перш чым дасi майму дарагому мужу гэты напiтак, сам адап'еш частку. Адкуль я ведаю, можа, там падмяшана якая-небудзь атрута? Мудрага i вучонага мужа не можа абразiць, што я, адданая жонка, клапачуся пра яго выздараўленне'.
Гэтая нахабнасць i бесчалавечнасць жанчыны была для лекара такой нечаканасцю, што ён, збянтэжаны, страцiўшы самавалоданне i не маючы часу на абдумванне сiтуацыi, баючыся, што найменшае хiстанне можа даць падставу для падазрэнняў, адпiвае з чары значны глыток.
Убачыўшы, якi ход прымае справа, лекар хацеў хутчэй падацца дамоў, каб паспець прыняць якое- небудзь супрацьяддзе i абясшкодзiць атруту. Але бесчалавечная жанчына ўпорыста старалася давесцi да канца распачатую справу i не адпускала яго нi на крок. 'Пакуль, — казала, — не ўбачым гаючай дзейнасцi гэтай мiкстуры'. I толькi калi ён надакучыў ёй бясконцымi мольбамi i просьбамi, дазволiла яму пайсцi. А ў гэтым часе стоеная смерць, абпальваючы ўсе вантробы, пранiкала ўсё глыбей i дабiралася да самага сэрца. Зусiм хворы, знемагаючы ад цяжкай санлiвасцi, ледзь дабраўся ён дахаты. Толькi паспеўшы расказаць пра ўсё жонцы, даручыўшы забраць хоць абяцаную плату за гэту двайную смерць, слаўны лекар у цяжкiх пакутах памiрае.
27. Малады чалавек таксама хутка памёр i, праводжаны iлжывым, прыкiдлiвым плачам жонкi, быў пахаваны.
Пасля паховiн, пачакаўшы некалькi дзён, патрэбных на выкананне абрадаў, з'яўляецца лекарава жонка i патрабуе платы за двайное забойства. Жанчына застаецца вернай сабе, патаптаўшы ўсе законы сумленнасцi, яна захоўвае яе выгляд. Адказвае вельмi ветлiва, дае шчодрыя i шырокiя абяцаннi, запэўнiвае, што неадкладна выплацiць належную суму, але дадае, што ёй хацелася б атрымаць яшчэ трохi таго леку, каб закончыць пачатую справу. Што доўга казаць? Лекарава жонка, заблытаўшыся ў цянётах подлага каварства, хутка згаджаецца i, жадаючы дагадзiць багатай жанчыне, паспешлiва вяртаецца дамоў i неўзабаве ўручае ўсю скрынку з атрутай.
А тая, атрымаўшы такi магутны сродак для здзяйснення злачынстваў, далёка прасцiрае свае крывавыя рукi.
28. Ад нядаўна забiтага ёю мужа была ў яе маленькая дачка. Цяжка было ёй сцярпець, што паводле закону частка бацькавай маёмасцi пераходзiць на карысць дзiцяцi, дык, паквапiўшыся на ўсю спадчыну, яна вырашыла зрабiць замах на жыццё дачкi. Ведаючы, што пасля смерцi дзяцей спадчыну па iх атрымлiваюць нават злачынныя мацi, гэтая настолькi паважаная мацi, як i верная жонка, не доўга думаючы, рыхтуе снеданне, на якое запрашае жонку лекара, i разам са сваёй малой дачушкай губiць яе той самай атрутай. З малой, у якой дыханне было слабое i далiкатнае нутро, яд спраўляецца хутка.
А лекарыха, як толькi адчула, што страшны напiтак пачаў разыходзiцца па лёгкiх, усчынаючы ў iх згубнае дзеянне, адразу зразумела, у чым тут справа. Калi ж трохi пазней цяжкае дыханне пацвердзiла яе падазрэнне, яна спяшаецца ў дом намеснiка i моцным крыкам просiць у яго дапамогi. У акружэннi ўсхваляванага натоўпу яна абяцае раскрыць страшныя злачынствы i дабiваецца таго, што перад ёй адчыняюцца дзверы дома i ўважлiвы слых намеснiка.
Ледзь толькi яна расказала падрабязна пра ўсе жудасцi азвярэлай жанчыны, як раптам пацямнела ў яе ў вачах, губы сцялiся, зубы заскрыгаталi, i яна звалiлася пад ногi намеснiку. Гэты муж, чалавек бывалы, не дапусцiў замаруджвання ў пакараннi за такiя шматлiкiя злачынствы гэтай ядавiтай яхiдны. Схапiўшы прыслужнiц жанчыны, ён мукамi дабiўся ад iх праўдзiвых паказанняў i прыгаварыў яе на разарванне дзiкiм звярам. Кару гэту ён налажыў не дзеля таго, што злачынка не заслугоўвала яшчэ большай, а таму, што iншай не змог прыдумаць.
29. Будучы прыгавораным публiчна спалучыцца з такой жанчынай, я з вялiкай трывогай чакаў пачатку ўрачыстасцi, не раз адчуваючы жаданне лепш закончыць самагубствам, чым заплямiць сябе дотыкам да такой злачыннiцы i быць выстаўленым на ганьбу перад усiм народам. Ды пазбаўлены чалавечых рук, пазбаўлены пальцаў, не мог я круглымi куксамi сваiх капытоў ухапiць меч. У безданi бедаў, што навалiлiся на мяне, свяцiла яшчэ мне маленькая надзея, што вясна, якая якраз пачынаецца, упрыгожыўшы кветкамi наваколле, акрые пурпуровым ззяннем лугi, i хутка, парваўшы сваю пакрытую шыпамi кару, разлiваючы духмянасць, пакажуцца ружы, якiя зноў ператвораць мяне ў Луцыя.
Вось i настаў дзень, прызначаны для адкрыцця гульняў. Мяне вядуць з вялiкай напышлiвасцю пад воплескi натоўпу, якi суправаджаў мяне да самага цырка. У чаканнi, пакуль закончыцца першы нумар гэтай праграмы, у якiм выступалi танцоры, мяне паставiлi побач з агароджай, i я з апетытам скуб вясёлую травiцу, што расла каля ўвахода, ад часу да часу кiдаючы цiкавым вокам у адчыненыя дзверы, i цешыў сябе прыемным вiдовiшчам.
Юнакi i дзяўчаты, ззяючы першым цвiценнем маладосцi, цудоўныя з выгляду, у шыкоўных касцюмах, з прыгожымi жэстамi пасоўвалiся то ўзад, то ўперад, выконваючы грэчаскi пiрыйскi танец. Яны то спляталiся цудоўнымi карагодамi ў поўны круг, то сыходзiлiся пакручастай стужкай, то аб'ядноўвалiся ў квадрат, то рассыпалiся асобнымi групамi. Ды гук трубы паклаў нарэшце канец гэтым складаным зблiжэнням i разыходжанням. Апусцiлася галоўная завеса, складзены шырмы, i вачам гледачоў адкрываецца сцэна.
30. На сцэне ўмельствам мастака была збудавана драўляная гара на падабенства той Iдэйскай гары, якую апяваў вешчы Гамер. Яна была абсаджана жывымi зялёнымi дрэвамi, а змайстраваная рукамi будаўнiка на самай вяршынi крынiца сцякала струмянямi са скальных адхонаў. Некалькi козак скубла травiцу, i юнак, апрануты па фрыгiйскай модзе ў прыгожую верхнюю тунiку i азiяцкi плашч, якi складкамi ападаў з яго плячэй, з залатой тыярай на галаве, увасабляў пастуха, што пiльнаваў статак.
Вось паказаўся прыгожы падлетак, на якiм, апроч хламiды эфебаў на левым плячы, няма iншай вопраткi, залацiстыя валасы ўсiм на захапленне, i праз завiткi прабiваецца ў яго пара зусiм аднолькавых залатых крылцаў, а кадуцэй апавяшчае, што гэта Меркурый. Ён наблiжаецца, танцуючы, падае таму, што прадстаўляў Парыса, пазалочаны яблык, якi трымаў у правай руцэ, знакам тлумачыць волю Юпiтэра i, зграбна павярнуўшыся, знiкае з вачэй.
Пасля таго з'яўляецца дзяўчына высакароднай знешнасцi, падобная да багiнi Юноны. Яе галаву акружае светлая дыядэма, у руках трымае яна скiпетр. Неўзабаве ўваходзiць i другая, якую можна прыняць за Мiнерву. На яе галаве блiскучы шлем, абвiты алiўкавым вянком, яна нясе шчыт i патрасае кап'ём, зусiм як тая багiня ў баi.
31. Следам за iмi выступае яшчэ адна, ззяючы красой i паказваючы сваiм цудоўным аблiччам, што яна Венера, тая Венера, што была яшчэ нявiннiцай, выяўляючы дасканалую прыгажосць адкрытага цела, калi не лiчыць шаўковай матэрыi, якая засланяла яе чароўную адзнаку жаноцкасцi. Ды i той лапiчак нясцiплы вецер, гарэзлiва дурэючы, то прыўзнiмаў, ажно вiднелася раздвоеная кветка юнацтва, то, дзьмучы мацней,