ён вярнуўся да кухні, а Сцепаніда кінула цераз парог анучу, якая мокра пляснулася ля Петраковых ног.

— Збірай ваду! Усю да кроплі збірай!

Трэба было слухацца, і Пятрок, крэкчучы ад натугі, мусіў нагнуцца да лужыны. Ён зграбаў анучай гразкую чорную ваду і выкручваў анучу ў закапцелы стары чыгун. Але вады было процьма, дзіва, колькі набралася з аднаго толькі вядра. Сцепаніда тым часам зноў знікла кудысьці, і ён, каб хутчэй скончыць гэту дакучную работу, пачаў разганяць ваду па падлозе — у куткі, пад печ — абы не было лужыны. Гэта яму ўдалося лепш, чымсі збіраць яе анучай, Пятрок ужо набліжаўся да стаптанага ўчарнелага парога, як у дзвярах зноў вырас цень — на парог ступіў адной нагой немец у грубым падкаваным боце з вядром у руцэ, над якім лёгенька дымілася пара. Пятрок усё зразумеў і з прастадушнай удзячнасцю зірнуў у праставаты твар, які цяпер стрымана свяціўся дабрынёй.

— Дзякуй, паночку. Во, дзякуй вам…

Немец паставіў за парог вядро і выпрастаўся.

— Біттэ, біттэ.

— Во дзякуй! — сказаў Пятрок амаль расчулены і раптам падумаў, што трэба чымсьці аддзячыць. На ласку трэба адказваць ласкай, ці ж ён не разумее. — Хвіліначку, пане, — сказаў ён і паўз немца шмыгануў у істопку — недзе там яшчэ заставалася трохі яек. Ён толькі не ведаў дзе, і пакуль зазіраў у кашы і дзежкі, з падворка данёсся нецярплівы капрызлівы покліч: «Карл, Карл, ком!», і Пятрок зразумеў, што, мабыць, не ўправіцца: Сцепаніда хаваць умела. Немец пабег да кухні, а Пятрок расчаравана выйшаў у сенцы і сутыкнуўся з жонкай.

— Бо, гэны Карла прынёс! Гарачай…

— Гарачай…

Аднак Сцепаніда, мусі, падабрэла ўжо, узяла з парога брудную анучу і толькі нагнулася да вядра, як у сенцах зноў матлянулася постаць. На гэты раз то быў Карлаў начальнік. З ціхім злым пошаптам ён ухапіў вядро і перакуліў яго на парозе. Цёплая пара шыбанула ўгору, і за ёй схаваўся спалоханы твар Сцепаніды, немец, махнуўшы вядром, імпэтна выскачыў на падворак.

— Каб ты здох, злыдзень! — азвалася з хаты Сцепаніда. Пятрок азірнуўся — каб хоць не пачулі, бо калі зразумеюць, што тады будзе? Мабыць, гэты здыхляваты сапраўды злыдзень, з ім трэба асцярожна.

— Ціха, баба. Іха ўласць, што зробіш…

— Уласць, каб яна падавілася…

Мылі падлогу ўдваіх сцюдзёнай вадой — добра яшчэ, што ў цэбры было назапашана з ночы, да калодзежа было не падступіцца. Пятрок не хацеў туды патыкацца, Сцепаніда таксама. Падлогу яна добра вышаравала гальнём, выцерла таксама лаўкі, пашкрэбла нажом доўгі стары стол, пазмятала з падаконнікаў. Пятрок прыбіраў у сенцах, выносіў усё ў істопку ці пад хлявок на прызбу, нейкае рыззё, пакулле паўсцягваў на гарышча. Мабыць, ніколі яшчэ іхняе жытло не мела такой турботы, ніколі, нават у святы, яго не прыбіралі так, як цяпер па прымусу, і Пятрок думаў: хто ведае, як гэта спадабаецца галоўнаму немцу, а раптам не дагадзіш, што тады будзе?

Тым часам ля калодзежа даварваўся абед — дым з кухні амаль перастаў ісці, пара таксама скончылася, круглае вечка кухні было няшчыльна прычынена, і на падворку запахла смажаным, мусіць, салам з цыбуляй — немцы прыпраўлялі суп. Зласнавата-маўклівы кухар рабіў там, нібы аўтамат, не прысеўшы ні разу; пасля сваркі панура поркаўся ля стала ці ля топкі ягоны памагаты Карла. Але вось здыхлаваты выпрастаўся, дастаў з кішэні гадзіннік і нешта прагергетаў Карлу. Пятрок паціху прыбіраў у сенцах і ўсё цікаваў за імі, трохі нават шкадуючы Карла. Мабыць, таму добра папала ад кухара, інакш бы ён так не адварочваўся ад Петрака, калі той выйшаў на прыступкі і венічкам пачаў замятаць ля парога. У гэты час ад гасцінца даляцеў знаёмы нутраны вуркат, ранішняя машына, кулдыхаючы з боку на бок брызентавай будай, заварочвала да сядзібы. Пятрок з венікам кінуўся ў сенцы.

— Едуць! Баба, ці чуеш?!

Хапаючы штось на хаду, Сцепаніда выскачыла з хаты і прычыніла дзверы, яны абое стаіліся за шулам у сенцах і чакалі. Машына цяжка пхнулася па вузкай дарожцы і, як і раніцай, спынілася ў варотцах. Пятрок чакаў, што нехта выйдзе адтуль, але спярша там штось лязгнула, а пасля з той брызентавай буды пасыпаліся адзін за адным чалавек з дзесяць ці болей немцаў. Апрануты яны былі хто ў чым: у мундзірчыкі, нейкія курткі, двое ў плямістыя хвастатыя накідкі, і кожны з зялёным пляскатым кацялком у руцэ ці прышпіленым да дзягі. Зброі чамусьці ў іх не было відаць. Немцы не памкнулі да кухні, ля якой застылі абодва кухары, трохі часу яны папраўлялі дзягі, куртатыя свае пілоткі — пэўна, чакалі каманды. Тым часам з кабіны вылез чалавек у чорным цыратавым плашчы і высокім, як грэбень у пеўня, картузе з нейкаю белай адзнакай над казырком. Ён нешта сказаў перахлябістаму кухару, які паслухмяна цепнуў плячыма, нібы скалануўся, і толькі затым расслабіўся. Мусіць, то быў нейкі дазвол ці каманда.

— Ахвіцэр, — здагадаўся Пятрок.

Сцепаніда стала бліжэй да шула і маўчала, зышоўшыся ў страхавітай увазе да ўсяго, што рабілася на падворку. Але асабліва страшнага там пакуль не было нічога, салдаты абступілі кухню, і над іхнімі галовамі матлянуўся доўгі тронак кухарскага чарпака — пачыналася раздача абеду. Гэтаксама, як ля ракі ўлетку, калі на прывале харчаваліся нашыя чырвонаармейцы перад тым, як адступіць на ўсход. Цяпер ля калодзежа шчыльненька тоўпіўся тузін немцаў, нешта весела гергеталі і смяяліся, некаторыя спаласквалі кацялкі ля вядра, што стаяла пад тынам. Толькі афіцэр адышоўся воддаль, на сярэдзіну падворка, і, пазіраючы кудысь на страху хаты ці істопкі, дастаў з кішаня галіфэ тоненькі блішчасты партабак. Пакуль ён закурваў, Пятрок хацеў злавіць яго позірк, але вачэй афіцэра зусім не было відаць за шырокім, як конскі капыт, казырком картуза. Немец прыкурваў, паводзіў сюды-туды галавой, а побач усё нешта тлумачыў яму знаёмы кругленькі фельдфебель, паказваючы наўкола рукой. Мусіць, гэтая яго рука тыцнулася ўрэшце на дзверы, і тады афіцэр згледзеў у сенцах гаспадароў і чуйна знерухомеў паставай. Пятрок тузануў за плячо Сцепаніду.

— Глядзі, ідуць!

— Хай ідуць.

Але чорт ведае, што было ім рабіць — стаяць ці хавацца, ці, можа, выйсці і сустракаць гасцей на парозе. Пятрок разгубіўся трохі і калі, згробшы з галавы кепку, сунуўся на парог, немцы ўжо ступілі на камяні насустрач. Тады ён падаўся назад, у сенцы, адступіў задам да істопкі, утаропіўшыся ў твар афіцэра, каб зразумець, з чым — благім ці добрым — ідзе той у гэты іх дом. Ды толькі на яго маладжавым, добра паголеным твары нічога не было, апроч хіба спакою і камандзірскае цвёрдасці, цёмныя вочы яго пад чорнымі брывамі толькі безуважна слізганулі па гаспадарах, даўжэй затрымаліся на змрочным падстрэшшы сенцаў; вяртлявы фельдфебель ужо расчыняў дзверы ў хату, і афіцэр нетаропка пераступіў парог. Дзверы за сабой яны не зачынілі, Пятрок чуў з сянец, як яны там не доўга пагаманілі аб чымсьці, але галасы былі сцішаныя, быццам спакойныя. Пасля з ранейшай дзелавой мітуслівасцю фельдфебель высунуўся з дзвярэй і некага таропка гукнуў з падворка («ком, ком»), два салдаты, грукаючы цяжкімі ботамі, кінуліся да ганка, фельдфебель нешта загадаў ім, тыя згодна азваліся: «Яволь, яволь!» — і зноў бягом падаліся да вялізнай машыны пад ліпамі. «Аднак дысцыпліна!» — зважліва падумаў Пятрок, не цямячы яшчэ, што ўдумалі тыя, у хаце. Але зараз усё стала панятна — салдаты валаклі з машыны складныя жалезныя ложкі — блішчастыя спінкі, плеценыя з металічных палосаў сеткі, нейкія пакункі, мабыць, з бялізнай і коўдрамі. Пятрок яшчэ адступіў да істопкі, каб не замінаць, і яны, порстка бегаючы, пачалі ўладкоўваць новы ўтулак у хаце, па не высахлай яшчэ падлозе соўгалі лавы, стукалі ложкамі. Да яго са Сцепанідай ніхто не звяртаўся, і Пятрок пачаў спакайнець трохі — можа, усё будзе добра. Ведама, папрацавалі, прыбралі ўсё як след, мабыць, будуць давольны. Але толькі ён падумаў так, як з-за шула ў дзвярах паявіўся вяртлявы фельдфебель, які, нібы малому, кіўнуў яму пальцам:

— Ком!

Адчуўшы раптоўную слабасць у нагах, Пятрок увайшоў у хату, у якой пад абразамі на месцы адсунутага ўбок стала ўжо стаяў сабраны блішчасты ложак з клумкам бялізны на сетцы; з другім яшчэ поркаўся малады мізэрнага выгляду немчык. Мусіць, да Петрака ў іх з'явілася нейкая патрэба, бо афіцэр, расставіўшы ногі, пазіраў на яго ва ўпор. Іх позіркі сустрэліся, і сэрца ў Петрака здрыганулася ад прадчування блізкай бяды.

— Вас іст дас? — з напятай пагрозай у голасе сказаў афіцэр, тыцнуўшы пальцам кудысь у сцяну, абклееную зрудзелымі, сям-там прадранымі ўжо газетамі. Пятрок толькі зірнуў туды, як адразу змярцвеў ад страху — на самым відавоку, дзе дагэтуль вісеў кажух, цямнеўся на газеціне здымак Першамайскага свята ў Маскве і на ім — партрэт Сталіна.

Вы читаете Знак бяды
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату