Рагвалодава дачка кіеўскай княгіней, а калі здолее зачараваць Яраполка, дык ад яе слова жыцці будуць залежаць, магчыма, і іхныя баярскія жыцці, іх няўдачы ці поспех. Вялікую моц набудзе тады гэтая зграбная, сарамлівая яшчэ дзяўчынка; ніякай працай і заслугамі не здабыць ім такой улады, а вось яна вымавіць «пайду!» і адразу падымецца вышэй іхных галоваў - ужо ім і кланяцца ёй першым. І нічога больш у гэтай дзяўчынцы зараз няма. І наогул нічога ў ёй асаблівага - дзеўка як дзеўка; але гадамі падыходзіць - вось і нагода ўзмацніцца Кіеву і ўзмацніцца Полацку. Выпадак паставіў яе на сярэдзіну пакоя, каб сказаць неабходныя для дамовы словы «за Яраполка!» Шмат жонак можа набраць сабе князь Яраполк; і ёсць у яго жонка - расстрыжаная грэчаская манашка, ды з яе нічога, акрамя начной уцехі, а з полацкай князёўны і Кіеву, і князю карысць: у небяспечны час дзве сілы будуць яднацца. Дзеля гэтай мэты і прыедзе сюды летам Яраполк, і павязуць чаўны гэтае крохкае дзяўчо ў Кіеў, на княскі двор, і пераселіцца ў якое-небудзь сяльцо ў кіеўскіх прадмесцях смуглявая, чарнавокая грачанка. І будзе вяселле, і пойдуць гулянкі ў Высокім горадзе, а потым, праз адмераны багамі час, пачне гэтая дзяўчынка дараваць князю дзетак. А як загамоніць у хаце чарада княжычаў - ператворыцца сарамлівая Рагнеда ў жорсткую, як меч, вялікую княгіню, і хто скажа, ці не выпадзе ёй кіраваць дзяржавай, як кіравала Кіевам Вольга, а Полацкам бабка гэтай Рагнеды, маці Рагвалода, княгіня Прадслава, калі засталася ўдавой? Нікому не дадзена ведаць наперад ні свайго, ні чужога жыцця. Таму і трэба нахіліць галаву, прызнаючы сілу і таямніцу лёсу...

2

Сказала Рагнеда «пайду», ад'ехалі кіеўскія сваты, і пабегла полацкае жыццё далей з ранейшым раскладам дзённых справаў і звычнымі вячоркамі. Нішто, здавалася, не мела парушыць спакойнага чакання радаснага лета, як неспадзявана абвясціла пра сябе, ствараючы сумятню, пабочная сіла... Аднаго дня прымчаў да князя вястун з ноўгарадскага сумежжа і здзівіў Рагвалода навіной - едуць да Рагнеды сваты з Ноўгарада, ад князя Ўладзіміра. І зноў пабегла па дварах полацкага пасада пагалоска, гэтым разам трывожная: не быць дабру, калі два браты да адной дзеўкі падступаюцца... Зноў сышліся ў княжай хаце блізкія Рагвалоду баяры; нічым не рознілася іх меркаванне ад пасадскага - пагражае бедства, непазбежная ўлетку вайна. Калі Ўладзімір не чуў пра сватанне Яраполка, дык разлічвае ўзмацніцца полацкім палком, запалохаць брата такім узмацненнем. Калі ж ведае пра сватаўство і пра згоду Рагнеды, то ноўгарадскія сваты - выклік Кіеву і абраза Яраполку: насмеліўся малодшы брат памерацца мечам са старэйшым. Аднак, калі ведае - то выклік і Полацку. Адмовіць яму - ворагі назаўжды. Ды, хутчэй, невядома Ўладзіміру, інакш не наважыўся б: за Яраполкам вялікая кіеўская сіла, а што за Ноўгарадам? Не, не ведаў Уладзімір; здаецца яму, што апярэджвае брата, ужо, відаць, радуецца поспеху простай сваёй хітрасці, а на яве цягнецца за хвастом Яраполка - малодшы і ёсць малодшы. Радніцца ж Рагвалоду з Уладзімірам, Полацку з Ноўгарадам - карысці небагата: не сцерпіць Яраполк братаву самастойнасць, небяспечнае ноўгарадскае аддзяленне. І чаго варты Ўладзімір? Мала што яму хочацца; усім многа хочацца, ды абраным даецца. А ісці з Уладзімірам на Яраполка - усё роўна ісці на Кіеў, бо туды памкнецца малодшы Святаславіч; пэўна, спіць і бачыць сябе на кіеўскіх горах, на бацькавым месцы. У любым выпадку б'юцца браты за кіеўскі сталец. Што ж выходзіць: ці з Яраполкам сцішаць Уладзіміра ў Ноўгарадзе, ці з Уладзімірам здабываць Кіеў. Дык якая Полацку выгада - мяняць старэйшага брата на малодшага? Не, вырашылі князь Рагвалод і баяры, трэба адмовіць слабейшаму ноўгарадскаму князю. Не на сваё месца нацэліліся малады рабыніч і дзядзька ягоны, былы халоп, прываротнік. Радаваўся б, што даў бацька княжанне, ды сядзеў бы ціхай мышшу на сваім Ільмені... І яшчэ вазкі ноўгарадцаў не з'явіліся на Дзвіне, а ўжо складзены быў адказ, і завучыла яго Рагнеда. Тое мусіць яна казаць, што бацькам абдумана: яго розум, яе вусны...

Сустрэлі ноўгарадцаў прыветна, нібы не ўцяміўшы мэты прыезду, далі адагрэцца і пачаставалі - ды і чаму злаваць на іх? Ні ў чым гэтыя людзі, што з паўмесяца мерзлі ў дарозе, не вінаватыя - не ўласнае жаданне пасадзіла іх у вазкі і пагнала за тысячу вёрст. Наступным ранкам выспаныя госці абвясцілі сваю пасольскую справу. У вас ёсць птушка, а ў нас ёсць лавец, казалі сваты, у вас - князёўна-выданніца, а ў нас малады князь, мо, яны адзін аднаму - суджаныя... Рагвалод адказваў, што ёсць у іх дачка, але малая гадамі, слабая на здароўе, яшчэ пры маці сядзіць, лаўцоў пакуль што баіцца, а да каго яе сэрца пакліча, не бацькам вырашаць, тут яна сама сабе загадчыца... Нарэшце паклікалі Рагнеду. І зноўку апынулася яна пасярод хаты, і ноўгарадскія сваты разглядалі яе, а яна пакланілася ім і апусціла вочы, ды ўжо не ад сораму, як было перад кіяўлянамі, а з-за шчымлівай няёмкасці, што праз хвіліну пачуюць яны крыўднае слова. Усе тыя бацькавы дарадцы, што сведчылі першае сватанне, зараз глядзелі з няшчырай цікаўнасцю, і смуткам адклікалася ў душы Рагнеды разлічаная і ўскладзеная на яе хлусня гэтай сустрэчы з прыбыльцамі і абвяшчэння нібыта ўласнага сардэчнага пачуцця нібыта самой падабранымі словамі. Без увагі выслухала яна бацькава пытанне: ці жадае яна стаць жонкаю ноўгарадскага князя Ўладзіміра?

- Не! - рэзка адказала Рагнеда. - Не хачу разуць рабыніча! Пайду за Яраполка! - пакланілася аслупелым сватам і пакінула пакой з палёгкай на сэрцы ад скінутага прыкрага абавязку.

Ноўгарадцы, сцяўшы зубы, адкланяліся, выйшлі на двор, моўчкі дачакаліся, пакуль запрагуць коней, пасядалі ў вазкі і паімчалі прэч. Маркотна рыпелі па лёдзе палазы, і чулася ў пакрыўджаным сціхаючым рыпе нейкая цьмяная пагроза. Але пагнаў вецер замець, закружыліся на Дзвіне снежныя віхуры, і ўсё знікла з вачэй - быццам і не прыязджаў ніхто. А крыўдна ноўгарадцам ды іхняму князю - дык што, не дагодзіш кожнаму на белым свеце. Ды і хто не крыўдзіцель? Кожная птушка свайго гнязда пільнуе. Хоць крыўдным словам адмоўся, хоць лагодным - не мяняецца вынік адказу. Яднаюцца Кіеў з Полацкам, а Ўладзімір у Ноўгарадзе застаецца адзін супроць двух; прыйдзецца яму перад братам схіліцца...

Слепіць удача. Пахмельным туманам ахутвае яна розум. Хоць і паслаў князь Рагвалод вестуна да Яраполка з паведамленнем аб ноўгарадскім суперніцтве, аднак нядоўга разважаў пра наступствы. Не было за Ўладзімірам слыннай справы, каб устрывожыцца і думаць пра яго ўсур'ёз. Ну, відаць, упарты і дзёрзкі, калі вярнуўся ў Ноўгарад пасля выгнання і двухгадовага жыцця сярод варагаў. Ды неяк ціха адсядзеўся ён у іх; падобна, і не займаўся нічым, толькі ажаніўся з нейкай варажкай, яна сына нарадзіла. Невялікі патрэбен для гэтага розум. Але каб быў і разумнейшы - усё адно не трымаць яму верх. Злучаць свае палкі Яраполк і Рагвалод, ды Рагвалодаў брат Тур прывядзе дружыны з дрыгавіцкіх зямляў - пыл застанецца ад Уладзіміра. Ён і сам павінен разумець сваю дробнасць. Так што, няма падставы хвалявацца. І князь Рагвалод супакоена чакаў Ярылава дня, калі прыедзе па Рагнеду кіеўскі жаніх.

Мяркуючы іншым днём пра летні паход на Ноўгарад, пра выдаткі і выгады гэтага паходу для Полацка, князь нагэтулькі быў перакананы ў яго непазбежнасці, асадзе і разбурэнні ноўгарадскага дзядзінца, што не бачыў для Ўладзіміра іншага выратавання, апроч новых уцёкаў за мора, у варажскія селішчы. Калі-нікалі ўсё ж турбавала неспакойная думка, што Ўладзімір па маці рабыніч, а па бацьку - князь, і, магчыма, у яго не менш волі, жорсткасці і здольнасцяў, чым меў бацька. І калі хоча вайны, дык, пэўна, думае, як узяць перамогу. Але - дзе возьме войскі? Чым будзе плаціць? Хто адгукнецца на ягоны заклік? Заварожваў князя прывід незлічонага мноства чаўноў, на якіх прывядзе сваё войска Яраполк, вырашаючы дзве справы - вяселле і наступнае хуткае скарэнне непаслухмянага брата. Таму Рагвалод сваю вайсковую гатоўнасць прымеркаваў да лета - загадана было гарадскім і вясковым ваярам збірацца ў полк на Купалле. Раней купальскага тыдня сумесны паход не пачнецца - трэба і маладым пасля вяселля пацешыцца, каб зачалося наступнае княжацкае калена...

Бадай што, толькі адна непрыемная думка выспела ў князя з роздуму пра Ўладзіміра і Яраполка, і датычыла гэтая думка ўласных сыноў, якім выпадзе па ягонай смерці ці гібелі княжыць у Полацкай зямлі, і зразумела, што старэйшы, Усяслаў, возьме вярхоўную ўладу, а Брачыславу прыйдзецца слухаць братава слова. Аднак братава воля - не бацькоўская. Раптам пажадае ён адлучыцца з сваім удзелам, і тады развядзе братоў нянавісць, і пачнецца вайна, як было ў Яраполка з Алегам, а цяпер - з Уладзімірам. Князь, сумуючы, паклікаў сыноў і растлумачыў сваю апаску.

- Ці бачылі вы, - сказаў ён, змрочна разглядаючы сваіх наступнікаў, - як перайначваецца чалавек, які болей за другіх адпіў з бражнай чары. Ці ён, як свіння, падае ў лужыну пасярод вуліцы на смех людзям, ці вар'яцее, буяніць і суседзі ўтаймоўваюць яго кулакамі. Хто прывучаны да чары, той ужо не саромеецца і разам з свіннямі спаць, і згодны быць збітым...

Сыны, хоць і нарадзіліся з розніцай у год, былі падобныя, як блізняты: абодвы рослыя, сінявокія, русявыя, толькі ва Ўсяслава плечы шырэйшыя і першы пушок ужо прыкметна цямнеў над верхняй губой. Абодва, слухаючы бацьку, дружна і быццам кемліва ківалі, але менавіта падобнасць іхнай увагі і

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату