сьціхлі пад здрабнелым ужо дажджом, размова далей ня йшла, кожны панура аддаўся ўласнаму клопату. Агульны, падобна, разам з дажджом адышоў стараной. Пасьля салдат павярнуўся і памалу падыбаў па змакрэлым беразе, шлёпаючы падэшвамі па набрынялым пяску.
Становішча іх пагаршалася. Толькі паспадзяваліся на лепшае, знайшлі, як уратавацца ад голаду, ды раптоўны лівень адабраў у іх надзею. Што яны цяпер без агню? Ды й бамж пачаў наракаць на здароўе. А нядаўна яшчэ выхваляўся: загартаваны арганізм, ніякая радыяцыя не бярэ. Не, мабыць, перад атамнай чумой ніхто не ўтрымаецца. Справа толькі ў часе…
Але што ж ім рабіць?
Нядаўна яшчэ шмат у чым, што тычылася іхнага тут побыту, салдат спадзяваўся на бамжа, чалавека болей спрактыкаванага ў зоне, мабыць, як і ў жыцьці таксама. Але во аказалася, што й бамж ня ўсё можа і нават ня ўсё ведае. Пра што-колечы трэба даўмецца самому. Калі ня позна…
Між тым насоўвалася сырая, сьцюдзёная ноч, належала паклапаціцца, як начаваць. У зямлянцы-нары ўсё абрушылася, лезьці туды было неяк. Трохі счакаўшы, пакуль сьціхне дождж, яны пачалі ўладкоўвацца на абрыве. Недалёка ў лесе салдат наламаў яловых галін, якія перацягнуў да абрыву, удвох з бамжом яны расклалі іх пад крайняй сукаватай хвояй.
— Ну й няблага! Праўда, салдат? — падбадзёрыў сябе й яго бамж. — Галоўнае, ня падаць духам. А там як-небудзь…
Падобна на тое, сам ён падаць духам усё не хацеў, усё чапляўся за нейкую прывідную надзею. Зрэшты, так, можа, і лепей, думаў салдат. Чым марнець ды стагнаць, лепш рабіць выгляд, што горшае не настала. Як настане, тады й паякочаш.
Але й як жыць з такім адчуваньнем?
Усё ж, мабыць, трэба б яму мець іншы характар, не рэагаваць так драматычна на нягоды жыцьця, — можа, так было б лепей. Навучыцца болей трываць, чаго ён ня ўмеў, хоць ужо й так натрываўся нямала. Калі б там, у казарме, ён неяк стрываў, перажыў сорам і абразу, як гэта зрабіў ягоны зямляк Пецюхоў, можа б усё й абышлося. А так нарабіў бяды і гэтаму сабаку Дробышаву, і сабе таксама. І калі Дробышаў заслужыў, што паймеў, дык завошта ён гэтак пакараў сябе?
Але й як было рэагаваць інакш ці не рэагаваць зусім? Ня мог ён ні скардзіцца начальству, ні дараваць крыўдзіцелям абразу. Колькі ён наслухаўся ў жыцьці ды начытаўся ў кніжках, што чалавек ёсьць стварэньне вышэйшае і павінны мець здольнасьць абараніць свой гонар. Дык вось ён і абараніў гэты гонар. І чаго тым дамогся?
Дамогся горшага, чым запэцканы гонар, — на гэты раз пагрозы жыцьцю. Што ўжо тут клапаціцца пра гонар, калі зьнікае магчымасьць жыць…
Во трапіў у ваўчыную яму. Колькі куды ні скачы — ня выскачыш.
Яшчэ не зусім сьцямнелася, як бамж лёг на калючую яловую кучу, падкорчыў ногі.
— Ну, а ты што? — гукнуў ён салдату. — Ідзі кладзіся. Удвох цяплей будзе…
Салдат доўга і моўчкі сядзеў поруч, думаў. І як зусім стала цёмна, таксама лёг плячмі да бамжа. Спакваля быцам зрабілася цяплей, памалу сунялася настылая дрыготка. І ён заснуў.
Бамж ляжаў ціха, стараўся лішні раз не варочацца, каб не трывожыць хлопца. Сну ў яго не было, пачуваўся ён блага, дарэчы, ня першы ўжо дзень. Сьпярша думаў, што, можа, прастудзіўся на балоце, як лавіў жабаў, але на прастуду было непадобна. Зноў жа да прастуды ён быў загартаваны, даўно ня кашляў і не смаркаўся, забыўся, калі хварэў на грып. Цяпер было такое адчуваньне, нібы ў яго зьліплася правае лёгкае, балела, што не ўдыхнуць; колькі дзён ён абыходзіўся частымі дробнымі ўздыхамі, рабіць хутка ня мог, мог толькі спакваля, памарудзіўшы; нават упраўляцца зь цяжкаватым вудзільнам яму было трудна. Не лягчэй было й нагінацца за порсткімі жабамі. Лацьвей, калі сьпярша іх было багата. Пасьля, аднак, паменшала, і ён, ганяючыся за кожнай, проста зьнемагаў да вечара.
Сярод самай начы ён, здаецца, заснуў, але праспаў зусім мала. Прачнуўся і ляжаў так, слухаючы лесавы шум. Таемныя гукі лесу даўно яго не трывожылі, нічога ён не баяўся ні ў лесе, ні ў горадзе. І нават тут, у зоне, здаеца, нішто яго не магло напалохаць. Салдат за плячыма роўна і глыбока дыхаў, ад яго мкнула добрае, густое цяпло, яно заспакойвала. Усё ж куды лепш за адзіноту было ўдвох, нават з дэзэрцірам, можа нават забойцам. Але з маладзейшым. Усё ж старому патрэбны малады побач. Са старым часам цікава, але не заўжды прыемна — малады ж абнадзейвае, быццам малодзіць нават. Нават такога застарэлага бамжа, як ён.
Зрэшты, бамж не заўсёды быў бамж, некалі меў уласнае імя й нават пагоны на плячах, — як служыў у войску намесьнікам камандзіра па тэхнічнай частцы. Апошнія пяць гадоў ягонай службы міналі ў далёкім прыпалярным гарнізоне, дзе ён мацаваў ракетны шчыт радзімы і жыў разам з жонкай, загадчыцай афіцэрскай сталовай, і маленькім сынком Дзяніскам.
Прыпалярны ракетны гарнізон па сутнасьці мала чым адрозьніваўся ад колішняга Гулагу; там далёка ня кожны мог стрываць нават год, а яны змушаныя былі трываць тры, чатыры, а то й пяць гадоў запар, — пакуль дачакаюцца замены. Суцэльная сьнежная ноч бяз дня, маразы і сьцюжы, гнятлівае пачуцьцё закінутасьці на край сьвету шмат каго даводзілі да канфлікту з начальствам, сям'ёй, нярэдка з самім сабой, што нават канчалася стрэлам у скроню. Міжволі вайскоўцы шукалі нейкае выйсьце, прадуху ў гнятлівым жыцьці і, вядома ж, знаходзілі яго ў бутэльцы ці, лепей сказаць, у бэнзынавай бочцы, у якіх «Ваенгандаль» завозіў на поўнач 95-градусны сьпірт. Гэты напой меў высакародны каньячны колер і за палярную ноч спажываўся дарэшты. А калі яго не хапала, тады ў мясцовай крамцы дужа павялічваўся попыт на адэкалёны, ласьёны ўсіх гатункаў, на розныя тэхнічныя вадкасьці.
Нампатэх тады і ў сьне ня бачыў сваю хуткую будучыню, быў, як усе, — у меру піў і ня надта цьвяліў начальства. Зусім не цьвяліць было нельга, таго б не зразумелі ні сябры-таварышы, ні падначаленыя, ні нават начальнікі. А галоўнае, не было такой магчымасьці, абставіны вымагалі. Даванаццаць і болей гадзін у боксах каля настылай на марозе тэхнікі, з даўно памарожанымі рукамі, на сьцюжы й скразьняках, у няспынных сутычках з начальствам — сваім штатным, штабным і правяраючым, — усё тое як мае быць выматвала сілы й нэрвы. Адзіным паратункам ад таго было выпіць, расслабіцца, абнавіць нэрвовыя сілы, каб заўтра зноў марнаваць іх у тых самых боксах і тых самых сутычках.
Так цягнулася шэраг гадоў; мабыць, дацягнулася б і да жаданай зьмены, калі б аднойчы ў разгар палярнай начы ў гарнізон не прыляцеў новы камандуючы ракетных войскаў. Генэрал толькі што быў прызначаны на гэтую пасаду рашэньнем палітбюро, якое падпісаў сам Леанід Ільліч, і меў жалезную рашучасьць навесьці бальшавіцкі парадак у самым стратэгічным родзе войска. Зрабіўшы двухдзённы разгон у падразьдзяленьнях, зьняўшы з пасадаў двух камандзіраў і трох іх намесьнікаў, генэрал выправіўся на ня дужа далёкі (за 250 кілямэтраў) аэрадром стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Натуральна, як самы вялікі ракетны начальнік, ён ня мог езьдзіць на нейкім вайсковым «Уазе», а прывез з сабой у самалёце адмысловы ўрадавы «Зім», які яго й падвёў. А заадно спляжыў і без таго ня дужа бліскучую кар'еру дывізійнага нампатэха.
Зрэшты, даўно тое было, за шмат гадоў усё было перадумана, і ён даўно ня меў крыўды на тагачаснага генэрала, што, як ён чуў, дажываў свой век на падмаскоўнай дачы. Разумеў, вінаваты быў сам, ня трэба было так паводзіць сябе, належала б асьцерагчыся. Але й як асьцеражэсься, калі самы блізкі табе чалавек — жонка толькі й пільнавала, каб дзе падлавіць яго, падставіць начальству, бачачы ў тым сваё помсьлівае жаночае задавальненьне. Таго разу пасьля генэральскага разбору ў клюбе, як камандуючы ўжо выехаў за прахадную, і ў палку з палёгкай уздыхнулі, ён зь сябруком у акумулятарнай спажылі бутэльку 95-градуснага, і нампатэх заваліўся спаць. Мінулай начы спаў усяго тры гадзіны пасьля шалёнага перадпаверачнага аўралу ў аўтапарку і цяпер спаў, як забіты. І раптам жонка штурхае яго ў плячо — прыбег дзяжурны. Дзяжурны перадае загад камандзіра паехаць на 27-ы кілямэтар, дзе ў камандуючага сапсаваўся «Зім». Дзяжурныя ўжо езьдзілі, ня могуць зразумець, у чым справа — рухавік не заводзіцца. Што было рабіць соннаму, нецьвярозаму нампатэху? Абклаў матам жонку (нашто сказала, дзе сьпіць) і надзеў паўшубак. Машыну ён даволі хутка наладзіў (у той забракаваў ланцуг высокага напружаньня), і яна завялася. Але пакуль ён корпаўся пад капотам, напрактыкаванае вока камандуючага, мусіць, нешта ў ім згледзела, ён папытаўся прозьвішча нампатэха і кінуў ад'ютанту — запішы. Нампатэх падумаў: ну, будзе падзяка ў загадзе, і сьціпла парадаваўся. Загад сапраўды неўзабаве прыйшоў з вынікамі высокай праверкі, і там пасьля шмат чаго іншага аб'яўлялася аб звальненьні ў запас неадпавядаючых службе афіцэраў. Сярод іншых было і ягонае прозьвішча. І гэта за два гады да выслугі на пэнсію, зь неладамі ў сям'і, у прыпалярным гарнізоне, дзе