немцы палонных не бяруць, а ўсіх забіваюць. Але выйсьця не было. «Гендэ гох!» — крычалі нам немцы. Я пацалаваў свой навюткі, харошы бэльгійскі рэвальвэр і выйшаў ім насустрач з узьнятымі рукамі. Гэта быў момант страшэннай ганьбы.
Нямецкі капітан абвесьціў нам, што мы знаходзімся пад аховай Жэнэўскай канвэнцыі і што, калі мы ня будзем супраціўляцца і ўцякаць, з намі нічога ня зробяць. Калі капітан даведаўся, што камандзір узводу — я, ён спытаўся, хто я такі. Ён быў вельмі зьдзіўлены, чаму я, беларус, змагаюся зь немцамі, сябрамі беларускага народу. Мне не было чаго яму адказаць. Мне не было чаго й сабе адказаць.
Разьдзел 2. Ваеннапалонны
Мы выступілі, і потым былі ўзьяднаныя зь іншымі групамі супраціву й накіраваныя ў бок Усходняй Прусіі. Колькі мы йшлі — сказаць не магу дакладна. Памятаю, што за мяжой мяне ўразілі прыгожыя фермы, чыстыя вёскі й файныя хаткі. Я ўзгадаў польскую прапаганду, якая сьцьвярджала, што ў немцаў не было дастаткова ежы й што іхныя танкі былі зробленыя з кардону. Цяпер я бачыў, што гэта было няпраўдай. Нас накіравалі на бульбяное поле, і, паколькі не было вады, мы распалілі вогнішчы й пяклі бульбу. На трэці дзень немцы прывезлі ў лягер некалькі кухняў і зварылі для нас нешта накшталт супу з бульбай і далі крыху хлеба. Я сустрэў паплечніка, таксама беларуса, з 42 палка. Яшчэ адзін чалавек з нашай групы, зь якім я пазнаёміўся, быў палякам з Познані, і ён заўсёды казаў, што мы мусім трымацца разам, усім дзяліцца й дапамагаць адзін аднаму, бо, магчыма, мы застанемся ў лягеры для ваеннапалонных да канца жыцьця. Мы сабралі ў месца непарушны запас і дзяліліся ўсім, што было. Аднойчы нам удалося атрымаць дадатковыя порцыі супу, і калі мы адышлі, каб падзяліць іх, наш польскі «сябра» сказаў, што кожны сам за сябе. Зь беларусам мы дзялілі ўсё, што ў нас было, але тое, што мелася ў паляка, прызначалася толькі яму. Я ніколі ня бачыў яго пасьля, але гэны выпадак быў для мяне добрым урокам у тым, што датычыцца даверу, сяброўства й чалавечай натуры.
Праз два дні шмат хто з нас быў пераведзены ў лягер для ваеннапалонных пад назвай «шталяг 1А», недалёка ад Кёнігзьбергу, ва Ўсходняй Прусіі. Гэта быў вялікі лягер з кулямётамі, усталяванымі праз кожныя сто ярдаў і ачэплены падвойным дротам. Нас накіравалі ў адзін з баракаў, дзе мы мусілі спаць на ложках з саломы на падлозе і, як сотні іншых палонных, раздумлялі пра сваю будучыню. На палудзень і вячэру немцы раздавалі нам ежу: палову буханкі хлеба, маргарын і суп — даволі скупы паёк, але яго было дастаткова, каб мы не памерлі з голаду.
Мой сябра Косьцік, які вучыўся ў тэхнічнай школе да таго, як яго прызвалі ў армію, мог няблага маляваць, а я, у сваю чаргу, умеў па-нямецку. Такім чынам, мы вырашылі распачаць у лягеры промысел, каб палепшыць сваё жыцьцё. Алоўкам Косьцік намаляваў «Омега» на маім танным гадзіньніку, каб той выглядаў даражэй, а я выправіўся прадаць яго альбо вымяняць у ахоўнікаў на хлеб, кілбасу, цыгарэты ці што яшчэ. Гэта было даволі небяспечна, бо калі б мяне злавілі, то расстралялі б. Аднойчы я блукаў па лягеры й адзін нямецкі салдат спыніў мяне й спытаў, што за гадзіньнік я маю. Я адказаў яму, што гэта бацькаў падарунак. Салдат заўважыў надпіс «Омега» і прапанаваў купіць у мяне гадзіньнік, бо палічыў, што ён сапраўдны, швэйцарскі. Я адмовіўся, бо, быццам бы, гадзіньнік гэны быў мне дарагі як памяць аб бацьку. Тады салдат прапанаваў мне два боханы хлебу й фунт кілбасы. Я йзноў адмовіўся. Немец расшчэдрыўся на тры боханы хлеба й два фунты кілбасы, на што я заўважыў: «Што карысьці ад успамінаў, калі чалавек, які мусіць іх захоўваць, ня зможа выжыць». Такім чынам, я памяняў свой гадзіньнік на хлеб і кілбасу!
Некаторыя з нас былі пазьней накіраваныя на палявую працу на ферму ў суседняй вёсцы Візандорф, каля сямідзесяці пяці кілямэтраў ад Кёнігзьбергу.
Нас разьмесьцілі ў нейкай старой хаце з саломай на подлозе замест ложкаў. Адзін немалады ўжо салдат, Хэрман, які, дарэчы, нагадваў мне пэрсанаж Шульца ў тэлевізійным шоў «Героі Хогана», быў даволі добразычлівым і зьвяртаўся да мяне проста, бо я разумеў па-нямецку. Ён параіў нам не рабіць ніякіх глупстваў, накшталт уцёкаў, бо мы й так будзем амаль вольнымі на гэтай ферме. Яшчэ ён растлумачыў, што будзе запіраць нас на ноч, а зранку будзіць. Ён пакінуў нас са словамі, што, калі мы будзем сябе добра паводзіць, то й ён таксама будзе спагадлівым да нас. Я паабяцаў, што, пакуль ёсьць ежа й годнае стаўленьне да нас, мы будзем стараннымі хлопцамі.
Я радаваўся, што мы ня ў лягеры. Сямья, на якую мы працавалі, паставілася да нас добра й нават выдавала нам чыстую бялізну. Дзякаваць гэтаму, у нас, прынамсі, не было вошай, хоць мы й павінны былі насіць сваю старую вайсковую форму. Акрамя таго, мне было прыемна бавіць дні на прыродзе, побач з коньмі. Я араў некалі на зямлі свайго дзеда, але тамака ў мяне быў просты плуг на аднаго каня, а тутака давялося мець справу з двума коньмі й падвойным плугам. Было цяжкавата кіраваць гэнымі коньмі, але, каб выжыць, мне трэба было наўчыцца рабіць гэта добра. Пасьля пары крывых баразён, гаспадар падахвоціў мяне, паказаўшы, як трэба кіраваць коньмі, і я пачаў набіраць спрыту.
Гаспадару было недзе каля шасьцідзесяці, і ён жыў са сваёй жонкай і дачкой Хельгай на ферме, а два ягоныя сыны былі на той час у арміі. Праца на ферме нагадала мне, як маленькім хлопчыкам я бывала йшоў за плугам свайго дзеда й размаўляў зь ім. На нейкі момант я забыўся, што быў ваеннапалонным. Але, калі надышоў вечар і мы пайшлі ў хату на вячэру, а дзьверы за намі зачынілі, я ўспомніў, што быў паднявольным.
Аднойчы ноччу я й Косьцік вырашылі сплянаваць уцёкі. Паколькі Косьцік быў адказным за фермерскую кухню (дзе харчавалася вялікая колькасьць работнікаў, шмат зь якіх таксама былі ваеннапалоннымі), ён мусіў забясьпечыць ежу. Я ж — распрацаваць маршрут, зрабіць усе неабходныя прыгатаваньні й прызначыць дату. Напачатку мы спыніліся на дваццатым лістапада, што дазволіла б нам зьнікнуць, пакуль ня выпадзе сьнег і нашыя сьляды будзе лёгка знайсьці.
Па начох мы, у моцным узбуджэньні й прадчуваньні, шэптам абмяркоўвалі свой плян. Гэныя пачуцьці вярнулі нас да жыцьця, і мы не маглі спаць — толькі размаўлялі да позьняй ночы. Мы марылі, як цудоўна гэта будзе: вярнуцца дадому, вучыцца. Мне — на лекара, а Косьціку — на інжынера. Як файна будзе йзноў пабачыць свае семьі, жыць дома, быць вольнымі.
Хельга прыносіла нам ежу на поле. Я стараўся трымацца ад яе далей і не падаўжаць нашыя кароткія сустрэчы, пазьбягаў усялякіх намёкаў. Я адчуваў, што гэная дзяўчына мела нешта да мяне, як, па-праўдзе, і я да яе. За палуднем я сустракаў позірк ейных блакітных вачэй, заглядаўся на ейныя сьветлыя валасы й файную, хаця й цяжкаватую крыху, фігуру. Для немкі яна была нават занадта прыгожай. Хельга звычайна апранала шырокую спадніцу й вузкую кашулю. Мне выдавала, што ейныя грудзі бы спрабуюць выскачыць з вузкага станіка. Але, калі дяўчына глядзела на мяне, я апускаў вочы, каб не прыцягнуць увагі ейнага бацькі. Ня думаю, што гэна было каханьне — хутчэй, фізычнае прыцяжэньне. Да таго ж, хаця Хельга й была ладна складзенай, маладой, здаровай жанчынай, поўнай жыцьця й энергіі, цень віселіцы стаў эмацыйным тормазам для маіх мараў.
Адным лістападаўскім вечарам я працаваў у гумне. Сонца ўжо заходзіла, дзьверы гумна былі адчыненыя, і я сьвістаў — малады, здаровы, перапоўнены спадзяваньнямі на ўцёкі, гатовы да дзеяньня. Раптам я заўважыў, што да мяне набліжаецца Хельга, павольна пагойдваючы клубамі. Сонца асьвятляла яе ззаду, і я, надзіва, мог бачыць ейнае цела праз спадніцу. Я бачыў ейныя сьцёгны. Мне здавалася, я мог бачыць ейныя похвы, але гэна, відаць, была толькі гульня ўяўленьня. Я кінуў працаваць — стаяў у дзьвярах і глядзеў, як Хельга падыходзіць да мяне. Яна ўсё набліжалася й набліжалася, і нарэсьце ейныя грудзі датыкнуліся да маіх. Яна была крыху ніжэйшай за мяне, і я паглядаў на яе зьверху ўніз і ня бачыў нічога, акрамя ейных вусен — прыадкрытых, чырвоных, спакушальных. Ейныя грудзі былі цяжкімі і, здавалася, рухаліся ўверх-уніз. Яна спыталася, як я пачуваюся, і я адказаў, што добра, але што я хвалююся, бо гэта вялікая рызыка — стаяць зь ёй вось гэтак побач, таму што мяне могуць павесіць, калі знойдуць разам зь ёй. Я папярэдзіў яе, што яна таксама рызыкуе, бо сустрэне толькі зьнявагу й непрыманьне з боку сваёй грамады, і што яны паголяць яе ў пакараньне. Але яна проста глядзела на мяне й не прамаўляла ні слова. Я ня бачыў у ейных вачах ні страху, ні няўпэўненасьці. Хельга ўсё мацней прыціскалася да мяне грудзямі. Я ня мог даць ніякай рады й паклаў ёй руку на задок, пругкі й крэпкі. Мая рука шукала забароненае месца, і мне здалося, што яно павільготнела. Хельга дрыжэла ад узбуджэньня й падштурхоўвала мяне да сена. Мне спатрэбілася шмат фызічных намаганьняў, каб вызваліцца зь ейных абдымкаў і пабегчы. Я рынуўся ў нашую хатку, кінуўся на салому й гатовы быў заплакаць ад злосьці й зьнявагі. Увайшоў Косьцік, каб даведацца, што