немагчыма было знайсьці ні кватэры, ні працы.
А тут і зусім разьюшылася жонка, якая не трывала яго ў пагонах, дзе ўжо было ёй мірыцца зь беспрацоўным. Паўгода яна дамагалася разводу, а разьвёўшыся, тут жа запісалася з даўгавязым, бы жардзіна, прапаршчыкам, нядаўнім сваім улюбёнцам. Ды яшчэ наскардзілася ў палітаддзел на маральнае разлажэньне нядаўняга мужа. У часе чарговых разборак на партбюро ён, не стрываўшы, кінуў на стол свой партбілет і ў той жа вечар добра напіўся. Пасьля, як ня стала грошай, кудысьці паехаў з выпадковым субутэльнікам, у нейкім паўночным гарадку ўладкаваўся інжынэрам мясцовага аўтапарку, дзе праз паўгода яго зьнізілі да брыгадзіра мэханікаў. Затым некалькі месяцаў рабіў шараговым шафёрам, пакуль ДАІ не адабрала правы. Мабыць, самая пара было адумацца, зрабіць нейкія высновы з свае кар'еры наадварот, але адумацца нампатэху не выпадала. Найперш не было часу. Жыў безь сям'і, вадзіўся з процьмай сяброў- субутэльнікаў, выдатных, на яго думку, мальцаў. Нехта зь іх прысватаў яго да таксама неблагой кабеціны (немаладой, праўда), якая рабіла ў гастраноме. Як ён цяпер разумеў, то была цярплівая жанчына і хацела яму толькі добрага. Яна нікому на яго ня скардзілася, калі ён па тыдні не паяўляўся дома, толькі часьцяком плакала, і аднойчы яму стала яе шкада. Як яна сказала, што, можа б, ён падлячыўся ў ЛТП, ён пагадзіўся. Тры месяцы ён сумленна адпакутваў сярод такіх, як сам, небаракаў, глытаў розную дрэнь, драў кішкі ад ванітаў. Але трываў, — ён сапраўды хацеў вылечыцца й завязаць. Ён дужа ўзрадаваўся, як доктарская камісія прызнала ягонае лячэньне скончаным і выпісала адпаведны дакумэнт, які ён з радасьцю прывёз жанчыне. Тая, ня менш за яго ўзрадаваная, прыгатавала смачны абед з украінскім баршчом, які ён заўсёды любіў, заслала на стол новы абрус. Аднак не хапіла хлеба, і ён вырашыў зьбегаць у хлебную краму на суседняй вуліцы. Гаспадыня дала яму грошай — дваццаць пяць рублёў у адной купюры, ён хутка купіў бохан хлеба і скіраваў дадому. Яму можна было ісьці наўпрост, цераз двор, каля дзіцячага садзіка, а можна па вуліцы, дзе на рагу мясьцілася тутэйшая забягалаўка з ласкаваю назвай «Уралачка». Не падумаўшы, ён пайшоў па вуліцы і каля забягалаўкі канешне ж наткнуўся на даўніх сяброў — аднавокага Юзя і Колю Валяўку. Тыя дужа ўзрадаваліся сустрэчы, бо ня бачыліся ад пачатку лета, і папыталіся, дзе быў. «Лячыўся, — сказаў ён. — У ЛТП». — «Ну, і як?» — «Парадак. І спраўку маю». Сябры дужа ажывелі — спраўку належала абмыць. Ён завагаўся, але тыя сказалі: «Ня бойся, можаш ня піць. Мы за цябе вып'ем». Як было адмовіць харошым мальцам выпіць за сябе, і ён зайшоў — на хвілінку. Тая «хвілінка», аднак, задоўжылася, ён выбраўся з «Уралачкі» недзе апоўначы ў дым п'яны, бяз грошай і бяз хлеба. Прадаўшчыца тры дні праплакала, а затым сабрала ягонае майно ў стары чамадан і выставіла яго на ганак. «Ты мне болей ня муж. Тым болей, мы не расьпісаныя»…
Пасьля былі й яшчэ жанчыны, добрыя і злыя, некаторыя спрабавалі перарабіць яго, адвучыць ад згубнае жарсьці. Былі яшчэ два ЛТП, адзін ганебны прысуд «да хіміі». І ўсё марна, без жаданага выніку. Былы нампатэх ня мог перамагчы ў сабе прагнага шэранькага пацучка, пацучок пасьлядоўна перамагаў нампатэха. Апошні пакутаваў, лаяў сябе за няўдачы й зрывы, але працягваў піць, спыніцца ён ужо ня меў сілы. Галоўнае — ня мог выскачыць з пэўнага кола сяброў. Кожны дзень ён быў на ўзводзе — за свае, заробленыя, ці на халяву, у доўг. Выпіць было куды лягчэй, чым прыдбаць паесьці, і ён часьцяком швэндаўся па вуліцах галодны, нэрвова напяты ад незадаволенага жаданьня ўсё таго ж — выпіць. Толькі апынуўшыся ў зоне, на абсалютнай адзіноце, неяк суняўся, можа, тут паспрыяла прырода, а можа, страх набрацца радыяцыі, хто ведае. Магчыма таксама, што справа ў прымітыўным ладзе жыцьця, дзе не было месца выпіўцы. Сапраўды, ніхто яго тут не падахвочваў, ня тузаў і не забараняў, тут ён круглы дзень пачуваўся свабодным, залежным толькі ад уласнае волі. А свабода, смак якой ён добра спазнаў у бамжоўстве, бы наркотык, цягнула яго да яшчэ большай свабоды. Здаецца, ужо тут яна стала абсалютнай, і ён акрыяў. Калі б толькі пра гэтую атамную зону ня спраўдзілася рознае страхоцьце — наконт радыяцыі, аблучэньня, радыёнуклідаў ды іх наступстваў. Але, думаў ён, хіба небясьпечная толькі зона? Хіба не хварэюць і не паміраюць воддаль ад яе — ад раку, сэрца, ад СНІДу нарэшце. І якая розьніца, ад чаго памерці, калі прыйдзе той час. Ён сам сто разоў мог загнуцца, але ягоны час, мабыць, яшчэ не настаў. А як настане, ён шкадаваць ня будзе. Бо такое было жыцьцё.
Раньняй вясной міліцыянты выкурылі іх з пустой закінутай дачы, дзе ён зь яшчэ адным небаракам перабылі зіму. Ды яшчэ навесілі на іх рабаўніцтва маёмасьці, якой яны й ня бачылі, бо дачу абрабавалі да іх. Менавіта тады ён рашыў — у зону! Мабыць, іншага месца на зямлі для яго не засталося. Прынамсі, падумалася, што ў зоне яго шукаць ня будуць, і ён пражыве там у спакоі, колькі дасьць Бог. Зноў жа ягоны напарнік, былы інструктар райкаму, сказаў, што ў зоне або адразу адкінеш капыты, або загартуесься, як сталь. Напарнік ведаў, бо ён сам паходзіў з раёну, які апынуўся ў зоне. Праўда, разам ехаць былы інструктар не захацеў, меў нейкія прычыны. Ён жа важкіх прычынаў ня меў і паехаў, як некалі ехалі на цаліну ці на БАМ. Губляць яму не было чаго, грошай ён ня меў, чым харчавацца ў зоне, інструктар яму не сказаў. Але ў яго прапацелай шапцы зь летняй пары тырчэў іржавы рыбны кручок, які яго й выручыў. Ужо ён бярог яго, той кручочак… Увогуле ля ракі ўлетку жыць было можна, ніхто яго тут не трывожыў, за два месяцы ён не спаткаў ніводнага чалавека. Беглы з часьці салдат быў першы, хто тут зь ім павітаўся, і ён быў хлопцу рады. Усё ж, мабыць, чалавек не павінен жыць у адзіноце, нават воўк адзін не жыве.
Вось каб толькі лепш пачувацца…
Дагэтуль у яго не было падставаў наракаць на здароўе, пачуваўся няблага нават на поўначы. Праўда, тады ён піў. А тут як вып'еш — раптам натрапіў ён на выразную думку, ад якой апошнім часам неяк зусім адвык. Во ў чым прычына, а ня ў той радыяцыі…
Раніцай, як толькі пачало шарэць, побач заварочаўся салдат, і бамж зразумеў, што той прачынаецца. Сам ён ляжаў моўчкі, ня маючы ахвоты ўставаць і нават размоваю парушаць ранішнюю цішыню лесу. Не расплюшчваючы вачэй, слухаў, як салдат падняўся, трохі пасядзеў, надзеў у рукавы бушлат.
— Пайду. Па агонь, — сказаў урэшце хлопец.
Бамж памаўчаў крыху. Тое рашэньне салдата не сказаць, каб было для яго нечаканкай, але не адазвалася й радасьцю. Дужа трывожліва было на душы ў бамжа, і ён спакваля папытаўся:
— І куды пойдзеш?
— А там хутар. За рэчкай.
— За зонай?
— За зонай.
Салдат пераабуўся, устаў, зрабіў сваю справу паблізу. Але ня йшоў. І бамж, набраўшы болей паветра ў балючыя грудзі, сказаў:
— Ты гэта… Можа, ня варта і вяртацца? Сюды…
— А куды ж? — павярнуўся да яго салдат. — Куды ж болей?
— Ну, ці мала куды. Сьвет вялікі.
— Сьвет вялікі, а месца няма. Счытай, для нас нідзе нет.
— Для нас нет, — пагадзіўся бамж і ледзьве стрымаўся, каб не заплакаць. Чамусьці сьлёзы падступілі да яго надта блізка, аж закруціла ў носе. Але кароткім намаганьнем ён стрымаў сябе.
Салдат ужо скочыў з абрыву, як бамж яго прыпыніў.
— Слухай… Ты гэта там… Ну, можа, хоць чакушачку? Ну, самагону, калі можа…
— Што?
— Ну, гэта… Выпіць мне, — слабым голасам патлумачыў бамж.
— Чаго захацеў! — няласкава азваўся салдат і хутка пайшоў берагам рэчкі.
Шлях свой сюды салдат збольшага памятаў, той пралягаў уздоўж крывулякі-ракі. Адсюль мо кілямэтраў пяць было да броду, а там яшчэ колькі полем да хутара. Заблудзіць ён не павінны, тым болей удзень. Толькі б не натыкнуцца на людзей, на міліцыю. Галоўнае — за рэчкай перайсьці гравійку-шашу, па якой, напэўна, гойсаюць патрулі, занепакоена думаў салдат. Усё ж як ні было рызыкова, а трэба было здабыць агню, безь якога ім жыць стала неяк. А яшчэ хлопец таіў прыліпчывую надзею паесьці. Можа, у старога паесьці будзе чаго. Той раз ён частаваў салдата бульбай з прастаквашай і нават быў хлеб. Ён доўга яшчэ шкадаваў, што хлеба тады зьеў адну толькі лусту і цяпер адчуў паўзабыты пах зваранай у печы бульбы з падгаркамі на верхніх бульбінах. Можа, яму пашчасьціць, бо згаладнеў ён у зоне, як мае быць. А да жабаў так і не адолеў гідоту і еў хіба, каб не сканаць ад голаду. Нішто яго так не гняло там, як голад, заўжды хацелася есьці. Ніколі раней ня думаў, што пачуцьцё голаду можа быць такім неадвязным і такім гнятлівым. Нават і ў тым даўнім выпадку, як спрабаваў уцячы ад мачыхі да бабулі на вёску і два дні праседзеў у пустым хлеўчуку без вады і ежы. Есьці тады нават ня дужа і хацелася, было страшна, што яго знойдуць. Яго і знайшлі. Дзяўчынкі з суседняга двара падказалі міліцыі, і тая яго ўзяла на сьвітаньні соннага. Пасьля быў пастарунак, нейкая