адбылося. Мне спатрэбіўся нейкі час, каб супакоіцца й распавесьці сваю гісторыю. Косьцік выказаў думку, што Хельга можа ўзлавацца на мяне й зрабіць што-небудзь такое, што зашкодзіць нашым уцёкам. Ён лічыў, што мы мусім паскорыць свае пляны, і мы вырашылі сысьці наступнай ноччу.

А нараніцу, перад тым як мы выйшлі на працу, мы заўважылі, што нейкія два жандары размаўляюць пра нешта з нашым наглядальнікам. Пасьля невялікай спрэчкі наглядальнік падышоў да нас з Косьцікам і паведаміў, што нас пераводзяць назад у лягер. Мы абодва зьбялелі. Можа нехта, напрыклад, Хельга, пасьпеў данесьці на нас? І можа, нас пакараюць сьмерцю, калі мы вернемся ў лягер?

Мы сабралі свае невялікія пажыткі, затым нас накіравалі ў паліцэйскі ўчастак, а потым — назад у шталяг 1А. Вароты зачыніліся за намі, і мы йзноў апынуліся за калючым дротам, у атачэньні аховы й кулямётаў.

Упершыню ў жыцьці на мяне навалілася дэпрэсія. Я ляжаў на саломе ў бараку, зь яшчэ больш як пяцьцюдзесяцьцю шумнымі й няветлівымі ваеннапалоннымі. У вачах у мяне стаялі сьлёзы. Я спрабаваў вызначыць, як гэта ўсё адбылося. Верагодна нехта чуў, як мы плянавалі ўцёкі й данес на нас наглядальніку альбо фермеру.

Праз два дні нашыя целы наводнілі вошы. У нас усё сьвярбела. Раз на тыдзень нас адпраўлялі на дэзынфекцыю, але на наступны дзень пасьля гэтага вошы зьяўляліся йзноў. Я пачуваўся так, як быццам вошы выбралі мяне ў якасьці сваёй ахвяры, бо дэпрэсія не адступала. Я страціў усялякую надзею й дэградаваў псыхічна й фізычна.

Мае думкі ляцелі дадому, да маёй маці. Апошні раз я сустракаўся зь ёю ў лячомніцы, пасьля гэнага здарэньня. Мне пачалі сьніцца пра маці сны — некаторыя прыемныя, некаторыя жахлівыя. Калі я бачыў іх сярод ночы, я ня мог ужо заснуць. Аднойчы мне прысьнілася, што маці кліча мяне дадому. Гэта абудзіла ўва мне ўспаміны майго дзяцінства, але вось будучыні ў мяне, здаецца, ужо не было. У мяне не было ніякай моцы дзейнічаць, ніякага жаданьня падымацца раніцай. Я толькі валяўся на саломе ў чаканьні ежы, прытым што ў мяне зусім не было апетыту. Я ўставаў толькі на ранішнія й вячэрнія перазовы.

Некалькі польскіх афіцэраў і лекары зь мясцовага лягернага лазарэта заклікалі мяне згуляць зь імі ў карты й наўчыцца гуляць у брыдж. Я пайшоў да іх, але ня мог сачыць за гульнёй. Мяне нішто не цікавіла. Я зранку да вечара блукаў па лягеры безь ніякіх пачуцьцяў альбо мэты. Аднойчы я ўзгадаў, як падчас майго візіту ў лячомніцу да маці, яна спыталася, ці пабачыць мяне яшчэ калі-небудзь, і я запэўніў яе, што я яшчэ занадта малады, каб паміраць. Я ўспомніў, як паабяцаў ёй і сабе, што стану лекарам і раптам усьвядоміў, што не магу болей губляць часу й мушу й надалей плянаваць свае ўцёкі.

Плянаваньне ўцёкаў — гэта сапраўднае збавеньне для ваеннапалонных, бо ты ўжо ўяўляеш сваё жыцьцё зьмененым, робісься больш жвавым і не зважаеш ні на што, акрамя сваіх плянаў.

Недзе напрыканцы лістапада Косьцік таксама вярнуўся жывым і мы ўзнавілі падрыхтоўку да ўцёкаў з усімі дробязнымі дэталямі. Нам былі патрэбныя кусачкі, компас, мапы й ежа. Мы накуплялі танных гадзіньнікаў, Косьцік падрабіў іх пад «Омега», якія я потым прадаваў. Я, канечне, рызыкаваў сваім жыцьцём, але мы працягвалі падманваць немцаў. Гэта была небясьпечная, але захапляльная гульня, і яна нам падабалася. Падманваць немцаў ня грэх, і мы іх не шкадавалі. Мы склалі ліст дабравольцаў з тых людзей, якія хацелі дапамагчы нам зьбіраць ежу, а потым далучыцца да ўцёкаў. Нам патрэбна было ежы на пяць- шэсьць дзён, каб трапіць да мяжы з Усходняй Прусіяй, а адтуль — у Савецкі Саюз.

Тым часам, 17 верасьня 1939 Чырвоная Армія акупавала Заходнюю Беларусь, і была ўтвораная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Гэная падзея была прадстаўленая як вызваленьне беларускага народу. Заходнікі не разумелі, што азначала гэная акупацыя. Яны думалі, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і што пасьля ўзьяднаньня яны будуць уважацца за першарадных грамадзянаў сваёй уласнай краіны. Хутка пасьля акупацыі заможныя сяляне (кулакі) былі абвінавачаныя ў тым, што эксплуатуюць іншых людзей, каб зарабіць сабе багацьце. Саветы не трывалі фінансавай незалежнасьці, а таму саслалі тысячы «кулакоў» у Сібір, а астатніх сялянаў сагналі ў калгасы. З Усходняй Беларусі саветы запрасілі тых настаўнікаў і кіраўнікоў, якім давяралі. Трансфармацыя адбылася вельмі хутка, бо вельмі эфектыўна ўжываліся тэрор і падаўленьне ўсялякіх свабодаў. Людзі даволі хутка ўсьвядомілі, што любога кшталту пярэчаньне савецкім уладам прывядзе адное да імгненнага зьнікненьня пры дапамозе сакрэтных службаў. Што датычыцца беларускай інтэлігенцыі, то яна разглядалася як небясьпечны элемент і таксама была рэпрасаваная.

Да лягеру дайшла чутка, што ў Беларусі былі адчыненыя ўсе школы і што кожны мог вучыцца ва ўніверсітэце. Я пачаў марыць пра тое, каб вывучаць медыцыну. Маё жаданьне зьбегчы як мага хутчэй рабілася ўсё больш і больш моцным і з дэпрэсаванага чалавека пераўтварыла мяне ў энергічны, ваяўнічы дух. Я быў поўны надзеяў і нават зацікавіўся тым, як гуляць у брыдж! Калі выключалі сьвятло, мы з Косьцікам мармыталі нашыя пляны, і нас не пужала тое, што, як лічылася, зь лягеру, зь ягоным падвойным дротам, назіральнымі вышкамі, аховай і кулямётамі, немагчыма было зьбегчы.

У лягеры праз кожныя сто мэтраў праходжваліся паміж вышкамі ахоўнікі. Мы засеклі, колькі ім трэба часу, каб прайсьці гэтую адлегласьць, і падлічылі, колькі нам спатрэбіцца часу, каб разрэзаць дрот.

Спачатку ўцёкі былі заплянаваныя на снежань, але мы не знайшлі кусачкаў і мапы і таму сьвяткавалі Ражаство ў лягеры. Я думаў тады пра сваю маці. Уяўляў, як яна ўзгадвае пра мяне на сьвяты й плача, што я ня вольны. Гэныя думкі толькі ўзмацнілі мой намер уцячы.

У лягеры зь немцамі супрацоўнічалі эмісары, выбраныя з саміх палонных. Адзін зь іх неяк зьвярнуўся да нас з прапановай запісацца дабравольцамі да немцаў. Ён паабяцаў, што калі мы зробім гэта, нас выпусьцяць зь лягеру й мы будзем больш-менш вольнымі. Канечне, мы заставаліся б замежнікамі, але нішто не выдавала б на тое, і мы маглі б вольна перамяшчацца на пазначаных тэрыторыях. Мяне вельмі раззлавала гэная прапанова, і я сказаў, што дабравольцы мусяць саромецца саміх сябе й таго, што працуюць на ворага. Магчыма, яны думалі, што тое, што яны робяць, у рэсьце рэшт найлепш. Яны вызвалялі беларусаў, бо, відаць, думалі, што тыя будуць потым лепш падрыхтаваныя для выкананьня заданьняў, калі немцы заваююць Беларусь.

Мой сябар Вова таксама быў у тым самым лягеры, што й мы з Косьцікам. Вову лепш кармілі, ён меў большую свабоду перамяшчэньня й доступ да рознага кшталту прыпасаў. Я аднойчы сутыкнуўся зь ім і, пасьля таго, як ён запэўніў мяне, што яму можна давяраць, папрасіў дапамагчы нам ва ўцёках. Вова на гэна сказаў, што мы мусім быць вар'ятамі, бо камуністы й Савецкі Саюз не пакінуць нас на волі. Я запярэчыў, што яму, відаць, немцы ўжо прамылі мазгі, але ён настойваў на тым, што ведае, пра што гаворыць. Ён падкрэсьліў, што ў Савецкім Саюзе ня можа быць свабоды, бо чалавек тамака павінны сьлепа падтрымліваць партыйную лінію. Я быў крыху агаломшаны тым, што пачуў, але я ўжо болей ня мог заставацца ў палоне. Я хацеў вывучаць мэдыцыну й адчуваў, што калі ня здолею ўцячы, скончу жыцьцё самагубствам. Пабачыўшы, як я сумеўся, Вова пагадзіўся дапамагчы й раздабыць кусачкі, мапы й компас. Ён стрымаў сваё абяцаньне і дзясятага студзеня прыйшоў да мяне ў барак з усімі неабходнымі прыстасаваньнямі. Вова пабаяўся сесьці на салому, бо ў яго не было вошай, і просеў на драўляную лаўку. Ён сказаў, што мае тое, што нам патрэбна, і запіхнуў нешта мне ў кішэню. Потым пачаў распытваць мяне пра нашыя пляны, але я ўхіліўся ад адказу, бо разумеў, што нават калі ў яго былі й добрыя намеры, ня трэба нікому давяраць такую інфармацыю. Ён даў мне кусачкі, компас і мапы, як я й прасіў, і я пачаў вельмі моцна хвалявацца. Я ня мог спаць, бо галава мая была перапоўненая йдэямі. Я ўжо бачыў, як уцякаю зь лягеру й паначы крочу ўздоўж мяжы. Я ўяўляў сябе лекарам, разам са сваёй маці. Нарэсьце, я заснуў і сьніў сны пра нашыя ўцёкі.

Мы вырашылі, што дванаццатага студзеня будзе днём пачатку апэрацыі. Мы распачалі агітацыю на кухні й знайшлі трох чалавек, якія захацелі да нас далучыцца. Яны пагадзіліся здабыць ежы на шэсьць дзён (сыр, хлеб, кілбасу) у абмен на тое, што мы гарантуем ім надзейныя ўцёкі. Мы паспрабавалі стварыць у іх пазітыўнае стаўленьне да нашай задумы, пераканаць у тым, што мы ўсё здолеем і што яны даведаюцца пра ўсе дэталі за два дні да ўцёкаў.

Сьнег на той час быў глыбокім, а адлегласьць паміж бліжэйшым баракам і агароджай была каля дзьвюхсот футаў і знаходзілася паміж дзьвюма вышкамі з ахоўнікамі й кулямётамі. У адпаведнасьці з плянам, мы павінны былі абкруціцца прасьцінамі з нашых саламяных ложкаў, прапаўзьці па сьнезе да агароджы, перарэзаць яе, потым — другую й у спрыяльны момант уцячы. Галоўнай перашкодай былі рэйкі на ўзвышшы. Мяне непакоіла тое, што калі сьнег занадта глыбокі, мы ня здолеем ускараскацца на насып, зрынемся й будзем застрэленыя. Аднак у нас не было выбару, бо гэнае месца было найбольш зручным праз сваю набліжанасьць да баракаў. Нарэсьце мы прызначылі дакладны час: 9 вечара, 20 студзеня 1940 г.

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату