зь сябе герояў. Яму, маўляў, важна ня тое, хто завадыр, а як мы здолелі зьбегчы. Я адказаў, што не паведамлю ніякіх дэталяў, бо гэта зашкодзіць нашым наступным уцёкам. Я думаю, камэндант быў уражаны маёй мэтанакіраванасьцю. Ён усьміхнуўся й расказаў, што шмат гадоў таму, у Першую сусьветную, таксама быў ваеннапалонным, але здолеў уцячы й быў схоплены. Ён дадаў, што зьбег якраз перад прыпыненьнем баявых дзеяньняў у 1918 годзе і што ён разумее нашыя памкненьні, але гэта быў ягоны абавязак — схапіць нас, і гэтым разам ужо ён пераможца. Я нахабна адказаў, што так, ён перамог, але будзе й наступны раз, і тады ўжо мы пераможам. Немец пажадаў нам удачы і паведаміў, што нас пераводзяць у іншы лягер, на захадзе Германіі. Камэндант таксама дадаў, што, згодна з патрабаваньнямі, мы будзем два дні абыходзіцца бязь ежы й нас будуць муштраваць па чатыры гадзіны на дзень. Камэндант адпусьціў нас, і Вова выйшаў разам з намі. Ён паціснуў нам рукі й сказаў, што захапляецца нашым учынкам. Я падзякаваў яму й паабяцаў, што наступная спроба будзе больш удалай.
У лягер мы вярнуліся героямі. Шмат хто з палонных быў уражаны ўжо тым, што мы хаця б паспрабавалі ўцячы. Яны пачаставалі нас ежай і цыгарэтамі, і мы ўвечара бавілі час тым, што сьпявалі й распавядалі пра свае прыгоды. Мы забаўляліся й забыліся на лягер, на вошы й на вечны голад, які мы адчувалі.
Назаўтра, а другой гадзіне, пачалася муштра. Мы ня надта пакутвалі праз адсутнасьць ежы, і пакараньне, можна сказаць, сталася вельмі лёгкім. Празь некалькі дзён нас ізноў выклікалі да камэнданта й паведамілі, што нас перавядуць на наступны дзень. Мы вярнуліся ў барак і спакавалі свае пажыткі. Іх было так мала, што выдавала, быццам мы рыхтуемся прыняць ванну, а не зьбіраем усё, што маем.
Нас пасадзілі ў грузавік, каб адправіць на чыгуначную станцыю. Ля варотаў я сутыкнуўся зь лекарам зь лягернага лазарэта. Ён сказаў мне, што ведаў пра ўцёкі, але ўважаў гэную справу за вельмі цяжкую, асабліва калі прыняць да ўвагі стан майго здароўя. Лекар пажадаў мне ўдачы. Вова таксама прыехаў на станцыю. Ён параіў мне зьвярнуцца да камэнданта з прапановай супрацоўнічаць зь імі, маўляў, тады я буду мець свабоду перамяшчэньня і мне будзе лягчэй уцячы. Я адказаў, што не магу гэтага зрабіць, бо гэта тое самае, што здацца. Я дадаў, што, спадзяюся, мы назаўсёды застанемся сябрамі й яшчэ сустрэнемся на волі.
Нас разьмесьцілі ў вагоне трэцяй клясы. У куце сядзелі яшчэ некалькі ваеннапалонных, але салдаты не дазвалялі нам размаўляць. Пасьля некалькіх гадзінаў перастук рэяк дазволіў мне расслабіцца. Мне было добра й утульна. Я не пачуваўся прыгнечаным і ні аб чым не шкадаваў. Я быў перакананы, што наступным разам усё пройдзе больш пасьпяхова.
Мы прыехалі ў Кёнігзьберг і сустрэлі тамака суцэльны гармідар, бо ў вагоны пагружалі танкі. Паўсюль сноўдалі салдаты. Мы чакалі каля дзьвюх гадзінаў, а потым былі пераведзеныя ў іншы цягнік і яшчэ да надыходу ночы накіраваліся на захад.
Я ня ведаў, як далёка нас везьлі. Нам не давалі ніякай інфармацыі. Я думаў, што, магчыма, мы рухаемся ў накірунку заходняга фронту. Відаць, нешта перамянілася ў становішчы на ім. Можа, ангельцы ці французы пахіснулі немцаў?
Нейкім чынам, менавіта Англія й Францыя былі для нас бастыёнамі дэмакратыі. Мы спадзяваліся, што яны нарэсьце нападуць на немцаў на заходнім фронце. Я думаў, што свабода можа быць вельмі блізкай.
Мы ехалі, прыблізна, яшчэ дванаццаць гадзінаў. У рэсьце рэшт мы дасягнулі станцыі пад назвай Бохальт. Я нават не ўяўляў, у якой частцы Германіі гэта знаходзіцца. Нас ізноў пасадзілі ў грузавік і прывезьлі ў новы лягер.
Лягер быў гэткім самым, як і шталяг: падвойны дрот, вышкі, баракі і г.д. Нас накіравалі да камэнданта, дзе праверылі імёны й нумары. (Гэтая інфармацыя была запісаная на алюміневых мэдальёнах. Мой нумар быў 5747.) Мы ўвайшлі ў барак, і ягоны стараста коратка растлумачыў нам, што, дзе й як. У кожным бараку быў свой стараста, які быў адказны за раздачу ежы й клопат пра палонных. Ён прызначыў нам саламяныя ложкі на падлозе.
Ізноў пацягнуліся манатонныя дні, ажно пакуль аднойчы стараста не спытаўся, ці ня мае хто з нас досьведу працы лекарам. Ён паведаміў, што ім патрэбныя асыстэнты ў лягерным лазарэце, і я адказаў, што вывучаў медыцыну. Канечне, мой досьвед быў абмежаваным й я не пасьпеў дасягнуць майстэрства, але я быў упэўненым у сваіх здольнасьцях. Да таго ж я бачыў, як мая маці працавала ў лячомніцы: брала кроў, рабіла ўколы і г.д.
Такім чынам, я стаў санітарам. (Ён мусіў выконваць абавязкі медсястры: дапамагаць лекару рабіць перавязкі, уколы і г.д.) Я атрымаў у лазарэце сапраўдны ложак. Больш ніякай саломы, ніякіх вошай. Адзіны недахоп быў у тым, што я мусіў пакінуць Косьціка ў бараку, але я абяцаў падтрымліваць зь ім сувязь і клапаціцца пра яго.
Пачалося новае жыцьцё. У самым пачатку мяне папрасілі зрабіць перавязку. Але пацыэнт скардзіўся на боль, і лекар загадаў зрабіць яму ін’екцыю — 10 мг морфію. Я пахаладзеў. У мяне дрыжэлі рукі. Я не ўяўляў, як гэта робіцца. Я паспрабаваў заставацца спакойным і ўзгадаць, як мая маці рабіла гэта. Я ўсадзіў шпрыц у ампулу, выцягнуў зь яе вадкасьць, Дастаў шпрыц і пырскануў. Я адчуваў, як па сьпіне ў мяне ліецца пот. Пацыэнт глядзеў на мяне ў надзеі, што я ведаю, што раблю. Я сьцягнуў яму парткі, пацёр скуру, крыху пырскануў вадкасьці й зрабіў укол. Нічога дзіўнага — я ж у рэшце рэшт студэнт мэдыцыны!
Лекар сказаў, што я магу далучыцца да пастаяннага пэрсаналу і што я буду адказны за харчаваньне. Я пралічыў, што гэта дасьць мне магчымасьць цягаць пакрыху ежу для Косьціка.
Праз пару дзён мяне накіравалі на галоўны склад, каб я прынес ежы для 65 ваеннапалонных, якія знаходзіліся тады ў лазарэце. Галоўны лекар, які быў палякам і працаваў пад наглядам лекара-немца, падказаў мне, што ня трэба адразу дакладваць пра сьмерць пацыэнтаў, а чакаць некалькі дзён, каб атрымліваць на іх харчы. Я ня ведаў, наколькі гэта этычна, але прапанова гучала вельмі заманліва. Раз альбо два на тыдзень у мяне зьяўляліся лішкі ежы, якія я аддаваў Косьціку. У мяне самога папраўляўся фызічны стан, я набіраў вагу й, увогуле, пачуваўся вельмі добра.
Аднойчы, красавіцкай ноччу, Косьцік прыйшоў наведаць мяне й абмеркаваць уцёкі. Я сказаў, што хаця я й маюся добра, але далучуся да Косьціка ў ягоных плянах.
Цяпер нам патрэбны быў час, каб з’арыентавацца. Я ўжо даведаўся, што лягер знаходзіцца на мяжы з Галяндыяй і што толькі ў гэтым накірунку мы можам зьбегчы. Косьцік жа чуў, што немцы шукаюць людзей, якія згодныя працаваць па-за межамі лягеру — на фермах і нейкіх там усталяваньнях. Я сказаў, што гатовы пакінуць сваю працу ў шпіталі, хоць яна мне й вельмі падабаецца, каб узнавіць падрыхтоўку да ўцёкаў.
Праз два дні Косьцік прыйшоў да мяне, каб паведаміць, што немцам патрэбныя садоўнікі для аднаго кляштара. Косьцік няшмат разумеў у садоўніцтве, але бачыў, як ягоны бацька працаваў на іхным маленькім лапіку зямлі, і мог паспытаць шчасьця. Я крыху наўчыўся сялянскай працы, калі летам наведваў свайго дзеда, але, што датычыцца садоўніцтва, я ня меў уяўленьня, што да чага. Але калі ім былі патрэбныя садоўнікі, мы маглі выконваць і гэтую працу. У рэсьце рэшт, я стаў студэнтам медыцыны, хаця й не вучыўся ва ўніверсітэце, а садоўніцтва — справа лягчэйшая за лячэньне людзей.
Празь некалькі дзён нас выклікалі да камэнданта. Камэндант сказаў, што па Косьцікавых словах, я быў добрым садоўнікам, і што ён хацеў бы даведацца болей пра мой досьвед. Я зманіў, што мой бацька быў садоўнікам у вялікім маёнтку ў Польшчы і што я дапамагаў бацьку, калі быў хлопчыкам. Камэндант загадаў нам быць гатовымі адправіцца ў кляштар нараніцу. Я вярнуўся ў лазарэт і паведаміў лекару, што мяне прызначылі садоўнікам, і ён даў мне дазвол пакінуць шпіталь.
Наступная раніца была цёплай і сонечнай. Нас пасадзілі ў грузавік і адправілі ў каталіцкі кляштар, які, як мы пралічылі, знаходзіўся кілямэтрах у трыццаці ад галяндскай мяжы. Нас сустрэў манах, брат Ёзаф, якому было недзе крыху за трыццаць. Я ня мог вызначыць, да якога ордэну ён належаў — магчыма, езуітаў. Ён спытаў, ці маем мы досьвед у садоўніцтве, і мы запэўнілі яго, што так. Мы намякнулі, што калі будзем выконваць сваю працу ня гэтак, як ён чакае, то гэта таму, што мы валодаем іншай тэхнікай, але можам хутка навучыцца. Манах адвёў нас у нашыя пакоі, якія не былі нават зачыненыя! Ён паведаміў нам, што адказвае за нас і ня будзе запіраць дзьверы, але, калі мы надумаем зьбегчы, то ваенныя ўлады спытаюць у першую чаргу з манахаў. Ён папрасіў нас не падкладаць ім такую сьвіньню. Мы запярэчылі, што ня маем ніякіх намераў зьбегчы й вельмі ўдзячныя яму за тое, што ён прыняў нас на працу.
Атмасфэра тамака была вельмі мілай і прыязнай. Брат Ёзаф прыносіў нам з кухні ежу, а мы мусілі самі прыбіраць у пакоях, дзе спалі. Мы маглі мыцца й мяняць бялізну. Мы пачуваліся вольнымі людзьмі — на сьвежым паветры, у садох. Набліжанасьць да прыроды абудзіла нас і надала прагу поўнай свабоды.