запрапанаваў. Амбіцыя афіцэра таксама адыйгравала не малую ролю, тымбольш, што Андэрса й 2-гі Корпус сыстэматычна ганьбіла савецкая прапаганда, закідаючы, што ўцяклі з Савецкага Саюзу, каб не змагацца з фашызмам і ператварыліся ў армію ваяжэраў па Пэрсыі, Іраку, Палестыне, Сырыі, Лібане, Эгіпце й Італіі.

Пры гэтым і так шкодны для славянаў рамантызм, думаю, уваходзіў у гульню: а можа саюзьнікі належна ацэняць нашую ахвяру… А можа зьменяць сваю арыентацыю… А можа… Інакш ня было сэнсу крывавіцца. Забыліся пра лекцыю, якую даў Напалеон. Спадзяваліся, што Рузвэльт і Чэрчыль менш цынічныя за Бонапарта…

Так, ці інакш, 27 красавіка 2-гі Корпус пераняў пазыцыі насупраць і направа ад Монтэ-Касыно.

Ну й пайшлі…

Адны сьпявалі: (бо песня неразлучны спадарожнік жаўнера):

W krwawym polu srebrne ptasze, Poszli na boj chlopcy nasze…

Іншыя:

Ой не ходи, Грицю, Тай на вечерниці…

А яшчэ іншыя:

Ой, чаго-ж ты шукаеш ды на чужыне? Чаму-ж ты ня дома, ды ня пры дзяўчыне?..

Урэшце нехта, маўляў, усім чэрцям на зло, зацягнуў:

Vor der Kaserne, vor dem grossen Tor, Stand eine Laterne und steht sie noch davor…

Падхапілі й мэлёдыю Лілі Марлен, пры чым некаторыя ў сваіх мовах пад мэлёдыю імправізавалі словы. Нашы «ангельцы», якія ганарыліся, што былі ў Ангельшчыне, ды бязбожна калечылі багатую мову Чэрчыля, гамзалі:

With you, Lili Marlen!

Нездарма савецкая прапаганда называла 2-гі Корпус «корпусам ваяжэраў». Прымусова бадзяючыся па сьвеце, мы навучыліся калечыць розныя мовы. Ніхто-б тады ня зьдзівіўся, калі-б нейкі дзядзька спад Смаргоняў ці Міра запеў паарабску. Былі й такія лінгвістыя, што праз некалькі дзён навучыліся паітальянску:

О, mia bella Napoli.[2]

Так у песьнях весялосьць мяшалася з сумам, мэлянхолія — з бадзёрасьцяй, туга — з надзеяй, калі мы ехалі пад Монтэ-Касыно.

Перад Вэнафро ў нашыя песьні ўмяшаўся, яшчэ далёкі, глухі, але пагрозьлівы пануры гук артылерыйскай кананады, які вырваўся з-за гораў Абруццы.

Memento mori…[3]

* * *

Маё першае ўражаньне спад Монтэ-Касыно было лірычнае: разбушаваная італьянская вясна, пунсовыя макі й звар'яцелыя салаўі. Калі батальён, ідучы на пазыцыі, увайшоў у даліну ракі Рапідо, сонца зьніжалася за горы. Батальён затрымаўся ў аліўкавым ляску, бо далей у дзень ня можна — усё бачаць і страляюць. Праўда, страляюць, але пакуль што — наша артылерыя. Грознага манастыра нельга бачыць: ён спавіты хмарай дыму й пылу, — толькі што яго бамбардавала амэрыканская авіяцыя. На руіны ськінулі яшчэ адну, ня ведама каторую з чаргі, порцыю — некалькі сотняў тонаў зялеза.

Мы заляглі паміж аліўкамі. Палкоўнік склікае афіцэраў. Ён ужо бачыў аб'ект нашага наступу й зазнаямляе нас з палажэньнем. Праз біноклі вочы ўпіваюцца ў панараму. Маем уражаньне цырковага актара, які ў пустым цырку з апошняга месца глядзіць на пустую арэну, на якой ён пазьней будзе змагацца з тыграмі.

Аднак тое, што цяпер бачым, не выглядае страшна. Палкоўнік паказвае нам дэталі панарамы. На права бачым Монтэ Кайро — найвышэйшы шчыт у гэтым раёне (1669 мэтраў). Гэта быццам-бы ставокі Аргус, які бачыць усё, што дзеецца навокал. Далей — Сан Анджэлё, далей тое, што мы пазьней зьлілі крывёй — гара, якую Амэрыканцы назвалі «фантом», Палякі — «відмэм». Здань. Горы абніжаюцца й іхны масыў канчаецца разьбітым манастыром на гары, над якой паволі пачынаюць разьвейвацца воблакі дыму й пылу. Далей вузкая даліна Ліры, дарога № 6 — вія Касыліна — у Рым, далей — горы Абруццы. На фоне крывава- чырвонага неба сінія горы выглядаюць лёгка, амаль каронкава.

* * *

17-ці гадовы Валодзька Мацкевіч прагна глядзіць на арэну, дзе атрымае першы агнёвы хрост і крывавую ванну. У ягоных вачох трэма й эмоцыя: падлеткі ахвотна мрояць, што стануцца героямі. Валодзька цягне за рукаво саракагадовага Мацулевіча:

— Дзядзька Піліп, як думаеш, здабудзем?..

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×