не назаляць немцам, яна павяла карову цераз дрывотню ў гарод — наўпрасткі па бульбянішчы ў поле. Бабоўка разы два трывожна азірнулася на чужых у двары, Сцепаніда са злосцю тузанула яе — хутчэй прэч з падворка.
Яна вяла карову па ўзроўку ўніз, куды збягала бульбянае поле. Роў гэты падступаў да самага канца гарода і быў глыбокі, з ручаём і крыніцай на дне, ягоныя схілы густа зараслі алешнікам і маладымі елкамі. Па той бок высіўся навідавоку ладны гаёк. На выпадак чаго ў рове можна было б адседзець дзень-два, а то і даўжэй, схавацца ад вайны, ад бяды, ад чужога нядобрага вока. Але каб не жывёла. З жывёлай доўга не выседзіш, яе трэба карміць. Зноў жа шкада сядзібы з яе якім-ніякім набыткам, якога з сабой не возьмеш, — а без яго якое жыццё ў лесе? Тым болей увосень, калі ўжо ліе за каршэнь і падбіраецца сцюжа. Мусіш трымацца жытла. Але во гэтае жытло спатрэбілася і ім. Ці другога тут не знайшлося? І ўсё, мусіць, пракляты той мост, дужа ён стаў ім патрэбны, і з ім разам спатрэбіўся гэты хутар.
Карова згаладнела хапала з-пад ног мокрую дзяцеліну, ірвала з рукі вяроўку, і Сцепаніда падумала: хай! Ведама, што карысці злаваць на гэтага дурня Петрака, што ён цяпер можа? Як ні круціся, а калі загадалі, дык мусіш выконваць. Канешне, падлогу Пятрок не памые, і будзе бяды абаім. Мусіць, ёй трэба вяртацца на хутар.
На невялічкім травяністым лапіку пры ўзроўку яна прывязала канец вяроўкі да камля алешыны і, паназіраўшы трохі, як Бабоўка ўзялася скубці траву, пайшла краем поля назад.
Было ёй да гаркоты крыўдна ў душы і боязна, і чула яна: магчымасці яе людскага жыцця ўсё вузелі- змяншаліся. З кожным днём на свеце ўсё горшала, вайна ўчэпістай лапаю падбіралася ўсё бліжэй, а цяпер дык і зусім улезла ў хату, на самы покуць, пад абразы. І што было рабіць, апроч як бедаваць, лямантаваць, плакаць? Але слязьмі ды крывёю і так набрыняла зямля, што з таго шкоды вайне? Тады што ж — трываць усё моўчкі, чакаць лепшай часіны? Чула яна сваім сэрцам: за меншай бядой заўжды дыбае большая, тады заякочаш, але хто паможа?
6
Два немцы поркаліся сабе ля кухні, а Пятрок сеў ля акна ў хаце і з гора скруціў вялізную, з бабовы струк, цыгарку. Добра пакамечаную ў пальцах жаўтлявую нямецкую цыгарэтку ён схаваў за планку пад абразамі — скурыць калі ў іншы час. Трэба было брацца за справу — прыбіраць у хаце, выкінуць у істопку ўсё лішняе, аслабаніць ад бабскага начыння качарэжнік, а галоўнае — мыць падлогу. Ён злаваў на Сцепаніду за яе незгаворлівасць: кінула ўсё, пабегла. Чорт бы яе не ўзяў, тую карову, мусі бы, пастаяла да паўдня ў хляве. Ці тут да каровы, калі на падворак уехалі гэтыя… Аднак даў жа Бог клопату, наслаў немцаў, ці ім мала было гарадоў, мястэчак, хоць бы якіх вёсак, дык во, дабраліся і да гэтага Богам забытага хутара.
Хваравіта кашляючы (балела з начы ў грудзях), Пятрок пазіраў у акно на тых двух, што цяпер гаспадарылі ля яго калодзежа. Адзін, здыхлаваты і белабрысы, у абвіслым на азадку камбінезоне, нешта сыпаў белае ў кацёл кухні, з якога валіла воглая пара, а прысадзісты, з рабым тварам раскладваў нейкі прыпас на вечку драўлянае скрынкі, акуратна засланай чыстай белай цыратай. «Глядзі, культурныя!» — з зайздрасцю падумаў Пятрок і гаротна ўздыхнуў: праз гэту іх культуру бярыся цяпер за вядро і анучу, расчынай гразь у хаце. Добра, што было суха і цёпла, дык ім яшчэ каб і чыста. Культурныя…
Цыгарка яго тым часам ужо расклейвалася ў пальцах, але ён не меў чым яе прыпаліць і не адважваўся падысці да немцаў, каб папрасіць агню. Ды ўсё ж прага курыць нарэшце перасіліла нерашучасць, Пятрок выйшаў з сенцаў і спыніўся за пяць крокаў ад кухні, трымаючы навідавоку незапаленую цыгарку. Ён думаў, можа, яны ўбачаць і дадуць агню, прасіць яму было ўсё ж няёмка і трошкі боязна. Але яны быццам не заўважалі — даўгалыгі ўсё боўтаў у катле кухні, якая парыла і дыміла на ўсю акругу, а каржакаваты, мусіць, ягоны памочнік, вялікім нажом крышыў на белай цыраце сала. Пятрок ціха пакашляў і ступіў яшчэ два крокі наперад.
— Гэта… Паночкі, каб прыкурыць…
Мусіць, яго зразумелі — каржакаваты, у белым, завязаным на паясніцы фартусе, павярнуў да яго шырокі, рабы, нейкі зусім не германскага выгляду твар і нешта прабурчэў, нязлосна так: «Я-я». Пятрок не зразумеў, але па тым, што немец не сказаў болей нічога, здагадаўся, што яны дазваляюць. Падышоўшы да кухні, ён кавалачкам бярозавай карыны выграб сабе на траву вугалёк з топкі. Не дужа ўдала, абпёкшы пальцы, таропка прыкурыў ад вугольчыка і адчуў, як пасля першых зацяжак ягоная самасейка перабіла на падворку ўсе іншыя, чужыя тут пахі.
— Вас, вас? — неяк жвава, мабыць, зацікаўлена, загаманіў да яго памагаты кухара і адклаў нож. Пятрок зразумеў і з гатоўнасцю выцяг капшук.
— Ага, можна. Свая гэта, дамашняя, калі пан хоча…
Немец ашчадна адарваў ад яго складзенай стосікам газеткі невялікі шматок, і Пятрок адмераў яму добрую шчапоць самасейкі. Немец даволі спрактыкавана скруціў цыгарку, старанна паслюніў і прыкурыў ад свае запальнічкі — нейкай адмысловай штуковіны, з якой пстрыкала сіненькім полымем. Пятрок сачыў за ім амаль з дзіцячай цікавасцю, усё ж хацелася, каб ягоная табака спадабалася немцу. Немец грунтоўна зацягнуўся, выпусціў дым, і Пятрок падумаў: закашляе. Але не, не закашляў, толькі лыпаў светлымі пад белымі брывамі вачыма.
— Іст гут!
— Гут? — успомніў Пятрок знаёмае яшчэ з той вайны нямецкае слова і ўзрадаваўся. — Я ж кажу… Добрая, ага. Свая, так што…
— Гут, — яшчэ сказаў немец і нешта загаманіў да кухара, што арудаваў вялізным, як вясло, чарпаком у катле. Ды той раззлавана гыркнуў раз і другі, і гэты паклаў на краёчак стала цыгарку і ўзяўся за нож.
Пятрок падумаў, што, мабыць, хопіць. Усё ж абодва яны пры справе, назаляць ім нягожа, і ён задам і бокам падаўся да ганка.
Трэба было брацца за ўборку, але ён не ведаў, з чаго пачынаць. Ніколі ён не прыбіраў у хаце, заўжды гэта рабіла Сцепаніда, некалі ёй памагала Феня, у яго ж былі іншыя, чыста мужчынскія клопаты. Але во, мусіць, вайна ўраўняла, і цяпер не абышла і яго бабская справа. Найперш, мусіць, трэба было аслабаніць падлогу, каб не замінала мыць, і ён павыцягваў у сенцы ўсе чыгуны ад печы, вілы, качаргу, памяло; адсунуў стары ўслон ад парога, дзе аказалася процьма рознага хатняга начыння: дзіравыя атопкі, пабіты вазон, вечка ад кадкі, нейкія шчэпкі, мусіць, для растопкі ў печы. Усё, што тут стаяла і ляжала доўгія гады і мела сваё пэўнае месца, не замінаючы нікому, чаму цяпер яно павінна замінаць гэтым чужынцам? Але, мусі, во замінае. Пятрок вынес у істопку і розныя транты з вешала каля печы, зняў з цвіка кажух, далікатна ўзяў у рукі скрыпку. Скрыпку выносіць у сырую істопку яму не хацелася, яе трэба было сцерагчы ад вільгаці, і цяпер, разважыўшы, Пятрок асцярожна засунуў яе за абразы. Маленькая яго скрыпачка зусім схавалася там. Хай, мо дачакаецца лепшага часу.
У хаце павальнела, зрабілася амаль пуста, і Пятрок, паўздыхаўшы, прынёс з сянец вядро з вадою, дастаў з-за печы анучу. Увесь час злуючыся на жонку, ён выліў вядро ля печы на самае затаптанае месца — хай адмакае. Вада шырока расцякалася па дошках, але спакваля збегла на ніжэйшае месца пад самы парог і сабралася ў ладную чорную лужыну. Пятрок стаяў сярод хаты. Яму трэба было ўзяць у сенцах галень, але ні разувацца, ні мачыць ногі яму не хацелася, і ён чакаў, пакуль вада куды-небудзь сыдзе.
— Божа, што гэта? Што ты нарабіў? — пачуўся з сянец Сцепанідзін голас.
— Дык падлогу ж мыць…
— Во, анучай цябе па вачах! Хто ж так мые падлогу?! Ці ты здурнеў?
Сцепаніда злосна ляскала сябе па сцёгнах — ведама, зрабіў не па яе, па-свойму, заўжды яму за гэта даставалася ад жонкі. Але, калі прыйшла, хай мые сама, ён сваё зрабіў, усё прыбраў, засталася падлога.
— А што ж ты сышла з каровай?
— Цябе не спытала…
Пакуль яны сварыліся ў хаце — трохі стрымана перад чужымі і цішэй, чым звычайна, мусіць, немцы нешта пачулі. Сцепаніда ўсё яшчэ пляскала рукамі ў сенцах, таксама не адважваючыся пераступіць парог, як ззаду за ёй з'явіўся цікаўны рабы твар, немец ухмыльнуўся, нешта нават сказаў, і яна асеклася. Але затым