падрыхтаваныя да паступленьня ва ўніверсітэт. Аднак нават у вялікіх гарадох стандарты не былі такімі высокімі, як у польскай гімназіі.
Я пачаў працаваць настаўнікам, але незадаволены гэтым абавязкам, я арганізоўваў спартыўныя мерапрыемствы. Я ўвёў гімнастыку, баскетбол, валейбол, лыжны спорт. Малады расейскі настаўнік Міша быў моцна ўражаны маімі намаганьнямі. Ён зьяўляўся камсамольцам, членам камуністычнай моладзевай арганізацыі, якая была першым крокам на шляху да членства ў кампартыі. На прыступку ніжэй за камсамольцаў знаходзілііся піянеры, своеасаблівы эквівалент скаўтаў. Усе гэтыя арганізацыі выпрацоўвалі ў членах камуністычны дух невідушчага падпарадкаваньня кіраўнікам арганізацыяў.
Мая дзейнасьць зацікавіла Міхаіла, і аднойчы, калі ў мяне быў дзесяціхвілінны перапынак паміж заняткамі, Міша адвёў мяне ўбок і запрасіў прагуляцца й пагутарыць пра тое-сёе. Ён спытаўся, як мне падабаецца мая праца, і паведаміў, што ён уражаны тым, што я арганізую спартыўныя мерапрыемствы для вучняў. Ён сказаў, што я раблю карысную, але безнадзейную рэч, таму што яе не падтрымліваюць наверсе, бо я ня ёсьць камсамольцам. Я спытаў, ці не прапануе ён мне ўступіць у камсамол, і Міхаіл адказаў, што гэта было б нядрэнна. Ён растлумачыў, што калі я зраблю гэтак, то ў мяне будзе больш шанцаў самарэалізавацца, і яшчэ я змагу потым уступіць у кампартыю. І калі я ўжо здолею апошняе, то будучыня будзе маёй, па словах Міхаіла. Ён гаварыў з такім запалам, што мне на нейкі момант падалося, што я сапраўды мог бы стаць членам партыі. Я помніў папярэджаньні свайго дзядзькі пра дзейнасьць Камуністычнай партыі. Я ніколі ня меў дакладнага ўяўленьня пра ейную дзейнасьць, але я памятаў пра тое, што зьнікалі кулакі й нават удзельнікі Грамады, якая, лічылася, супрацоўнічае з камуністамі. Падазрэньні й ненавісьць да камуністаў усё ўзмацняліся ўва мне, і я ніяк ня мог уявіць сябе камсамольцам. Я таксама ведаў, што ў дачыненьні да ўсіх, хто хацеў уступіць у камсамол, праводзілася праверка мінулага, бацькоў і дзядоў. Я баяўся, што, калі яны даведаюцца, што я нелегальна вярнуўся ў Беларусь, то мяне таксама залічаць у «непажаданыя элементы». Я падзякаваў Мішу за ягоную шчодрую прапанову, але заўважыў, што не заслужыў яшчэ пачэснай магчымасьці стаць касамольцам, бо ёсьць пакуль ідэялягічна непадрыхтаваным. Мне спатрэбіцца час, каб абмеркаваць усё гэта. Я паабяцаў, што празь нейкі час дам Мішу больш пэўны адказ. Ён папрасіў доўга ня думаць і дадаў, што спадзяецца, я дам станоўчы адказ.
Тым самым днём, за вячэрай, я паведаміў сваёй сямьі, што здарылася. Мая цётка Люба проста скамянела. Яна сказала, што я не змагу пазьбегнуць уступленьня ў камсамол, а той факт, што Базыль Рагуля — мой дзядзька, скончыцца для мяне непрыемнасьцямі. Я на гэна заўважыў, што яны ўжо ведаюць пра нашае сваяцтва, і выказаў сваё зьдзіўленьне тым, што Базыль яшчэ тутака. Я дадаў, што ведаю пра кампартыю шмат дрэнных рэчаў і што ніколі не ўступлю ў яе. Позна вечарам прыйшоў мой дзядзька Базыль, і я распавёў яму пра свае клопаты. Дзядзька падкрэсьліў, што я не павінны ўступаць ў партыю, бо, калі я зраблю гэта, то аддамся ў рукі сыстэмы, ад якой ужо ня здолею адкараскацца. Рашэньне было прынятае, і цяпер стаяла пытаньне, як адзьцягнуць размову зь Мішам і як адмовіць яму.
Жыцьцё тым часам працягвалася, і я нейкім чынам зрабіўся абыякавым да падзеяў, што адбываліся наўкола. Я рыбачыў, а калі ў лістападзе выпаў сьнег, катаўся на лыжах у лесе непадалёк. Мне падабалася назіраць за жывёламі, і я ніколі не забіў нічога большага за зайца. Нягледзячы на армейскую падрыхтоўку, я ня быў добрым стралком. Аднойчы я забіў зайца і ня мог нават знайсьці ранку. Я прынес яго дадому, і мае пачалі кпіць зь мяне, што заяц памер ад страху, калі пачуў стрэл. Але я ня надта захапляўся паляваньнем. Мне больш падабалася хадзіць на лыжах, бавіць час на самоце, калі я мог упарадкаваць свае думкі.
Памятаю, як мой дзядзька сказаў, што мы не заўсёды атрымліваем тое, на што спадзяемся, і што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не была беларускай, а толькі новым набыткам Савецкага Саюза. Калі мы былі пад польскай акупацыяй, то змагаліся за тое, каб захаваць свае школы, сваю мову й сваю культуру. Але мы адкрыта размаўлялі па-беларуску, чыталі беларускія кнігі й, да 1932 году, нават мелі штотыднёвае перыядычнае выданьне. Мы друкавалі й перавыдавалі кнігі сваіх знакамітых паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Янкі Купалы й Якуба Коласа. Але жыцьцё пад саветамі аказалася ня тым, чаго чакалі людзі. Замест вызваленьня саветы прынесьлі новую хвалю тэрора, русіфікацыю, матэрыяльны заняпад і нечуваны зьдзек з боку партыі й КГБ.
Нарэсьце надышоў час даць адказ на прапанову стаць камсамольцам. Аднойчы да мяне прыйшоў намесьнік дырэктара, каб абмеркаваць са мною курс нямецкай мовы. Я паскардзіўся, што мне цяжка вучыць дзяцей бяз кніг і іншых дыдактычных матэрыялаў. Намесьнік паабяцаў дапамагчы. Потым ён дадаў, што ніколі ня меў магчымасьці пагаварыць са мной пра маё мінулае й што ён, увогуле, хацеў бы даведацца пра мяне крыху больш. Ён сказаў, што чуў, што я быў ваеннапалонным у Германіі, і пацікавіўся, як я здолеў вярнуцца ў Беларусь. Я адказаў, што гэна ўсё старыя й непрыемныя ўспаміны, і я не лічу, што яны такія ўжо цікавыя. Я распавёў, што чуў, быццам у Беларусі йзноў адчыніліся школы, да таго ж я хацеў вывучаць медыцыну й таму сплянаваў уцёкі. Намесьнік спытаўся, ці былі ў мяне цяжкасьці зь пераходам мяжы. Я адказаў, што не, бо нямецкія патрулі знаходзіліся далёка, а потым я накіраваўся ў Беласток і там сеў у цягнік на Наваградак. Намесьнік зьдзівіўся, што саветы не спынілі мяне для кантролю й не арыштавалі мяне. Я зманіў, што ня думаў, што ваеннапалоннаму трэба нечага баяцца. Я скончыў словамі пра тое, што Нямеччына ўжо ў мінулым, што я нарэсьце дамогся свабоды й цяпер хацеў бы спакойна працаваць у школе. Намесьнік хацеў дазнацца, ці паведаміў я пра свае ўцёкі ўладам. Я адказаў, што хадзіў у гарадзкую адміністрацыю ў Наваградку. Натуральна, я не ўзгадаў Абрамовіч. Некаторы час панавала цішыня, бо намесьнік, відаць, чакаў яшчэ нейкіх прызнаньняў ад мяне. Маё сэрца пачало моцна біцца. Я стараўся не выдаваць сваёй трывогі, але мне здавалася, што рэчы сьціскаюцца вакол мяне. Я ўжо чуў, што парушальнікаў мяжы адпраўляюць у лягеры на тры гады, згодна са 120 артыкулам. Потым намесьнік дырэктара павярнуўся да мяне й спытаўся, ці прыняў я рашэньне наконт камсамолу. Я адказаў, што мне яшчэ патрэбна крыху часу, каб вывучыць гісторыю Камуністычнай партыі й ведаць тыя рэчы, якія ён ужо ведаў. Я дадаў, што не хачу быць навабранцам, які нічога ня ведае пра гісторыю Кампартыі й ейную дзейнасьць у Савецкім Саюзе. Намесьнік адказаў не адразу. Ён заявіў, што разумее мяне, але ягоны голас гучаў ня надта пераканаўча. Я быў упэўнены, што намесьнік гэбіст і што ён яшчэ будзе абмяркоўвацю маю будучыню ў пэўнай установе.
