бакі: тыя дзіка кінуліся на стромую сьцяну. Цераз колькі часінаў мы былі ўжо сярод сваіх. Там чакала нас добрая вестка: група С. ужо далучылася да эскадрону. 

 Эскадрон быў разьмешчаны на ўзгорку формы трыкутніка, падстава якога была ад боку Карэліч і на бакі працягвалася даволі роўным і параўнальна адкрытым тэрэнам. Правы бок, ад Тупалаў, спадаў глыбокім ярам, густа пакрытым кустамі й маладым лесам. Левы бок, ад Равінаў, лагодна спушчаўся ў даліну ды канчаўся шырокім адчыненым полем. Верхні кут трыкутніка быў з боку Руткавіч. Гэта быў найбольш небясьпечны адрэзак, бо надта парэзаны ярамі ды равамі, густа пакрыты кустамі і маладымі зарасьлямі ды да гэтага шмат ніжэй паложаны. Гэты адрэзак быў адарваны ад рэшты тэрэну, занятага эскадронам — поле бачаньня ў той бок было практычна роўна нулю. Аднак тут неабходна было пакінуць тры дружыны, каб зачыніць найбольш выгадны падыход да пазыцыяў эскадрону. Пры гэтай групе застаўся таксама й камандзер эскадрону. Правы бок трыкутніка быў даручаны другому зьвязу, на чале зь лейтэнантам Д. Левы абсадзіў лейтэнант П. зь першым зьвязам. Адзін цяжкі кулямёт быў памешчаны з правага боку верхняга кута трыкутніка, крыху ззаду, каб пабольшыць поле бачаньня й абстрэлу. Другі заняў пазыцыю ў правым рагу на падставе трыкутніка. Ён меў вялікае поле абстрэлу і пакрываў агнём блізу ўвесь правы бок, за выняткам шматлікіх мёртвых поляў, якія трэба было пакрыць агнём «дзехцяроў» і стрэльбаў. Гэны кулямёт мог зьмяніць хутка кірунак агню і ў выпадку патрэбы пакрыць усю падставу трыкутніка. Менш-больш такую пазыцыю мелі два куляметы па левым баку, з тэй розьніцай, што поле абстрэлу было шмат лепшае. Тры дружыны засталіся пры конях, якія былі памешчаны ў катлавіне пры падставе трыкутніка. Нявыгада конных аддзелаў ляжыць якраз у тым, што блізу трэйцяя частка аддзелу, а ў найлепшым выпадку чацьвертая, мусіць заставацца пры конях. Тут жа зьвяз паліцыі служыў задняй аховай.

Партызаны не далі на сябе доўга чакаць. Яны адчынілі нерэгулярны й даволі рэдзенькі агонь на пазыцыі эскадрону. З нашага боку ня паў ніводзін стрэл: суровы загад забараняў страляць да таго часу, пакуль ня зьявіцца праціўнік. Гэткае маўчаньне дзеіць даволі прыгнятаюча на праціўніка.

Агонь гусьцеў і ад часу да часу ўжо быў чуцён над галовамі сьвіст куляў. Раптам у ярох узьняўся гоман і мітусьня. Зь дзікім крыкам кінулася партызанская маса на абрывы яру. Гэта быў мамэнт для нас. Забрахалі паважна кулямёты. Адрывіста, кароткімі сэрыямі, пакрывалі яны бакі яру. Тонам вышэй і неяк сьпяшаючыся, сакаталі «дзехцяры». Ад часу да часу ўмешваліся сюды «фінкі», а стрэльбы намагаліся ўтрымаць нейкі такт. Партызаны атакавалі пазыцыі на высунутым куце трыкутніка і ўвесь правы бок. Зь левага чуліся толькі рэдкія стрэлы.

Пры найбольш высунутым кулямёце сядзеў падахвіцэр К.

— А ну давай, нарывайся, сабачая пошасьць! Во вам, сталінскія халуі! — прыгаворваў ён пры кажнай сэрыі.

Ня гледзячы аднак на густы агонь, партызаны пхаліся на яры. Ужо чуліся паасобныя ўскрыкі партызанаў, густа перакладаныя «сакавітай» расейшчынай.

«Гранаты!» — паў загад па лініі.

Дзесяткі гранатаў узарваліся блізу адначасова. Хмары дыму й пяску засланілі зарасьлі й партызанаў. І раптам стала ціха. Партызаны скочваліся ўніз: першы наступ заламаўся.

Але нядоўга трывала цішыня: цяпер зь левага боку пачуліся стрэлы. Зноў дзікія крыкі, гоман: атакуюць сьвежымі сіламі. Але там ужо разумней, больш разважна, ня кучай. Зразумелі, што шапкамі нябось не закідаюць.

Другі зьвяз адчыніў агонь. Абслуга, прыладзіўшы свае мінамёты, спрытна выбірала мёртвыя полі ды цэльна мацала іх мінамі. Партызаны пачалі мітусіцца. Адзін з каманды мінамётаў быў тоўсьценькі жаўнер Т. з дабрадушнай усьмешкай. Яна ня зыходзіла зь ягоных вуснаў нат у найбольш паважных мамэнтах. І цяпер, закладаючы ў мінамёт міну, ён цалаваў яе і з дабрадушна-хітрай усьмешкай казаў: 

 «Занясі, душачка, прывет ванькам!»

Калі ж міна не трапляла ў мэту, ён цмокаў нездаволена, папраўляў прыцэл і, гладзячы новую міну, ласкава прасіў: 

 «Папраўся, сястрычка, чырвоным прывет перадай!..»

«Вось так!» — казаў ён задаволена, калі слуп дыму й пылу падымаўся ў належным месцы.

«Гэта вам за М., а гэта вось за К…»

На левым баку наступ партызанаў узмацняўся. Нечакана ні то крык, ні то выцьцё ўзьнялося блізу перад самымі пазыцыямі на куце трыкутніка збоку Руткавіч. Партызаны не атакавалі, але ўжо штурмавалі, падпоўзшы ціха да нашых пазыцыяў. Тонка засьвісталі кулі «фінак», густа пакрылі пазыцыі эскадрону. Узрыў гранатаў, крыкі партызанаў «Здавайся!» і «салёныя» адказы эскадронаўцаў, — усё зьмяшалася разам. Падахвіцэр В. замахнуўся прыкладам і зьехаў нейкаму нахабніку, які асьмеліўся дабрацца аж да яго.

— Зацяўся максім, — крыкнуў кулямётчык. Камандзер падскочыў да кулямёту й адчыніў замок: у рулі засеў нявыпал.

— Шомпал! — гукнуў ён ды высунуўся зза прыкрыцьця, каб паспрабаваць выбіць набой. Тут жа нехта з жаўнераў крыкнуў: «Рагуля, лажыся!» і бадай у той самы мамэнт сноп куляў зь «фінкі» ўрэзаўся ў вал перад кулямётам. Калі камандзер падняў галаву, дык партызан ужо выпускаў «фінку» з рук, прашыты куляй эскадронаўца.

Спакойны і зраўнаважаны агонь эскадронаўцаў, эфэкт масавага ўжыцьця гранатаў зрабіў сваё: яшчэ раз давялося адступіць партызанам. Камандзер выслаў ганца па Д. Незадоўга той падпоўз да камандзера і зь вясёлай усьмешкай папытаў:

— Ну як? Далі крыху перцу?! У вас тут весялей, — дадаў ён.

— Можа пяройдзем у наступ? — запрапанаваў камандзер.

Але Д., дасьветчаны ў партызанскіх баёх, катэгарычна адрадзіў.

— Пачакаем, яны яшчэ раз паспрабуюць. Няхай сьцякаюць крывёй, а наступаць на нішто ня здасца: жывой душы ня знойдзем, а сваіх можам палажыць здорава.

Жаўнеры падцягалі скрынкі з амуніцыяй, папаўнялі дыскі й стужкі, абвешвалі сябе гранатамі. Цэннай зброяй аказаліся яны! Ужо два разы ратавалі палажэньне.

Тымчасам партызаны зноў адчынілі агонь па пазыцыях эскадрону. Цяпер ён быў радзейшы, але больш цэльны. Зь левага боку выстройвалася партызанская кавалерыя, відавочна зьбіраючыся шаржаваць. Агонь па правым боку ўзмацняўся.

Да камандзера прыбег ганец.

— Кавалерыя хоча адрэзаць дарогу на Карэлічы. Рыхтуецца салідны наступ.

— Кінуць зьвяз паліцыі ў левы рог. Трымацца да апошняга. Перадайце лейтэнанту Д., што я выцягну тры дружыны й узмоцню ваш бок.

Выцягнуць дружыны было толькі дзьве магчымасьці: або цераз адкрытае поле, што даволі строма падымалася ў кірунку пазыцыяў эскадрону, або абыйсьці левым бокам зарасьлямі й ярам. Першае больш рызыкоўнае, але пэўнае, другое — небясьпечнае, бо ў зарасьлях ды яры маглі быць партызаны. Камандзер выбраў першы шлях.

У першую чаргу — воз з амуніцыяй. Цяжка храпучы, усьпінаўся па мяккай ральлі конь. Ня гледзячы на агонь праціўніка, жаўнер вёў каня за аброць. Іншыя скокамі падымаліся на ўзгорак. Партызаны, зар’ентаваўшыся ў нашым манэўры, узмоцнілі агонь. Кулямётчык застагнаў і павіс на кулямёце: з правага пляча сачылася кроў. Жаўнер пры амуніцыйным возе, пабачыўшы гэта, вярнуўся, і з дапамогай стужкавага загрузіў кулямёт на воз.

— Усе з вашай дружыны? — папытаў камандзер жаўнера з групы К-кі, якая была на найбольш высунутым становішчы.

— Усе. Засталося 5-ёх зь сержантам К-ам, але яны пайшлі налева, каб абыйсьці адчыненае поле.

Камандзер пры дапамозе жаўнера падняў раненага і захапіўшы яшчэ скрынку амуніцыі, што засталася ад кулямёту, накіраваўся на адкос. Ён ня бачыў, як з-заду паднялося колькі партызанаў. Але ў гэты мамэнт падскочыў зь «дзехцяром» жаўнер К-іч — той самы, што месяц таму меў заданьне ад партызанаў ліквідаваць камандзера — і засланіў яго.

Неўзабаве дзьве дружыны з трох занялі пазыцыі фронтам на Руткавічы. Гэтая пазыцыя выявілася больш выгаднай, бо давала лепшае поле абстрэлу. Тымчасам на левым баку, проста на нашыя пазыцыі, рвала партызанская кавалерыя. Грозна выглядала іхная шаржа, але як жа неабдумана: два разы мяшаліся ейныя рады пад агнём нашых кулямётаў, два разы яны перафармоўваліся. Урэшце мусілі пакінуць свой неразважны плян.

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату