Вучоныя засмяяліся і сказалі, што яны для таго так доўга і вучыліся, каб не верыць бязглуздым выдумкам, але кароль зразумеў, што Гулівер гаворыць праўду.

Ён адпусціў вучоных, паклікаў да сябе ў кабінет Глюмдалькліч і загадаў, каб яна знайшла бацьку, які, на шчасце, яшчэ не паспеў выехаць з горада.

Ён доўга распытваў іх абаіх, як і дзе быў знойдзены Гулівер, і адказы іх цалкам пераканалі яго ў тым, што Гулівер гаворыць праўду.

— Калі гэта і не чалавек, — сказаў кароль, — то, безумоўна, чалавечак.

І ён папрасіў каралеву, каб яна берагла Гулівера і клапацілася аб ім як найлепш. Каралева з ахвотай узяла Гулівера пад сваю апеку. Разумны і ветлівы Грыльдрыг спадабаўся ёй куды больш, чым яе ранейшы любімец — карлік. Гэты карлік дасюль лічыўся самым маленькім чалавекам у краіне. Ростам ён быў усяго чатыры сажні, па плячо дзевяцігадовай Глюмдалькліч. Але хіба можна было яго параўнаць з Грыльдрыгам, які змяшчаўся ў каралевы на далоні!

Каралева адвяла Гуліверу пакоі побач са сваімі ўласнымі пакоямі. У гэтых пакоях пасялілася Глюмдалькліч з настаўніцай і служанкамі, а сам Гулівер уладкаваўся на маленькім століку пад акенцам, у прыгожай арэхавай скрынцы, якая была яму спальняй.

Гэту скрынку па спецыяльным заказе каралевы зрабіў прыдворны сталяр. Даўжынёй яна была шаснаццаць крокаў, шырынёй — дванаццаць. Знешне яна нагадвала невялічкі домік — светлыя акенцы з аканіцамі, прыгожыя дзверы з вісячым замком, — толькі дах у доміка быў плоскі. Дах падымаўся і апускаўся на завесах. Кожную раніцу Глюмдалькліч падымала яго і прыбірала спальню Гулівера.

У спальні стаялі дзве шафы для адзення, шырокі ложак, камода для бялізны, два сталы і два крэслы з падлакотнікамі. Усё гэта зрабіў для Гулівера цацачны майстар, праслаўлены ўмелец выразаць з косці і дрэва розныя цацкі.

Крэслы, камода і столікі былі зроблены з нейкага матэрыялу, падобнага да слановай касці, а ложак і шафы, як і ўвесь домік, — з арэхавага дрэва.

А каб Гулівер незнарок не выцяўся, калі яго домік будуць пераносіць з месца на месца, сцены, столь і падлогу спальні абабілі мяккім і тоўстым лямцам.

Замок на дзверы быў зроблены па настойлівай просьбе Гулівера: ён вельмі баяўся, каб да яго ў дом не залезла якая-небудзь цікаўная мыш ці прагны пацук.

Пасля некалькіх няўдач слесар нарэшце змайстраваў самы малюсенькі замочак з усіх, якія яму калі- небудзь даводзілася рабіць.

А між тым у сябе на радзіме Гулівер толькі адзін раз у жыцці бачыў замок такіх памераў. Ён вісеў на варотах адной панскай сядзібы, гаспадар якой славіўся выключнай скупасцю.

Ключ ад замка Гулівер насіў у кішэні, таму што Глюмдалькліч баялася згубіць такую малюсенькую рэч. Ды і навошта ёй патрэбен быў гэты ключ? Праз дзверы яна ўсё роўна прайсці не магла, а каб паглядзець, што робіцца ў доміку, ці дастаць адтуль Гулівера, даволі было прыўзняць дах.

Каралева паклапацілася не толькі аб жыллі свайго Грыльдрыга, але і аб новым адзенні для яго.

Строй яму пашылі з самай тонкай шаўковай тканіны, якая толькі знайшлася ў дзяржаве. І ўсё-такі гэтая тканіна была таўсцейшая за самыя тоўстыя ангельскія коўдры, і ў ёй было вельмі нязручна, пакуль Гулівер не прывык да яе. Пашыты быў строй па мясцовай модзе: шаравары накшталт персідскіх, а кафтан накшталт кітайскага. Гуліверу вельмі спадабаўся гэты крой. На яго думку, ён быў вельмі зручны і прыстойны.

Каралева і абедзве яе дачкі так палюбілі Гулівера, што ніколі не садзіліся абедаць без яго.

На каралеўскі стол каля левага локця каралевы ставілі столік і крэсла для Гулівера. Даглядала яго ў час абеду яго нянечка — Глюмдалькліч. Яна налівала яму віно, клала на талеркі стравы і сачыла, каб хто- небудзь не перакуліў і не скінуў яго разам са столікам і крэслам.

У Гулівера быў свой асобны срэбны сервіз — вялікія і малыя талеркі, супнік, соўснік і салатніцы.

Канечне, у параўнанні з пасудай каралевы гэты сервіз здаваўся цацачным, але ён быў вельмі добра зроблены.

Пасля абеду Глюмдалькліч сама мыла і чысціла талеркі і міскі, а потым хавала ўсё гэта ў срэбную шкатулачку. Шкатулачку гэту яна заўсёды насіла ў кішэні.

Каралева вельмі любіла глядзець, як есць Гулівер. Яна нават сама часта падкладвала яму на талерку кавалачак ялавічыны ці птушкі і з усмешкай сачыла за тым, як павольна з'ядае ён сваю порцыю, якую любое трохгадовае дзіця праглынула б зараз.

Затое Гулівер з міжвольным страхам глядзеў на тое, як уплятаюць свой абед каралева і абедзве прынцэсы.

Каралева часта скардзілася на дрэнны апетыт, але тым не меней яна клала ў рот такі кавалак, якога хапіла б на абед цэламу тузіну ангельскіх фермераў пасля жніва. Пакуль не прывык, Гулівер заплюшчваў вочы, каб не бачыць, як каралева абгрызае крыльца рабчыка, у дзевяць разоў большае за крыло звычайнага індыка, і адкусвае кавалачкі хлеба памерам з дзве вясковыя буханкі. Яна не адрываючыся выпівала залаты кубак, а гэты кубак змяшчаў цэлую бочку віна. Яе сталовыя нажы і відэльцы былі ў два разы большыя за палявую касу. Аднойчы Глюмдалькліч, узяўшы на рукі Гулівера, паказала яму разам тузін добра начышчаных нажоў і відэльцаў. Гулівер не мог глядзець на іх спакойна. Ззяючае вострае лязо і велізарныя зубы, доўгія, як коп'і, напалохалі яго.

Калі каралеве расказалі пра гэта, яна засмяялася і спытала ў свайго Грыльдрыга, ці ўсе яго землякі такія баязліўцы, што без страху не могуць бачыць сталовы нож і ўцякаюць ад звычайнай мухі.

Яе заўсёды пацяшала, што Гулівер з жахам ускакваў з месца, калі некалькі мух з гудзеннем падляталі да яго стала. Для яе гэтыя велізарныя лупатыя насякомыя велічынёй з добрага дразда і на самай справе былі мухамі, а Гулівер не мог і думаць пра іх без агіды і злосці.

Гэтыя надакучлівыя, прагныя стварэнні ніколі не давалі яму спакойна паабедаць. Яны запускалі свае брудныя лапы ў яго талерку. Яны садзіліся яму на галаву і кусялі да крыві. Спачатку Гулівер не ведаў, як ад іх адбіцца, і сапраўды гатовы быў бегчы куды вочы глядзяць. Але потым ён усё ж знайшоў спосаб абароны.

Ідучы абедаць, ён браў з сабой свой марскі корцік і, як толькі мухі падляталі да яго, хуценька ўскакваў з месца і — раз! раз! — на ляту рассякаў іх на часткі.

Каралева і прынцэсы, калі ўбачылі гэтую бітву першы раз, былі ў такім захапленні, што расказалі аб ёй каралю. Назаўтра кароль абедаў разам з імі, каб толькі паглядзець, як Грыльдрыг ваюе з мухамі.

У гэты дзень Гулівер рассек сваім корцікам некалькі вялікіх мух, і кароль пахваліў яго за храбрасць і спрыт.

Але бой з мухамі — яшчэ не самая цяжкая справа. Неяк Гуліверу давялося вытрымаць бой з больш страшным праціўнікам.

Здарылася гэта ў адну звычайную летнюю раніцу. Глюмдалькліч паставіла скрынку з Гуліверам на падаконнік, каб ён мог падыхаць свежым паветрам. Ён ніколі не дазваляў вешаць свой дом за акном на цвік, як часам вешаюць клеткі з птушкамі.

Расчыніўшы ўсе вокны і дзверы ў сваім доміку, Гулівер сеў у крэсла і пачаў есці. У руках яго быў вялікі кавалак салодкага пірага з варэннем. І раптам штук дваццаць восаў уляцела ў пакой з такім гудзеннем, быццам разам зайгралі дзесяткі два баявых шатландскіх валынак. Восы вельмі любяць салодкае і, відаць, здалёк пачулі пах варэння. Штурхаючы адна другую, яны рынуліся на Гулівера, адабралі ў яго пірог і мігам разарвалі на кавалачкі.

Тыя, каму нічога не дасталося, насіліся над галавой Гулівера, аглушаючы яго сваім гудзеннем і пагражаючы страшэннымі джаламі.

Але Гулівер быў не з баязлівых. Ён схапіў сваю шпагу і кінуўся на разбойніц, чатырох забіў, а астатнія паўцякалі.

Пасля гэтага Гулівер зачыніў вокны і дзверы і, трохі перадыхнуўшы, пачаў разглядаць трупы сваіх ворагаў. Восы былі велічынёй з вялікага цецерука. Вострыя, як іголкі, джалы іх былі даўжэйшыя, чым сцізорык Гулівера. Добра, што яму пашчаслівіла пазбегнуць уколу гэтых атручаных нажоў!

Асцярожна загарнуўшы ўсіх чатырох вос у ручнік, Гулівер схаваў іх у ніжнюю скрынку сваёй камоды.

— Калі мне яшчэ суджана калі-небудзь вярнуцца на радзіму, — сказаў ён сабе, — я падарую іх школе, дзе я вучыўся.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату