з грузам на канцы. Такой даўжыні патрэбна было пашыць кафтан.
Рукавы і паясніцу Гулівер змераў сам.
Праз два тыдні новы строй быў гатовы. Ён атрымаўся цудоўны, але быў падобны на коўдру з абрэзкаў, бо яго давялося сшыць з некалькіх тысяч кавалкаў тканіны.
Кашулю Гуліверу шылі дзвесце швачак. Для гэтага яны ўзялі самае моцнае і грубае палатно, якое толькі маглі знайсці, але нават яго давялося складаць у некалькі столак, а потым сшываць, бо самае тоўстае паруснае палатно ў Ліліпуціі не таўсцейшае за нашу кісяю. Кавалкі гэтага ліліпуцкага палатна бываюць звычайна даўжынёй са старонку школьнага сшытка, а шырынёй — на паўстаронкі.
Швачкі знялі з Гулівера мерку, калі ён ляжаў у пасцелі. Адна з іх стала яму на шыю, другая на калена. Яны ўзялі за канцы доўгую вяроўку і туга нацягнулі яе, а трэцяя швачка маленькай лінеечкай змерала даўжыню гэтай вяроўкі.
Гулівер разаслаў на падлозе сваю старую кашулю і паказаў яе швачкам. Яны некалькі дзён аглядалі рукавы, каўнер і складкі на грудзях, а потым за адзін тыдзень вельмі акуратна пашылі кашулю якраз такога ж фасону.
Гулівер быў вельмі рады. Нарэшце ён мог з ног да галавы адзецца ва ўсё чыстае і цэлае.
Цяпер яму не хапала толькі капелюша. Але тут яго выручыў шчаслівы выпадак.
Аднойчы да імператарскага двара прыбыў ганец з весткай, што непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены Чалавек-Гара, пастухі заўважылі велізарны чорны прадмет з круглым гарбом пасярэдзіне і з шырокімі плоскімі краямі.
Спачатку мясцовыя жыхары падумалі, што гэта марская жывёліна, выкінутая хвалямі. Але паколькі гарбун ляжаў зусім нерухома і не дыхаў, то яны здагадаліся, што гэта нейкая рэч, якая належала Чалавеку- Гары. Калі яго імператарская вялікасць загадае, гэтую рэч можна прывезці ў Мільдэнда ўсяго на пяці конях.
Імператар згадзіўся, і праз некалькі дзён пастухі прывезлі Гуліверу яго стары чорны капялюш, які ён згубіў на водмелі.
Праўда, капялюш быў крыху папсаваны, таму што возчыкі прабілі ў яго палях дзве дзіркі і ўсю дарогу валаклі на доўгіх вяроўках. Але ўсё-такі гэта быў капялюш, і Гулівер надзеў яго на галаву.
10
Жадаючы дагадзіць імператару і хутчэй выйсці на волю, Гулівер прыдумаў незвычайную забаву. Ён папрасіў прывезці яму з лесу некалькі тоўстых і вялікіх дрэў.
На другі дзень сем возчыкаў на сямі калёсах прывезлі яму бярвенні. Кожныя калёсы цягнулі восем коней, хоць бярвенні былі таўшчынёй са звычайны кіёк.
Гулівер выбраў дзевяць аднолькавых кійкоў і ўбіў іх у зямлю, размясціўшы правільным чатырохвугольнікам. На гэтыя кійкі ён туга, быццам на барабан, нацягнуў сваю насоўку. Атрымалася роўная, гладкая пляцоўка.
Вакол яе Гулівер паставіў поручні і прапанаваў імператару наладзіць на гэтай пляцоўцы ваеннае спаборніцтва.
Імператару вельмі спадабалася гэта забава.
Ён загадаў, каб дваццаць чатыры лепшыя кавалерысты ў поўным узбраенні рушылі да старога замка, і сам прыехаў глядзець на іх спаборніцтвы.
Гулівер па чарзе падняў усіх кавалерыстаў разам з коньмі і паставіў на пляцоўку.
Затрубілі трубы. Коннікі падзяліліся на два атрады і пачалі ваенныя дзеянні. Яны пускалі адзін у аднаго тупыя стрэлы, калолі сваіх праціўнікаў тупымі коп'ямі, адступалі і нападалі.
Імператар быў так задаволены ваеннай пацехай, што пачаў наладжваць яе кожны дзень.
Адзін раз ён нават сам камандаваў атакай на Гуліверавай насоўцы.
Гулівер у гэты час трымаў на далоні крэсла, у якім сядзела імператрыца. Адсюль ёй было лепш відаць, што робіцца на насоўцы.
Усё ішло добра. Толькі аднойчы, у час пятнаццатых манеўраў, разгарачаны конь аднаго афіцэра прабіў капытом насоўку, спатыкнуўся і скінуў свайго ездака.
Гулівер падставіў левую руку пад дзірку ў насоўцы, а правай асцярожна спусціў на зямлю ўсіх кавалерыстаў аднаго за другім.
Пасля гэтага ён акуратна зацыраваў насоўку, але ўжо баяўся за яе трываласць і не асмельваўся больш наладжваць на ёй ваенныя гульні.
11
Імператар не хацеў заставацца ў даўгу перад Гуліверам. Ён у сваю чаргу вырашыў пацешыць Куінбуса Флестрына цікавым відовішчам.
Аднойчы пад вечар Гулівер, як звычайна, сядзеў на парозе свайго замка.
Раптам вароты Мільдэнда адчыніліся, і адтуль выехаў цэлы поезд: уперадзе на кані імператар, за ім — міністры, прыдворныя і гвардзейцы. Усе яны накіроўваліся па дарозе, што вяла да замка.
У Ліліпуціі існуе такі звычай. Калі які-небудзь міністр памірае ці атрымлівае адстаўку, пяць або шэсць ліліпутаў звяртаюцца да імператара з просьбай, каб ён дазволіў ім павесяліць яго танцамі на канаце.
У палацы, у галоўнай зале, нацягваюць як мага тужэй і вышэй канат, не таўсцейшы за звычайную нітку.
Пасля гэтага пачынаюцца танцы і скачкі.
Той, хто падскочыць на канаце вышэй за ўсіх і ні разу не зваліцца, займае міністэрскае месца, што выслабанілася.
Часам імператар прымушае ўсіх сваіх міністраў і прыдворных танцаваць на канаце разам з навічкамі, каб праверыць лоўкасць людзей, якія кіруюць краінай.
Кажуць, што ў час гэтых забаў часта бываюць няшчасныя выпадкі. Міністры і навічкі падаюць з каната і скручваюць сабе галовы.
Але на гэты раз імператар вырашыў танцы на канаце наладзіць не ў палацы, а пад адкрытым небам, перад замкам, у якім жыў Гулівер. Яму хацелася здзівіць Чалавека-Гару майстэрствам сваіх міністраў.
Сама лепш умеў скакаць на канаце дзяржаўны казначэй Флімнап. Ён падскочыў вышэй за ўсіх астатніх прыдворных не менш як на паўгалавы.
Нават дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель, вядомы ў Ліліпуціі як майстар круціцца і скакаць, не мог пераўзысці яго.
Потым імператару падалі доўгую палку. Ён узяў яе за адзін канец і пачаў хутка падымаць і апускаць.
Міністры падрыхтаваліся да спаборніцтва, якое было куды цяжэйшае, чым танцы на канаце. Як толькі палка апусціцца, трэба было паспець пераскочыць цераз яе, а як толькі яна падымецца, пралезці пад ёй на карачках.
Лепшыя скакуны і пралазы атрымлівалі ад імператара як узнагароду сінюю, чырвоную ці зялёную нітку, каб насіць яе вакол пояса.
Першы пралаза — Флімнап — атрымаў сінюю нітку, другі — Рэльдрэсель — чырвоную, а трэці — Скайрэш Балгалам — зялёную.
Гулівер глядзеў на ўсё гэта і дзіву даваўся: вось якія яны — прыдворныя звычаі ліліпуцкай імперыі.
12