Дома я ўсім расказаў, што адбылося, і павісла маўчаньне. Цётка Люба, якая ўсхвалявалася больш за ўсіх, параіла мне пакінуць Любчу й пайсьці туды, дзе мяне ніхто ня ведае. Але я падумаў, што калі я гэта зраблю, будзе выдаваць на тое, што я вінаваты ў нечым і спрабую пазьбегчы расплаты за грахі, хаця на самой справе ніколі іх не ўчыняў. Я вырашыў застацца, што аказалася няўдалым рашэньнем, і працягваў працаваць настаўнікам, займацца з вучнямі спортам, у першую чаргу лыжамі.
Незадоўга перад Ражаством 1940 году я наведаў свайго стрыечнага брата Вальтэра, сына цёткі Любы. Я на лыжах пайшоў да яго ў лес, дзе Вальтэр служыў лясьнічым. Гэна было вельмі ціхае месца, і я прабавіў там шмат часу за размовамі пра маё мінулае, маю будучыню й пляны майго брата. Ён быў сьціплым чалавекам, безь ніякіх асаблівых памкненьняў. Вальтэр скончыў польскую гімназію, вучыўся ў Варшаве, здаецца, на ветэрынара. Але ён сышоўся з благімі людзьмі, магчыма, нават ужываў наркотыкі й алкаголь і так і не атрымаў адукацыі. Вальтэр вярнуўся дадому й пачаў працаваць у якасьці лясьнічага. Ён быў прыемным чалавекам, гадоў на шэсьць старэй за мяне, і адзіным сябрам-мужчынам, які ў мяне тады меўся. У мяне не было бацькі, а дзядзька Косьця быў чалавекам слабым, нерашучым, і я, хаця й любіў яго, але не паважаў, не ўважаў за прыклад мужчыны. Вальтэр быў адзіным чалавекам, зь якім я бавіў час: на рыбалцы, у вандроўках і г.д.
Ражаство ў Любчы было ціхім і прыемным. Сабраліся мая маці, дзядзька Базыль, Вальтэр і ягоная беспрацоўная сястра Ніна. Упершыню мы падрабязна абмяркоўвалі маю будучыню. Мая маці моцна хвалявалася за мяне й прапанавала мне паехаць у які-небудзь вялікі горад, дзе я мог бы згубіцца. Ізноў, я не ўяўляў, як гэта магчыма.
Прайшлі Ражаство й Новы год, а я працягваў працаваць у школе й зрэдку наведваў маці. Паміж тым, я пасябраваў з адной настаўніцай, якая, як і большасьць зь іх, была з Савецкага Саюзу. (Савецкія ўлады лічылі, што мясцовым настаўнікам нельга давяраць выкладаньне камуністычных прынцыпаў.) Настаўніца неяк захварэла, і я стаў часьцей бачыць яе: наведваць, прыносіць сочыва, якое зварылі мая цётка й бабуля. Адносіны паміж намі пацяплелі. Дайшло нават да мілосьцяў і абдымкаў, але нічога сур’ёзнага паміж намі не было, і я ніколі ня меў ніякіх сур’ёзных намераў наконт яе. Калі дзяўчыне палепшала, яна прапанавала нам выпіць разам. Яна выцягнула бутэльку гарэлкі й нейкі селядзец і заявіла, што мы п’ем за нашую будучыню, бо павінны хутка зарэгістраваць шлюб. (На той час ажаніцца было вельмі лёгка: тры рублі — і вы ўжо муж і жонка, трыццаць — і вы разьведзеныя.) Я быў у шоку! Я сказаў дзяўчыне, што не зьбіраўся зь ёю жаніцца.