зьмераны, кожнае міннае поле было абаранянае з бункераў.

Даходзім да месца, дзе пачынае дзеяць ручная зброя: шмайсэры й спандаў'ы. Жаўнеры пачынаюць «залягаць»: нехта ў ямцы, нехта пад скалой.

Артылерыя й мінамёты праціўніка вальцуюць поле.

— Наперад, на Бога наперад, ззаду сьмерць!..

Пачынаем траціць кантакт з сваімі аддзеламі. Радыёвыя апараты разьбітыя, тэлефонныя драты, якія наматалі павучкі вайны — тэлефаністы — паразрываныя. У пякельным выцьці цэлага пекла д'яблаў голас не даходзе да вушэй. Куды йсьці, што рабіць, з кім ісьці — траціцца арыентацыя (ня гледзячы на тое, што ? пашто йсьці?).

— Наперад! Наперад!

І вось бункеры плююць волавам. Гэта яшчэ ня так блага. Прынамся бачым скуль страляюць. Можна падпаўсьці й разваліць бункер гранатай, або пятам. (Пят — гэта такая жыдоўская артылерыя, якую выдумалі ангельцы. Гэта цяжкая рулька, ў якую сьпераду ўкідаецца гранат і пасьля страляецца. Але пят мае вялікую сілу выбуху, якой бункер ня вытрымоўвае). Горшыя бункеры затоеныя й замаскаваныя, каля якіх прабягаеш, а яны маўчаць. Затое пазьней страляюць ззаду ў патыліцу.

Пасьля монтэкасынскага бою некаторыя генэралы ганарліва заяўлялі, што яны камандвалі арміямі, корпусамі, дывізіямі.

Дудкі!

Камандзер корпусу, напрыклад, меў сякі такі кантакт з камандай дывізіі, камандзер дывізіі з брыгадай, але ўжо камандзер брыгады ня меў кантактаў з батальёнамі, камандзер батальёну часта ня меў кантакту з ротамі і г. д.

Парадокс, аднак найбесьпячней было як-найбліжэй варожых бункераў. Там прынамся можна было аблажыцца каменьнямі, бо артылерыя не страляла па сваіх становішчах. Таму жаўнеры, апынуўшыся паміж бункераў, пачалі да іх прытульвацца й разьбіваць гранатамі, бо амуніцыі да пятаў не хапала, ды й пяты пагубіліся падарозе. Адзін жаўнерык ухітрыўся й аблажыўся трупамі гіндусаў, нашых папярэднікаў. Змабілізаваў пяць трупаў, а пазьней крычаў суседу, які ляжаў за каменчыкамі:

— Прадаю аўтэнтычнага гіндуса за пляшку джыну!

— Але ён сьмярдзіць.

— Хай лепш сьмярдзіць ён, чымся я.

Жыцьцё: жах мяшаецца з гумарам, макабра — з ідыльляй.

Раптам чамусьці зрабілася ціха.

Дудкі, маўляў адразу вызьверыліся салаўі. Але ўжо злосна, бо ім нейкія «страньеры» перашкаджаюць жыць і цешыцца жыцьцём ды вясной.

Цяжка, лежачы пад бункерам ворага, слухаць песьні салаўя…

Але йзноў завыла мільён д'яблаў і быццам-бы стала лягчэй: салаўі больш дэпрымуюць…

Хоцькі-няхоцькі трэба было пачынаць разьбіваць бункеры, бо людзі апынуліся быццам-бы ў муравейніку. Тут застаюцца толькі ручныя гранаты й таміганы, бо пяты недзе падарозе загразьлі.

Бачу, дзядзька Лукаш паўзець пад бункер з апошняй гранатай і кідае. Бункер моўкне. Як пазьней выявілася, граната перасекла спандаў. Нехта іншы запоўз за бункер і ўткнуўшы таміган, расстраляў некалькі праціўнікаў. Крышку палягчэла.

Але набліжаецца найгоршае — золак. У дзень застацца паміж бункерамі — сьмерць.

Ізноў-жа парадокс: сонца дае жыцьцё, — у той час для нас сонца азначала сьмерць.

Бачым, што наступ заламаўся. Тады палкоўнік дае загад адступаць. Нялёгка было сходзіць з праклятай гары, пакідаючы там столькі сваіх жаўнераў і прыяцеляў. Фактычна батальён быў разьбіты.

Вельмі характэрную размову пераказвае Ваньковіч з камандзерам другога батальёну «Карпацкай» дывізіі, палкоўнікам Бжуско. Палкоўнік быў паранены й калі яго наведаў Ваньковіч, той сказаў:

— Калі вы напішаце, што мой батальён быў «разьбіты» — гэта будзе няпраўдай.

— А як я гэта магу акрэсьліць? — паставіў пытаньне Ваньковіч.

— Выбіты…

Тут мушу прыгадаць, што другі батальён стаяў на другім месцы паводле стратаў людзей пасьля нашага батальёну.

У той мамэнт, як палкоўнік пастанавіў адступаць, нейкім чынам дайшоў загад з дывізіі: «За ўсякую цану ўтрымаць здабытую пазыцыю, мантуецца другі наступ». Тады наперад, шукаць лепшай пазыцыі, бо тут, дзе мы ляжым, — лысы ўзгорак. Няшмат гэтага войска засталося, але тое, што было, кінулася наперад. А тут зямля гарыць пад нагамі: навокал бункеры, міны й пасткі. Але рынуліся, бо зараз будзе відна. Заляглі й пачалі разьбіваць бункеры, якія былі найбліжэй. Але з усходам сонца ўзьніклі новыя цяжкасьці: снайпэры праціўніка. Ноччу яны былі сьляпыя, але цяпер пачалі вызьвярацца. Хапіла толькі падняць руку з каменнага складака, а ўжо рука была прастрэленая. Снайпэры пераважна сядзелі на дрэвах добра замаскаваныя, іншыя — за высокімі скаламі. Пачалося ўзаемнае паляваньне. Нашы снайпэры, хоць іх няшмат засталося, таксама ўзяліся за работу. Яны, снайпэры, назіралі, скуль падае стрэл, пазьней спакойна чакалі, пакуль праціўнік не парушыўся. Вока снайпэра — сакалінае: кажны рух заўважыць. Тады снайпэр прыцэльваўся й праціўнік ляцеў з дрэва, як сьпелы яблык. Памаленьку снайпэры праціўніка былі зьбітыя з дрэваў. Аднак сытуацыя няшмат палепшылася, бо стралялі далейшыя бункеры, да якіх ня можна было дапаўзьці.

Найгоршае, што пачала пагражаць «брындза» (крыптонім: нястача амуніцыі), а данесьці яе на пазыцыі ўдзень ня было мовы. Пекла павялічаюць енкі параненых, якіх няма магчымасьці зносіць, бо санітары або выбітыя, або ня могуць дайсьці праз агонь.

Тады камандзер батальёну даў дэфінітыўны загад сходзіць з гары.

Макабрычнае было гэтае сходжаньне. Амаль кажны здаровы, ня вылучаючы афіцэраў, нёс параненага. І так усіх не змаглі забраць. Пазьней іх падбіралі немцы. Дзе ня можна было ісьці, людзі паўзьлі на жыватах, маючы на плячах параненага калегу. Было некалькі выпадкаў, што паранены быў дастрэлены падчас гэтай маніпуляцыі і жаўнер поўз, маючы ўжо на сабе трупа. Сонца пражыла, а вады ані кроплі. Каменьні войстрыя рэжуць цела й ірвуць вопратку. Людзі ўпадаюць у нэрвовы шок, зрываюцца не ў пару, іх выстрэльваюць, як зайцаў.

Урэшце жменька людзей спаўзла із «Здані». Амэрыканцы назвалі гэтую гару «Fantom ridge», Палякі — «Відмо». Заляглі на выходных пазыцыях, як цяжка параненыя зьвяры. Выглядалі жахліва: скрываўленыя, абдзёртыя, пакалечаныя, стомленыя й бяз кроплі вады.

І вось якія рапарты атрымоўвае дывізія, а пасьля корпус, ад камандзераў трох батальёнаў, якія сплылі із «Здані»: палкоўнік Домонь — 18-ы батальён мае 30 чалавек; палкоўнік Стачкоўскі — 15-ы батальён — 7; палкоўнік Каміньскі — 13 батальён — толькі 3.

А трэба прыгадаць, што ўсе тры батальёны пачалі атаку ў поўным складзе, г. зн. каля 800 жаўнераў кажны.

Палажэньне на першы пагляд трагічнае: тры батальёны выбітыя. Ня лепш і ў Карпацкай дывізіі. Аднак Андэрс, страляны на розных войнах і франтох (9 ранаў), разважаў спакойна. Стварыўся хаос, трэба кансалідавацца й падрыхтоўваць другую атаку.

— Але з чым? — можа нехта сказаць. — Корпус выбіты!

Пазьней выявілася, што ня было так страшна. Праўда, кажны батальён страціў менш-больш палову сваёй баяздольнасьці, аднак ноччу пачалі сплываць людзі з усіх бакоў: і тыя што, заляглі ззаду, і тыя, што далёка зайшлі наперад і не пачулі загаду адступаць, і тыя, што блукаліся, шукаючы сваіх аддзелаў. Усё пераблыталася ў гэтым пякельным агні, ўпацёмку й хаосе бітвы.

Зямля прыгожая і няўдзячная, як лермантаўская царыца Тамара. Здаецца блізка, а як далёка! Цяпер рэактыўны самалёт ляціць з Эўропы ў Амэрыку каля пяці гадзін. (Колюмб плыў каля шасьці месяцаў). А тут — на «Здані», стомэтровая адлегласьць раўнялася дзесяткам людзкіх жыцьцяў, плюс — шмат літраў крыві, плюс — перажыцьці.

Нашае камандаваньне атрымоўвае рапарт, што гара «Здань» дэфінітыўна ачышчаная ад нашага войска. Тады наша артылерыя кладзе шалёны агонь на «Здань». Выяўляецца, што няпраўда. На «Здані» ляжаць нашыя жаўнеры. У нейкай ямцы ляжыць маёр Гнатоўскі із сваім паўбатальёнам. Праўда, гэты паўбатальён цяпер налічвае 26 жаўнераў, якія не пачулі загаду адступаць. Маёр Гнатоўскі ведае адно: а 15 -й гадзіне мае быць другі наступ. Ён чакае. Наступу няма. Тады ён зразумеў, што акцыя заламалася і трэба чакаць начы, каб зыйсьці з гары. Адначасова пад заслонай цемры спаўзалі іншыя жаўнеры, якія не пачулі

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×