лепш сказаць - з нянавісці адзін да аднаго; за кім дачка - за тым і цесцева войска, той і мацнейшы, і лягчэй яму зламаць роднаму брату хрыбет...
Вось, бадай што, і ўсё, чым хацелася папярэдзіць аповесць. Нічога, праўда, не моўлена пра Рагнеду, апроч узросту. Але няма нічога больш красамоўнага, як пражытыя гады; дзесяць... трыццаць... семдзесят... Усё за лічбай: выгляд, сіла, захапленні, клопаты. А Рагнедзе - чатырнаццаць. Б'ецца ейнае сэрца жаданнем любові, радасці, шчасця, прагне таямнічага дарослага жыцця... Хто не згадае светлыя сны, смутак і малітвы закаханага сэрца, дзіўныя малюнкі мары, пасля якіх робіцца нясцерпна нуднай будзённая ява! У глухі начны час абыходзіць не бітае жыццём юнацтва самая вераломная з багіняў - багіня наслання Мара; як толькі яе лёгкі позірк дакранецца чыстай, не мудрай яшчэ душы - снуецца летуценны сон, узыходзіць сонейкам недасяжная мара... І хочацца жыць, жыць вечна! Гэткім, здаецца, цудоўным будзе тваё жыццё...
Восенню ў барвовую пару, калі загудзелі полацкія двары шматдзённымі вяселлямі, прыйшла і да Рагнеды падманлівая Мара, адымаючы спакой нявінных сноў. У адну ноч свет раздвоіўся на жаночае і мужчынскае, і адчула Рагнеда, якая сіла зводзіць гэтыя пачаткі. Раптам пачалі прыпякаць учэпістыя позіркі сустрэчных хлопцаў: ацэньвалі яны мужчынскім вокам прывабнасць князёўны, і яна скурай адчувала таямніцу іхнай увагі. Раптоўна ўзнік у снах таемны вобраз - грудзі сціскала салодкая боязь, гарачымі кругамі бегла па целе кроў, калі з'яўляўся светлы юнак і браў за руку, і прытуляў да шырокіх грудзей, дзе пад белай кашуляй білася моцнае з уладарнай сілай сэрца. Шапталі яго губы нейкія загадкавыя словы, і самое варушэнне ягоных губ было жаданае. Удзень гарачкавае хваляванне крыху прыгасала, твар незнаёмца цьмяна бачыўся на святле, і начныя сустрэчы ператвараліся ў таемную мару пра прыезд сватоў, розгляды, прыбыццё жаніха і вясельны поезд, з якім яна панясецца да бясконцых гадоў шчасця.
Прыцемкамі, калі Рагнеда сядзела разам з маці пры кудзеллі, а каля бацькі садзіліся браты Ўсяслаў і Брачыслаў, і збіраліся ў нагрэтую хату матчыны і бацькавы людзі, марылася Рагнедзе пад ціхае журчанне верацяна пра свае такія ж пакоі, чуўся скрозь голас бацькі, які забаўляў маці вясёлым ці журботным аповядам, голас свайго суджанага, ласкавы голас клопату, і прасякала яе нецярплівасць любові... Прыйшоў час: Рагнеда жадала адгадаць галоўныя загадкі жыцця...
Пасля Калядаў у колкі марозны дзень прымчаў на запененым кані стражнік з блізкай заставы і прывёз князю Рагвалоду перададзеную па ланцугу вестку, што едуць людзі Яраполка і хутка прыбудуць. Хваляванне ахапіла полацкі дзядзінец, а з яго панеслася пагалоска па ўсіх гарадскіх дварах. Бабы сходзіліся і гадалі, колькі пасагу павязе з сабой князёўна ў далёкі Кіеў і каго з дзевак выбера княгіня ў дружкі сваёй дачцэ на вяселле, а прызнаныя пяюхі ўжо бачылі сябе на будучым свяце на чале карагодаў, што праводзяць нявесту ў лазню і з лазні, і на жаласных спевах дзявочніка, і ў вясёлай грамадзе ля вясельнага стала, а разважлівыя мужыкі меркавалі пра карысць, якую дасць Полацку гэты саюз, бо ўсе карагоды і спевы, і кубельцы з дабром, што займаюць кароткі бабскі розум, нічога не вартыя, а мае важкасць на княжацкім вяселлі адзінае - умовы, на якіх князь Рагвалод пагодзіцца аддаць на ўцеху Яраполку сваю дачку.
Так, умовы... Адказная настала хвіліна, вырашалася будучыня на многія гады, і сышліся ў княскі дом блізкія Рагвалоду баяры абмеркаваць, чаго пажадае Кіеў для сваёй выгады, на чым трымацца для карысці Полацка, дзе зарубіць Полацка-Кіеўскія межы, чыімі будуць волакі паміж Дзвіной і Дняпром. Яраполку, казалі баяры, вялікай веры даваць нельга; гэта зараз ён лагодны, пакуль церпіць няпросты час - са стэпу печанегі падціскаюць, хазары не трымаюцца мяжы, Уладзімір з ноўгарадцамі гэтаксама не пустая пагроза. Зразумела, нашто Яраполку Рагнеда, - паўстае паміж Кіевам і Полацкам трывалы мір. Аднак і нам карысны роўны саюз: мага іншыя важныя справы зрабіць - умацавацца на Прыпяці, пасунуць полацкія прыгарады на літоўскіх землях і ўніз па Дзвіне...
Сядзелі сталыя баяры, параўноўвалі магчымае з лепшым, і калі б сказала ім Рагнеда пра свае турботы: ці прыгожы Яраполк, якога ён росту, якія ў яго вочы, да чаго прызвычаены, - пасмяяліся б яны ёй у вочы. Не дачыняюцца да ейнага замужжа ягоныя прыгажосць і характар. Няхай ён да ваўка падобны, гэты кіеўскі Яраполк, - усё роўна аддадуць яму Рагнеду. Калі будзе яна з Яраполкам - дарма тое прыйдзе, што зброяй цяжка ўзяць. Цяпер пра Рагнеду адзіны клопат - замкнуць у хаце і берагчы ад псоты, сурокаў, ліхой рукі. Столькі можа выгадаць Полацак на княскай дачцэ, што ўсё войска полацкіх зямель таго не здабудзе...
Як сустрэлі сватоў, як іх прымалі, не бачыла Рагнеда, седзячы з бабамі і дзеўкамі пад наглядам. Часам заходзіла маці, абдымала Рагнеду і прыплаквала: што чакае князёўну ў далёкім тым Кіеве? Добра, спадабаецца яна Яраполку, а калі не палюбіцца - ці лёгка нуду і адзіноту цярпець? Адно - жыццё дзявочае, іншае - за мужам, нездарма і новае імя абірае сабе жонка. Заканчваецца адно жыццё на дзявочніку, пачынаецца другое ранкам пасля вяселля... А Рагнедзе і страшна, і радасна. Прыехалі сваты, заўтра паклічуць да іх даць адказ, і ўсе будуць глядзець на яе... А неўзабаве прыедзе Яраполк, іх звядуць, пасадзяць за стол, а потым праводзяць у шлюбны пакой, ён сядзе на лаўку, яна сцягне з яго боты, і ён задзьме свечку... Нікога да яе не пускалі, але дамаглася Рагнеда, каб прапускалі да яе Руту - аднагодку і першую сяброўку. З восені Рута была замужам за князёвым дружыннікам, ужо яна зацяжарала, і Рагнеда, зайздросцячы некаторым ейным ведам, давярала яе слову болей, чым навучанням старых бабак і старых цётак, што здабывалі з памяці свае даўнія маладыя перажыванні. Гадзінамі шамацеў таямнічы іхны шэпт, і сілу запаветнай таямніцы набывала для Рагнеды блізкасць з мужам, якая наступала па згасанні свечкі... А бацька навучаў, як трэба выйсці да сватоў, калі паклічуць, дзе стаяць, як пакланіцца, якімі словамі адказаць...
Вось і падышла пераломная хвіліна - Рагнеда дрэнчылася каля дзвярэй, слухаючы вясёлую гамонку знаёмых і незнаёмых галасоў за сцяной. Раптам гаворка змоўкла, пачуліся крокі, дзверы расчыніліся, і бацька сказаў: «Уваходзь!» і падбадзёрыў усмешкай. Замерла на імгненне сэрца, адзначаючы першы крок у новае жыццё, і Рагнеда пераступіла парог. Кінуўся ў вочы новы вышываны абрус на стале, а за сталом сядзелі тры дабрадушныя, барадатыя дзядзькі - сваты. Яна прайшла на сярэдзіну пакоя і пакланілася ім. «Князёўна нашая - Рагнеда!» - прагучаў голас бацькі. Сваты ўзрадавана заківалі, быццам раней ім было няўцям, каго паставілі перад імі, утаропіліся на князёўну, і Рагнеда засаромелася ад іхных пільных позіркаў. Усё, што рыхтавалася бацькам і прыбылымі кіяўлянамі, вяло да вяселля, да нараджэння дзіцяці, і Рагнедзе здавалася, што людзі, якія ўважліва аглядаюць яе, чуюць палкія ўдары крывяных струмянёў у лона, чытаюць яе пужлівыя думкі пра сустрэчу з жаніхом, пра першую іх ноч у цемры шлюбнага пакоя: нібыта голая, стаяла Рагнеда перад Яраполкавымі сватамі...
Князь Рагвалод, даўшы час дачцэ асвоіцца, а гасцям прыгледзецца, сказаў з падкрэсленай адчужанасцю, быццам не надта яго датычыла і ад ягонай волі не залежала:
- Вось, Рагнеда, прыехалі сваты ад князя Яраполка. Ці пойдзеш за кіеўскага князя?
На памяць ведала яна бацькоўскае павучанне, з лёгкасцю магло зляцець яно з языка, але перасохла ў роце ад боязі, сораму і хвалявання, сэрца адчайна білася, адчувала Рагнеда, у якую цану ставіцца зараз яе згоднае слова, і не магла растуліць як бы склееныя ў гэты момант губы. Маўчанне зацягвалася; прыкрасць прамільгнула па бацькавым твары і зламала дзіўную і для самой Рагнеды яе немату.
- За Яраполка - пайду! - адказала яна, падымаючы вочы на кіяўлянаў, і тыя, задаволеныя, па звычаю пакланіліся...
Многа часу сплыло, пакуль зразумела Рагнеда тое запалае ў памяць здзіўленне на тварах сватоў у хвіліну яе маўклівага выйсця з пакоя. Што ўбачылі яны? Выйшла дзяўчынка, апранутая ў добры строй, блішчэлі на ёй залатыя падвескі, ляжалі ў тры ніткі на белай кашулі пацеркі з бурштыну. Што асаблівага ў гэтай дзяўчынцы? Ёсць і прыгажэйшыя. Адна вартасць - дачка князя Рагвалода, полацкага роду дзіця. І дзеля аднаго слова ехалі яны скрозь завеі, цярпелі мароз, слухалі выццё галодных ваўкоў, спалі дзе прыйдзецца, елі іншым днём прамерзлы хлеб з прамерзлым мясам - і ўсё гэта, каб пачуць вымаўленае няпэўным голасам «пайду!», хоць і ў час выезду з Кіева не мелі сумніву, што іншага адказу не пачуюць. Але мусіла прагучаць гэтае слова ўслых і завіснуць у паветры клятвеннай непарушнасцю. Стане пасля гэтага