Бярозаўца. Трэба было лічыцца паважна з магчымасьцяй атакі на пераправе. Тэрэн быў адкрыты — гэта давала нам перавагу. Дзякуючы цяжкім кулямётам, мы мелі ўсе магчымасьці затрымаць праціўніка на належнай адлегласьці. Здалёк пала некалькі паасобных стрэлаў. Ізноў цішыня. Тымчасам пярэдняя ахова ўжо на Сэрвачы. Яна заняла выгадныя абаронныя пазыцыі. Неўзабаве кулямёты былі на сваіх месцах.

— Трэйці зьвяз дружынамі цераз Сэрвач! — паў загад. — Эскадрон з коней! — пакацілася па лініі.

Пачалася пераправа. Мамэнт напружанага чаканьня. Першая дружына ўжо на другім баку. Другая пачынае перапраўляцца. Раптам густы агонь з боку Карэліч. Што здарылася? Няўжо партызаны заляглі на тым баку, Сэрвачы? Тут жа пачуўся звон трывогі ў Карэлічах. Сытуацыя стала яснай: карэліцкая паліцыя прыняла нас за партызанаў.

— Ганец! Навязаць кантакт з карэліцкай паліцыяй за Сэрвачай!

Выцягнутым галёпам рваў коньнік у кірунку Карэліч. Агонь спыніўся. Праз колькі часінаў паказалася карэліцкая паліцыя. Пераправа прайшла спакойна, бяз выпадкаў: яшчэ раз партызаны не адважыліся ўступіць у вадкрыты бой з добра ўзброеным эскадронам.

IX.

У Карэлічах эскадрон спадзяваўся належнага адпачынку й багатага прыняцьця: ужо даўно бурмістар карэліцкага раёну запрашаў эскадрон да сябе ў госьці. Нядоўга аднак давялося цешыцца гэтай думкай. Яшчэ падарозе ў Карэлічы паліцыя паінфармавала аб апошніх выпадках: уначы з 26-га на 27-га красавіка, калі эскадрон быў у Гарадышчы, партызаны напалі на кашары, дзе былі ўжо закватэраваныя першыя кантынгенты батальёну БКА. У той час знаходзілася ў Карэлічах група жаўнераў эскадрону, заданьнем якой быў выбар кандыдатаў у плянаваны наваградзкі батальён. Кашары былі пад аховаю мясцовай паліцыі, паколькі батальён БКА не атрымаў яшчэ зброі. У гэную ноч у кашарах меў службу падахвіцэр К-кі з адным жаўнерам эскадрону. Нечакана ўварваліся ў службовы пакой партызаны. Геройска змагаўся К-кі. Ранены ад першага стрэлу ў галаву, ён, заліты крывёй, адстрэльваўся зь пісталету; калі ж ня стала патронаў, выхапіў гранату. Партызаны кінуліся на яго. Ен аднак пасьпеў адбясьпечыць і адпусьціць ручку: магутны ўзрыў закончыў ягонае жыцьцё, але разам зь ім на месцы засталося трох партызанаў.

Як пазьней выявілася, партызаны ведалі пароль. Зьнялі пост паліцыі, і зусім бясьпечна ўвайшлі ў кашары. К-кі сваёй гераічнай сьмерцяй уратаваў колькі дзесяткаў нованабраных жаўнераў БКА.

Гэтае здарэньне прыгнятаюча адбілася на настроі эскадрону. Але прыгнечаньне замянілася ў жаданьне помсты свайго сябры. Яно ахапіла ў роўнай меры жаўнераў і камандзераў эскадрону. Хутка родзіцца плян: выправа на партызанскі штаб у Забалоцьці. Калі аб гэтым даведаўся бурмістар і кіравецтва мясцовай паліцыі, зь якой супрацоўніцтва было неабходнае, яны войстра запратэставалі:

— Ваш плян — гэта шаленства. Нічога не дасягнеце, толькі загубіце свой эскадрон. Застанецеся лепш дзень нашымі гасьцьмі ды варочайцеся ў Наваградак. Вас чакаюць большыя заданьні, — намагаўся пераканаць камандзера й ягоных сяброў бурмістар. — Яшчэ нядаўна быў тут нямецкі батальён, першарадна ўзброены. Яны мелі падобны плян, але мусілі павярнуць з палавіны дарогі. Што ж зробіце вы з вашай сотняй жаўнераў? Разважце раз паважна, — прасіў ён настойліва.

Але на развагу ня было месца ў маладых галовах. Камандзер падзякаваў бурмістру за перасьцярогі й парады ды прыступіў да абгутараньня пляну. Ён быў наступны: зьвяз коннай паліцыі выедзе над сьвітаньнем на Равіны, Руткавічы, Зарэчча. Трэба спадзявацца, што ў ваколіцах Руткавіч іх заатакуюць партызаны. Эскадрон заляжа ў ярох на паўночны захад ад Руткавіч і ў вадпаведны мамэнт уступіць у бой. Калі ж зьвяз дойдзе да Руткавіч і да дзесятай гадзіны партызаны яго не заатакуюць, эскадрон далучыцца да іх у Руткавічах і адтуль пойдзе нармальным маршам на Зарэчча й Забалоцьце.

Ня было ніякага сумлеву, што гэтым разам давядзецца сустрэцца з асноўнай сілай партызанаў. Плян быў падрыхтаваны ліхаманкава і распрацаваны недакладна. Ён апіраўся на меркаваньнях, якія, ня гледзячы нат на найвялікшую праўдападобнасьць, маглі выявіцца памылковымі.

Яшчэ перад сьвітаньнем эскадрон і зьвяз паліцыі крануліся ў паход. Тэрэн быў нязвычайна цяжкі. Глыбокія яры, густа пакрытыя зарасьлямі і падшытым лесам, давалі вялікую перавагу партызанам, якія свой тэрэн добра ведалі. Магчымасьці для цяжкое зброі былі невялікія. У такой мясцовасьці асноўную ролю могуць згуляць скарастрэлы ды гранаты. На кажным кроку відаць было сьвежыя сьляды партызанаў. Нідзе ні жывой душы — ціха і неяк несамавіта.

Эскадрон дайшоў да вызначанага месца. Ахову абмежавалі да колькіх подслухаў, каб нічым ня зрадзіць свае прысутнасьці. Час плыве памалу. Урэшце дзесьці каля дзесятае гадзіны наглядчык рапартуе, што паліцыя ўехала ў Руткавічы. Высланы патруль у вёску навязвае зь ёю кантакт. Хутка пасьля гэтага эскадрон апыніўся ў Руткавічах. Вёска здавалася вымерлай — ні жывой душы. Што здарылася? Чаму паліцыя бясьпечна праехала аж у вёску? Ці ня крыецца нейкая хітрасьць з партызанскага боку? Лепш быць падрыхтаванымі. Пасьля кароткае нарады высунулі аховы ў кірунку Забалоцьця, Зарэчча й Тупалаў. Апошняя была даручана дазнанаму падахвіцэру С. з прычыны на вялікую адлегласьць ад эскадрону і небясьпечны адрэзак.

Камандзер з ахвіцэрамі распрацоўваў далейшы плян дзеяньня. Мёртвая цішыня ў вёсцы неяк няпрыемна дзеіла на нэрвы. Пачуцьцё даволі няёмкае. Ад аховы спад Зарэчча збліжаецца ганец:

— Партызанскі патруль у сіле шасьцёх чалавек збліжаецца да нашых становішчаў. У ваколіцах Забалоцьця выразны рух вялікай колькасьці партызанаў. Конныя й пешыя. Частка накіроўваецца на Тупалы, другая — на Палужжа.

— Падпусьціць патруль і годна прыняць. Чакаць далейшых загадаў.

Тымчасам з Руткавіч нат бязь бінокля можна было бачыць партызанскую масу. Можна было меркаваць, што было іх там каля тысячы. (Як пасьля мы даведаліся, у акцыі прыймала ўдзел прыблізна паўтары тысячы партызанаў). Плян іх быў відавочны: абыйсьці эскадрон з двух бакоў, адрэзаць ад Карэліч, і змусіць прыняць бой у нявыгаднай пазыцыі ў Руткавічах, на дне даліны паміж узгоркамі й ярамі. Ахвіцэры хутка зарыентаваліся ў палажэньні: далейшы марш немагчымы. Трэба заняць якнайхутчэй пазыцыі на ўзгорках за вёскай, і там прыняць бой. Камандзер высылае ганцоў да аховаў зь інструкцыямі адступіць на вызначаныя пазыцыі. Лейтэнанту С-ко даручана неадкладна адступіць з асноўнай часткай эскадрону на вызначаныя ўзгоркі і арганізаваць абарону. Камандзер, лейтэнант Д. і 7 жаўнераў засталіся ў вёсцы, вычэкваючы на зварот ганцоў да аховаў з рапартам аб іхным адыходзе на ўзгоркі. Тымчасам падкова партызанаў заціскаецца. Ганцы спад Зарэчча й Забалоцьця вярнуліся; аховы выканалі загад. Ганца ад С. усё няма.

— Паедзем самі, так іх ня можам пакінуць, — сказаў камандзер. ? Пры нагодзе агледзім тэрэн эвэнтуальнага бою.

Стралою прамчаліся коні праз апусьцелую вёску. Дзіўным рэхам адбіваўся стук конскіх капытоў аб пустыя хаты.

Мінуўшы зарасьлі, група выехала на прасторную паляну. Нідзе ні сьледу аховы С. Павінны хіба быць на наступным узгорку, густавата пакрытым лесам. Накіраваліся туды. Ціха. Нашых ні сьледу.

— С…! — прыглушана гукнуў Д. Ціха. Выяжджаем на край лесу. Раптам густы агонь «фінак» і стрэльбаў прарэзаў глыбокую цішыню. Высока над галовамі засьвісталі кулі. Коні крута павярнулі назад. Выехалі зноў на паляну. Едзем уздоўж левага краю над глыбокім ярам, шырынёю мэтраў з пяцьдзесят. Перад намі ўзгоркі, на якіх залёг эскадрон. На права Руткавічы. Раптам на тым баку яру нешта зарухалася.

— Паліцыя, — ціха кінуў нехта. Пільна прыгледзеўшыся, можна было разрозьніць групу людзей, чалавек сорак-пяцьдзесят. Партызаны! Скуль яны маглі тут узяцца? Няўжо залеглі тут ад раніцы? Няўжо яны ведалі аб нашых плянах? Ня было часу аб гэтым думаць.

— Секанём па іх! — адазваўся Д.

— Давай! — адказаў камандзер.

Доўга ня думаючы, адкрылі агонь. На адказ доўга чакаць ня давялося: партызаны адказалі густым, але няцэльным агнём. Мы хуткім галёпам збліжаліся да ўзгоркаў, спускаючыся ўздоўж яру, які мэтраў сто далей крута паварочваў улева. Камандзерава кабыла прысела на задзе й пачала аставацца, але хутка ён зноў зраўнаўся з групай. З чорнага заду кабылы сачылася кроў.

Калі даехалі да павароту яру й завярнулі налева, каб лёгкім адкосам падняцца на ўзгоркі, насустрач выехаў неспадзявана конны аддзел партызанаў. На часіну адны й другія застылі ад нечаканай сустрэчы. Адзіны выхад, каб ухіліцца ад няроўнага бою ў нявыгаднай сытуацыі — проста ўсьпінацца на стромую сьцяну яру. У галовах ня месьціцца, што гэта магчыма. Д., стары кавалярыст, відаць расцаніў гэную магчымасьць інакш, бо крыкнуўшы «За мною!» накіраваў каня проста на абрыў яру. Упіліся шпоры ў конскія

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату