і даць ім узбраеньне, але мусіў прызнаць загад вышэйшых уладаў зь Менску.

У Менску ішло інтэнсыўнае перашкаленьне афіцэраў — здаецца, два месяцы. Абзнаёміліся зь нямецкай зброяй і крыху камандамі, а таксама з савецкімі вінтоўкамі й кулямётамі.

Барыс на курсе ня быў, бо мусіў астацца ў Наваградку, прадбачаны як камандзер акруговы БСА, арганізаваць мабілізацыю ў падафіцэрскую школу ў Наваградку і ў батальёны па раёнах. Часта прыяжджаў у Менск зь візытаю ў нашыя кашары, а ў суботы й нядзелі мы заўсёды пёрліся на беларускія опэры.

На афіцэрскіх курсах адразу выбіліся некаторыя быўшыя польскія падхаружыя — завадовы й рэзэрвы, зь якімі лічыўся й нямецкі інспэктар (наглядчык) і, асабліва, камандзер Кушаль. Нейк, як прадбачана, з кажнае акругі адзін альбо пару й так памятую гэных выдатнікаў: Мікуліч, Сажыч, Кажан, Качан, В. Русак з Баранавіч; Чайкоўскі й Зыбайла із Слоніму. Із старэйшых Сокал-Кутылоўскі, хоць гэтаму было цяжкавата адаптавацца да нямецкае тэхнікі й мовы.

Пасьля заканчэньня курсаў перашкаленьня афіцэраў у Менску, я быў назначаны камандзерам падафіцэрскай школы БСА ў Наваградку. Прыехаўшы ў Наваградак, я ўжо застаў гатовыя кашары й змабілізаваных быўшых падафіцэраў — пераважна з польскае арміі й некалькі з чырвонае арміі.

Пастанавілі сфармаваць тры зьвязы з гэтых рэзэрвістаў і чацьвёрты — з дабравольцаў-юнакоў зь сямігадоваю асьветаю, якія дасюль нідзе ня служылі ў войску. Паехалі ў настаўніцкую сэмінарыю, дзе калісь вучыў «вайсковую гімнастыку», і гукнулі пра падафіцэрскую школу, дык ахвотнікаў зьявілася болей, чым мы маглі прыняць. Выбралі 60 чалавек у чацьвёрты зьвяз, названы «Зьвяз Стрымгалоўцаў». Камандзерам гэтага зьвязу я назначыў лейтэнанта Матысяка, які разам зы мною быў на курсе ў Менску. Выбар быў добры, бо ён запраўды фахова й добра школіў «рэкрутаў», а пазьней кандыдатаў на камандзераў дружынаў. Часам хлопцы наракалі, што ён быў завельмі срогі й вымагаючы. Напрыклад, часта баявыя цьвічэньні адбываліся пад гарою й на высокай стромай наваградзкай замкавай гары, дзе, бягучы ў атаку пад гару, давалася каманда «сядай», а бягучы з гары — каманда «лягай», дык хлапцы казалі, мусіць, камандзер мыляецца, бо было б больш талкова з гары «сядай», а пад гару «лягай», але гэта ўсё асталося толькі ў памяці й жаўнеры дацэньвалі цьвёрдую й цяжкую дысцыпліну.

Кажны дзень пачынаўся зборкаю на пляцы ў чатырохкутніку з «хворымі» на левым крыле. Службовы афіцэр здаваў мне рапарт, прывітаньне «Жыве Беларусь» й адсьпяваньне малітвы «Беларусь наша Маці- Краіна», і тады кажны зьвяз маршыраваў у сваім напрамку на заняткі. Часам на такую цырымонію пад'яжджаў Акруговы Камандзер БСА Барыс на інспэкцыю. Тады здаваўся рапарт яму.

Характэрным для гэтай школы было, што вельмі прыгожа сьпявалі, як і маршыравалі на занятках, а гэта ўжо заслуга камандзера школы, які сам любіў сьпяваць.

Першыя месяцы школы адбываліся ў вельмі энтузыястычным настроі й духу. Дасылаліся індывідуальныя новыя кандыдаты, напр., студэнты Малешка й Кавэліч, якіх змабілізавалі, каб эвэнтуальна вышкаліць іх на афіцэраў. З пачатку цяжка было іх уламаць у вайсковую дысцыпліну як вольнадумцаў- студэнтаў, але потым некаторыя зь іх выйшлі добрымі афіцэрамі й энтузыястычнымі беларускімі вайскавікамі як, напр., лейтэнант Малешка, які пазьней загінуў у Лідзе з рук польскай партызаншчыны, альбо Бітус Валодзя. Сярод старшых падафіцэраў выбіліся некаторыя вельмі здольнымі камандзерамі, якім акруговы камандзер прапанаваў надаць рангі лейтэнантаў — напр., Орсічу, Сацэвічу і некалькім іншым.

У школе, апрача вайсковага вышкаленьня, адбываліся таксама курсы агульнага вышкаленьня беларускай мовы, гісторыі, геаграфіі. Прыходзілі паважныя настаўнікі даваць лекцыі, як Акінчыц, д-р Орса й іншыя.

На жаль, як прадбачыў мой былы начальнік, немцы слова не датрымалі. Гэнэрал Цэннэр дзесь прапаў. Немцы спалохаліся вялікага беларускага вайсковага ўздыму. Не даставілі абяцанага ўмундзіраваньня й лепшай зброі (апрача старых савецкіх стрэльбаў). Хлопцы-падафіцэры падзерлі на цьвічэньнях свае апошнія боты — абутак і адзёжу. Дух пачаў падупадаць. Сам я быў добры да камандаў і загадаў, але слабы прамоўца. Часта прасіў камандзера Барыса пад'яжджаць у школу, каб талкова прамаўляць да курсантаў і падтрымоўваць іх на духу.

Ня помню, як ішла арганізацыя батальёнаў у раёнах, куды мае курсанты павінны былі пераходзіць у якасьці камандзераў дружынаў ці зьвязаў. Немцы пачалі прапанаваць і разьбіраць нашых падафіцэраў у іншыя дапаможныя паравайсковыя аддзелы, як, напр., лейтэнанта Орсіча забралі ў Менск на камандзера добра ўмундзіраванай і ўзброенай роты пры жандармэрыі, Ул. Сацэвіча й Бітуса на камандзераў лясной аховы. Мяне асабіста выклікалі ў Менск, дзе ў вялікім будынку — быўшым доме «правіцельства» — спаткаў мяне ў чорным і гранатовым чыгуначным мундзіры капітан Кушаль і таксама нізенькі палкоўнік Мірскі ў такім самым мундзіры.

Капітан Кушаль дае мне загад: забраць з Наваградку мінімум 50 чалавек і ехаць у Ліду, дзе будуць дабаўленыя змабілізаваныя ў БСА жаўнеры, каб школіць і камандаваць т. зв. «чыгуначным батальёнам». Паўстала гарачая дыскусія. Я прабаваў пратэставаць ізноў, што зь немцамі немагчыма йсьці на нейкае супрацоўніцтва, але капітан Кушаль, пасьля сьцьверджаньня, што нам трэба хапаць зброю, дзе толькі даецца, закончыў — «непатрэбныя далейшыя дыскусіі, а мусіце падпарадкавацца загаду» — павёў мяне ў канцылярыю галоўнага камандзера чыгуначнай аховы, які быў у чыне гэнэрала. Там ён мяне прадставіў як кандыдата на камандзера ў Ліду. Той выясьніў мне, што атрымаем добрае абмундураваньне, зброю й закватэраваньне з харчамі, а таксама, што буду мець поўную свабоду ў шкаленьні й камандаваньні гэтай адзінкі, толькі мушу пазнаёміць і навучыць крыху сваіх школьнікаў нямецкае каманды і, бязумоўна, пазнаць добра лёгкую нямецкую зброю: вінтоўкі, пісталеты, кулямёты й мінамёты і ў вагульным — гранаты. Будуць прызначаны да мае адзінкі двох немцаў-афіцэраў з чыгуначнай аховы як інспэктары. Падаў мне руку й пажадаў добрых усьпехаў. Спадары Кушаль і Мірскі абнімалі мяне й падкрэсьлівалі нейкую гістарычную ролю новаарганізаванага беларускага чыгуначнага батальёну. Завялі мяне дзесь у нейкі чыгуначны склад і выбралі прыгожы да меры кангэровы гранатовы мундзір, выдалі новы бэльгійскі браўнінг. На круглай шапцы была начэпленая беларуская Пагоня, а на каўнярох — Ярылавыя крыжы.

Прыехаўшы назад у Наваградак, я перадаў камандаваньне ўжо расьцярушанае падафіцэрскае школы штабс-капітану Сьцяпуржынскаму. Выбраў дзесяць падафіцэраў, пераважна маладых, ізь зьвязу «стрымгалоўцаў» на інструктараў у Ліду. Агаласіў: 

 «Хто хоча, на ахвотніка, ехаць зы мною ў Ліду [працаваць] спасярод радавых жаўнераў, далучаных ужо ў той час да школы для фармацыі батальёну БСА».

Ізноў з ахвотнікамі ня было праблемы, бо згаласілася замнога й трэба было выбіраць найлепшых, напр., адзін вельмі гарачы беларус і адважны жаўнер Міхась Чартко з Далятыч, прасіўся з плачам, каб яго ўзяў з сабою. У мяне былі засьцярогі, што ён часам выпіваў замнога. Ня ведаю чаму, але мне прышлося зарганізаваўшы аддзел замэльдавацца ў Акруговага Кіраўніка Беларускай Самапомачы сп-ра Якуцэвіча. Той прыняў мяне ў сваёй канцылярыі зь вялікай «помпай». Даў мне напісаны загад — гэтым загадваецца Вам на чале аддзелу ў сіле 50 чалавек неадкладна ехаць у горад Ліду й замэльдавацца ў «Бангофсафіцыра». Таксама выдаў мне пасьведку па-нямецку із штэмпелем Гэбіткамісара.

У Лідзе па прыбыцьці нас памясьцілі ў кашары (быўшая фабрыка галёшаў у Лідзе). Даслалі, больш зь Лідзкай акругі, змабілізаваных жаўнераў, на чале зь вельмі добрым камандзерам Клінцэвічам. Разам стварылі тры зьвязы па 60 чалавек. Цікава, што немцы вельмі неахвотна прызнавалі афіцэрскія рангі, як лейтэнанта або капітана, а ўжылі тытулаў «фюрэр» — zugfuhrer і gruppenfuhrer. Мяне мае падначаленыя называлі «Спадар ротны».

Пачаліся заняткі вышкаленьня. Нямецкія афіцэры-інспэктары падавалі прапановы, каб галоўна школіць у валоданьні аружжам, муштры й вартавой функцыі. Але пакідалі поўную свабоду камандзеру як школіць, бачачы спраўнасьць, дысцыпліну й прагрэс нашых вайскавікоў — некаторых зусім без вайсковага вопыту перад гэтым.

Бязумоўна, нашым цэлем было даць поўнае ваеннае вышкаленьне, дык выходзілі за горад у поле, цьвічачы наступ і абарону (з капаньнем акопаў).

Маршыруючы праз горад на цьвічэньні ці заняткі, заўсёды вельмі спраўна грымелі беларускія маршавыя песьні. Памятаю на каталіцкія грамніцы 2-га лютага, якраз рота маршыравала па сьнягу, па вуліцы каля касьцёла і сьпявала песьню «У гушчарах». Усе вырынулі з касьцёла на двор і прыглядаліся, ня ведаючы, што гэта за вайсковы аддзел (не паліцыя), а ў чорных мундзірах у поўным баявым узбраеньні, плецакі з лапаткамі, вінтоўкі і штыхі, гранаты й тры кулямёты. Расказвалі потым мне, што паніка панавала сярод «палякаў» — думалі, што гэта нейкі карны атрад і распаўсюджвалі плёткі, што ямы за горадам капаюць; а мы цьвічыліся ў рыхтаваньні акопаў, хоць вельмі плыткіх і правізарычных.

Вы читаете Жыцьцё пад агнём
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату