нарадзілася ў мяне дачка. Не хочучы гадаваць яе ў беднасці, я ўпрыгожыў яе гэтымі прыкметнымі знакамі і пакінуў, бо ведаў, што многія праз такі спосаб хочуць зрабіцца бацькамі. Вось і пакінуў дзіця ў пячоры німфаў, даручыўшы яго багіням. І да мяне з той пары штодня плыло багацце, але я ўжо нашчадка не меў. Бо не пашчасціла мне зрабіцца бацькам хоць бы дачкі другой. А багі, як бы смеючыся з мяне, спасылаюць уночы сны, паведамляючы, што авечка зробіць мяне бацькам».

36. Яшчэ мацней, чым Мегакл, ускрыкнуў Дыянісафан і прывёў Хлою, вельмі прыгожа ўбраную, і сказаў: «Вось гэтае дзіця ты пакінуў. Гэтую дзяўчыну з волі багоў выкарміла табе авечка, як каза мне Дафніса. Вазьмі ж гэтыя прыкметныя знакі і дачку; а ўзяўшы, аддай яе Дафнісу за жонку. Абаіх пакінулі, абаіх знайшлі, абаімі апекаваліся Пан, німфы і Эрас».

Мегакл пахваліў яго словы, паслаў па сваю жонку Раду, а Хлою прытуліў да грудзей. І асталіся яны там начаваць: Дафніс пакляўся, што больш нікому не аддасць Хлою, нават роднаму бацьку.

37. Калі надышоў дзень, яны ўмовіліся назад у вёску разам вяртацца: Дафніс і Хлоя прасілі аб гэтым, бо не маглі вынесці жыцця ў горадзе. Ды і бацькам было даспадобы зрабіць ім вяселле паводле пастухоўскага звычаю. Прыйшоўшы да Ламана, яны прывялі Дрыяса да Мегакла, пазнаёмілі Раду з Напэ і пачалі рыхтавацца да шыкоўнага святкавання. Бацька перад німфамі заручыў Хлою з Дафнісам і разам з многімі іншымі ахвяраваннямі павесіў і прыкметныя знакі, а Дрыясу дадаў, чаго яму яшчэ не ставала да дзесяці тысяч драхмаў.

38. Стаяў цудоўны дзень, і Дыянісафан загадаў тут жа перад пячораю падрыхтаваць ложа з зялёнага лісця і, запрасіўшы ўсіх людзей з вёскі, раскошна пачаставаць. Тут былі Ламан і Міртала, Дрыяс і Напэ, Дорканавы родзічы, Філет са сваімі дзецьмі, Хроміс і Лікэніён; не абышлося і без Лампіса, якому даравалі. Усё было так, як водзіцца ў гэтакіх гасцях, па-вясковаму: адзін спяваў жніўныя песні, другі сыпаў жартамі, як гэта бывае пры выцісканні сусла. Філет іграў на сірынзе, Лампіс на флейце, Дрыяс і Ламан танцавалі, Хлоя і Дафніс цалаваліся; а поблізу пасвіліся козы, як бы і яны разам святкавалі.

Гасцям з горада гэта не вельмі спадабалася; а Дафніс падклікаў, называючы імя то адной, то другой казы, даваў ім галінак з зялёным лісцем і, схапіўшы за рогі, цалаваў.

39. І гэтак не толькі той дзень, але і большую частку жыцця правялі яны па- пастухоўску, шанавалі багоў — німфаў, Пана, Эраса, нажылі вялікія чароды авечак і коз і ўважалі за найлепшую яду плады і малако. А калі нарадзіўся ў іх сын, яны далі выкарміць казе, а дачушцы, якая нарадзілася другою, дазволілі ссаць вымя авечкі; і сына назвалі Філапеменам, а дачку Агелаю. Так яны і пражылі пастухамі аж да самае старасці. І пячоры аздобілі, паставілі там карціны і ўзвялі ахвярнік Эрасу- Пастуху; і Пану яны замест яго хвойкі зладзілі пад жыллё капліцу і назвалі яе капліцаю Пана-Ваяўніка.

40. Але ўсё гэта назвалі і зрабілі яны пазней; а тады з надыходам начы ўсе правялі іх да шлюбнага пакоя, адны на сірынгах, другія на флейтах іграючы, трэція ўзняўшы ўгару вялікія паходні. А калі яны былі перад дзвярыма, завялі рэзкім голасам, нібы зямлю трохзубцамі дралі, а не вясельную песню спявалі. А Дафніс і Хлоя ляглі голымі, абнялі адно аднаго і цалаваліся, правёўшы ноч без сну, як совы; і Дафніс рабіў тое, што навучыла яго Лікэніён, а Хлоя толькі цяпер даведалася, што ўсё, што рабілася ў лесе, было толькі пастушынымі гульнямі.

Каментары

Уступ

Лесбас — вялікая выспа ў Эгейскім моры каля заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі. Дзеянне гэтага рамана аб каханні, на думку даследнікаў, невыпадкова разгортваецца на гэтай выспе, якая здаўна славілася цудоўным кліматам, урадлівымі землямі, а таксама як асяродак старажытнагрэцкай лірыкі кахання: тут нарадзілася шмат паэтаў, у тым ліку славутая Сафо (VІІ-VІ ст. да н.э.).

Німфы — Дзеўсавы дочкі, багіні, якія ўвасаблялі розныя сілы прыроды; заступніцы і апякункі лясоў (дрыяды), палёў (ліманіяды), далін (папэі), мораў (нерэіды), рэк (наяды), гор (арэады) і г.д. Антычнае мастацтва паказвала іх у выглядзе прыгожых дзяўчат, голых ці напаўадзетых.

...змог вытлумачыць абраз... — У шмат якіх гарадах старажытнай Грэцыі на ўтрыманні мясцовых улад была афіцыйная пасада правадніка, які паказваў і тлумачыў выдатныя помнікі гэтай мясцовасці.

Эрас — сын Афрадыты, бог кахання. Мастакі паказвалі яго ў выглядзе крылатага хлопчыка з лукамі і стрэламі, якімі ён раніць сэрца. Імя гэтае азначае «каханне». Калі ўлічыць, што ў антычныя часы ўласныя імёны нічым не адрозніваліся ад агульных назваў, то амаль заўсёды гэтае слова можна разумець дваяка: у агульным значэнні і як імя бога.

Пан — сын Гермеса і Пенелопы, бог лясоў і пашаў, апякун паляўнічых і пастухоў; меў казліныя рогі, вушы і ногі. Ён вынайшаў дудку. Час паўдзённай сонечнай спёкі лічыўся «гадзінаю Пана». І калі яго трывожылі моцным крыкам і спевамі, Пан палохаў людзей і звяроў сваімі гукамі, якія наводзілі «панічны жах».

...хворага вылечыць... — Старажытнагрэцкая медыцына лічыла, што ў хворага праз успрыманне прыгожых формаў і чытанне прыемных (у тым ліку эратычных) твораў абуджаюцца жыццёвыя сілы.

Кніга першая

Мітылена (цяперашняя назва Мітыліні) — галоўны горад на ўсходнім узбярэжжы выспы Лесбаса, у часы Рымскай імперыі меў важнае значэнне.

...прыблізна за стадыяў дзвесце... — гэта эначыць каля 3,8 кіламетра (стадый — мера даўжыні, прыкладна роўная 192 м).

Дафніс — паводле позняй грэцкай міфалогіі — сын Гермеса і німфы; абагоўлены пасля свае смерці; апякун сіцылійскіх пастухоў, заснавальнік старажытнагрэцкай пастушынай ідылічнай паэзіі.

...ахвярныя дары даўнешых пастухоў — Пакідаючы сваё пастухоўства, казапасы, аўчары, валапасы прысвячалі німфам і Пану свае даёнкі, пастуховыя кіі, торбы, сірынгі. У ахвяру багам клалі таксама і рэчы памерлых пастухоў.

Хлоя — у антычнай міфалогіі эпітэт багіні пладароднай зямлі Дэметры. Пастушыным імя лічылася, відаць, таму, што па-грэцку «хлоэ» значыць «маладая зеляніна, зялёныя пасынкі, маладыя атожылкі».

...яго імя было ім невядомае... — сведчанне, што гэта былі простыя, не вельмі адукаваныя людзі.

Вакханкі — удзельніцы містэрый бога віна і весялосці Дыяніса-Вакха. Культ Дыяніса быў звязаны з п'янымі гульбішчамі (вакханаліямі) і экстатычнымі оргіямі. У мастацтве вакханак паказвалі паўраздзетымі, з накінутаю на плечы ці на паясніцу звярынаю шкураю з тырсам (жазлом), увітым вінаградам, у руках.

...а ён казапас... — Свойская жывёла падзялялася на тры групы, адсюль і адпаведны чын пастухоўства. Першае месца займалі тыя, што пасвілі кароў і быкоў — валапасы, другое — тыя, што пасвілі авечак, трэцяе — казапасы.

Дзеўс — вярхоўнае боства старажытных грэкаў; цар багоў і людзей, бог неба, грому і маланкі. Быў сынам тытана Кронаса, які з'ядаў сваіх дзяцей. Паводле міфа, Дзеўсава маці Рэя ўратавала сына, схаваўшы яго на выспе Крыт, на гары Ідзе, — там німфы выкармілі яго малаком казы Алматэі.

Безбароды я, але такі і Дыяніс... — Антычнае мастацтва паказвала Дыяніса звычайна ў выглядзе безбародага, жанчынападобнага дзецюка.

Сатыры — лясныя казланогія боствы, з вострымі вушамі і конскімі хвастамі. Вясёлыя, памаўзлівыя, яны суправаджалі Дыяніса.

...яны кідалі адно ў аднаго яблыкі... — яблык быў сімвалам кахання. Кідаць

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×