што найлепшае, што я магу зрабіць для сваёй краіны, — гэта даносіць на антысаветчыкаў, і пацікавіўся, ці не лічу я працу на карысьць Савецкага Саюза ніжэй сваёй годнасьці. Ён распавёў мне пра Марозава, сямігадовага хлопчыка, які стаў героем Савецкага Саюза, бо данёс на сваіх бацькоў-контррэвалюцыянераў. Іх расстралялі, а ён стаў героем. Я падзякаваў, але заўважыў, што не лічу Марозава героем і не шукаю для сябе геройства такога кшталту. Сьледчы адказаў, што я яшчэ пашкадую, што адмовіўся, але, калі я перадумаю, то мушу паведаміць аб гэтым.
Ён устаў, выйшаў, і затым увайшоў іншы сьледчы. Ён сеў за стол, запаліў цыгарэту й пачаў піць ваду. Паверце, калі хто-небудзь хацеў піць гэтак сама, як я тады, той зразумеў бы, якая гэта пакута — глядзець на некага, хто п’е ваду. У мяне язык прысох да нёба, а цела гарэла. Мне было млосна, мяне мучыла смага, і я ня ведаў, што рабіць. Сьледчы зірнуў на мяне, і я заўважыў лютую жорсткасьць у ягоных вачах. Празь нейкі час ён назваў мяне па-бацьку й спытаўся, як я пачуваюся. Я зманіў, што добра. Ён спытаў, ці абдумаў я прапанову ягонага калегі. Я адказаў станоўча й дадаў, што маё рашэньне канчатковае й што я не хачу ўздымаць гэнае пытаньне йзноў. Ён заўважыў, што й не зьбіраецца гэтага рабіць, а проста хоча, каб я яшчэ раз распавёў гісторыю сваіх уцёкаў. Я спаслаўся на тое, што рабіў гэта ўжо два разы, але сьледчы настойваў, бо я, быццам бы, прапусьціў нейкія дэталі. Ці можаце вы сабе ўявіць, што вам трэба распавядаць тую ж самую гісторыю, зь перасохлым ротам, пасьля чатырох-пяці гадзінаў допыту? Калі я пачаў, сьледчы перарваў мяне й загадаў адразу перайсьці да дэталяў, кшталту імені першага чалавека, зь якім я размаўляў на тэрыторыі Савецкага Саюза. Я адказаў, што гэна была мая маці. Сьледчы заявіў, што я маню, і гэта праўда, але што я мог ведаць пра гэнага селяніна? Ды я й ня стаў бы ўблытваць яго. Я сказаў, што мы з Косьцікам разышліся, і я сеў на цягнік у Наваградак. Гэбіст хацеў ведаць, дзе я ўзяў грошы, і я зхлусіў, што Косьцік прынес мне іх на станцыю. Там мы разьвіталіся й ніколі больш ня бачыліся. Сьледчы пачаў даводзіць, што я не дастаткова шчыры зь імі, у адрозьненьне ад Косьціка. Я на гэна заўважыў, што, калі Косьцік казаў нешта іншае, то гэта таму, што яго прымусілі. Я вырашыў прытрымлівацца свайго варыянта падзеяў, бо калі я пачну мяняць усё больш і больш дэталяў, супраць мяне будзе больш абвінавачаньняў.
Допыт працягваўся. Сьледчы хацеў даведацца пра маю дзейнасьць у гімназіі й пра тое, як я падбухторваў вучняў зьбіраць грошы, каб пабудаваць школу. Гэбіст паведаміў, што я вядомы ім як беларускі нацыяналіст, і што немцы, магчыма, зьбілі мяне з панталыку сваёй нацыяналістычнай і антысавецкай прапагандай. Сьледчы даводзіў, што немцы проста гулялі з маімі пачуцьцямі й перацягнулі мяне на свой бок, каб заслаць у Савецкі Саюз зь нейкім заданьнем. Гэбіст хацеў ведаць канкрэтна, якія заданьні я меў для дзядзькі Базыля, якога кшталту шпіёнскую дзейнасьць я распачаў і якую зброю я хаваю ў Налібоцкай пушчы.
Допыты, здаецца, цягнуліся бясконца, а сьледчыя мяняліся раз на дзьве гадзіны. Наступны ўвайшоў і прапанаваў цыгарэту. Я адмовіўся. Потым ён прапанаваў мне вады. Я ведаў, што ён ня дасьць мне яе, і йзноў адхіліў прапанову. Мне рабілася ўсё горш. Вочы ў мяне зьліпаліся. Пакой, здаецца, пачаў круціцца, і мне выдавала, што я падаю з крэсла. Я папрасіўся ўстаць, але гэбіст ня даў мне дазволу. Сьледчы паліў цыгарэту, праглядаў запісы, сьпяваў сабе пад нос папулярную савецкую песеньку й не зьвяртаў на мяне ніякай увагі. Усё было, як у тумане, і я ня ведаў, размаўляю я ўслых ці пра сябе. Мне здавалася, што я на рыбалцы, а потым — у арміі, што я ваеннапалонны й спрабую ўцячы. Гэна было так, быццам у галаве маёй круціўся фільм. Затым я пачуў загад гэбіста распавесьці сапраўдную гісторыю сваіх уцёкаў. Я адказаў, што ўжо паведаміў ім усю праўду й не магу больш нічога дадаць. Ён параіў мне добра падумаць, бо я падабаўся яму, таму што я, відаць, чалавек інтэлігентны. Ён параіў мне падумаць пра маці, якая нават ня ведае, дзе цяпер ейны адзіны сын. Падумаць, што яна будзе адчуваць, калі даведаецца, што я контррэвалюцыянер, які адмаўляецца служыць на карысць Савецкаму Саюзу. Падумаць, як шмат Савецкі Саюз зрабіў пасьля рэвалюцыі, колькі людзей ахвяравалі сваім жыцьцём, каб працоўная кляса, зь якой я паходжу, атрымала свабоду. Падумаць пра дыктатуру пралетарыята, і колькі было праліта крыві. Я сапраўды пачаў думаць пра тое, колькі крыві невінаватых людзей было праліта, колькі сялянаў, якія не хацелі ўваходзіць у калгасы, прафесароў, настаўнікаў было саслана, расстраляна, адпраўлена ў лягеры паміраць павольнай сьмерцю. Я быў крыху разгубленым, бо ня ведаў, сказаў я ўсё гэна ўслых альбо не. Я згубіў арыентацыю ў часе, і мне здавалася, што я зараз страчу прытомнасьць. Раптам сьледчы падышоў да мяне, узьняў і два разы ўдарыў па твары, каб прымусіць мяне гаварыць. Мне хацелася вырвацца й даць яму здачы, але я стрымаў сябе й не сказаў ні слова. Гэна ўзлавала гэбіста. Ён выцягнуў пісталет, прыставіў яго да маёй скроні й сказаў, што маё жыцьцё будзе каштаваць сем капеек, калі я не пагаджуся супрацоўнічаць. Затым ён націснуў на курок. Відаць, я зьнепрытомнеў ад страху альбо шоку, бо, калі я ачуняў, то заўважыў, што гэны сьледчы выйшаў і яго замяніў новы. Ён выглядаў такім сьвежым, шчасьліва ўсьміхаўся, і допыт пачаўся ўзноў.
Тыя самыя пытаньні, нанова й нанова. Я ўжо не заўважаў, як мяняюцца сьледчыя. Нарэсьце ў вачах у мяне пацямнела, і калі я апрытомнеў, то апынуўся ўжо ў камеры з трыццацьцю-сарака іншымі зьняволенымі. Я ляжаў каля цэбра, напоўненага фекаліямі й мачой. Каля мяне сядзеў чалавек, гадоў шасьцідзесяці-шасьцідзесяці пяці, з добрымі блакітнымі вачыма й прыемнай усьмешкай. Ён спытаўся, як мяне клічуць, і ветліва называў мяне Барысам Дзьмітрычам. Стары заўважыў, што я дрэнна выглядаю й прапанаваў мне вады й крыху свайго хлеба. Пасьля таго, як я паеў і папіў, мне палепшала. Мяне моцна кранула абыходжаньне старога. Ён паклаў мне руку на лоб і папрасіў расказаць, як я тутака апынуўся. Я адказаў, што мне варта было паслухацца селяніна, які параіў вярнуцца ў Польшчу й прыйсьці потым зь немцамі, каб вызваліць Беларусь ад саветаў. Я дадаў, што моцна расчараваўся ў савецкай Беларусі, якая была цяпер усяго толькі калёніяй Савецкага Саюза, поўнай хлусьні й незаконнага перасьледу. Пасьля доўгай размовы, у якой я сказаў больш, чым, напэўна, усім астатнім людзям, бо мяне ўсхвалявала спагадлівасьць старога, ён сказаў, што мне прыдзецца заплаціць па вялікім рахунку і што яму моцна мяне шкада.
Мы паспрабавалі заснуць на саломе. Мне прысьнілася мая заплаканая маці й дзед з бабай, якія бядуюць пасьля майго арышту. Я даведаўся, што ў той час, як я быў у астрозе, гадзіне а сёмай вечара чатыры гэбісты без папярэджаньня, ледзь не зламаўшы дзьверы, уварваліся ў хату маіх дзеда й бабкі, дзе жылі яшчэ мае цётка зь дзядзькам і іхныя дзеці. Усіх сагналі ў кут, прымусілі ўзьняць рукі ўгору й абшукалі на прадмет зброі. Маіх дзеда з бабкай таксама выцягнулі зь іхнага маленькага пакойчыка й абшукалі разам з астатнімі. Гэта бязглузьдзіца — падазраваць старых людзей у злачынствах супраць дзяржавы! Пакуль адзін з гэбістаў вартаваў маю радню, астатнія тры абшукалі хату. Яны пазрывалі пошыўкі, параскідалі пер’е, зламалі дзьверцы ў шафах, аблазілі подпал. Я нават не магу апісаць гэную жорсткасьць, зь якой яны абшуквалі хату. Было праверанае ўсё: кнігі, лісты, нататкі, — але знайсьці яны, натуральна, нічога ня здолелі. На шчасьце, ім ня трапіліся лісты ад Янкі Хутара, бо, інакш, хаця ў іх і ня мелася нічога сур’ёзнага, яго б, як і мяне, запісалі ў контррэвалюцыянеры. Маёй цётцы ледзь не зрабілася млосна, а мая бабка, якая не магла даўмецца, што адбываецца, пачала маліцца. Адзін з гэбістаў абазваў яе дурніцай, бо Бог не дапаможа ёй, таму што ейны ўнук — контррэвалюцыянер і яго ўжо нішто ня выратуе. Калі гэбісты пакінулі наш дом, мая сямья сядзела, бы паралізаваная. Моўчкі яны прыбралі ў хаце, і мая цётка прапанавала паведаміць пра ўсё маёй маці ў Наваградку. Усе замоўклі. Яны памяталі, як яна пакутвала, калі я знаходзіўся ў палоне, і нават ня ведала, ці жывы я. І цяпер, праз колькі месяцаў пасьля майго вяртаньня, мяне арыштавалі саветы. Надзеі, здавалася, не было ніякай. Савецкі ўрад, які ніколі нікім не абіраўся, тварыў страшнае зло ў краіне, якую заваяваў. Урад, які мусіць слугаваць свайму народу, пераўтварыў яго ў рабоў. Празь некалькі гадзінаў, калі ўсё йзноў было ў парадку, прынамсі, зьнешне, цётка Люба прапанавала нараніцу зьвязацца з маёй маці. Яны спадзяваліся, што маці, магчыма, паспрабуе разьведаць, што са мной здарылася.
Наступным днём яны знайшлі маю маці ў лячомніцы, дзе яна працавала. Мне пераказвалі потым, што маці толькі-толькі выйшла з аперацыйнага пакоя й, калі ёй перадалі, што тэлефануюць зь Любчы, яна радасна пабегла да апарата, бо спадзявалася, што гэна я. Аднак гэна была ейная сястра, Люба, і яна паведаміла маці дрэнныя весткі. Маці зьбялела й замоўкла, потым спыталася, дзе дакладна я знаходжуся, паклала слухаўку, а затым пабегла ў міліцыю, каб атрымаць даведку пра мяне. Яна расказала дзяжурнаму афіцэру пра мой арышт мінулай ноччу ў Любчы й спыталася, дзе мяне трымаюць. Афіцэр адказаў, што яму нічога не вядома пра арышт і папрасіў больш не турбаваць яго. Але маці настойвала й дадала, што мяне арыштаваў КГБ, і што яна патрабуе, каб афіцэр патэлефанаваў каму-небудзь і спытаўся, што са мной здарылася. Ён загадаў ёй пакінуць яго ў спакоі, калі яна ня хоча непрыемнасьцяў, бо ім вядома пра ейны ўдзел у Грамадзе, беларускай нацыяналістычнай арганізацыі. Афіцэр папярэдзіў, што ёй лепш пакінуць іх дабравольна, інакш яе таксама возьмуць на допыт, і сілай выкінуў маці з участка. (Грамада зьяўлялася